распляска́ць 1, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

1. Плешчучы, праліць; разліць па якой‑н. паверхні. Распляскаць ваду з вёдзер. / у перан. ужыв. І паверыш пры сустрэчы У яе жаночы лёс: Свайго шчасця не расплешча, У бядзе не схіліць плечы І дарма не ўроніць слёз. Пысін.

2. перан. Разм. Расказаць тое, чаго не трэба гаварыць. «Гэтыя [старыя] адразу расплешчуць па ўсяму сялу, як толькі ўбачаць мяне ў царкве», — падумаў Сцёпка. П. Ткачоў.

распляска́ць 2, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

Расплюшчыць. Бацька казаў, што то паўпудовы молат, ім б’юць, калі трэба распляскаць якую-небудзь тоўстую жаляз[я]ку. Сабаленка. Дрыжучы ад страху,.. [Майка] распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за .. [Лазнікам]. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Схіліць, падбіць па бунт, паўстанне. Узбунтаваць войска. Узбунтаваць натоўп. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагонаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

2. перан. Прывесці ў стан непакою, трывогі; узбударажыць, усхваляваць. Узбунтаваць пачуцці. Узбунтаваць душу. □ Міхалавы словы так узбунтавалі Комліка, што ён больш не валодаў сабой. Карпаў.

3. Узняць хвалі, прывесці ў рух (звычайна пра ваду). Засмяяўшыся, .. [Люда] палажыла вядро на свой адбітак у вадзе. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася. Брыль. // Узлахмаціць (валасы і пад.). Волька шпарка правяла далонню па яго [Кузёмкі] валасах, узбунтавала іх і, задзірыста засмяяўшыся, знікла за веснічкамі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.

1. Схіліць, нагнуць трохі ўніз, да зямлі. Прыхіліць галіну.

2. Шчыльна наблізіць да чаго‑н., абаперці аб што‑н. Маечка паслухмяна прыхіліла галоўку да дзяўчыны. Краўчанка. — Стамілася я з гэтым канём, — сказала Твораж і прыхіліла веласіпед да спінкі рабрыстай лавачкі. Савіцкі.

3. Прытуліць, прыціснуць каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. У незвычайнай усхваляванасці Марына Мікалаеўна прыхіліла да сябе Сяргейку. Кавалёў. Ля ганка, непадалёку ад грушы, ляжала маці на сырой зямлі. Адна рука была падкручана, другой яна прыхіліла і моцна прыціскала да сябе, нібы абараняючы ад каго, Міколкаву сястрычку. Лынькоў. // перан. Даць прытулак каму‑н. Добрая рэч гэты Дом селяніна, і не аднаго толькі Сцёпку прыхіліў ён. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падштурхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Злёгку штурхнуць (ззаду або знізу). Маладзейшы падштурхнуў воз плячом, і конь лёгка пайшоў. Чорны. — Чаго адстаеш, гані! — крыкнуў Пеця і палкай падштурхнуў Славу ў спіну. Хомчанка.

2. Злёгку штурхнуўшы, зрушыць у якім‑н. кірунку. — Але ж хадзем у тую хату. Тут і без нас ужо ведаюць, што рабіць. — [Бацька] далікатна падштурхнуў госця да дзвярэй-філёнак і прапусціў у другі пакой — вялікі, поўны святла і з густам прыбраны. Чыгрынаў. // перан. Схіліць да чаго‑н., прыспешыць з чым‑н. — Я мелася.. ехаць працаваць у сельскую мясцовасць. А гэтае сумнае здарэнне толькі падштурхнула мяне здзейсніць сваё летуценне хутчэй. Дубоўка. // перан. Разм. Паскорыць (справы, падзеі і пад.). Вера Ігнатаўна часта прыязджала ў Серадзібор, каб падштурхнуць справы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.

1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.

2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.

•••

Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.

Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звярну́ць, звярну́, зве́рнеш, зве́рне; звярні́; зве́рнуты; зак.

1. Памяняць напрамак руху.

З. у завулак.

З. гутарку ўбок (перан.).

2. каго-што. Накіраваць у які-н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.).

З. машыну з дарогі.

3. каго-што. Варочаючы, зрушыць з месца (разм.).

З. вялікі камень.

Горы з. (перан.: зрабіць вельмі многа).

4. што. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога (разм.).

З. усё на невінаватага.

5. што. Схіліць, павярнуць набок, убок (разм.).

З. галаву набок.

6. што. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы (разм.).

З. усё ў кучу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым-н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму-н. на каго-, што-н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго-, што-н., зацікавіцца кім-, чым-н., улічыць што-н.

|| незак. звярта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 5 знач.), зваро́чваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—4 і 6 знач.) і зварача́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

усва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Сватаючы, дабіцца згоды на шлюб; сасватаць. [Несцер Іпатавіч:] — Нават дзецюка самага лепшага ва ўсім Турчанскім раёне вам [Валянціна Фёдараўна] за мужа ўсватаў. Дубоўка.

2. перан. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. — Ат, — пачуўся насмешлівы голас Лясовіча, — вы самі, Сцяпан Захаравіч, усваталі яго ў старшыні і робіце выгляд, што плачаце. Хадкевіч. Думаў я пра гэта і вечарам, калі клаўся спаць на сваім новым ложку ў хаце цёткі Антоніхі, куды мяне ўсватаў на жыхарства калгасны бухгалтар. Нядзведскі. // Схіліць каго‑н. да чаго‑н. [Усевалад:] — Баюся нават сказаць, Барыс. Вельмі ж у цяжкую справу ты мяне ўсватаў. Скрыган. // Навязаць каму‑н. што‑н. Кожнай з гэтых баб хацелася больш за ўсіх увайсці ў Аміліна давер’е, бо гэта быў тавар, які можна было ўсватаць шмат каму, і мець ад гэтага нейкі заработак. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.

2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.

3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.

4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́клікаць, ‑клічу, ‑клічаш, ‑кліча; заг. вы́кліч; зак., каго-што.

1. Папрасіць, прапанаваць з’явіцца куды‑н. Выклікаць да начальніка. Выклікаць сведку ў суд. □ Пачуўшы пра гэтае самаўпраўства, Яўген Данілавіч загадаў неадкладна выклікаць Карніцкага ў райком. Паслядовіч. // Папрасіць выканаўцу выйсці на сцэну. Выклікаць артыста на «біс». // Прапанаваць (вучню, студэнту) адказваць. [Алёшу] выклікалі па алгебры і фізіцы, і па абодвух прадметы ён атрымаў «пяцёркі». Васілевіч.

2. на што. Прапанаваць прыняць удзел у чым‑н., схіліць на ўзаемнае дзеянне, пачуццё і пад. Выклікаць на сацыялістычнае спаборніцтва. Выклікаць на шчырую размову. □ — Калі б гэта было сто гадоў таму назад, — сказаў Міхась, — я на месцы Андрэя выклікаў бы Івана Барысаглебава на дуэль. Шахавец.

3. З’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н., з’явіцца прычынай чаго‑н. Выклікаць апетыт. Гэта не выкліча цяжкасцей. □ Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой. Колас. Нават сам [Андрэй] не чакаў, што ўспамін аб Вользе выкліча такое хваляванне. Пестрак.

•••

Вы́клікаць да жыцця — стаць прычынай з’яўлення чаго‑н.

выкліка́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да вы́клікаць і выклікнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, на што і без дап. Стварыць ціск, налегчы цяжарам. Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі. [Раманенка] ціха, быццам крадучыся, націснуў на дзверы, і яны без скрыпу адчыніліся. Шамякін.

2. чаго. Выціскаючы, здабыць у якой‑н. колькасці. Націснуць соку з журавін.

3. на каго-што і без дап. Зрабіць націск (у 3 знач.). Націснуць на ворага з флангаў.

4. перан.; на каго-што і без дап. Прымусіць або схіліць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Націснуць на адміністрацыю. Націснуць на пастаўшчыкоў.

5. перан.; на што і без дап. Разм. Энергічна ўзяцца за што‑н. [Мельнік:] — Я б на тваім месцы, Коля, націснуў бы на вучобу! Карпюк.

6. на што і без дап. Вымаўляючы, зрабіць лагічны націск. — Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў на слова «начальствам». Чарот. Стафанковіч.. сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. — Каб дождж не прамачыў вашага дзіцяці (на слова «ваша» ён вельмі націснуў). Гэтая адзежына мне не патрэбна. Чорны.

7. што. Разм. Нацерці мазоль (мазалі).

•••

Націснуць на (усе) кнопкі (педалі) — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)