густы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з многіх аднародных частак, прадметаў, блізка размешчаных адзін каля аднаго; проціл. рэдкі. Густы лес. Густая трава. □ Паабапал [сцежкі] густое жыта ў рост чалавека. Анісаў. Раса хаваецца толькі ў засені густога лісця. Брыль. / Пра валасы, поўсць і пад. Густыя валасы. Густыя бровы. □ Бацька здаволена ўсміхаецца, разгладжваючы густыя чорныя вусы. Якімовіч. // Спорны (пра дождж, снег). На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі.

2. З вялікай канцэнтрацыяй чаго‑н.; не вадкі. Густое варэнне. Густая каша. Густы мёд. □ З сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы белы, як малако, сок. Бядуля. // Насычаны чым‑н. (пра паветра, пах і пад.). Апала дзённая спякота, і паветра зрабілася густое, як туман. Нікановіч. // Яркі, не цьмяны (пра колеры, фарбы і пад.). Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Лынькоў.

3. Шчыльны, малапранікальны для зроку, святла. І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы — усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Лынькоў. Туман быў яшчэ густы, і крокаў за дваццаць мала што відаць было. Чорны.

4. Які паўтараецца ў вялікай колькасці праз кароткія прамежкі часу; часты. Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі. Мележ. Узнімаецца густы, шалёны кулямётны агонь. Брыль.

5. Нізкі, прыглушаны (пра гукі, голас). Густы бас. □ Голас быў роўны, ціхі і глыбокі — з нейкімі густымі, дрымотнымі ноткамі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пле́сня, пле́сінь, пле́сні, пле́сене ’мікраскапічны грыбок на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках, цвіль’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), плісна́ ’тс’ (Нас.), пле́сіньня, пле́сьнівыньня ’бросня, слізь, гніль’ (Бяльк.); пле́сня, плі́сня ’раска, Lemna minor L.’ (рагач., бяроз., ЛА, 1); пле́сневіць, плесня́віць ’пакрывацца плесняй’ (Нас.), пле́снець ’тс’ (ТС), пле́сневы, плесня́вы ’плесняваты’ (Нас.), плясні́вы, плясня́вы ’бела-руды (масць каня)’ (Сл. ПЗБ). Укр. плі́сень, плісня́ ’плесня’, плісо́нь ’расліна Mucor mucedo’; рус. пле́сень, плеснь, пле́снедь, пле́снядь ’плесня’, польск. pleśń ’бросня’, н.-луж. plěseń ’плесня’, pleś ’пена на піве’, в.-луж. plěsń, чэш. plíseň, славац. pleseň, славен. plẹ́sen, харв. plȉjesan, серб. пле̑сањ ’тс’; балг. плесен, магчыма, сюды ж макед. плесна ’лішай; плямка, крапінка’. Прасл. *plěsnь, роднасныя якому літ. pelė́ti, лат. pelêt ’плеснець, pelė̃siai ’плесня’, plė́kti ’тлець, плеснець’, лац. palleo ’станавіцца бледным’, аднаго кораня з рус. пелёсый (Міклашыч, 236, Траўтман, 212; Мацэнаўэр, LF, 13, 164; Фасмер, 3, 279). Склад *plě‑ паводле закона метатэзы плаўных узыходзіць да і.-е. *pel‑ (абазначае розныя бледныя колеры, Скок, 2, 683). Паводле Махэка₂ (460), прасл. *plesnь паходзіць з *plěk‑snь, у якім пазней ‑k‑ выпала (спрасцілася). Аналагічна Банькоўскі (2, 607) выводзіць прасл. *plěsnь < і.-е. *plēk‑sn‑is, якое з прыметніка *plēk‑sn‑os, параўн. літ. plėkas, звычайна plėkaĩ ’ясныя яркія плямы’ і з plė́kti ’пакрывацца яркімі плямамі’; самым блізкім фармальным літоўскім адпаведнікам прасл. *plěsnь з’яўляецца літ. plẽkšnė ’пляма’. Сной (453), Бязлай (3, 55) мяркуюць, што *plěsьnь (а не *plěsnь) утварылася пры дапамозе абстрактнага суфікса *‑ь ад прыметніка *plěsьnь (параўн. чак. plȉjesan ’плесневы’), які ўзыходзіць да *plěsъ, параўн. харв. plijes, славен. белакраньск. plẹ̑s ’плесня’, каш. ples ’тс’, ідэнтычныя літ. pol̃isiai (мн. л.) ’тс’, што ўзыходзіць да і.-е. *pel‑ ’шэры, сівы’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 26). Сюды ж плесь ’плесня’ (зах.-гом., ЛА, 4), відаць, як цвіль, бросьць (гл.). Вытворныя: добр. пля́сніца ’плесня, цвіль’, рагач. плясні́ўка ’вочка на гародніне’ (Мат. Гом.), плясні́вы ’які заплеснявеў і пасівеў’ (Варл.). Паводле Німчука (Давньорус., 289), формы на ‑ня і на ‑ен(ь) — у выніку аналогіі да слоў тыпу песня, восень і пад., каб пазбегнуць цяжкага для вымаўлення спалучэння зычных, што ў святле сказанага вышэй малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узо́р, ‑у, м.

1. Малюнак, у якім спалучаюцца ў поўным парадку лініі, колеры, фігуры і пад. На стале, засланым абрусам з адмысловымі ўзорамі, роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін. [Дзед] замыславатымі тоненькімі інструментамі выбіваў на медзі разнастайныя ўзоры. Бядуля. Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Пра перапляценне, размяшчэнне чаго‑н. (святла, ценю, ліній і пад.), якое ўтварае ці нагадвае такі малюнак. Узоры маршчынак на твары. □ Цені ад .. [дрэў] клаліся на густую траву дзіўным узорам. Чарнышэвіч. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Валя з уздыхам загортвае вокладку, доўга ў задуменні глядзіць у расшытае срэбнымі марознымі ўзорамі акно... Васілевіч.

2. Паказальны або пробны экземпляр якога‑н. вырабу, прадмета і пад. Узоры тканін. Узоры паперы. □ Вось і шыльда майстэрні з залатымі літарамі на цёмна-зялёным шкле. Побач — невялікая люстраная вітрына, поўная ўзораў жаночага ўбрання. Машара. Мінеральныя злучэнні, узоры якіх Бурмакоў і Павел прынеслі з сабой, аказаліся падобнымі да зямных. Шыцік. Вёз бацькавага пісьма, без узору яго почырку нельга было рабіць якія-небудзь вывады. Шыловіч.

3. Паказальны прыклад чаго‑н. (якіх‑н. якасцей, дзеянняў і пад.). І вось зноў Крамлёўскі палац. На гэты раз яго запоўнілі жанчыны. Іх было многа-многа, з усяе краіны. Гэта ўсе тыя, хто паказвае ўзоры працы. Сабаленка. Я. Колас напамінаў .. пра «вялікі моўны запас, які незаслужана забыты намі». Сваёй пісьменніцкай практыкай ён паказаў узор творчага падыходу да скарыстання гэтага запасу. Юрэвіч. // Што‑н. дасканалае, вартае пераймання. І. Мележ шырока абапіраецца на традыцыі класічнага і савецкага раманаў, на лепшыя ўзоры нацыянальнай прозы. Гіст. бел. сав. літ. А. Александровіч бярэ за ўзор вершы Купалы. «Полымя». // Увасабленне якой‑н. якасці, уласцівасці. Але ў цэху ведаюць: калі Галя ставіць кляймо моўчкі, — гэта значыць, што дэталь з’яўляецца ўзорам дакладнасці. Васілёнак. Новы манеўр .. [Пацяроба] мог быць за ўзор геніяльнае прастаты і рашучасці. Зарэцкі.

4. Форма, від якога‑н. прадмета. Паміж сучасных архітэктурных ансамбляў, .. дзе пануе шкло і бетон, раптам праглядвае невялікі дом дарэвалюцыйнага ўзору. «Маладосць». Ішлі немаладыя ўжо дзядзькі з вінтоўкамі самых розных узораў, ішлі разведчыкі з аўтаматамі, медыцынскія сёстры з сумкамі цераз плячо. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру, збярэш, збярэ; збяром, збераце; зак.

1. каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт. Чорны. // Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады. Кулакоўскі. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Ваданосаў. // Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт. Лынькоў. // Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Маўр. // Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова. Казлоў. // Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі. Астрэйка. // Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне. Жычка.

2. што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць. Чорны. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш! Галавач. // Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу. Гурскі.

3. што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы. // Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў. Лынькоў. // Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.

4. што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок. Якімовіч. // перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку. Чэрня. Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна. Агняцвет. / у вобразным ужыв. Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь. Танк.

5. што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў. Танк. [Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Асіпенка. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару. Прыказка. // Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

6. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць. Кірэенка. Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала. Колас. Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс. Русак. // Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою. Мурашка. Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі. Машара. // Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. Колас. Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі. Маўр.

7. што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар. Панчанка. // Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання. Шыцік.

8. каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына. Нікановіч. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду. Колас. Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Кулакоўскі. // Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў. Даніленка. // Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Якімовіч.

9. што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. // Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень. Кірэенка.

10. перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока». Чорны. Лукашык намагаўся сабраць свае думкі. Дамашэвіч. Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў. Бураўкін.

11. што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі. // Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем. Кухараў. Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў. Панчанка.

12. што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.

•••

(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька. Кулакоўскі.

(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш! Колас.

Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол? Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)