Прываро́т ’прычароўванне, варажба; чароўная сіла варажбы’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг.), ’тое, што можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (Нар. Гом.). Сюды ж пры́воротынь ’піжма звычайная’ (Сіг.), прывараті́ть ’прываражыць’ (Растарг.), прываро́тны ’ў забабонных уяўленнях — які можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (ТСБМ), прыва́ратны карэнь ’корань для чаравання, любчык, любіста’ (Др.-Падб.), нарэшце, прываротны́й ’добразычлівы, прыхільны’ (Клім.) са стратай базавай семантыкі. Да прывараці́ць ’прычараваць’ < вараці́ць (гл. варо́чаць) з семантыкай (і практыкай) рытуальнага дзеяння, накіраванага на вяртанне аб’екту магічнага ўздзеяння, параўн. ст.-бел. приворотити ’аднавіць, вярнуць’, приворотитися ’апамятацца, апрытомнець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыва́тны ’які належыць пэўнай асобе’ (Гарэц., Байк. і Некр., ТСБМ), прыва́тны, права́тны ’ўласны’, прыва́тне ’ўласна’ (смарг., паст., брасл., Сл. ПЗБ); ст.-бел. приватный, прыватный (з 1595 г.) са ст.-польск. prywatny (XVI ст.), якое, у сваю чаргу, з лац. prīvātus (Булыка, Лекс. запазыч., 33). Сюды ж прыва́та ’пабочны даход, асабліва за прыватныя ўрокі’ (Нас.), якое працягвае таксама запазычанае са ст.-польск. prywata < лац. privata; Булыка (Лекс. запазыч., 262) лічыць лацінскае слова непасрэднай крыніцай запазычання ст.-бел. прива́та ’асабістая выгада, прыватнасць’; параўн. таксама чэш. privát ’прыватная кватэра; прыватныя ўрокі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прывіле́я ’выключнае права, якім карыстаецца хто-небудзь у адрозненне ад іншых’ (Бяльк., ТСБМ), прывіле́й ’права ўвогуле, якое засноўваецца на пісьмовым дакуменце; прывілея’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.). Працягвае ст.-бел. привилеи (Грамата Вітаўта 1388 г.), привилей, прывилей, привелей, привилий, привилье, прывилье ’ўрадавы ўказ, прывілея’ (з 1434 г.), якое са ст.-польск. przywilej (1393 г.) < лац. prīvilēgium (Булыка, Лекс. запазыч., 57). Таксама з польскай і іншыя ўсходнеславянскія формы: рус. смал. приви́лье ’павяленне, указ; прывілея’, укр. привіле́й, привиле́й ’прывілея’ (Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569; Банькоўскі, 2, 954).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прына́мсі ’ва ўсякім разе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прына́мся (Др.-Падб.), пріна́мсі, прына́мсці (Бяльк.), таксама прына́мні, прына́(й)мней (Шпіл., Нас., Гарэц.), прына́мнэ ’тс’ (Булг.). Верагодна, першаснай формай з’яўляецца прына́(й)мней — вынік лексікалізацыі словазлучэння кшталту пры на́йменей. Развіццё іншых форм абумоўлена далейшымі ўнутрыслоўнымі працэсамі (у прыватнасці, прагрэсіўнай дысіміляцыяй назальнай групы ‑мн‑), выкліканымі фармальным разыходжаннем дэрыватаў. Паводле Кюнэ (Poln., 89), формы з ‑мн‑ запазычаны з польск. przynajmniej ’па меншай меры’, што як і ўкр. принаймні ’тс’, калькі ням. am mindesten (ЕСУМ, 4, 574; Банькоўскі, 2, 942–943).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́дзіч1, ро́діч, ро́дзічка, ро́дічка ’член роду’, ’сваяк, чалавек, блізкі паводле паходжання’ (ТСБМ, Гарэц., Бес., Нас., Стан., Ян., Байк. і Некр., Мат. Гом., Растарг., ТС), суро́дзічы ’радня’ (Нас.; касцюк., клім., ЛА, 3), ро́дічі, ро́дычі, ро́дычэ, ро́дычы ’тс’ палес. (там жа), (далёкія) ро́дзічы ’продкі’ (лоеў., ЛА, 3), ро́дічы ’дзяды’ (Растарг.), ро́дзічы ’дзяды (абрад)’ (ветк., Мат. Гом.). Укр. ро́дич ’сваяк’, ’бацька’, польск. старое rodzic ’бацька’, rodzice ’бацькі’, чэш. rodiče ’тс’, славац. rodič ’бацька’, rodičia ’бацькі’, серб. родuћ, харв. rodić (з XVIII ст.) ’сям’я’. З прасл. *rodičь < *rod‑i‑kъ + . Да радзі́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэч1 ’рэч, прадмет, справа’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Нас., ТС, Шат.), рэ́чы ’пажыткі’ (Сл. ПЗБ). З польск. rzecz ’тс’ < лац. rēs ’тс’ (Брукнер, 475).

Рэч2 ’мова, маўленне; гаворка’ (ТС, Шат.), рэ́чʼе ’тс’ (ТС). Укр. річ, рус. речь, польск. rzecz, палаб. rec, в.-луж. rěč, чэш. řeč, славац. reč, славен. rẹ̑č, серб. і харв. ре̑ч ’слова’, балг. реч ’мова; прамова’, ст.-слав. рѣчь. Прасл. *rěčь (< *rēk‑ĭs) < *rek‑ti ’казаць’. І.‑е. корань *rēk‑. Роднасныя тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’ (Чарных, 2, 115; Сной, 528; Бязлай, 3, 163). Гл. яшчэ рэкнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садавіна́ ’плады садовых дрэў’ (ТСБМ), ’садавіна; садовыя дрэвы’ (ТС), садо́віна ’садавіна’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Нар. словатв.), садаві́на ’садавіна, садовыя дрэвы’ (Сл. ПЗБ), ’садавіна’ (Бяльк.), ’сад; адно пладовае дрэва ў лесе’ (Яшк.). Укр. садовина́ ’садавіна; садовыя дрэвы’, польск. старое sadowina ’тс’, в.-луж. sadowina ’садавіна; усё, што датычыцца саду’, серб.-харв. садо́вина ’гадавальнік; віно з маладога вінаградніку’, макед. садо́вина ’зямля, якая не прапускае ваду’. Ад прым. *sadowy < *sadъ (гл. сад) з суф. ‑ina. Аб суфіксацыі гл. SP, 1, 120 і наст. Улічваючы адрозненні ў семантыцы, відаць, познія дэрываты ў розных славянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́жалка ’штучны вадаём’, ’садок для рыбы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Янк., Выг., Клім., Інстр. 1), са́джалка ’тс’ (Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), са́жэлка ’тс’ (ТС), са́жаўка ’тс’ (Сцяшк. Сл., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’старык ці прарытая вадой упадзіна; круглая яма’ (Яшк.), ’яма з вадой’ (Шат.). Рус. дыял. са́жалка, укр. са́жалка, са́жавка, польск. sadzawka ’тс’. Да сажаць, садзіць з суф. ‑алка, гл. Брукнер, 478. Для тлумачэння матывацыі Борысь, 537 прыводзіць прыклад з XVI ст.: “sadzawka… kędy ryby sadzają”. З бел. запазычаны літ. sazalka, sõziauka ’сажалка’ (Скарджус, LW 203; Фрэнкель, 1, 286).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сала́та ’аднагадовая агародная расліна’, ’страва з лісцяў гэтай расліны’, ’халодная страва з парэзанай сырой або варанай гародніны, часам мяса, рыбы і пад., палітых якім-небудзь соусам’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Кіс., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). З польск. sałata ’тс’ (Кюнэ, Poln., 95), якое з італ. insalata, salata ’пасоленая гародніна’ ад італ. salare ’саліць’; у аснове ляжыць лац. sal ’соль’; гл. Голуб-Ліер, 430. Ст.-бел. салата (XVII ст.) узыходзіць да ст.-польск. salata (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Варыянт сала́т з рус. сала́т, аб якім гл. Фасмер, 3, 549.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сво́йскі ‘не дзікі, выгадаваны ці прыручаны чалавекам (пра жывёл, птушак, расліны), ‘прыязны, знаёмы, таварыскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Др.-Падб., Байк. і Некр., Ян., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж сво́йсклівы ‘рахманы’ (Сл. ПЗБ). Укр. сві́йський ‘хатні, прыручаны’, рус. сво́йский ‘свой, дружалюбны, фамільярны’, польск. swojski ‘свой, не чужы, звычайны’, ‘хатні, прыручаны’, славац. svojsky ‘свой, родны, не чужы’, серб.-харв. svȏjski ‘свой’, балг. сво́йски ‘дружалюбны, фамільярны’. Прасл. *svojъskъ ад *svojь ‘свой’ з прыметнікавым суф. ‑ъsk‑; першаснае значэнне ‘свой, не чужы’. У беларускай, украінскай і польскай мовах семантычная інавацыя ‘хатні, прыручаны’ (аб жывёлах).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)