зігза́г, ‑а, м.

1. Ламаная лінія. Маланкі паласавалі ўжо неба і ўдоўж і ўпоперак, яны нагадвалі і белыя шаблі, і блакітныя стрэлы, і зігзагі, і дугі. Хадкевіч. // перан. Рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце і пад. [У. Бранеўскі] адлюстроўвае ў сваёй творчасці зігзагі лёсу сваёй краіны. Пестрак.

2. Пра тое, што мае форму ламанай лініі. Сярэбраныя стужкі на канфедэратцы і зігзагі на каўняры ў Збігнева былі зашмальцаваны. Карпюк. // Від жалезнай бараны з папярочнымі перакладзінамі ў форме ламанай лініі.

3. у знач. прысл. зігза́гам, зігза́гамі. Утвараючы ламаную лінію, пакідаючы след ламанай лініі. Міма нас праплывае вуж. Галава яго прыўзнята над вадой, а цела звіваецца зігзагам. В. Вольскі. Шыбы вагонаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю. Гурскі.

[Фр. zigzag з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачу́цца, ‑чуецца; зак.

1. Стаць чутным; загучаць. Недзе празвінела піла, пачуўся стук малаткоў, залязгалі гусеніцы крана. Гурскі. Быццам па сігналу, пачаў сціхаць людскі гоман, і ў цішыні раптам пачулася вуркатанне матора. Карпаў.

2. Разм. Адчуць сябе. Настаўнікі з вялікаю прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа, асвяжыліся і пачуліся як не трэба лепей. Колас. А ці ёсць гарады, Каб зайшоў і адразу пачуўся, Быццам жыў тут заўжды, А сягоння з дарогі вярнуўся? Лужанін.

3. Разм. Адчуцца, успрыняцца органамі пачуццяў. Нейкая недабрата пачулася яшчэ з вясны: Марына часам злёгку тэмпературыла, слабела, яе адольвала стома. Марціновіч. І сцэна ажыла, — лісты затрапяталі, і ветрык зашумеў у бэзавых кустах, пачуўся нават ружаў пах. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Змена існуючага грамадска-палітычнага ладу або ўрада сілай. Дзяржаўны пераварот. Рэвалюцыйны пераварот. Палітычны пераварот.

2. Рэзкі паварот, карэнныя змены ў развіцці, ходзе чаго‑н. Пераварот у навуцы. Тэхнічны пераварот. □ З’яўленне такога натоўпу зрабіла ў доме цэлы пераварот. Колас. І вось за адзін вечар адбыўся цэлы пераварот, адчуў Віця, што цяпер не толькі пра свае клопаты думаць трэба. Нядзведскі.

3. Спец. Фігура вышэйшага пілатажу, пры якой самалёт пераварочваецца ў паветры. Зрабіўшы правы, пасля левы віражы, Крывахіж паправіў на плячах лямкі парашута.. І пайшлі перавароты, пасля пятля... Алешка. // Гімнастычная фігура, пры якой цела гімнаста пераварочваецца ў паветры.

•••

Дварцовы пераварот — насільная змена манарха, кіраўніка дзяржавы сіламі прыдворных груп высокапастаўленых асоб без ўдзелу народных мас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́кавіна, ‑ы, ж.

1. Вонкавае шкілетнае ўтварэнне беспазваночных жывёл у выглядзе вітай, авальнай або створкавай каробкі. Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы Упадзе пясчынка хоць адна, — Жэмчугам патроху робіцца яна! Багдановіч.

2. Назва розных прадметаў, якія сваім знешнім выглядам, формай нагадваюць ракавіну (у 1 знач.). У ракавіне летняй сцэны парку пачалі збірацца музыканты з трубамі. Сабаленка. / Пра некаторыя органы і часткі цела такой формы. Вушная ракавіна. Насавая ракавіна. Ракавіна капыта.

3. Кухоннае або туалетнае прыстасаванне ў выглядзе міскі са злівам пад водаправодным кранам. Тут, у кухні, .. [жанчына] адкрывае кран над белай ракавінай умывальніка. Мікуліч.

4. Спец. Пустата ў метале, бетоне, гіпсе і пад., утвораная пры пераходзе рэчыва з вадкага стану ў цвёрды. Усадачная ракавіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́ба, ‑ы, ж.

Вадзяная пазванковая з непастаяннай тэмпературай цела жывёліна, звычайна пакрыта луской; дыхае жабрамі і мае плаўнікі. Марская рыба. Драпежная рыба. / у знач. зб. І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! Вось дзе, Антось брат, пажыў ты бы! Колас. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць. Лынькоў. // Мяса гэтай жывёліны; ежа, прыгатаваная з яе. Рыба пад марынадам. Заліўная рыба.

•••

Лятучыя рыбы — рыбы, якія выскокваюць з вады і могуць трымацца некаторы час у паветры, ратуючыся ад драпежных рыб.

Біцца як рыба аб лёд гл. біцца.

Ні рыба ні мяса — пра чалавека, які не мае характэрных індывідуальных якасцей; ні тое, ні сёе.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.

Як рыба ў вадзе — добра, прывольна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. на што і без дап. Паступаць нейкім чынам у адказ на што‑н., праяўляючы свае адносіны да чаго‑н. Сыпаліся ўдалыя запытанні і адказы, аўдыторыя рэагавала то востраю цішынёю,.. то лёгкім смехам. Лужанін. Вінцэнт не адыходзіў ад стала, ён гэтак рэагаваў на мае папраўкі, на маё выкрэсліванне, быццам я кроіў не тое, што ён напісаў, а рэзаў тупым нажом яго жывое цела. Сабаленка. Як не аднеквайся, як не абурайся, усё ж на скаргу ў газету неабходна рэагаваць. «Звязда».

2. на што. Адказваць якімі‑н. рухамі, рэфлексамі на тое ці іншае раздражненне. Рэагаваць на святло. Сэрца па-рознаму рэагуе на фізічную пагрузку.

3. Уступаць у хімічную рэакцыю. Вокіслы цяжкіх металаў з вадой не рэагуюць.

[Ад лац. re — проці і agere — уздзейнічаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́ла, ‑а, н.

1. ДМ ‑е. Нябеснае цела, якое выпраменьвае святло ў касмічную прастору або свеціць адбітым святлом. Сонца ж агніста паблісквае. Я шчодрасць свяціла цаню. Калачынскі. Мы вырваліся ў незямныя высі, Зірнулі ў твар нязведаных свяціл, І нашы мары з яваю зрасліся, Як пара дужых сакаліных крыл. Матэвушаў.

2. ДМ ‑у; чаго або якое. Чалавек, які набыў вялікую вядомасць у пэўнай сферы дзейнасці, праславіў навуку або культуру сваім талентам. [Кастусь:] — «Современник» чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча — Дабралюбаў. Караткевіч. [Мікола:] — Вось дзівак! Ты пабачыш, якая там абарона будзе. Я чуў, што ўжо ідуць перагаворы з самымі лепшымі адвакацкімі свяціламі Варшавы. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скака́ць, скачу́, ска́чаш, ска́ча; скачы́; незак.

1. Рабіць скачкі, хутка рухацца, падскокваючы.

Дзеці скачуць на лузе.

Заяц скача па канюшыне.

С. на адной назе.

2. Адскокваць убок або ўверх, стукаючы аб што-н. цвёрдае.

Мячык скача па тратуары.

3. Міжвольна дрыжаць, трэсціся (пра часткі цела, твару; разм.).

Калені скакалі ад страху.

На шыі скача жылка.

4. Ехаць наўскач.

С. на кані праз выган.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Рэзка змяняцца (разм.).

Гутарка скакала з адной тэмы на другую.

Тэмпература ў дзіцяці скача.

Цэны скачуць.

6. Танцаваць (разм.).

С. польку.

7. Часта мяняць месца работы, вучобы (разм.).

С. з аднаго завода на другі.

Скакаць пад чыю дудку (неадабр.) — падпарадкоўвацца чужой волі.

|| аднакр. скакану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1, 2 і 5 знач.; разм.), ско́кнуць, -ну, -неш, -не; -ні (да 1, 2, 5 і 7 знач.) і ско́чыць, -чу, -чыш, -чыць (да 1 і 5 знач.).

|| наз. скака́нне, -я, н. і скок, -у, м. (да 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шку́ра, -ы, мн. -ы, шкур, ж.

1. Скура з поўсцю, знешняе покрыва цела жывёл; скура з поўсцю, знятая з забітай жывёлы.

На жывым мядзведзі шкуры не купляй (прыказка). З аднаго вала дзвюх шкур не дзяруць (прыказка). Ласіная ш.

2. Пра подлага, нізкага чалавека, вымагальніка і шкурніка (разм., пагард.).

Быць у чыёй-н. шку́ры — быць у чыім-н. становішчы, звычайна дрэнным, незайздросным.

Воўк у авечай шкуры — пра злога, жорсткага чалавека, які прыкінуўся лагодным.

На сваёй шкуры зведаць, адчуць што-н. — зведаць што-н. дрэннае на сабе, на сваім вопыце.

Ратаваць сваю шкуру — ратаваць сябе, не думаючы пра іншых.

Шкуру (дзве шкуры, сем шкур і пад.) драць, лупіць з каго-н. — абіраць, жорстка эксплуатаваць каго-н.

Шкуру спусціць з каго-н. — моцна збіць, караючы, а таксама наогул жорстка абысціся з кім-н., пакараць каго-н.

|| памянш. шку́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. шку́рны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лама́ць, ламлю́, ло́міш, ло́міць; ламі; лама́ны; незак.

1. што. Згінаючы або ўдараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго-н. або раздзяляць што-н. на часткі.

Л. вецце.

Л. лёд.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць.

Л. крылы.

Л. ногі.

3. што. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць.

Л. стары дом.

4. перан., што. Пераадольваць, знішчаць што-н. аджыўшае.

Л. старыя звычаі.

5. перан., каго-што. Рэзка (крута) змяняць.

Л. свой характар.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты.

Ломіць косці.

Ламаць галаву над чым (разм.) — біцца над рашэннем якой-н. задачы, якога-н. пытання.

Ламаць шапку перад кім (уст.) — уніжацца, ліслівіць.

|| зак. палама́ць, -ламлю́, -ло́міш, -ло́міць; -лама́ны (да 2 знач.) і злама́ць, зламлю́, зло́міш, зло́міць; зламі; злама́ны (да 1—4 знач.); наз. пало́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж. (да 2 знач.).

|| наз. лама́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і ло́мка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)