Галу́твы ’замёрзлая зямля або гразь; груда’ (віц., Яшкін). Параўн. галу́та ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут нейкія формы з уканнем (фанетычным або як вынік уплыву іншых слоў — сказаць цяжка). Параўн. падобныя формы з рус. мовы: голутва́, голудьба ’замёрзлыя кучы зямлі восенню’. Здаецца, што зыходныя формы для бел. мовы былі *golotva, *golota ад *golъ; параўн. важны элемент семантыкі ў слове галу́та: ’замёрзлая зямля без снегу’ (!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахво́сце1 (БРС), рус. охвостье, ухвостье. Ад хвост ’тое, што застаецца ззаду’ (пры веянні), параўн. славен. hvost ’тс’, балг. опашка ’хвост’ і ’збожжа, што падае пры веянні адразу за лепшым’, гл. Лекс. Палесся, 58 і наст.

Ахво́сце2 ’месца за ўзгоркам і паваротам ракі’ (рэч., Яшкін). Параўн. рус. ухвостье доўгае, вузкае заканчэнне вострава, задні канец прадмета, выток ракі’, паводле Фасмера, 4, 178, ад хвост (вострава).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́за1 ’база’. Рус., укр. ба́за. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (ням. Base або франц. base < лац. basis < грэч. βάσις). Фасмер, 1, 105; Шанскі, 1, Б, 9 (апошні не ўлічвае магчымасць запазычання рус. мовай гэтага слова ў розныя часы). Параўн. таксама Кохман, Kontakty, 36, які прымае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні ўсх.-слав. мовамі, і Гютль–Ворт, For. Words, 51.

Ба́за2 ’зборачны пункт для жывёлы і г. д.’ (Яшкін), ’калгаснае памяшканне для збожжа; калгасны двор’ (Лысенка, ССП). Можна думаць, што падабенства з ба́за1 (гл.) толькі выпадковае. Зыходзячы з семантыкі слова, можна прыцягваць для параўнання бел. баз ’жывёлагадоўчая калгасная ферма’ (Яшкін), рус. дыял. баз, базо́к ’загарадзь, скацінны двор; месца, дзе робяцца кізякі; двор’, укр. баз загарадзь для жывёлы’, база ’хлеў’, якія, відавочна, запазычаны з цюрк. моў (каз.-тат., караім. baz яма, склеп’ > калм. bas ’скацінцы двор’). Гл. Фасмер, 1, 105. Параўн. таксама Булатаў, I, 225. Агляд іншых версій гл. Фасмер, там жа. Трубачоў (Этимология 1965, 41) не пераканаўча выводзіць гэтыя словы з гіпатэтычнага іранскага *baza.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гу́рба ’гурба’ (БРС, Касп., Шат., Сцяшк., Яшкін). Трубачоў (Эт. сл., 7, 179–180) бел. гу́рба ’гурба’ параўноўвае з укр. гурба ’гурт’, рус. гурба ’гурт’, гурьба ’тс’ і мяркуе, што гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад дзеяслова *guriti), аднак семантыка гэтага дзеяслова не вельмі ясная. Параўн. тлумачэнне гурьба ў Фасмера, 1, 476–477. Паходжанне слова застаецца няясным. Ст.-бел. гурба ’гурт’, паводле Булыкі (Запазыч., 86), запазычана з польск. hurba, hurma < с.-в.-ням.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бэз ’бэз, Syringa vulgaris’ (Нас., Касп., Шат., БРС, Сцяшк. МГ, Гарэц., Янк. I, Кіс., Лысенка, ССП, Бесар., Бяльк.); бэз ’бузіна, Sambucus (nigra, racemosa) L.’ (Кіс., Яруш.), бэ́за (Нас., Гарэц., Кіс.), бе́заўе ’месца, якое зарасло бузіннікам’ (Яшкін). Укр. без, бе́зя ’тс’, рус. дыял. бе́за. З польск. bez ’тс’ (< прасл. *bъzъ; гл. Бернекер, 111; Слаўскі, 1, 30–31). Кюнэ, Poln., 44. Усх.-слав. форма — боз. Гл. яшчэ бэзг, бэзд, бэст. Можа, сюды і бэж ’язмін’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бе́лка1 ’вавёрка’ (БРС, Шат.). Рус. бе́лка, укр. бі́лка. Ст.-рус. формы былі бѣла, бѣла вѣверица ’белая белка’. Гэта даводзіць, што бѣлъка — утварэнне ад bělъ ’белы’. Першапачаткова назва адносілася, відаць, толькі да рэдкіх і вельмі каштоўных белых белак. Гл. Сабалеўскі, РФВ, 67, 214 і наст.; Фасмер, ZfslPh, 1, 152; Фасмер, 1, 148; Бернекер, 56; Шанскі, 1, Б, 86.

Бе́лка2 ’нягразкае балота, якое зарасло травой’ (Яшкін). Як і бель (гл.), вытворнае ад bělъ ’белы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўкрыне́ц ’неўрадлівая глеба’ (лун., Шатал.), жоўкрэнец ’пясчаны грунт, пясок’ (пін., Яшкін, 65), жо́вэнец ’жоўтая зямля’ (пін., Нар. лекс., 101), жоўклінец, жоўцінец, жоўрэне́ц (палес., Выг. дыс.). Сувязь з жоўты можа быць другаснай. Варыянтнасць форм на невялікім (зах.-палес.) арэале сведчыць, магчыма, аб пошуку народна-этымалагічнага тлумачэння няяснага слова. Параўн. жаўква, жаўклець з некалькі шырэйшым распаўсюджаннем. Ці не звязана з жоўклы ’сапсаваны, кепскі’; гл. жоўкнуць. Далейшая кантамінацыя вяла да змен у значэнні, звязаных з ’жоўты’ > ’пясок’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Закаба́іна ’невялікі заліў’ (полац., З нар. сл.), закаба́ліна ’затока ў рацэ’ (слаўг.), закабе́нь ’месца, выбітае вадой на лузе, якое перашкаджае касьбе’ (Яшкін), закуба́нь ’затока ў рацэ’ (Бяльк.). Словаўтварэнне сустракаецца ў геаграфічнай тэрміналогіі: за‑ + + ‑іна ці за‑ + + ‑ень (параўн. западзіна, укр. закосень). Корань прадстаўляе сабой варыянты тэрміна каба́ня ’яма з вадой’ (гл.); ва ўкр. гэты корань прадстаўлены і ў форме кубаня (Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 72). Талстой, СГТ, 230–233; Нітшэ, 207; Варбат, Этимология, 1979, 36–37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́бен1 ’бубен’. Рус. бу́бен, укр. бу́бен, бу́бон, чэш. buben, польск. bęben, серб.-харв. бу̑бањ і г. д. Прасл. *bǫbьnъ, *bǫbьniti. Словы гукапераймальнага паходжання, якія маюць паралелі ў іншых мовах (літ. bambė́ti, bam̃bti, грэч. βομβέω ’глуха гучаць’ і г. д.). Фасмер, 1, 226. Параўн. бу́бен2. Сюды бубні́ць, бубне́ць.

Бу́бен2 ’месца, высокае і беднае травастоем; балота, якое можна перайсці’ (Яшкін), бубён ’высокае месца; высокая і бедная травастоем паша’ (Яшкін), бу́бʼён ’голая прастора, без расліннасці’ (Клім.), бубен ’неўрадлівая, голая мясцовасць’ (Прышч.). Гэтага слова, здаецца, няма ў суседніх мовах. Параўн. толькі Бу́бен ’назва гары ў гуцулаў’ (Грабец, Nazwy, 133). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне ў якасці геаграфічнага тэрміна слова бу́бен ’бубен’ (слав. *bǫbьnъ). Першапачаткова ’месца, выпуклае, як бубен’. Але не выключаецца і іншае тлумачэнне. Слав. *bǫbьnъ (гл. бу́бен1) звязана з асновай, якая азначае глухое гучанне. Таму можна думаць, што бу́бен ’высокае і голае ўзвышша’ ад *bǫbьnъ ’глухі гук’, *bǫbьneti ’глуха гучаць і да т. п.’ Адносна магчымасці такіх утварэнняў параўн. бел. буко́та ’ўзгорак’, ’глыбокае месца ў рацэ’ (гл.; там і слав. паралелі). Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)