мяжа́, ‑ы; мн. межы, ‑аў; ж.
1. Вузкая палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Межы дзялілі поле праз кожную палосу. Даніленка. За гумном, па мяжы ішлі мужчыны і гаманілі. Нікановіч. // Прыродная або ўмоўная лінія падзелу паміж асобнымі ўчасткамі, уладаннямі. Гэты бераг [ракі] можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Маўр. [Маша і Васіль] перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў. Шамякін.
2. Пагранічная лінія паміж сумежнымі дзяржавамі; граніца. Недалёка была дзяржаўная мяжа, і празрыстымі адвячоркамі бачыў я сілуэты коннікаў-пагранічнікаў. Мікуліч. // перан. Аб чым‑н., што дзеліць, аддзяляе адно ад другога. На мяжы восені і зімы. □ Цяпер .. [Рыгор] лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Гартны.
3. перан. Норма, рубеж чаго‑н. дазволенага, магчымага. [Вікторыя Аркадзьеўна] ніколі не дазваляла ні сабе, ні .. [мужчынам] пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Паслядовіч. Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны. [Машыны] могуць быць яшчэ больш дасканалымі, больш прыгожымі, больш зручнымі, бо няма мяжы прагрэсу тэхнікі. Лынькоў.
•••
За мяжой — у замежных дзяржавах.
За мяжу — у замежныя дзяржавы.
З-за мяжы — з замежных дзяржаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. — Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.
2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.
3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.
•••
Знакі ўзнагароды гл. знак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́блака, ‑а; мн. воблакі і аблокі, ‑аў; н.
1. Вялікая маса згусцелай вадзяной пары ў атмасферы. Кучавыя воблакі. □ У разрыве шэра-цёмных воблакаў мільгнуў серабрысты кружок месяца. Навуменка. Ляціце, арлы-сокалы, За сінія аблокі, Нясіце словы Леніна Да ясных зор высокіх. Русак.
2. чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і інш.) у паветры. Воблака пылу. □ Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дазо́рац, ‑рца, м.
1. Служачы, які выконвае абавязкі па нагляду за чым‑н., ахове чаго‑н.; наглядчык. Бурчыць пад нос дазорац, як сам астрог, стары. Таўлай.
2. Той, хто знаходзіцца ў дазоры; разведчык. Дазорац, ужо заўважыўшы зарыва пажару і пабачыўшы лесніка, які бег да зямлянкі, адразу адчуў нешта нядобрае і надзвычайнае. Дубоўка. У акопчыках і ў кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
а́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., аднакр.
1. Разм. Усклікнуць «ах», выказваючы якое‑н. пачуццё: захапленне, здзіўленне, шкадаванне, страх, смутак і пад. [Мікалай Іванавіч:] — Бываюць цікавыя сюжэтныя павароты ды такія нечаканыя, што ахнеш ад здзіўлення. Шахавец.
2. Разм. Выбухнуць, разарвацца, стрэліць, абрушыцца і г. д. Пакуль.. [Капейка] паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.
3. каго-што. Разм. Моцна выцяць. Ахнуць па галаве.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакало́цца 1, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.
Разм. Прымаць уколы некаторы час.
пакало́цца 2, ‑колецца; зак.
Патрэскацца, пашчапацца ў многіх месцах або ў вялікай колькасці. Пакалоліся шулы на сонцы. Пакалоўся ўвесь посуд. □ Ад сонца і ветру.. [кавалкі чорнага дубу] пакалоліся, парыжэлі. Колас. Ах, што гэта была за хатка! Маленькая, нізенькая, вуглы пакалоліся, пагнілі і скасабочыліся, сцены ледзь не па самыя вокны паўрасталі ў зямлю. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маёнткавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.
2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяце́ліца, ‑ы, ж.
1. Снежная бура, завея. Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст віхраў спакойна заснуць не дае. Купала. Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя в[я]тры. Шчарбатаў.
2. Народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе з частымі зменамі фігур і паваротамі. Услед жа за бацюшкам Габрусь і Гіляры таксама хапілі па кабеце і пачалі шпарка круціць мяцеліцу. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ле́пет, ‑у, М ‑пеце, м.
Няскладная, невыразная мова дзіцяці. Лепет дзяцей напоўніў пакой. // Лёгкая, несур’ёзная размова; балбатня. Сваім лепетам Марта ажывіла хату. Гартны. // Невыразная, непераканаўчая гаворка, разважанне, тлумачэнне і пад. — Ты.. наглядай добра за вокнамі і дзвярыма, — загадаў .. [начальнік] чырвонаармейцу і накіраваўся ў хату, не зважаючы на лепет старшыні сельсавета. Крапіва.
•••
Дзіцячы лепет — пра што‑н. вельмі бездапаможнае, па-дзіцячаму наіўнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніштава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Досыць добры, нядрэнны. Чалавеку гадоў было на выгляд за трыццаць. Такі сабе русявы, ніштаваты мужчынка. Брыль. Я пайшоў у прамтаварны магазін, купіў ніштаваты гарнітур, туфлі. Лупсякоў.
2. Значны, немалы (па велічыні, колькасці). Ніштаватая сума грошай. □ Нам часцей пачалі пападацца ніштаватыя шчупачкі. Хведаровіч. У нашых скураных торбачках ёсць дабраваты кусок сала і ніштаваты акраец хлеба. Сташэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)