лі́нія, ‑і, ж.

1. Вузкая палоска, рыса, праведзеная на якой‑н. паверхні ад адной кропкі да другой. Стаіць на мяккіх стружках дзядзька Язэп з алоўкам у руках і рысуе на каструбаватых дошках лініі. Чорны. // У матэматыцы — граніца паверхні, якая мае толькі адно вымярэнне — даўжыню. Прамая лінія. Ломаная лінія. Сярэдняя лінія трохвугольніка. // Уяўная рыса, якая злучае дзве кропкі або з’яўляецца граніцай перасячэння дзвюх паверхняў. Ад нашага берага да касы па прамой лініі каля шасці кіламетраў. В. Вольскі.

2. Паласа (існуючая ці ўяўная), якая вызначае граніцу, край чаго‑н. Берагавая лінія. □ У той час, калі нашы танкі падышлі да перадавой лініі, немцы пачалі перапраўляцца праз рэчку. Мележ.

3. Абрыс, контур чаго‑н. Абцякальныя лініі легкавой машыны. Лінія ракі. □ Стары брыгадзір .. сам намеціў лініі для капаў. Бядуля. // Пра абрысы чалавечага цела (твару, рота, рук). Лінія шыі. Лінія стану.

4. чаго. Доўгі рад якіх‑н. прадметаў, з’яў. Лінія дамоў. □ Далёка на поўнач і далёка на поўдзень цягнулася лінія акопаў па замёрзлых, заснежаных балотах. Мікуліч.

5. Пуць, палатно чыгункі ці трамвая. За шырокаю лініяй чыгункі, на шырокай прагаліне парасла густая трава. Чорны. // Шлях зносін, які звязвае два якія‑н. пункты. Чыгуначная лінія Масква — Мінск. Паветраная лінія Мінск — Гомель.

6. Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі. Часта званіў тэлефон, на лініі былі нейкія непаладкі, і прыходзілася так крычаць у трубку, што пад вечар зрываўся голас. Шахавец. // Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для перадачы электраэнергіі.

7. Паслядоўны рад асоб, аб’яднаных кроўнымі сувязямі. Лінія іхняга роду цягнецца сімвалічнай чырвонай істужкай ад рабочых і сялян. Бядуля.

8. перан. Напрамак, спосаб дзеянняў, думак, поглядаў. Генеральная лінія. Класавая лінія. Партыйная лінія паводзін.

9. Мера даўжыні, роўная 1/10 (яшчэ раней 1/12) цалі, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Аўтаматычная лінія — група машын, якія аўтаматычна выконваюць у пэўнай тэхналагічнай паслядоўнасці ўвесь цыкл аперацый па апрацоўцы вырабаў.

Дэмаркацыйная лінія — а) лінія, паласа, устаноўленая паміж ваюючымі бакамі ў час перамір’я; б) лінія падзелу на зоны акупацыі тэрыторыі акупіраванай дзяржавы; в) у медыцыне — палоска, якая адмяжоўвае амярцвелую тканку ад здаровай.

Контурная лінія — перарывістая лінія, якая складаецца з кропак або кароткіх рысак.

Ламаная (ломаная) лінія — лінія, якая складаецца з адрэзкаў прамой, злучаных пад вуглом.

Гнуць (весці) сваю лінію гл. гнуць.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.

Па лініі чаго ці якой — а) у якіх‑н. органах, установах. Працаваць па камсамольскай лініі; б) ад імя якога‑н. органа, установы. Вынесці вымову па партыйнай лініі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ве́нца ’абадок (пасудзіны); абадок, кольца’ (БРС, Шатал.). Укр. ві́нця мн. л., н. р. ’край пасудзіны’. Можна меркаваць, што гэта слова ўзнікла метафарызацыяй да *věnъkъ, *věnъkъ. Параўн. рус. дыял. ве́нчик ’тоўсты аплёт па верхняму краю снеткавага каша’, вене́ц ’горны хрыбет кругам, паўкругам; край высокага стэпу і г. д.’ Параўн. Рудніцкі, 1, 430–431.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́бад, мн. л. абады (БРС, КТС, Яруш., Грыг., Бяльк.; КЭС, лаг.; Шат., Касп.). Рус. о́бод ’вобад’, обо́да ’кругавы шырокі рэмень конскай шляі па баках каня’, укр. о́бід ’вобад’, ст.-рус., ц.-слав. ободъ, серб.-харв. о̏бо̑д ’край’, славен. обо̑д ’вобад сіта’, польск. obód ’вобад’. Прасл. *obvodъ. З об‑ і вяду (Фасмер, 3, 104).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гергета́ць ’гагатаць; лапатаць’ (БРС), ’гергетаць; невыразна гаварыць’ (Сцяшк.), гергата́ць ’гаварыць па-яўрэйску’ (Шат.), ’гагатаць’ (Шатал.), гергята́ць ’гаварыць невыразна’ (Жд. I). Рус. дыял. горгота́ть, гаргата́ть, укр. горгота́ти, серб.-харв. грго̀тати і г. д. Прасл. *gъrgotati (гукапераймальны дзеяслоў; матэрыял гл. у Слаўскага, I, 406; Трубачова, Эт. сл., 7, 208–209) < *gъrgati (Трубачоў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паве́ка ’рухомая складка скуры, якая прыкрывае вока’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 2, Яруш.), паве́йка ’тс’ (КЭС, лаг.). Укр. паві́ко, павіча́йка, польск. powieko ’тс’. З прэф. па ад века (гл.). Улічваючы старажытнасць гэтага спосабу словаўтварэння, мабыць, магчыма рэканструяваць прасл. po‑věko (параўн. Краўчук, ЭСБМ, 2, 81), але як дыялектызм. Варыянт паве́йка пад уплывам вейкі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўчуга́н ’аўчарка, сабака, які вартуе авечак’ (Нас.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад аўца па тыпу ваўчуган ’бялізны воўк’, зладзюган ’злодзей’, якім адпавядаюць формы на у́га (ю́га): ваўчуга, зладзюга, параўн. Карскі 2–3, 33. Адсутнасць або незафіксаванасць зыходнай формы *аўчу́га, магчыма, указвае на сувязь (частковая калька?) з літ. avìganis ’аўчар’, ’аўчарка’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 193, 212).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бая́н ’музыкальны інструмент’, укр. бая́н. Запазычанне з рус. бая́н ’тс’ (а гэта па імені легендарнага Баяна ў «Слове о полку Игореве»). Назва была дадзена рускім гарманістам А. Ф. Арланскім-Цітарэнкам (1877–1941) першаму ў свеце храматычнаму гармоніку, які сканструяваў тульскі майстар М. І. Белабародаў (1827–1912). Гл. БСЭ; Шанскі 1, Б, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абе́чак1 (мн. абечкі) ’край рэшата’ (Бір. дыс., БРС), ’частка жорнаў, зробленая з дрэва, каб не высыпалася мука’ (Сцяшк. МГ), ’вечка, накрыўка’ (Сцяц.), абечка ’крышка дзежкі, каробкі; таксама ў рэшаце, сіце’ (Янк. I) < аб‑веч‑ак (да věko). Параўн. абічайка.

Абе́чак2 ’павека’ (мін.) < аб‑вечак (параўн. па‑века). Гл. абечак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывіцельнік (Кіс.), жывацельнік ’расліна Thalictrum aequilegifolium L., пылюшнік вадазборалісты’ (Касп.). Па лекавых уласцівасцях расліны ад асновы дзеяслова жывіць ’гаіць’ ці з суфіксамі ‑цель (‑tel‑), ‑н (‑ьn‑), ‑ік, ці з другой складанай часткай ‑těl‑ (гл. цела) і суфіксамі ‑ьн‑ік. У рус. самар. гаворках адзін з відаў Thalictrum мае назву жи́воко́сть (гл. жывакост).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасёстра ’прыяцелька, сяброўка’ (Маш.; Нікіф., Очерки), ’дваюрадная сястра’ (Бяльк.; Мат. Маг.; Яшк., Назвы, Інстр. 1), пасёстра і пасёстра ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. посестра ’тс’, ’каханая’. Прыстаўка па- (без націску) можа паходзіць з прасл. po‑ (Борысь, Prefiks., 54). Да сястри (гл.). Параўн., аднак, пасынак, якое з pa‑ і synъ: ст.-прус. pas‑sons ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)