гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце; незак., каго-што.

1. Прыдаваць дугападобную выгнутую форму; згінаць. Гнуць дрот. // Згінаць, рухаючы ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Гнуць пальцы. ▪ Трудна спіну гнуць спрацаваную, Каласы збіраць Паваляныя. Купала. // Схіляць уніз, прыгінаць да каго‑, чаго‑н. Ветры гнулі вецце да зямлі. А. Александровіч. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. // перан. Падпарадкоўваць, душыць, гнясці. Быць трэба бадзёрым, вясёлым, І як бы ні гнуў цябе лёс. Прануза. Дымам пойдзе ўсё ліхое, Усё, што душыць нас і гне. Колас.

2. Вырабляць, нарыхтоўваць што‑н. шляхам згінання. Гнуць дугі.

3. перан.; і без дап. Разм. Накіроўваць свае дзеянні, размову на дасягненне якой‑н. мэты; схіляць да чаго‑н. — Ведаю, куды ты гнеш, кабета, — загарачыўся Гарбачэня. — Хочаш, каб табе грамадою дапамаглі пабудаваць хату... Гурскі. Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Колас.

•••

Гнуць горб (карак, спіну) — а) многа і цяжка працаваць на каго‑н. Гаравалі, гнулі спіны, горкім быў жаночы лёс, Рэкі буйныя кіпелі ад гарачых нашых слёз. А. Александровіч; б) перад кім пакланяцца, угоднічаць. Усе казалі, што й сын, як і бацька — мужык, Перад панам свой горб будзе гнуць... Чарот.

Гнуць на свой капыл — рабіць па-свойму, не зважаючы на думку іншых. Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма. Чорны.

Гнуць сваё; гнуць (весці) сваю лінію — настойліва дамагацца чаго‑н., ажыццяўляць што‑н.

Гнуць у крук (безас.) — пра стан недамагання, пачатак хваробы. У панка ляскалі зубы і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца. Пташнікаў.

Гнуць у тры пагібелі — моцна, жорстка прыгнятаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)