тэ́ндэр, ‑а, м.
1. Счэплены з паравозам спецыяльны вагон, дзе знаходзяцца запасы вугалю і вады. [Чмаруцька:] — У мае часы і вугалю было малавата, паравозы хадзілі на дрывах. Пакуль накладзеш тэндэр, дык рукі аж смыляць ад гэтых плах. Лынькоў.
2. Невялікае аднамачтавае паруснае судна з косымі парусамі.
[Англ. tender.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пэ́йсах ’яўрэйскае свята Праснакоў’ (Нас.), ’рэлігійнае свята ў яўрэяў (Вялікдзень)’ (Скарбы), пэйсахо́ўка ’спецыяльны гатунак гарэлкі, якую яўрэі пілі ў час сваіх святаў’ (Нас., Скарбы), пэйсахо́вы ’звязаны са святам’ (Нас.); укр. пе́йсах ’яўрэйскае свята’. Ад ст.-яўр. pasáh < арам. pasah ’праходжанне’, адно са старажытнаяўрэйскіх святаў у памяць аб зыходзе яўрэяў з Егіпту (Праабражэнскі, 2, 26; БЕР, 5, 88).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
рызі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм.
1. Невялікі кавалачак рызіны, якім сціраюць напісанае; сцірка.
2. Ніткі з рызіны, а таксама шнур, тасьма з рызінавых нітак. Кароткія рукавы .. рызінкамі нацерлі вышэй локцяў шырокія чырвоныя палоскі. Вітка.
3. Спецыяльны від вязання, які мае ўласцівасць расцягвацца. Вязаць рызінкай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэпе́р, ‑а, м.
1. У геадэзіі — спецыяльны знак для абазначэння і замацавання на мясцовасці пункта з вызначанай вышынёй.
2. У матэматыцы — сукупнасць лінейна незалежных вектараў, узятых у пэўным парадку і адкладзеных ад агульнага пачатку.
3. Дапаможны пункт на мясцовасці ці ў паветры, па якім робіцца прыстрэлка з далейшым пераносам агню для паражэння цэлі.
[Фр. repère — метка, знак, зыходны пункт.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апара́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.
1. ‑а. Спецыяльны прыбор для выканання якой‑н. работы. Тэлефонны апарат. Даільны апарат. Фатаграфічны апарат. Тарпедны апарат.
2. ‑у. Сукупнасць органаў, якія выконваюць пэўную функцыю ў арганізме. Зрокавы апарат. Слыхавы апарат. Апарат кровазвароту.
3. ‑у. Сукупнасць дзяржаўных устаноў, якія абслугоўваюць пэўную галіну кіраўніцтва ці гаспадаркі. // Работнікі гэтых устаноў.
•••
Вестыбулярны апарат — орган у хрыбетных жывёлін і чалавека, які з’яўляецца часткай ўнутранага вуха і служыць для каардынацыі рухаў і захавання раўнавагі.
Дыфузійны апарат — апарат для атрымання шляхам дыфузіі каштоўных рэчываў з раздробненай сыравіны.
Касмічны апарат — спецыяльны апарат, прызначаны для палёту ў касмічнай прасторы.
Крытычны апарат — варыянты і заўвагі ў навуковым выданні літаратурнага ці гістарычнага тэксту.
Навуковы апарат — паказальнікі, каментарыі, бібліяграфія і пад. ў навуковым выданні.
[Ад лац. apparatus — абсталяванне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпунт, ‑а, М ‑нце; мн. шпунты, ‑оў; м.
Спец.
1. Спецыяльны падоўжны выступ ці паз для злучэння дошак, брусоў, блокаў і пад., а таксама злучэнне такога віду, пры якім выступ адной са злучаных частак уваходзіць у паз другой часткі. У тыя пазы заходзяць шпунты другіх дошак, і, такім чынам, сценкі вулея становяцца вельмі шчыльнымі. Ваданосаў.
2. Дошка, брус, бэлька і пад., на адным канце якой зроблены падоўжны выступ, а на другім — паз. [Аспірант:] — Во, чуеш, і цыркулярка заспявала. За сасонку ўзяліся: шпунты для катлавана апілоўваюць. Брыль.
3. Спецыяльны корак, якім затыкаюць бочку з віном або півам. А .. [піва] так усхадзілася, што выбіла шпунт. Грахоўскі.
•••
Ад усіх бочак шпунт; пад усе бочкі шпунт — пра чалавека, якога калі трэба і калі не трэба пасылаюць выконваць розныя даручэнні, просьбы.
[Польск. szpunt ад ням. Spund.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмысло́вы, ‑ая, ‑ае.
Своеасаблівы, адметны, непаўторны. Адмысловы танцор. □ Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. Чорны. Хто б падумаў, здагадаўся, Што ў такіх аковах Быў Тарас багаты скарбам, Скарбам адмысловым. Купала. // Спецыяльны, асобага прызначэння. Адмысловыя прысмакі. □ [Хлопцам] ужо шыюць маткі трусы, рыхтуюць рукзакі, падбіраюць адмысловую посуду. Якімовіч. // Цудоўны, выдатны. Рыбак быў дзядзька наш Антоні, Як і работнік, адмысловы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жубрава́ць ’доўга старанна працаваць’, ’выпрошваць’ (Юрч.). Польск. żubrować ’ачышчаць збожжа ад восцей, прапускаючы яго праз спецыяльны апарат żubrównik’. Першае бел. значэнне магчыма тлумачыць як развіццё запазычанага польск., другое адлюстроўвае гукавую змену жабраваць (гл. жабра́к). Але і першае магло ўзнікнуць непасрэдна на бел. глебе ў выніку семантычнага развіцця паводле мадэлі ’выпрошваць’ > ’пакутаваць’ > ’цяжка працаваць’ (параўн. слав. trǫdъ ’хвароба’ > ’праца’). У сувязі з другім значэннем параўн. яшчэ серб.-харв. жу̏борити ’рабіць лёгкі шум’, балг. дыял. жуборя ’шумець’, макед. жубори ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
інструменто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.
1. Выклад музычнага твора для выканання аркестрам або інструментальным ансамблем; аркестроўка. Інструментоўка фартэпіяннай п’есы.
2. Аддзел тэорыі музыкі, які вывучае ўласцівасці асобных музычных інструментаў і прынцыпы іх спалучэння ў аркестры. Чытаць курс інструментоўкі.
3. перан. Спецыяльны падбор гукаў у вершы, які стварае пэўнае мастацкае ўражанне; гукапіс. Своеасаблівая інструментоўка прыведзеных радкоў даносіць да слыху грознае гудзенне бору. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́лаз 1, ‑а; мн. палазы, ‑оў; м.
1. Адна з дзвюх ніжніх частак саней у выглядзе загнутай спераду драўлянай паласы (або металічнай пласціны). Спрасаваны людскімі нагамі ды саннымі палазамі снег быў цвёрды, што на таку. Сіняўскі. Рэзка рыпеў снег пад палазамі чатырох партызанскіх саней. Краўчанка.
2. Спецыяльны брус, які падкладаецца пад ніз пры перавозцы цяжару, пры спуску суднаў і пад.
по́лаз 2, ‑а, м.
Неядавітая змяя сямейства вужоў. Амурскі полаз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)