фашы́зм, ‑у, м.

Тэрарыстычная дыктатура найбольш рэакцыйных імперыялістычных сіл, якая імкнецца да знішчэння дэмакратыі і развязвання захопніцкіх войнаў. І вельмі часта прыходзіла думка, як у такім багацці фарбаў і гукаў, як на такой раскошна прыгожай зямлі магла зарадзіцца такая, да жудасці і смеху дзікая, гніль — фашызм?! Брыль.

[Іт. fascismo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што́льня, ‑і; Р мн. ‑лень; ж.

Спец. Гарызантальная або нахіленая падземная горная выпрацоўка, якая мае непасрэдны выхад на паверхню зямлі і прызначана для абслугоўвання падземных работ. Вентыляцыйная штольня. □ І скарб свой са штолень глыбокіх падаў Салігорск на-гара. Машара. // Падземнае збудаванне спецыяльнага прызначэння. Штольні для метро.

[Ад ням. Stollen.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ле абшар зямлі, прызначаны для ворыва’, ’вялікая роўная прастора’ (ТСБМ). Укр. по́ле, рус. по́ле, н.-луж. pólo, в.-луж. polo, польск., чэш., славац. pole, славен. polje, серб.-харв. по̏ље, балг. поле́ ’тс’. Прасл. *polje суадносіцца з по́лы (гл.) ’пусты, адкрыты, незапоўнены’, роднаснае ст.-швед. fala ’раўніна’, лац. palam прысл. ’адкрыта’, хец. palhi ’шырокі і плоскі’ (Фасмер, 3, 307; Сной, 467; Чарных, 2, 51). Можа суадносіцца са значэннем ’выпаленая (у лесе) дзеля пасеву прастора’ ад і.-е. *pel‑ ’паліць’, г. зн. ’лес, выпалены для сяўбы’, аналагічна лац. area ’адкрытая прастора’ і arēre ’паліць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 151), магчыма, другаснае збліжэнне пры першасным і.-е. *pel‑ ’светлы, шэры’, параўн. пялясы ’з белымі палосамі’, літ. laũkas ’поле’, літаральна — ’белае’, г. зн. ’палоска засеянай зямлі сярод лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 307; Куркіна, Зб. Слаўскаму, 155). Гл. таксама пу́львына ’бязлесная раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адсячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ, ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. ‑сек, ‑секла, зак., што.

1. Аддзяліць, ударыўшы з размаху чым‑н. вострым. Вайна і яшчэ адну пакінула адмеціну: на левай руцэ.. [у Сцяпана] не хапала двух апошніх пальцаў — адсекла снарадам. Ракітны. [Агей:] — Куды ж без зямлі мне, няма мне тады ходу ў жыцці... лепш рукі мне адсекчы, чым без зямлі быць. Галавач. // перан. Рашуча пазбавіцца чаго‑н., парваць сувязь з чым‑н. [Каваль:] — Не куру. [Хлопец:] — Зусім? — Кінуў. — Ну, малайчына. А я сабе сказаў: да Першага мая, а там — адсяку. Савіцкі.

2. Зак. да адсякаць (у 2, 3 знач.).

3. Адказаць, сказаць у рэзкай, катэгарычнай форме. А машыніст на ўсе пагрозы нібы адсек: — Не павязу! Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

корч, карча, м.

1. Пень, вывернуты з зямлі з карэннем. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў. Бядуля. // Паліва, нарыхтаванае з такіх пнёў. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы. Гурскі. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас.

2. Абл. Куст бульбы, цыбулі, вывернуты з зямлі. А бульбоўнік сплёўся густа, Што ні корч — то бульбы кош. Бялевіч. Каля лямпы стаяла на сподку соль і ляжаў недаедзены корч цыбулі. Чорны.

3. у знач. прысл. карчо́м. Скурчыўшыся, сагнуўшыся. Цела Сашкі было скурчана. Смерць і мароз скруцілі яго ногі і рукі так моцна, што давялося пахаваць яго карчом. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.

1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.

2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).

3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).

[Ад фр. rouler — каціць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Корч ’пень, вывернуты з зямлі з карэннем’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Сержп. Ск., Жыв. сл., Яруш., Нар. лекс., Сцяшк., КЭС, лаг., З нар. сл., Яшк.). Укр. корч, рус. корч ’тс’, серб.-харв. кр̑ч ’выкарчаванае месца’, славен. kȓč ’тс’, польск. karcz, чэш. krč, славац. krč ’тс’. На аснове гэтых паралелей можна рэканструяваць прасл. kъrčь. Далейшыя адпаведнікі вельмі ненадзейныя (параўн. Слаўскі, 2, 73).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыгалавач, пры́головач, мн. л. пры́головачі, прыгалавашкі, приголовашкі ’кароткія папярочныя барозны, засаджаныя бульбай’ (пін., калінк., стол., лельч., ЛА, 2), прыголо́вач ’некалькі папярочных баразён ў канцы дзялянкі’ (драг., стол., Выг.), ’канец агарода, сядзібы’ (ТС), параўн. рус. ярасл. приголова́шник ’размешчаная з краю падоўжная паласа зямлі (у якую ўпіраюцца іншыя кароценькія зямельныя палосы, т. зв. шахматы)’. Да галава, галавач (гл.). Спецыяльна гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 54.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скабу́рка ‘скарынка зямлі (замёрзшая, якая крышыцца)’ (мядз., Нар. словатв., Сцяц.). Дэрыват ад ска́ба (гл.) з суф. ‑урк‑, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 181–182. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) змяшчае гэтае слова ў гняздо дэрыватаў ад прасл. *skab‑; падрабязна гл. пад ска́ба. Параўн. скару́бак ‘скарынка, засохшы верх густой cтравы’ (гл.), што можа сведчыць аб зыходнай форме, у якой адбылася частковая метатэза зычных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пень, пня, мн. пні, пнёў, м.

1. Астатак спілаванага, ссечанага ці зламанага дрэва, які тырчыць з зямлі.

Карчаваць пні.

Быць на пні (быць не зрэзаным — пра лес, збожжа). Стаіць як п. (перан.: нерухома, нічога не разумеючы; разм.).

2. Адно дрэва будаўнічага матэрыялу.

Купіць сорак пнёў лесу.

3. перан. Пра бесталковага, абыякавага да ўсяго чалавека (разм., пагард.).

Што гэты п. тут можа зразумець?

|| памянш. пянёк, -нька́, мн. -нькі́, -нько́ў, м. (да 1 знач.).

|| прым. пянёчны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.) і пнёвы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)