«ШАЛЁНЫЯ»
(«Enragés»),
назва прадстаўнікоў арганізацыйна не аформленай найб. радыкальнай левай плыні Французскай рэвалюцыі 1789—99, ідэолагаў гар. плебейства (Ж.Ру, Т.Леклерк, Ж.Ф.Варле і інш.). Іх ідэалогію найб. выразна адлюстравала выказванне Ру: «Свабода — пусты прывід, калі адзін клас людзей можа беспакарана прыгнятаць і марыць голадам іншы». Разам з якабінцамі падрыхтавалі паўстанне 31.5—2.6.1793, якое скінула жырандыстаў і прывяло да ўлады якабінцаў. Рэзка крытыкавалі якабінскую Канстытуцыю 1793, патрабавалі ўвесці ў яе артыкулы аб абмежаванні прыватнай уласнасці і смяротным пакаранні для спекулянтаў. Падрыхтаванае пры ўдзеле «Ш.» выступленне парыжан 4—5.9.1793 прывяло да ўвядзення Канвентам цвёрдых цэн (максімумаў) на харч. і інш. тавары першай неабходнасці, абвяшчэння рэв. тэрору. Неўзабаве якабінцы, незадаволеныя радыкалізмам «Ш.», разграмілі іх.
Літ.:
Манфред А.З. Великая французская революция. М., 1983.
т. 17, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГУЛЯ́ТАРЫ РО́СТУ РАСЛІ́Н,
прыродныя і сінт. арганічныя рэчывы, здольныя стымуляваць або прыгнятаць рост і развіццё раслін. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для паскарэння або запавольвання росту, цвіцення, кушчэння, выспявання садавіны і гародніны, для паляпшэння якасці пладоў, рэгулявання перыяду спакою, павышэння ўстойлівасці раслін да замаразкаў, засухі і інш.
Прыродныя Р.р.р. — фітагармоны ў невял. колькасці ўтвараюць самі расліны. Да іх адносяцца аўксіны, гіберэліны, цытакініны, брасінастэроіды — стымулятары росту, абсцызавая кіслата, эндагенны этылен — інгібітары росту, а таксама т.зв. другасныя роставыя рэчывы: флаваноіды, алкалоіды, тэрпеноіды. Многія фітагармоны атрымліваюць у прамысл. маштабах метадам біятэхналогіі. Сінт. Р.р.р. класіфікуюць паводле іх суадносін з фітагармонамі: аналагі аўксінаў і цытакінінаў, антыаўксіны і антаганісты цытакінінаў, інгібітары біясінтэзу гіберэлінаў (гл. Рэтарданты) і інш. Найб. пашыраныя сінт. рэгулятары — арыл- і арылаксіаліфатычныя к-ты, оніевыя солі (гл. Оніевыя злучэнні), гетэрацыклічныя злучэнні (пераважна вытворныя індолу, пірыдзіну, піразолу, пірымідзіну). У залежнасці ад канцэнтрацыі, тэрмінаў апрацоўкі с.-г. культур многія Р.р.р. могуць дзейнічаць як гербіцыды, дэфаліянты, дэсіканты.
Літ.:
Калинин Ф.Л. Биологически активные вещества в растениеводстве. Киев, 1984;
Кефели В.И., Прусакова Л.Д. Химические регуляторы растений. М., 1985.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 13, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГІБІ́ТАРЫ (ад лац. inhibeo спыняю, затрымліваю) у біялогіі, рэчывы рознай хім. прыроды, якія прыгнятаюць актыўнасць ферментаў у жывым арганізме і ў бясклетачных сістэмах. Адрозніваюцца характарам дзеяння, спецыфічнасцю і інш. Інгібіраванне адбываецца на генетычным (прыгнечваецца біясінтэз аднаго з ферментаў) і кінетычным (паніжаецца актыўнасць ферменту) узроўнях. Узаемадзейнічаюць з актыўным цэнтрам ці з інш. часткамі малекулы і перашкаджаюць утварэнню прамежкавага ферментна-субстратнага комплексу (напр., фторысты натрый запавольвае працэсы вугляводнага абмену). Бываюць натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя І. ў чалавека і жывёл — прадукты абмену рэчываў. У раслін І. росту (фенольнай і тэрпеноіднай прыроды) назапашваюцца восенню ў тканках насення і пупышак пры пераходзе ад працэсаў росту да спакою, вясной іх колькасць зніжаецца. Дзеянне І. процілеглае натуральным (аўксіны, гіберэліны) і сінт. стымулятарам росту. Сінт. І. (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) спыняюць рост сцёблаў, выклікаюць ападанне лісця, падсушваюць расліны на карані, прадухіляюць паляганне злакаў. Выкарыстанне І. у якасці ядахімікатаў для барацьбы са шкоднымі насякомымі і пустазеллем звязана з іх уласцівасцю прыгнятаць жыццёва важныя для гэтых арганізмаў працэсы. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізму каталітычнага дзеяння ферментаў, устанаўлення прыроды функцыян. груп бялкоў, для лячэння парушэнняў абмену рэчываў (некат. лекі і фармакалагічныя сродкі прыгнятаюць ферментатыўныя рэакцыі паталаг. працэсаў).
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)