Калтая́, калтаўя, келтая, калтуя ’цапільна’ (ДАБМ) (заходняе паводле распаўсюджання), калтая (смарг., Шатал.), келтоя (на бел. зах. паграніччы, Смулк., Лекс. балт.), калтая ’дошчачка з дзіркай у жорнах, дзе змяшчаецца верхніканец млёна’ (мядз., Нар. сл.), калтэйка ’прылада, якой абіваюць лён’ (Шчарб.) і яшчэ больш далёкае кылтуя ’пабітыя жывёлай пасевы’ (чавус., Нар. сл.). Новымі крыніцамі слова фіксуецца на захадзе: калтуя ’біч і цапільна’, ’таўкач’, ’палка, палена’. Паводле лінгвагеаграфіі і фармальнага крытэрыю суадносіцца з літ. kėliuve ’біч, цапільна’. У гаворках, паводле LKA, І, К..55, keltuve як генеральная форма адзначаецца галоўным чыпам у паўднёва-заходняй частцы Літыя і на ўсходзе (ігн.), а таксама ў астраўной гаворцы на тэрыторыі Беларусі. У шэрагу варыянтаў звяртае на сябе увагу форма keltojo ’цапільна’ (у гаворцы на тэрыторыі Беларусі), якая бліжэй да разглядаемых слоў, аднак гэта форма двухсэнсоўная. паколькі можа адлюстроўваць як зыходны варыянт лексемы, які і быў крыніцай для бел. слоў, так і бел. уплыў на літ. гаворку. Сам факт запазычання слова сумнення не выклікае, аднак відавочная неадэкватнасць рэальна засведчаных літ. і бел. лексем указвае на больш складаны працэс. Няма піпкай патрэбы прымаць меркаванне Лаўчутэ (Балт., 67), што на семантыку лексемы кылтуя ’пабітыя жывёлай пасевы’ аказала уплыў літ. keltuva ’жывёла; статак’, гэта ў любым выпадку малаверагодная думка навеяна недакладнай дэфініцыяй бел. слова. Адзначым, што ў плане геаграфіі бел. маг. прыклад можна разумець і як суаднесены з асноўным арэалам гэтай лексемы, — як вынік міграцыі насельніцтва, аднак, хутчэй за ўсё, тут субстратная з’ява.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухія гукі, выказваючы нездавальненне або пагрозу (пра жывёл). Кудлаты і нязграбны малы сабака папробаваў бурчаць, пасля сціх. Чорны. // Утвараць падобныя гукі (пра нежывыя прадметы). Насоўвалася хмара, недзе далёка бурчаў гром. Рылько. Рэзка бурчалі і вылі асколкі, ціўкалі кулі. Сачанка.

2. Разм. Сярдзіта, нездаволена мармытаць; бубніць. — Вось бяда, дык бяда, ледзь не праспаў, а сёння апошні дзень старога года, — бурчаў сам на сябе дзед. — Працы ж у мяне, бацюхны мае... П. Ткачоў. Ужо дзед.. [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка.

3. безас. у знач. вык. Утвараць глухія пераліўныя гукі; бурліць. — У мяне, чалавека цярплівага, і то ў жываце бурчыць, пара і перакусіць, — ранейшай скорагаворкай прамовіў.. [Бабейка]. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дол, ‑у, м.

1. Паверхня зямлі, зямля. Схіліцца к долу. Апусціцца на дол. □ Расце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць землякопы. Колас. Лугавінай, чвякаючы чаравікамі па мокрым доле, хлопцы дабіраюцца да ручая. Навуменка. // Падлога ў памяшканні, звычайна земляная. Укрыты металічнымі плітамі дол падмецены, паліты вадою. Карпаў. І толькі самае малое не зважала ні на што, поўзала сабе ракам сярод хаты па земляным доле. Лобан.

2. Даліна, нізіна. Сцяжынкі ад усіх хутароў, якія стаяць на доле, бягуць сюды, на ўзгорак, як бы на якую параду. Броўка.

3. Магільная яма. Толькі тады, як цалаваў апошні раз матчыны халодныя вусны, я закрычаў як сам не свой і ледзь не кінуўся следам за труною ў халодны глыбокі дол. Сабаленка. Хавалі бацьку летнім пагодлівым днём. На новым могільніку, пад маладымі бярозамі. На пагорку выкапалі дол. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёсць 1,

1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.

2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.

3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.

•••

Так і ёсць гл. так.

Што (колькі) ёсць духу гл. дух.

Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.

ёсць 2, выкл.

Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дані́на, ‑ы, ж.

1. Натуральны або грашовы падатак, які ў старажытныя і сярэднія вякі збіраўся князем, феадалам і пад. са сваіх падданых або пераможцам з пераможанага народа. Абкласці данінай. Збіраць даніну. □ Як аднаму з буйнейшых гарадоў старажытнай Русі, у свой час, па дагавору, выплачваў даніну Полацку нават сам Царград. Васілевіч.

2. Ахвяраванне, дар каму‑, чаму‑н. Нік цярпліва чакае. Потым знімае кепку і абыходзіць усіх, прымаючы даніну. Лынькоў. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Колас. // перан. Тое, што неабходна аддаць як належнае, заслужанае. Даніна павагі. □ Поля добра разумее, што.. ўзнагарода — даніна вялікай бацькавай рабоце, яго прафесарскай годнасці. Мікуліч. Я ў сэрца прагнае ўбіраю Даніну удзячнасці людской Майму спагадліваму краю, Маёй Радзіме дарагой. Гілевіч. // Вымушаная або мімавольная ўступка чаму‑н. Даніна модзе. Даніна часу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захлыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Задыхнуцца ад вады, якая набралася ў рот, горла, вушы і пад.; заліцца. Вада віравала, а памагчы не было як і не было чым, каб хоць перарэзаць гужы. Кабыла захлынулася, ледзьве выратаваўся і сам бацька. Скрыган. // Адчуць цяжкасць у дыханні, захапіўшы ў грудзі зашмат паветра. [Таццяна] схапілася рукамі за грудзі і прагна глынула марознае паветра, захлынулася ім. Шамякін. // Задыхнуцца, захлябнуцца ад прыліву пачуццяў, думак і пад. Стары раптам захлынуўся ад жаху, як малое дзіця, убачыўшы так блізка ад сябе варожых салдат. Паслядовіч.

2. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Калі дзот будзе падаўлены, атака можа захлынуцца. Кулакоўскі.

3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Пятро Мажэйка не чуў ужо, як захлынуўся дот, як партызаны загаспадарылі на «жалезцы». Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.

1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.

2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.

•••

Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

Разм.

1. Страціць валасы, поўсць, пер’е. Аблез [Ігнат].., чэрап свеціцца голы. Мележ. // Выпасці, вылезці (пра валасы, поўсць). — Адна [жонка] свайму ж гаспадару чыгун кіпню на галаву выліла. Добра, што вада ўжо трохі выйшла парай, дык валасы ў чалавека аблезлі, скура за вушамі спяклася, а сам жыў астаўся. Кулакоўскі.

2. Страціць першапачатковую афарбоўку, выліняць, выцвісці. [Млынар Шэлегу:] — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Навуменка.

3. Змяніць скуру, абгарэўшы на сонцы. [Стафанковіч:] — Гэта ж трэба мець нечалавечую галаву, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там скура, разам з валасамі, не аблезе?.. Чорны.

4. Страціць верхні слой; аблупіцца; выцерціся. Бур’ян быў і на самім папялішчы — зялёны, густы, ён падыходзіў аж да печы, якая аблезла, завалілася ад дажджоў і снегу зусім. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нож, нажа, м.

1. Прылада для рэзання, якая складаецца з ляза і ручкі. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Лынькоў. Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы. Шамякін.

2. Рэжучая частка розных машын, інструментаў. Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас.

•••

Фінскі нож — кароткі з тоўстай рэжучай часткай нож, які носяць у ножнах.

Без нажа зарэзаць гл. зарэзаць.

Легчы пад нож гл. легчы.

На нажах з кім — у варожых адносінах.

Нож у спіну каму — аб подлым, здрадніцкім ўчынку.

Памерці пад нажом гл. памерці.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Тачыць нож гл. тачыць.

Як нажом адрэзаць гл. адрэзаць.

(Як) нож у сэрца — наносіць крыўду, боль, пакуты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасла́ць 1, перашлю, перашлеш, перашле; перашлём, перашляце; пр. пераслаў, ‑слала; заг. перашлі; зак., каго-што.

Паслаць атрыманае далей, у другое месца. Я напісаў ліст, аддаў Марыльцы, каб яна пераслала, хоць сам і не быў упэўнены, што-гэты ліст дойдзе. Сабаленка. [Саша:] — Калі пісьмо .. прыйдзе, дык вы абавязкова перашліце мне. Шамякін. // Паслаць, адправіць праз каго‑н., кім або з кім‑н. Бацька не прыехаў таго дня, толькі пераслаў суседам паўтара рубля грошай. Мурашка. — Я ад вашай мамы. Гасцінец прынёс. Скароміны пераслала. Мыслівец.

перасла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; пр. пераслаў, ‑слала; заг. перасцялі; зак., што.

1. Паслаць нанава, інакш. Пераслаць пасцель. // Наслаць нанава; зрабіць новы насціл. [Пракаповіч і Стахаў] перанеслі тахту і сервант бліжэй да ўвахода, на тое месца, дзе Пракаповіч пераслаў падлогу. Радкевіч.

2. Аддзяліць чым‑н. адзін рад прадметаў ад другога; перакласці. Пераслаць рады яблыкаў саломай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)