загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.

2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.

•••

Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.

Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

углы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

1. Пранікнуць, прасунуцца ўглыб, унутр чаго‑н.; удацца. Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Навуменка. Раптам зубр .. сышоў з дарогі і падаўся да статка, які ўжо даволі далёка углыбіўся ў лес. Краўчанка. // Капаючы, рыючы, пранікнуць глыбей у зямлю. Будаўнікі метро ўглыбіліся на дзесяць метраў ў зямлю. // Стаць, зрабіцца больш глыбокім (пра вочы). Пан Вашамірскі пабляднеў. Вочы ўглыбіліся, сківіцы ходырам захадзілі. Бядуля.

2. перан. Засяродзіцца, цалкам аддацца якой‑н. справе. Васіль так углыбіўся ў свае думкі, што забыўся, дзе ён, куды ідзе. Колас. Прыйшоўшы ў калгас, я так углыбіўся ў севазвароты, што нават і забыўся аб усім. Кулакоўскі. Кавалёў з нецярпеннем узяў .. ліст, зірнуў на адрас, пазнаў родны почырк. Пісала жонка. Сеў ля стала, падсунуў лямпу і углыбіўся ў чытанне. Чарнышэвіч. // Унікнуць у тонкасці чаго‑н. Углыбіцца ў аналіз твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уе́хаць, уеду, уедзеш, уедзе; уедзем, уедзеце, уедуць; заг. уедзь; зак.

1. Заехаць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; прыехаць куды‑н. Уехаць у двор. Уехаць у лес. □ Гумно стаяла крыху воддаль ад хаты, і абодва яны [Максім з Гіпалітам] не чулі, як уехаў туды на санях Цімка. Машара. У пачатку жніва, неяк раз раніцай, у Бярозаўку ўехалі тры параконныя салдацкія брычкі. Васілевіч. Неўзабаве аўтамабіль, лёгка рассякаючы коламі сухі пясок, уехаў у вуліцу. Якімовіч.

2. Разм. Праехаць які‑н. шлях, ад’ехаць на якую‑н. адлегласць. За дзень мы ўехалі сто кіламетраў.

3. перан. Увайсці ў што‑н. мяккае, сыпучае; асесці, спусціцца; угрузнуць. Цяпер хатка ўехала ў зямлю, асунулася і выглядае побач з новым зрубам кучай парахні. С. Александровіч. Сена на калёсах заслана белым абрусам, але яго зусім не відаць, ён уехаў у само сена. Пташнікаў. Ногі адразу ўехалі вышэй кален у мяккую цеплаватую гушчу. Мележ.

•••

Уехаць па вушы — тое, што і акунуцца з галавой (гл. акунуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́ць, увалью, увальеш, увалье; увальём, увальяце і улію, уліеш, уліе; уліём, уліяце; пр. уліў, уліла, ‑ло; заг. улі; зак.

1. што і чаго. Наліць унутр чаго‑н. Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. Пакуль тры лыжкі настою не ўліе баба Васіліса малому, не адступіцца. Паўлаў. // перан. Усяліць, абудзіць (сілы, энергію, веру і пад.). Настрой у .. [Ваўчка] быў вясёлы, адказнае даручэнне райкома як быццам не толькі не азадачыла яго, а ўліло новую энергію. Хадкевіч.

2. перан.; каго-што. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н., дабавіць да чаго‑н. Уліць атрад у партызанскае злучэнне. Уліць карткі ў картатэку.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), без дап. Разм. Выпасці ў вялікай колькасці (пра дождж). Навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што як я ні напінаў брызентавую накідку, яна не ратавала. Сабаленка. / у безас. ужыв. [Міхал:] — Сушыла, сушыла, а цяпер уліло. А на полі — снапы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кла́сці, кладу́, кладзе́ш, кладзе́; кладзём, кладзяце́, кладу́ць; клаў, кла́ла; кладзі́; незак.

1. каго-што. Надаваць ляжачае становішча каму-, чаму-н. або змяшчаць куды-н. у такім становішчы.

К. дзіця ў калыску.

2. Змяшчаць, засоўваць куды-н.

К. рэчы ў чамадан.

3. Адпраўляць на лячэнне, змяшчаць (у клініку, шпіталь і пад.).

К. хворага ў бальніцу.

4. што. Накладваць, наносіць на паверхню чаго-н.

К. фарбу на сцены.

К. павязку на рану.

5. што. Накладваць (страву, корм); дадаваць унутр чаго-н.

К. кашу ў талеркі.

К. прыправу ў страву.

6. што. Рабіць адбітак на чым-н.

К. штамп.

7. што. Узводзіць, будаваць.

К. сцены з цэглы.

8. што. Рабіць, пракладваць, укладваць.

К. падлогу.

К. мост.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Адкладваць (яйцы) для захавання патомства (пра насякомых).

К. лічынкі.

10. перан., што. Аддаваць, траціць.

К. сілы на будаванне хаты.

Класці галаву (жыццё) за каго-што — паміраць, аддаваць жыццё за каго-, што-н.; ахвяроўваць сабой.

|| зак. пакла́сці, -кладу́, -кладзе́ш, -кладзе́; -кладзём, -кладзяце́, -кладу́ць; -кла́ў, -ла́ла; -кладзі́, палажы́ць, -лажу́, -ло́жыш, -ло́жыць; -ло́жаны і скла́сці, складу́, складзе́ш, складзе́; складзём, складзяце́, складу́ць; склаў, -ла́ла, складзі́; скла́дзены (да 7 знач.).

|| наз. кла́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

укі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць, апусціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Укінуць камень у ваду. Укінуць ліст у паштовую скрынку. □ [Іван] дастаў чамадан, сабраў свае рэчы, укінуў у мяшок інструмент, пацалаваў дачку. Гаўрылкін. // перан. Разм. Пасеяць. Картоплю садзіць пара, проса якую жменю ды грэчкі хоць трохі ўкінуць, — прыспешвалі [ўдовы і дзяды] старшыню камбеда. Грахоўскі. // перан. Разм. Уставіць, дадаць што‑н. у чыю‑н. гутарку, размову. Я паспрабаваў укінуць слова, каб крыху суцішыць струмень разгневанага красамоўства егеравай жонкі і накіраваць яго ў другі бок. В. Вольскі. Грэчка ўкінуў сваё глыбакадумнае разважанне: — Цвік малатка не баіцца. Няхай.

2. Налажыць, дабавіць чаго‑н. у што‑н. Укінуць два драбкі цукру ў чай. // Разм. Даць корму. [Маці:] — А я .. [коням] патрошку ўкінула, каб не стаялі над пустым жолабам. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зняволіць. Укінулі ў канцлагер нас дзве групы, Куды ні глянь — кругом калючы дрот. Смагаровіч.

4. перан. Разм. Адлупцаваць. [Бухман:] — А цяпер прызнаешся? Ану, Тулуп! Укінь яму [палоннаму] яшчэ. — Зноў удары, зноў стогн. С. Александровіч.

5. Спец. Зацягнуць нітку асновы ў ніты. Укінуць ніткі ў ніты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уляце́ць, улячу, уляціш, уляціць; зак.

1. З лёту, на ляту пранікнуць, трапіць куды‑н.; заляцець унутр чаго‑н. Уляцела ластаўка ў сенцы. □ Ужо на другі дзень, калі раздавалі вячэру, у камеру Максіма ўляцеў муштук ад папяросы. Машара. У гэты момант у акон уляцела граната. Сяржант спрытна схапіў яе і кінуў назад немцам. Прокша.

2. Разм. Вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Адчыніліся дзверы і ў хату не ўбегла, а ўляцела перапалоханая маці. Сачанка. Машына віхрам уляцела на калгасны двор і спынілася як укопаная. Шахавец. Калі поезд уляцеў у лес і ценем пакрыла акно, .. [спадарожнікі] абодва надоўга сціхлі. Пестрак.

3. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н. Уляцець у яму. Уляцець у гразь.

4. безас. каму. Разм. Папасці (за якую‑н. правіннасць). — Будзе мне за вас [хлопцаў], уляціць! — заенчыў салдат. Рамановіч. Па тым, як моцна, бразнулі дзверы і зазвінела ў сенцах вядро, Геня зразумеў, што яму ўляціць ад маці за такога сябра. Пташнікаў. // Трапіць у непрыемнае становішча. Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Колас.

•••

Уляцець у капейку (капеечку) — тое, што і абысціся ў капейку (капеечку) (гл. абысціся).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умясці́ць, умяшчу, умесціш, умесціць; зак., каго-што.

1. Змясціць у сабе; ахапіць сабою. Дом культуры далёка не мог умясціць усіх жадаючых пабачыць народнага паэта [Я. Купалу]. Хведаровіч. Яна была невялікая, гэтая сталоўка.. Пабеленыя на скорую руку сцены, здавалася, не змогуць умясціць усіх дзяцей. Нядзведскі. / у перан. ужыв. І ўмясціў ён [музыка] у сэрцы Усё ад зямлі да нябёс, Пушчы, рэкі, ад смерці У сэрцы схаваўшы, панёс. Куляшоў.

2. Поўнасцю, цалкам змясціць унутр чаго‑н. Умясціць усе кнігі ў адну шафу. Умясціць увесь груз на адну платформу. □ — На адну скавараду хопіць, — заўважыла маці. — Ды і ў дзве не ўмесціш. Кулакоўскі. // перан. Уключыць поўнасцю ў межы чаго‑н. — Выйдзе [газета], выйдзе, — упэўнена сказаў Уласюк, — ужо і матэрыялу сабрана столькі, што і ў нумар не ўмесціш. Колас. // Размясціць каго‑, што‑н. дзе‑н. У лазеньку ўмясцілі Тацяну Турботную і замкнулі на замок там, дзе падацца. Гарэцкі. У зацененым кутку пакоя можна столік для тэлевізара ўмясціць. Даніленка.

3. перан. Разм. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. Усе гаварылі, што Сурвіла мяркуе ўмясціць свайго сына прыставу ў пісары. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уця́ць 1, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., каго-што.

1. Абл. Ударыць, стукнуць. Уцяць папружкай. □ Іван.. узяўся абмацваць капцы, каб знайсці месца, адкуль бралі бульбу, і раптам наткнуўся на амаль поўны мяшок. — Хто б гэта мог?.. Іван ад злосці ўцяў мяшок нагой. Дуброўскі.

2. Абл. Укусіць, уджаліць (пра насякомых). На беразе раззыкаліся авадні.. Яны так і наровяць, каб уцяць. Якімовіч. А вось плоскі шэры сляпень, — той спадцішка мог падкрасціся і ўцяць балюча нават праз кашулю. Грамовіч. / у перан. ужыв. Гэты напамінак уцяў Прахора ў самае балючае месца. Зарэцкі.

3. і без дап. Разм. Пачаць іграць на якім‑н. музычным інструменце. У хаце ўцялі музыкі, ігралі кракавяк. Гурскі.

•••

Ні ўцяць ні ўзяць — а) не падступіцца; б) пуста, нічога няма.

уця́ць 2, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., што.

Разм.

1. Укараціць, адсякаючы, адразаючы частку чаго‑н. Уцяць канец вяроўкі.

2. Уцягнуць, увабраць унутр (пра галаву, шыю і пад.). Сведка палахліва азірнуўся і, нібы чакаючы ўдару, уцяў галаву ў плечы. Лынькоў. Гаркуну і языком павярнуць не было як. Ён уцяў галаву ў плечы і, згорбіўшыся, сядзеў на лаўцы. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́зці, ле́зу, ле́зеш, ле́зе; лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі ўзбірацца, падымацца куды-н. або спускацца ўніз.

Л. на гару.

Л. на дрэва.

2. Пранікаць, уваходзіць куды-н. крадучыся.

Л. ў чужы сад.

3. Пранікаць, забірацца куды-н., унутр чаго-н., а таксама выбірацца адтуль.

Л. ў кішэню.

Л. ў акно.

Л. ў ваду.

4. Настойліва ўмешвацца ў чужыя справы, жыццё і пад., дакучаць (разм.).

Л. не ў сваю справу.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.; звычайна з адмоўем). Змяшчацца, быць у самы раз (пра абутак, адзенне).

Чаравік не лезе на нагу.

6. Насоўвацца, налазіць, спаўзаць.

Шапка лезе на вочы.

7. Надаедліва прыставаць, звяртацца з чым-н. да каго-н. (разм.).

Не лезь ты з такім глупствам.

8. Увязвацца ў што-н. непрыемнае.

Л. ў бойку.

9. Настойліва ісці, праходзіць, рабіць што-н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадаць (пра валасы, поўсць).

11. Імкнуцца стаць кім-н., заняць больш высокую пасаду (разм.).

Л. ў начальнікі.

12. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўзацца, ірвацца.

Сукенка лезе па швах.

Лезці (перціся) на ражон (разм.) — рабіць што-н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці ў душу — умешвацца ў чые-н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)