парале́льна, прысл. і прыназ.

1. Прысл. да паралельны.

2. прысл., з прыназ. «з»; у знач. прыназ. з Т. Нароўні з чым‑н., на аднолькавай адлегласці ад чаго‑н. на ўсім працягу. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе паралельна з абозам пралягала чыгунка. Машара. // Адначасова з чым‑н., суправаджаючы што‑н. Калгас выходзіць з прарыву, становіцца перадавым і дамагаецца высокага ўраджаю. Паралельна з гэтым у калгасе насаджваецца вялікі сад і будуецца электрастанцыя... Крапіва. Не захаваліся і тыя... сшыткі, якія вяліся пісьменнікам паралельна з дзённікам. «Полымя». Паралельна з будаўнікамі працуюць і мантажнікі. «Беларусь».

3. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «паралельна» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве прадмета, на аднолькавай адлегласці ад якога на ўсім працягу што‑н. знаходзіцца, праходзіць. Самалёт яшчэ доўга ляцеў паралельна берагу. □ Ціха і асцярожна ідзём паралельна дарозе, пакідаючы будынак з правай рукі. С. Александровіч. Гасцінец пралягаў паралельна чыгунцы. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слой 1, ‑я; мн. слаі, ‑ёў; м.

1. Маса якога‑н. рэчыва, якая пакрывае паверхню чаго‑н., або пласт чаго‑н., размешчаны паміж іншымі такімі пластамі. Слой лёду. Слой тлушчу. Слой драўніны. Слаі атмасферы. □ Тоўсты слой моху-тарфяніку зялёным кажухом пакрываў балота. Ваданосаў. // перан. Тое, што наслойваецца на што‑н. Выпадак за выпадкам, нязначным, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцця. Гартны.

2. Група людзей, аднародная па сацыяльных, культурных і пад. прыметах. У рэвалюцыйным лагеры мы бачым людзей розных слаёў грамадства. Хромчанка.

•••

Культурны слой зямлі — слой зямлі, які ўтвараецца з арганічных і іншых рэштак на месцах пасяленняў чалавека.

слой 2, ‑я, м.

Вялікі слоік. Распачаў тут доктар лекі: Апарацік выняў нейкі, — Трубак, шрубак там мільён, А да іх яшчэ балон. У Хвядосаў труп застылы Ён бальзам уліў у жылы, Слой шкляны сказаў падаць, Стаў за хворым наглядаць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узмацне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узмацніцца, павялічыцца ў сіле (пра вецер, дождж і пад.). Вецер узмацнеў і са злосцю круціў вадзяныя струмені. Хадкевіч. / Пра голас, гукі. Шум, які пачаў спадаць, узмацнеў. Шахавец. — Гэта ваша апошняе заданне. — Голас у Хмары ўзмацнеў. Шашкоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Потым, як пайшлі ў школу, дружба .. [Федзькі з Эдзікам] яшчэ больш узмацнела. Пальчэўскі. // Стаць больш трывалым, цвёрдым. Лёд узмацнеў. // перан. Стаць больш дасканалым, выразным. Лірычны маналог у творчасці Брыля асабліва ўзмацнеў у апошнія дзесяцігоддзі. Мальдзіс.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш моцным; умацавацца. Калгас гэтым часам узмацнеў. Пачала папаўняцца малочная ферма. На другі год вялікі прыбытак даў лён. Чарнышэвіч.

3. Стаць больш здаровым, вынослівым; падужэць, паздаравець. Вось выраслі дзеткі, За лета ўзмацнелі, Пад восень у вырай Яны паляцелі. Журба. / Пра расліны. Маладая вішанька ўзмацнела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́паць, ‑пця; мн. шчопці, ‑яў; м.

Разм.

1. Тры пальцы рукі (вялікі, указальны, сярэдні), складзеныя канцамі разам. [Іванка] запусціў руку ў падраную кішэню світы і шчопцем грэбаў там за падкладкай, спадзеючыся хоць што-кольвек знайсці на падман голаду. М. Стральцоў.

2. Колькасць якога‑н. сыпучага рэчыва, якую можна ўзяць складзенымі такім чынам пальцамі. А тыя, хто да ворага пайшоў За баланду, за шчопаць сахарын[у], Бясследна знікнуць — іх зямля адрыне! — Згніюць без могілак і без крыжоў! Гаўрусёў. Мікола дастаў з кішэні капшук з тытунём. Сыпнуў шчопаць у кавалак адарванай газеты, падаў Уллянінаму бацьку. Паўлаў. // Невялікая купка, пучок чаго‑н. (валасоў, поўсці, шчаціння). На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, ад каўняра да вачэй зарослы густой каштанавай атавай барады; другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, але свяжэйшы, паголены, са шчопцямі рыжых вусікаў пад носам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпо́ха, ‑і, ДМ эпосе, ж.

1. Вялікі прамежак часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г. д., які вызначаецца якімі‑н. характэрнымі асаблівасцямі. Савецкая эпоха. Эпоха Адраджэння. □ Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла эпоху пераходу ад капіталізму да сацыялізма ў сусветным маштабе. «Звязда». // Асобны перыяд у гісторыі, развіцці якой‑н. навукі, віду мастацтва і пад. Яго [Я. Купалы] творчасць складае цэлую эпоху ў мастацкім развіцці беларускага народа, з’яўляецца славутай старонкай у гісторыі беларускай культуры. Івашын. // Перыяд у развіцці грамадства, звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатнага чалавека. Эпоха Скарыны. Эпоха Пятра I.

2. У геалогіі — падраздзяленне геалагічнага перыяду. Верхняя эпоха мелавога перыяду мезазойскай эры.

3. У астраноміі — момант, з якога пачынаюць адлік часу, звязаны з рухам якога‑н. нябеснага цела.

•••

Сучасная эпоха — гістарычны перыяд пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізма і будаўніцтва камуністычнага грамадства, крушэння каланіялізму і перамогі нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.

[Ад грэч. epochē — прыпынак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велиивялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjьвялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́цца ’цячы струменем’, ’распаўсюджвацца, выходзіць (аб дыме), разносіцца’, ’залівацца тлушчам’, ліць ’выліваць’, ’безупынна цячы’, ’выплаўляць’, ’распаўсюджваць’, ’ісці (пра вялікі дождж)’, лаг. лі́цца, тураў. ліць вуліўкі ’несці яйкі без шкарлупы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., Сцяшк., КЭС, ТС), літыя боты ’боты з тоўстай гумы’ (лід., Сцяшк. Сл.; Ян.), літы ’выраблены ліццём’ (ТС). Укр. лити, рус. лить, ст.-польск. lić, суч. lać, н.-луж. laś, в.-луж. leć (lije), чэш. líti, славац. liať, славен. líti (líjem), серб.-харв. ли̏ти, балг. лия ’лить’, макед. излева ’выліваць, адліваць’, ст.-слав. излити ’выліць’. Прасл. liti (lьjǫ і пазней lějǫ), роднаснымі да якога з’яўляюцца: літ. lýti, lỹja ’ісці (аб дажджы)’, líeti, лат. liêt ’ліць’, lît ’струменіць’, ст.-грэч. ἄλεισον ’посуд на віно’, лац. lītus ’востраў’, кімр. lli ’мора’, lliant ’цячэнне’, гоц. leiþu ’фруктовы сок, сідр’, алб. lisë, lysë ’ручэй’, і.-е. *lē̆i ’ліць, капаць’ (Бернекер, 709, 710; Фасмер, 2, 504; Слаўскі, 4, 248; Махэк₂, 336; Бязлай, 2, 145).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навоз1 ’загуменне, дарожка, якая ідзе ўздоўж вёскі па загуменнях, поле за загуменнем’ (Хрэст. дыял., 334; Сл. ПЗБ), ’дарожка ў вёсцы па-за будынкамі’ (Чуд.), ’вялікі ўчастак поля, на якім размешчана некалькі хутароў’ (нясвіж., Яшк.), ’месца за агародамі ўздоўж вёскі’ (слуц., Нар. сл.), навозы ’ўчастак поля ля вёскі’ (карэл., Янк. Мат.), навозам ’загуменнем, задамі, сцяжынкай за вёскай’ (Жд. 1); відаць, сюды ж навоз ’прыстань’ (рэч., Яшк.), навозь ’привоз на рынок’, якое параўноўваецца з чэш. ηάυοζ ’звоз, звожванне’ (Грыг.); параўн. таксама польск. nawóz ’тое, што навозяць для засыпкі калдобін, няроўнасцей’. Улічваючы апісальны выраз навозная дарога ’загуменная дарога’ (маладз., дзятл., Сл. ПЗБ), можна дапусціць утварэнне шляхам семантычнай кандэнсацыі: навозная дарога (шлях) > навоз, усё да везці, вязу.

Навоз2 ’гной’ (асіп., Буз.; ганц., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. МГ), навозны ’угноены’ (Сл. ПЗБ), ’звязаны з вывазкай гною’, параўн.: «между С. Иоанном и С. Петром играются на Белоруси навозныя толоки» (Фалют., 84). Разам з рус. навоз ’гной’ да вазіць, вязу, гл. Фасмер, 3, 34 («то, что навезено»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́ва ’участак зямлі, ралля’ (Яруш., Чуд., Шат., Касп.), ’участак зямлі аднаго гаспадара’ (Сцяшк.), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі, прызначаны цалкам для адной культуры’ (ТС), ’палетак’ (Сл. ПЗБ), ні́ва, ныва ’невялікае поле сярод лесу’ (Сл. Брэс.), ні́ўка ’невялікая палоска раллі’ (Нас., Яруш., Бяльк.), ’невялікае поле, звычайна сярод лесу’ (ТС), укр. ни́ва ’узаранае поле’, рус. ни́ва ’вырабленае і выпаленае пад раллю месца; поле на такім месцы; участак зямлі сярод лесу; засеянае поле, сенажаць’, польск. niwa ’поле, ралля; навіна; поле сярод лесу’, чэш. níva ’поле, ніва, луг’, славац. niva ’тс’, н.-луж. niwa ’ралля, поле, ніва’, славен. njiva ’поле, ралля’, серб.-харв. ни̏ва ’тс’, балг. нива ’тс’, макед. нива ’поле, ралля, луг’. Прасл. *niva, збліжаюць з грэч. νειός ’поле, луг’, што ўзыходзіць да і.-е. *nei̯‑ ’унізе, наніз’; сюды ж літ. neivóti ’паніжаць’, лат. niẽva ’паніжэнне’ (Фасмер, 3, 72; Фрэнкель, 479; Бязлай, 2, 225; Шустар-Шэўц, 13, 1005). Іншыя версіі грунтуюцца на зыходнай семантыцы ’навіна’ (Махэк₂, 400) або ’край, руб’ (Ваян, RÉS, 22, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)