ма́йстар, ‑тра, м.

1. Спецыяліст у якім‑н. рамястве, у якой‑н. галіне вытворчасці. Гадзіннікавы майстар. Буравы майстар. □ Мікалай Бугкавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінаўся над хамутамі. Курто.

2. Адміністрацыйны і тэхнічны кіраўнік асобнага ўчастка вытворчасці (цэха, змены і пад.). Зменны майстар. Дарожны майстар.

3. Чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе. Майстар высокіх ураджаяў. Майстар мастацкага слова. Майстар манументальнай скульптуры. □ Творчасць Янкі Брыля, аднаго з выдатных майстроў беларускай прозы, ўяўляе вялікую цікавасць як для даследчыка-літаратуразнаўца, так і для крытыка. Кучар. // на што і з інф. Разм. Аб лоўкім, здатным да чаго‑н. чалавеку. І дзядзька майстар быў на штукі, І быў механік на ўсе рукі. Колас. Настаўнік быў майстрам апавядаць. Бядуля.

4. Званне, якое прысвойваецца выдатным спартсменам. // Асоба, якая носіць гэта званне. Майстар спорту.

•••

Майстар на ўсе рукі — пра чалавека, які ўмее ўсё рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́церабіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Высечы, ссячы. У той жа дзень .. [Ігнат і Крылоў] выбралі вось гэту дзялянку, дзе яшчэ перад вайной былі высечаны старыя дубы, выцерабілі кусты і з дапамогай жонкі Ігната і яшчэ аднаго лесніка пасадзілі жалуды. Шамякін.

2. Вырваць (пра лён, каноплі і пад.). Умеюць .. [лён] вырасціць, выцерабіць, разаслаць, давесці да ладу шчырыя рукі ільнаводаў. Бялевіч.

3. Разм. Выесці, з’есці. Выцерабіць міску капусты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асто́яцца, астоюся, астоішся, астоіцца; зак.

1. Стаць спакойным, перастаць калыхацца (звычайна пра вадкасць). Вада перастала кіпець, астоялася, і тады на дне бляшанкі Антон Ягоравіч убачыў зусім зялёныя жытнія зярняткі. Чыгрынаў. Там вырывалася з балота Жоглаўка — рака-крыніца, варушыла ваду, не давала астояцца. Пташнікаў.

2. Утрымацца на нагах. Кірэй захістаўся, паліцаі памкнуліся падтрымаць яго, але ён адпіхнуў іх рукі, сабраў апошнія сілы і астояўся. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асцяро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

1. Асцярожныя, далікатныя адносіны да каго‑, чаго‑н., выкліканыя бояззю пашкодзіць, патурбаваць. Я трымаў яе [Іру] у абдымках, пяшчотна, з асцярогай, як злоўленую маладую птушку. Пташнікаў. Падсунуўшыся блізка да Зосі, яна [Тэкля] з асцярогаю кранулася яе рукі. Гартны.

2. Ахоўныя меры, якія выкліканы неабходнасцю папярэдзіць непрыемную нечаканасць. Не палілі агнёў, нават цыгаркі і тыя з асцярогай хавалі ў рукаў. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Іграючы, вярнуць прайгранае. Ужо смерць рукі пацірае: — Не адыграеш, брат, да дня Свайго жыцця, кісета, люлькі, Свайго мушкета і каня. Танк.

2. і без дап. Разм. Кончыць іграць. Ён [музыка] тут успомніў родны край, І што не ў кожнай хаце адгасціў, І не на ўсіх хрысцінах пабываў, І не на ўсіх вяселлях адыграў. Танк.

•••

Адыграць ролю — мець значэнне, аказаць уздзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апера́тар, ‑а, м.

1. Уст. Доктар, які праводзіць аперацыю (у 1 знач.); хірург.

2. Кваліфікаваны рабочы, які кіруе работай складанага механізма або ўстаноўкі. Аператар стаіць збоку, а фрэза машыны, нібы слухаючыся рукі ўмелага майстра, рэжа на тоўстай пласцінцы пяціканцовую зорку, затым другую складаную геаметрычную фігуру. «Звязда».

3. Службовая асоба на транспарце, якая, прымае распараджэнні дыспетчара і паведамляе яму звесткі аб руху.

4. Спецыяліст, які праводзіць кіназдымкі; кінааператар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кій, кія, м.

1. Прамая тонкая палка. Выламаць кій. Арэхавы кій. // Палка для апоры пры хадзьбе. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), і рукі яе калаціліся. Шамякін.

2. Доўгая прамая палка з патанчэннем на канцы для гульні ў більярд.

•••

Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай — усё роўна, тое самае.

У старца кій адабраць — забраць у беднага апошняе.

[Польск. kij.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. Захапіўшыся работай, забыцца пра час. Зося гэтак шчыра запрацавалася, што не [ў]бачыла, як яе агарнула ноч. Чарот.

2. Стаміцца ад працяглай або цяжкай работы. [Бацька] застаў Колю за сталом, з апушчанай на рукі галавой. «Запрацаваўся, бедны... — паспачуваў бацька. — Відаць, памногу задаюць». Якімовіч. Тыдні цераз два Прыбыў з камандзіроўкі ён дадому. Змарнелы, замучаны, вядома, Баліць спіна і галава. І дзіўнага няма — запрацаваўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяссо́нніца, ‑ы, ж.

1. Нездаровая адсутнасць сну. Клопікаў часцяком наведваўся ў бальніцу са сваімі раматусамі, бяссонніцамі і іншымі нуднымі старэчымі хваробамі. Лынькоў. // Адсутнасць магчымасці для сну; звязаная з рознымі знешнімі прычынамі. Ад бяссонніцы ўсё яшчэ хіліла спаць, але халодны вецер дапамагаў адганяць сон. Мележ.

2. Жан. да бяссоннік. — Бяссонніца ты мая, — наракае бабуля. Бярэ Лідачку на рукі і садзіцца з ёю на нізкім услончыку. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пакрывацца зверху лёдам. Зіма ніяк не клалася на зямлю — з неба імжэў дождж са снегам, на эстакадзе рабілася коўзка, а ўначы пры марозе ўсё ледзянела. Карамазаў.

2. Станавіцца халодным як лёд, мерзнуць, дубець. Рукі ледзянеюць. // перан. Нямець, заміраць (ад страху, жаху і пад.). Сэрца ледзянее.

•••

Кроў ледзянее (у жылах) гл. кроў.

Сэрца ледзянее гл. сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)