гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце; незак., каго-што.

1. Прыдаваць дугападобную выгнутую форму; згінаць. Гнуць дрот. // Згінаць, рухаючы ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Гнуць пальцы. □ Трудна спіну гнуць спрацаваную, Каласы збіраць Паваляныя. Купала. // Схіляць уніз, прыгінаць да каго‑, чаго‑н. Ветры гнулі вецце да зямлі. А. Александровіч. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. // перан. Падпарадкоўваць, душыць, гнясці. Быць трэба бадзёрым, вясёлым, І як бы ні гнуў цябе лёс. Прануза. Дымам пойдзе ўсё ліхое, Усё, што душыць нас і гне. Колас.

2. Вырабляць, нарыхтоўваць што‑н. шляхам згінання. Гнуць дугі.

3. перан.; і без дап. Разм. Накіроўваць свае дзеянні, размову на дасягненне якой‑н. мэты; схіляць да чаго‑н. — Ведаю, куды ты гнеш, кабета, — загарачыўся Гарбачэня. — Хочаш, каб табе грамадою дапамаглі пабудаваць хату... Гурскі. Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Колас.

•••

Гнуць горб (карак, спіну) — а) многа і цяжка працаваць на каго‑н. Гаравалі, гнулі спіны, горкім быў жаночы лёс, Рэкі буйныя кіпелі ад гарачых нашых слёз. А. Александровіч; б) перад кім пакланяцца, угоднічаць. Усе казалі, што й сын, як і бацька — мужык, Перад панам свой горб будзе гнуць... Чарот.

Гнуць на свой капыл — рабіць па-свойму, не зважаючы на думку іншых. Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма. Чорны.

Гнуць сваё; гнуць (весці) сваю лінію — настойліва дамагацца чаго‑н., ажыццяўляць што‑н.

Гнуць у крук (безас.) — пра стан недамагання, пачатак хваробы. У панка ляскалі зубы і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца. Пташнікаў.

Гнуць у тры пагібелі — моцна, жорстка прыгнятаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнаць, ганю́, го́ніш, го́ніць; пр. гнаў, ‑ла; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца ў якім‑н. напрамку. Гнаць статак у поле. □ Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба. Чорны. // Забіваць, уганяць у што‑н. Гнаць цвік у сцяну. // Разм. Прымусова пасылаць, адпраўляць куды‑н. Гвалтам цар гнаў людзей па бітву з невядомым ворагам. Бядуля. // Праганяць, выганяць. Гнаць ворагаў з роднай зямлі. // Разм. Накіроўваць рух чаго‑н., весці кіруючы. Гнаць плыты па рацэ. // безас. Разм. Хутка ісці куды‑н. Куды цябе гоніць?

2. Прымушаць хутка рухацца, наганяць. Мы ехалі нейкай незнаёмай дарогай, спыняліся ў лесе і зноў гналі коней. Асіпенка. // Весці (аўтамабіль, поезд і пад.) на вялікай скорасці. А цягнік усё ішоў... І трывожны сігнал, І масты, і засады мінуў ён даўно. За вярстою вярсту Камісар яго гнаў. Глебка. // перан. Рабіць што‑н. хутка і многа, прымушаючы да гэтага сябе ці каго‑н. [Марыля], як рабіла на полі, дык больш за ўсіх работу гнала. Чорны.

3. і без дап. Праследаваць, ісці па слядах звера. Гнаць зайца. Сабака добра гоніць. // перан. Уст. Прыгнятаць, праследаваць, мучыць. Хоць нядоля мяне гнала, Усё ж мне сілы не зламала. Колас.

4. безас. Вельмі хутка расці. Сасну гоніць уверх.

5. Здабываць пры дапамозе перагонкі. Гнаць дзёгаць. Гнаць алей. // Выклікаць выдзяленне чаго‑н. Гнаць пот. / у безас. ужыв. Гоніць сліну.

6. Працуючы чым‑н., рабіць, утвараць. Гнаць пракос. □ Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык.

7. Разм. Моцна слабіць (пра жывот).

8. звычайна ў ф. заг. гані́(це). Даваць. Гані тры рублі.

•••

Гнаць мятлою — груба выганяць.

Гнаць у магілу (труну, на той свет) — мукамі даводзіць да смерці.

Гнаць у шыю (карак, каршэнь) — а) груба выганяць; б) прымушаць хутка рабіць што‑н., падганяць. Не спяшайся, ніхто цябе ў каршэнь не гоніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пресле́довать несов.

1. прасле́даваць, перасле́даваць; (гнаться) гна́цца (за кім); (гнать, подвергать гонениям) гнаць; (притеснять) прыгнята́ць, уціска́ць;

пресле́довать врага́ по пята́м прасле́даваць (перасле́даваць, гнаць) во́рага па пята́х;

реа́кция пресле́довала передовы́х де́ятелей нау́ки и культу́ры рэа́кцыя прасле́давала (перасле́давала, прыгнята́ла, уціска́ла) перадавы́х дзе́ячаў наву́кі і культу́ры;

2. перен. не дава́ць спако́ю (каму, чаму); (угнетать) гнясці́; (мучить) му́чыць; (докучать) дакуча́ць, надакуча́ць; назаля́ць (каму, чаму); (донимать) дайма́ць (каго, што), дапяка́ць (каму, чаму);

мысль о мое́й оши́бке пресле́дует меня́ ду́мка аб маёй памы́лцы не дае́ мне спако́ю (му́чыць мяне́, гняце́ мяне́);

3. (стремиться к чему-л.) мець на ўва́зе (што); (стремиться к чему) імкну́цца да чаго́; (добиваться) дабіва́цца; дамага́цца (чаго); (заботиться о чём-л.) клапаці́цца (пра што), дбаць (пра што);

пресле́довать свои́ интере́сы клапаці́цца (дбаць) пра свае́ інтарэ́сы;

пресле́довать цель мець на мэ́це, ста́віць сабе́ мэ́тай;

пресле́довать коры́стные це́ли мець (ста́віць) кары́слівыя мэ́ты;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ці́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі. Лынькоў. // З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі. Асіпенка. Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка. Пінчук. // Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны. // Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара. Паслядовіч. Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны. Гаўрылкін. // перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах. Дуброўскі. Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой. Васілёнак. // перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс. Савіцкі.

2. каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў. Чорны. // Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках. Кухараў. І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну. Нікановіч. // Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала. Глебка. / у безас. ужыв. Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай. Кандрусевіч.

3. што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

4. што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў. // Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно. Крапіва.

5. каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста. Курто.

6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая. Лупсякоў.

7. Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Колас. [Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго. Ярашэвіч.

8. каго-што. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, друкаваць. Ціснуць артыкул. // Канчаць, завяршаць якую‑н. творчую работу. Ціснуць дысертацыю.

•••

Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі! Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.

Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.

Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку. Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Ваданосаў.

ці́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ціскаць (у 1 знач.).

2. Зак. да ціскаць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)