ка́ра, ‑ы, ж.

Суровае пакаранне, спагнанне за правіннасць. Панесці кару. Адбываць кару. □ У заключэнне пракурор патрабаваў вышэйшай меры кары, што азначана ў артыкулах, па якіх адбываўся суд. Колас. Ні бацькі, ні дзяўчат гестапаўцам злавіць не ўдалося: іх папярэдзілі сувязныя. Увесь цяжар кары лёг на кволыя матчыны плечы. Брыль.

кара́, ы́, ж.

1. Паверхневая частка ствала, галін і кораня дрэвавых раслін, якая звычайна лёгка аддзяляецца. Лазовая кара. Здымаць кару. □ Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Доўгімі і вострымі кіпцюрамі мядзведзіца здзірала кару з дрэў. В. Вольскі.

2. чаго або якая. Верхні цвёрды слой на чым‑н. У лагчынах блішчэлі ахопленыя ледзяной карой лужыны. Бядуля. Конь цвёрда ступаў, прабіваючы слабую кару гразі. Гартны. // перан.; чаго. Аб чым‑н. знешнім, паверхневым, за якім хаваецца якая‑н. сутнасць. Дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці. Чорны.

•••

Зямная кара — верхняя цвёрдая абалонка Зямлі.

Кара вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу; кара галаўнога мозгу — паверхневы слой галаўнога мозгу ў вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека.

Абрасці карою гл. абрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іржа́ і ржа, ‑ы, ж.

1. Чырвона-буры налёт на паверхні жалеза, які ўтвараецца ў выніку акіслення яго ў паветры і ў вадзе. Патапавіч нагнуўся, дастаў з-пад лавы сякеру, пакруціў яе ў руках, сцёр пальцамі лёгкі налёт іржы на лязе і зноў паклаў яе на ранейшае месца. Кулакоўскі. У ценю высокай старой баржы, нагружанай вялізнымі жалезнымі панамі, чырвонымі ад іржы, стаяла вастраносая звычайная лодка. Ракітны. Не чакай, што ржа з гадамі Паесць ланцугі, Што мінуцца сабой самі Нагайкі, штыхі. Купала. // перан. Пра тое, што шкодна, разлагаюча дзейнічае на каго‑, што‑н. Бюракратычная ржа. □ — У камуну мы павінны прыйсці не толькі ў дастатку, але і з чыстымі душамі... А паскрабі іншага мужыка, колькі на ім усялякай іржы... Гурскі.

2. Прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе, якая надае ёй буры колер і спецыфічны прысмак. Мокрыя, брудныя ад балотнай іржы штаны і запырсканая граззю ватоўка Сукенкі пацвярджалі непрыемныя для [гаспадара] навіны. Паслядовіч. Ад берага моцна пахла багавіннем, ракушкамі і балотнай іржою. Мурашка.

3. Жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін, якія з’яўляюцца ў тых месцах, дзе развіваюцца споры паразітных іржаўных грыбкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мул1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љму̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinasчырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́жа1 ’ружа’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бес., Мал., Шат., Бяльк., Стан., Байк. і Некр., Растарг., Нар. Гом., ТС), ’шток-ружа, сляс, Alcea rosea L.’, ’мальва пагрэбаваная, Malva neglecta Wallr.’, ро́жа лясная ’лясная мальва, зінзівер, Malva silvestris L.’ (Кіс.), ро́жа садо́вая ’ружа (з песні)’ (Ян.), ро́жа ’мальва’ (Нас., Растарг., Мат. Гом.), ’шыпшына’ (ПСл), ’вяргіня’ (Сл. Брэс.), ’від кветкі, ружа’ (зэльв., Нар. словатв.), ’дэкаратыўная расліна з вялікімі яркімі кветкамі’ (Скарбы), ро́жавы ’светла-чырвоны, ружовы’ (Гарод., Стан., Др.-Падб., Байк. і Некр.). З польск. róża < ст.-чэш. ruože, róže ці с.-в.-ням. rôse, якія з лац. rōsa ’ружа’. У сярэднявеччы была вельмі пашыраная ў манастырскіх садах. Першакрыніцай лац. rōsa і ст.-грэч. ῥόδον былі, відаць, іранскія мовы (Фасмер, 3, 493), параўн. ст.-іран. *u̯ṛda, з якога развілося перс. gul ’ружа’ (Сной у Бязлай, 3, 202). Фрыск (3, 661) у якасці роднаснага слова прыводзіць араб. warada ’цвісці, распускацца’. Гл. таксама ESJSt, 13, 779.

Ро́жа2 ’інфекцыйная хвароба Erysipelas — вострае запаленне скуры і лімфатычнай сеткі скуры’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.; нараўл., Арх. ГУ; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ), ’хвароба ў свіней’ (ЛА, 1). З польск. róża ’тс’ < róża ’ружа’ з прычыны чырвона-ружовага колеру скуры пры гэтай хваробе (Праабражэнскі, 2, 209; Фасмер, 3, 493; Голуб-Ліер, 427). Дарэчы, лац. назва ўзыходзіць да ст.-грэч. ἐρυςυιέλας ’рожа’, якое з ἐρυθρός ’чырвоны’ і πελ‑ ’шкура, скура’ (Голуб-Ліер, 153).

Ро́жа3 абраза, ’морда’ (беласт., Сл. ПЗБ). Відаць, з рус. ро́жа ’фізіяномія, морда, твар, выгляд’, якое з прасл. *rodja < *rodъ > род1 (гл.). Параўн. стараж.-рус. рожаи ’выгляд, твар’, рожаистъ ’прыгожы’, лат. raža ’вялікая сям’я’, ’ураджай’ (Фасмер, 3, 492).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іржа́1чырвона-буры налёт на паверхні жалеза; прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе; жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.), іржаве́ц, іржа́віньня ’тс’ (Бяльк.), іржаві́нне ’балота з іржавай вадой’ (ТСБМ, Нас.), іржаве́ць. Рус. ржа, ржа́вчина, дыял. иржа́ ’ржа’, иржа́вец ’топкае месца, якое змяшчае многа жалезнай руды’, ’балота з жоўта-бурай вадой’, укр. ржа, іржа́, польск. rdza, в.-луж. zerz, zerzawc, н.-луж. rza, ст.-чэш. rzě, чэш. rez, славац. hrdza, славен. rja, серб.-харв. р̀ђа, балг. ръжда́, макед. ʼрѓа. Ст.-слав. ръжда, ст.-рус. ръжа. Пачатковае і‑ пратэтычнае. Прасл. *rъdja роднаснае літ. rùdas ’буры’, rūdìs ’іржа’, лат. ruds ’чырванаваты’, ст.-інд. rudhirās ’чырвоны, крывавы’, грэч. ερυθρός ’чырвоны’, ἐρυθρός ’іржа (на хлебе)’, лац. ruber ’чырвоны’, гоц. rauþs ’тс’, с.-в.-ням. rot ’іржа’; узыходзяць да і.-е. *reudh/*roudh‑ ’чырвоны’. Гл. Покарны, 1, 872–873; Махэк₂, 513; Фасмер, 3, 480, дзе іншая літ-ра. На іншай ступені чаргавання гл. ірдзець, руда, руды.

Іржа́2 ’жыта’ адзначана толькі ў слоўніку Бялькевіча (агульнабел. жыта), аднак прыметнік іржаны́, аржаны́ (гл.) пашыраны па усёй беларускай тэрыторыі. Вытворнае іржа́ніца ’жытняк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. рожь, укр. рож, польск. reż, в.-луж. rož, rožka, н.-луж. rež, палаб. råz, чэш. rež, славац. raž, славен. , серб.-харв. ра̑ж, балг. ръж, макед. ʼрж. Беларуская форма з пратэзай і‑. Прасл. *rъžь мае дакладныя адпаведнікі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. rugỹs, лат. rudzis, ст.-прус. rugis, ст.-ісл. rugr, ст.-сакс. roggo. Гл. Фасмер, 3, 493–494; Праабражэнскі, 1, 210–211; Махэк₂, 513. Версія пра запазычанне з цюркскіх ці фінскіх моў (Шрадар–Нерынг, 2, 266) непераканаўчая. Агляд іншых прапаноў гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак. і зак.

1. незак., што. Правяраць стан або якасць чаго‑н. Спрабаваць голас. □ А вунь хлопец спрабуе па пляцы Свой гармонік — які ў яго лад? Прыходзька. Буслы збіраліся ў вялікі гурт і спрабавалі свае крыл[ы]. Чорны. Хлопцы ўжо не проста сядзелі на ўроках у Пятра Сямёнавіча Косткі.., а спрабавалі свае сілы і здольнасці. С. Александровіч. // Мацаць, кратаць, правяраючы што‑н. Глядзіць мінуту і другую. Ды для касы гэтага мала: Спрабуе кіпцем яе джала І спробу робіць над абухам, Тады паверка йдзе ўжо вухам, Ці добра звоніць коска гэта. Колас. // каго. Рабіць выпрабаванне каму‑н., выпрабоўваць, правяраць каго‑н. Першае, што раблю, — спрабую спевакоў. Ёсць сёе-тое, ды не вельмі. Спрабую музыкантаў — граюць! Ракітны. Праўда, Язэп не спрабаваў Стракача ў плузе ці ў баране, але, відаць, ён і ў плузе пайшоў бы не горш, чым у возе. Якімовіч.

2. незак., што. Каштаваць што‑н. [Васіль і Света] стаялі пад вялізнымі чорнымі махінамі капроў, трымалі ў руках чырвона-белыя кавалкі свежага — толькі з зямлі — сільвініту, спрабавалі на смак — яны былі гаркава-салёныя. Кудравец. Сівы млынар — сярпом вусы — На зуб спрабуе зерне. Камейша. // Піць або есці што‑н. — Трохі жэрдачак насячом, а трохі і бярозавага кваску пап’ём, — казаў .. [дзед]. — Ты ў горадзе нават і не спрабаваў бярозавіка. Даніленка.

3. незак. і (радзей) зак., з інф. Рабіць (зрабіць) намаганне выканаць якія‑н. дзеянні, здзейсніць што‑н. Другое медзведзяня адышло ад маткі крокаў на дзесяць і спрабавала ўзлезці на дрэва. В. Вольскі. Драздовіч прайшоў у спальню, лез і спрабаваў заснуць, але сон не браў. Гурскі. Спрабуй, бяскрылы, ўніз зірні! .. Зямля ляціць насустрач шпарка... Як страшна падаць з вышыні! Кляўко. Ермакоў пачырванеў: ён сапраўды спрабаваў пісаць вершы. Даніленка.

4. незак. і (радзей) зак., што. Зведваць (зведаць) што‑н. Не раз спрабаваў турму, а перад вайной саслалі .. [Юрку] надоўга, за забойства... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёплы, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе пэўную колькасць цяпла; сярэдні паміж гарачым і халодным. Цёплая вада. Цёплае паветра. Цёплае малако. □ Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Лынькоў. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. // Які з’яўляецца крыніцай цяпла. Цёплая печ. □ Ты закурыш пры цёплым дарожным агні І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой. Кірэенка. // Які вызначаецца цяплом, уласцівым жывому арганізму. Людзі.. беглі, уцякалі ў пушчу. Схапіўшы .. сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда. Брыль. // Які мае адносна высокую тэмпературу паветра. Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Колас. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. // З высокай сярэднегадавой тэмпературай. Цёплыя краіны. Цёплы клімат. □ Застаўся Іліко жыць у цёплым горадзе Поці. Самуйлёнак.

2. Які добра засцерагае ад холаду; добра сагравае. Цёплае адзенне. Цёплая коўдра. □ На плечы .. [маці] была накінута цёплая хустка. Шахавец. // Які добра захоўвае цяпло. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Бядуля. Уцякала Бандароўна У поле з цёплай хаты. Купала. // Які ацяпляецца, абаграецца; уцеплены (пра памяшканне). Цёплая палавіна хаты. Цёплы хлеў.

3. перан. Які вызначаецца душэўнай цеплынёй; ласкавы, добразычлівы; сардэчны. — Я люблю дзяцей, — з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра. Гарбук. // Прасякнуты добрымі пачуццямі да каго‑н. Можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Які складаецца з блізка знаёмых людзей; прасякнуты сардэчнымі, душэўнымі адносінамі. Марына Паўлаўна і Саша вячэралі ў цёплым кругу чужой і такой блізкай з гэтага вечара ім сям’і. Васілевіч. І ў цёплым сяброўстве За гэтым сталом Раскрыем душу Для ўваходу Вялікага слаўнага Новага года І чаркі напоўнім Віном. Хведаровіч.

4. перан. Мяккі, прыемны для зроку, слыху. Цёплая музыка. □ І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Пра чырвона-карычневы тон спектра ў процілегласць сіне-блакітнаму. Цёплы тон пейзажу.

•••

Цёплае месца гл. месца.

Цёплая кампанія гл. кампанія ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)