Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народна-этымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жме́ня, ‑і, ж.

1. Далонь і пальцы рукі, складзеныя так, каб імі можна было зачэрпнуць або ўтрымаць што‑н. Віктар падбег да балота, зачэрпнуў у жменю вады, змяшаў і пяском і прынёс Мірону. Маўр. Волька з задавальненнем расцёрла ў жмені колас, панюхала, паспрабавала на зуб. Васілевіч.

2. Колькасць чаго‑н., што змяшчаецца ў далоні са сціснутымі пальцамі. Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. // Пучок сарваных, зжатых раслін, які можна абхапіць далонню і пальцамі. Сухія, ломкія, спелыя сцёблы жменя за жменяю клаліся на перавяслы. Мележ.

3. перан. Нязначная колькасць, нямнога каго‑, чаго‑н. Туліцца каля платоў Жменя худых цялят. Танк.

•••

Поўнай жменяй — шчодра, не шкадуючы. У сонцы дзён, у зорнасці начэй Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. чым. Заняць якую‑н. плошчу пад пасадку раслін. Засадзіць клумбы кветкамі. Засадзіць участак бульбай.

2. Заснаваць што‑н., зрабіўшы пасадку. Засадзіць малады сад. □ Грышаў бацька не толькі вартаваў стары бор, а засадзіў новы лес. Кірэенка.

3. Разм. Пасадзіць куды‑н. прымусова; зняволіць. Думаў Макар — каюк: засадзіць праклятая баба ў турму. Асіпенка.

4. за што і з інф. Разм. Прымусіць займацца чым‑н. Засадзіць за работу. □ На канферэнцыі, як і ў мінулым годзе, Голад засадзіў Кастуся пісаць справаздачу. Прокша.

5. Разм. Засунуць куды‑н. [Вэня] засадзіў руку за бравэрку і абмацаў там рэвальвер. Чорны.

6. Разм. Усадзіць, увагнаць глыбока што‑н. вострае. Засадзіць тапор у калодку. □ — Учора .. знянацку я такі, мусіць, засадзіў стрэмку, і нага мая цяпер аж торгае. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малако́, ‑а, н.

1. Белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей. Мацярынскае малако. // Такая ж вадкасць, якую атрымліваюць ад кароў, коз і інш. жывёл і якая з’яўляецца прадуктам харчавання. Кіслае малако. Забяліць малаком. □ А праз колькі хвілін стол уставіўся розным наедкам: была і страва, і сыр, і масла, і малако. Мурашка.

2. Уст. Семявая вадкасць рыб, а таксама семявыя залозы рыб.

3. Белаваты сок некаторых раслін, вадкасць, якая здабываецца з некаторых пладоў. Канаплянае малако. Міндальнае малако.

4. Белаваты раствор некаторых рэчываў. Вапеннае малако.

•••

Кроў з малаком гл. кроў.

Малако на губах не абсохла у каго — пра маладога нявопытнага чалавека.

Птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако гл. пусціць.

Як з казла малака гл. казёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбо́р, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.

2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.

3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.

•••

У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.

(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадстаўні́к, ‑а, м.

1. Асоба, якая прадстаўляе чые‑н. інтарэсы, дзейнічае па даручэнню або ад імя каго‑н. Яшчэ мінулай восенню ў нас пабывалі прадстаўніка Штаба партызанскага руху з Масквы. Карпюк. // Службовая асоба, якая прадстаўляе сабой інтарэсы якой‑н. дзяржавы. Дыпламатычны прадстаўнік.

2. Чалавек, які прадстаўляе сабой пэўную групу людзей або якую‑н. галіну дзейнасці, выразнік чыіх‑н. інтарэсаў. І гэтая пераклічка прадстаўніка старэйшага пакалення бальшавікоў з самым юным пакаленнем гучэла як клятва. Якімовіч. І. Замоцін, прадстаўнік старой акадэмічнай навукі, у новых сацыяльна-грамадскіх умовах здолеў зразумець сутнасць ленінскага вучэння аб культурнай спадчыне. Мушынскі.

3. Узор, экземпляр якога‑н. разраду жывёл, раслін і пад. Усурыйскі янот з’яўляецца адзіным прадстаўніком сямейства сабак, які на ўвесь зімовы час кладзецца спаць у нару, як мядзведзь ці барсук. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).

2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.

3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.

4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыжава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. скрыжаваць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. скрыжавацца (у 1, 3 знач.).

2. Месца, дзе скрыжоўваюцца дарогі, вуліцы і пад. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. На скрыжаванні вуліц Наташа спынілася, пачакала, пакуль пройдуць машыны. Гамолка. Развітання хвіліна На скрыжаванні лясным... Куляшоў. // Наогул месца, дзе перасякаецца што‑н. чым‑н. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган. У скрыжаванні нааконных крат — нябёсаў родных зрэзаны квадрат. А. Вольскі. / у перан. ужыв. Вёска ў Заходняй Беларусі стаяла на скрыжаванні нацыянальных і сацыяльных супярэчнасцей. У. Калеснік.

3. Спарванне жывёлін або апыленне раслін розных відаў, гатункаў, народ для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку.

4. Узаемадзеянне дзвюх або некалькіх моў. Скрыжаванне моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што.

1. Спец. Замацоўваць што‑н. у адпаведным становішчы. Фіксаваць рэйку.

2. Адзначаючы, вылучаць, замацоўваць што‑н. у свядомасці, памяці і пад. Хвіліны ўтрапення, разгубленасці мінулі, і.. [Шыковіч] усё востра прыкмячаў, усё фіксаваў у памяці. Шамякін. // Адзначаць, замацоўваць з дапамогай запісу, фатаграфіі і пад. Выдаткаванне электраэнергіі фіксуе лічыльнік. □ Выхад з друку кожнага дыялектнага слоўніка трэба толькі вітаць, асабліва калі ён фіксуе яшчэ мала даследаваныя гаворкі. «Полымя».

3. Сканцэнтроўваць, накіроўваць. Фіксаваць увагу.

4. Канчаткова ўстанаўліваць, замацоўваць. Фіксаваць заработную плату.

5. Спец. Апрацоўваць якім‑н. рэактывам клеткі і тканкі жывых арганізмаў для кансервацыі іх структуры і хімічнага саставу. Фіксаваць тканку фармалінам.

6. У фатаграфіі — апрацоўваць фіксажам. Фіксаваць фотаплёнку.

7. Пакрываць фіксатывам. Фіксаваць малюнак.

8. Спец. Усмоктваць, засвойваць. Карэнні раслін фіксуюць глебавую кіслату.

[Ад фр. fixer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мяша́ць, меша́ць, міша́ць, мыше́тэ ’размешваць, перамешваць’, ’злучаць разнароднае’, ’уцягваць, умешваць’, ’паўторна пераворваць’, ’баранаваць другі раз’, ’перашкаджаць’, ’замешваць, расчыняць цеста’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Нік. Очерки, Выг. дыс., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Жд. 1, ТС; полац., Хрэст. дыял.), мяша́ць свіння́м ’рыхтаваць корм для свіней’ (КЭС, лаг.), кам. мі́шань, мі́шанка, ме́шань ’корм для свіней, кароў’ (ТСБМ, Нас., Касп., ТС, Шатал.), ме́шанка ’кармавая сумесь для жывёлы, птушак, рыбы’, ’змешаны пасеў кармавых раслін’ (ТСБМ, Шат., Шатал., Сл. ПЗБ, Нік. Очерки; паўн.-усх., КЭС), мешані́на ’сумесь разнароднага’, ’блытаніна’, ’адсутнасць яснасці’ (ТСБМ, Нас.; міёр., Нар. словатв.), шальч. ’поле, узаранае другі раз’ (Сл. ПЗБ), нясв. ме́шанка ’зводная сястра’ (там жа), мяша́нка ’тоўчаная бульба, пюрэ’ (Ян.), ’мешанка’ (Сл. ПЗБ), мяша́лка ’мешалка’ (шальч., Сл. ПЗБ; мін. сляпянск., КЭС). Укр. міша́ти, рус. меша́ть, меха́ть, польск. mieszać, н.-луж. měšaś, в.-луж. měšeć, ст.-чэш. miešeti, дыял. míšet těsto, славац. miešať, славен. mešáti, méšati, серб.-харв. mijèšati, ме́шати, макед. меша, балг. мешам, ст.-слав. съмѣшати. Прасл. měšati. Да мясі́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)