апало́нік 1, ‑а, м.

Хвастатая лічынка жабы. У школе мы будзем пазіраць, як з гэтага жабурыння вырастуць жывыя апалонікі. Якімовіч.

апало́нік 2, ‑а, м.

Вялікая лыжка, якой разліваюць страву. Восілена прысела каля Каспара і драўляным апалонікам наліла ўсім стравы. Броўка. Там, над ахутанымі парай катламі, з павісшым у паветры на паўдарозе апалонікам стаяла Ліда. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трая́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Разм. Прадмет, які мае тры аднолькавыя часткі або складаецца з трох аднолькавых частак. Траянка баравікоў. Траянка арэхаў.

2. Абл. Мука з сумесі грэчкі, пшаніцы і ячменю. Пазычыць кулёк траянкі.

3. Абл. Страва з пшанічнай мукі. яец і салодкага малака, у якую мачаюць бліны. Смачней за траянку стравы не знойдзеш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пачны́стравы’ (зэльв., Сцяшк.). Не зусім ясна. Відаць, утворана пры дапамозе суфікса ‑ь‑по (Слаўскі, SP, 136) ад назоўніка печ (< прасл. pektь). Мена пе‑ ў па‑ характэрная сакаючым гаворкам: галосная е (< ё) пасля губных пераходзіць у ‑α‑, напр., баліціса (з-пад Белавежскай пушчы) ’мыць бялізну’ < beliti sę, нават е (< е) > а: лун. пачаніна ’апёк’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стра́ва, ‑ы, ж.

1. Пэўным чынам прыгатаваныя для яды прадукты харчавання. Малочная страва. □ Танька кіслай стравы не ела, ні буракоў, ні капусты, і маці адразу паставіла перад ёй кашу на неглыбокай талерцы і кубак з цёплым малаком. Ермаловіч. Са стала паляцела, перакуліўшыся, міска з варывам, лінула гарачай стравай бацьку на грудзі. Галавач. Манька падрыхтуе чыгункі, загадае Міхалку зварыць ці даварыць страву, выгнаць карову, а сама — за касу і ў поле: касі каса, пакуль раса! Лось. // Яда. За год вайсковага жыцця .. [Віктар] не зведаў стравы болей смачнай, чым звычайны, аржаны, спецыяльна высушаны хлеб. Навуменка.

2. Адзін з відаў яды, які падаецца на абед, снеданне або вячэру. — Смачна! — прыняўшыся есці першую страву, сказаў .. [Змітрок]. Ваданосаў. Але ж куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Да яе прыбаўлялася яшчэ адзінаццаць страў або хоць бы хто колькі мог назбіраць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ліўка ’суп; вадкая частка стравы, жыжка’ (ТСБМ), ’рэдкая страва, поліўка’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Нар. сл., Вешт.), ’верашчака’, ’зацірка’, ’бульбяны суп’, ’кісель з аўсянай мукі’ (ЛА, 4), по́леўка, по́лыўка ’малочны суп’ (Сл. Брэс.). Укр. поливка, польск. polewka ’поліўка’, в.-луж. poljewka, н.-луж. polěwka, чэш. polévka ’суп’, славац. polievka ’тс’. Ад по- і ліць (гл.), як помачка ад мачаць; паводле Банькоўскага (2, 687) — няяснае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

меню́, нескл., н.

1. Набор страў да абеду, снедання і інш. Люся не стрымалася і запыталася, як там мама. — А што ёй? — адмахнуўся повар. — Хутка сама ля катлоў будзе ўпраўляцца. І меню будзе сама складаць. Даніленка.

2. Лісток, на якім пералічаны стравы (у сталовай, рэстаране, кафэ). Хапіўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся і здалёк спытала: — Вам што? Карпюк.

[Фр. menu.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыва́рак, пры́ва́рок ’гатаваная страва; прадукты харчавання, якія ідуць на прыгатаванне стравы; заправа, якая дадаецца да галоўных прадуктаў пры гатаванні гарачых страў; прыкраса’ (Нас., Янк. 2, Касп., Бяльк., ТСБМ, Ян.; петрык., Шатал.; ашм., Стан.; ТС), ’вадкая, пераважна прэсная страва, якая варыцца ў дадатак да асноўнае; ’мука; мука з ячменю і грэчкі; крупы; бабовыя’, прыва́ркі ’агародніна’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ), прыва́р ’крупы і мука розных гатункаў’ (Нік. Очерки), прыва́рак ’мука з (абдзёртага) ячменю’ (Др.-Падб.; полац., Янк. 2), прыва́ркавая, прыварко́вая, прыворко́ва, прыва́рашная (мука) ’тс’ (Інстр. 3, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), прыварко́вая (мука) ’з ячменю і грэчкі’, прыва́ркавая (мука) ’з сумесі зерняў розных культур’ (Др.-Падб., Нар. лекс., ЛА, 4), прыва́ркавы ’які дадаецца да звычайнай стравы’ (Нас.). Прывары́ць ’зварыць яшчэ, у дадатак да ўжо зваранага’ (ТСБМ), ’згатаваць страву, якая хутка варыцца; моцна сцебануць, хваснуць’ (Янк. 3.), ’паварыць некаторы час’ (лід., Сл. ПЗБ), перан. ’прываражыць, прычараваць’ (ТС). Да вары́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прытаўчы́, прытувчэ́ ’збіць, пабіць; дабіць’; ’растоўкваць’; ’прыправіць затаўкай’ (ТСБМ, Нас., Шат.; шчуч., свісл., Сл. ПЗБ; ТС; лід., ЛА, 4), пріто́ўкнуты, прытоўкты́ ’заправіць страву растоўчаным здорам’ (драг., Вешт.), прытоўкці́ ’прыправіць’ (ТС). Прэфіксальны дзеяслоў ад таўчы (гл.). Параўн. рус. притоло́чь, укр. притовкти́. У спецыялізаваным значэнні ’заправіць ежу (растоўчаным здорам)’ мае дакладныя адпаведнікі ў бранск. притолкну́ть ’тс’, при́толочка, при́толка ’запраўка (звычайна растоўчаны здор) для супу, вадкай стравы’. Гл. яшчэ за́таўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

соль¹, -і, мн. со́лі, -ей, ж.

1. адз. Белае крышталічнае рэчыва з вострым характэрным смакам, ужыв. як прыправа да стравы.

Сталовая с.

2. перан., адз. Тое, што надае асаблівы інтарэс, вастрыню чаму-н.

У гэтым якраз і ўся с. паэмы.

3. Хімічнае злучэнне, прадукт поўнага або частковага замяшчэння вадароду кіслаты металам (спец.).

Берталетава с.

Падсыпаць солі — добра даняць, дапячы каму-н. іроніяй, едкім словам.

Пуд солі з’есці з кім-н. — добра і даўно ведаць каго-н. (разм.).

|| прым. салявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.) і саляны́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

убі́ць, уб’ю́, уб’е́ш, уб’е́; уб’ём, уб’яце́, уб’ю́ць; убі́ты; зак.

1. што ў што. Б’ючы па якім-н. прадмеце, прымусіць яго ўвайсці ўнутр чаго-н.

У. цвік у сцяну.

У. у галаву што-н. каму-н. (перан.: прымусіць трывала засвоіць якую-н. думку; разм.).

2. што. Утаптаць, утрамбаваць да цвёрдасці.

У. сцежку цераз поле.

3. што. Дадаючы да стравы, умяшаць (сырыя яйкі), разбіць на скавараду (яйкі).

У. у цеста два яйцы.

У. некалькі яец на патэльню.

4. што. Змарнаваць, зрасходаваць непрадукцыйна (разм.).

У. час.

|| незак. убіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)