Тэ́ніс ‘гульня з мячыкам і ракеткамі’ (ТСБМ, Пятр.). З англ. tennis ‘тс’, што паходзіць ад франц., ст.-франц. tenez ‘трымайце’ (вокліч пры падачы мяча) < лац. tenere ‘трымаць’ (Арол, 4, 60; ЕСУМ, 5, 546). Праз рус. теннис ці польск. tenis ‘тс’. Сюды ж, відаць, тэ́ніска ‘сарочка з кароткімі рукавамі’ (ТСБМ), што з рус. тенниска ‘тс’, якое, у сваю чаргу, утворана ад теннис < англ. tennis суфіксальным спосабам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квіт ’пісьмовае пасведчанне аб чым-небудзь, квітанцыя, білет’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Жд. 3, КЭС, лаг., Касп.), ’хопіць, канец’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк.), ’вокліч незадавальнення чыім-небудзь нецярпеннем’ (Нар. лекс., Янк. БП). Апошняе ў выразе квіт тваёй міласці. Ст.-бел. квитъ ’квіт’ (з 1529 г.). Са ст.-польск. kwit ’тс’ (Булыка, Запазыч., 146). Польск. kwit у сваю чаргу з с.-лац. quitus ’вольны ад абавязкаў’ (магчыма, праз с.-в.-ням. quit ’вольны, аплачаны’) (Слаўскі, 3, 496).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нага́льны ’напорысты’, ’тэрміновы’, ’праліўны (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), укр. нагальний ’спешны’, ’раптоўны’, ’бурны, парывісты’. Відаць, можа быць звязана з *naglъ (гл. наглы), якое мае ўсе пералічаныя значэнні. Магчыма, сюды ж і рус. нагал ’заклік, вокліч ці песня ў такт працы’, якое Фасмер (3, 35) выводзіць з гилить ’смяяцца, насміхацца’ і якому ў сваю чаргу адпавядае укр. голити ’прыспешваць, паганяць’ (Брукнер, 133), серб.-харв. галити ’жадаць, прагнуць’ і інш., гл. галіцца (дзе дапускаецца супадзенне ў корані *gal‑ розных па паходжанню лексем).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́ца ’коцік’ (Нас., Сцяц.). Укр. киця, польск. kicia ’тс’. Назва ката гукапераймальнага паходжання. Параўн. падзыўныя для ката (гл. ніці‑ніці): укр. киць‑киць, кицю‑кицю, польск. kici‑kici, kić‑kić. Цікава, што выгукі, якімі падклікаюць катоў, супадаюць у гэтых трох мовах, як і назва ката, якая ад іх паходзіць. Асабліва блізкія беларускія і польскія формы. Найбольш верагоднай застаецца гіпотэза Брукнера (226) аб пранікненні з ням. Kitze ’кошка’ (kitz‑kitz ’падзыўны вокліч’) у польскую мову. Адтуль лексема трапіла ў беларускую і украінскую. У іншых славянскіх мовах, уключаючы рускую, пералічаныя формы практычна адсутнічаюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыу́мф ‘урачыстая сустрэча палкаводца і яго войска ў Старажытным Рыме ў сувязі з дасягнутай перамогай’, ‘бліскучы поспех, выдатная перамога’ (ТСБМ), ‘урачыстасць’ (Некр. і Байк.); ст.-бел. трыумфъ, триумфъ ‘урачыстасць з выпадку перамогі’ (1580 г.), мн. л. трыумпы (Золтан, Athila). Запазычана са ст.-польск. tryumf ‘тс’ або непасрэдна з лац. triumphus ‘трыумф’, ‘урачысты ўезд’ < вокліч triumpe! (які выкрыкваўся ў дзень свята ўрадлівасці) < ст.-грэч. νρίαμβος ‘гімн у гонар Вакха’, ‘які трыумфуе, святкуе’ < τρί‑ομφος ‘трайны крок’ (Вальдэ, 1906, 637–638; Фасмер, 4, 103; ЕСУМ, 5, 646; Булыка, Лекс. запазыч., 66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ку́ча, ‑ы, ж.

1. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, у беспарадку наваленых адзін на другі. Куча камення. Куча галля. // Вялікая колькасць чаго‑н. сыпкага, зваленая горкай на адным месцы. Куча пяску. □ Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.

2. Гурт людзей, жывёл. — Разыдзіцеся, хлопцы, не збірайцеся ў кучы! — загадаў начальнік дэпо. Лынькоў. Вось коцяцца, як клубкі, авечкі, то рассыпаючыся, то збіваючыся ў густую кучу. Якімовіч.

3. Разм. Мноства; вялікая колькасць. Мець кучу грошай. Куча непрыемнасцей. □ Цяпер дзве Іванавы сястры замужам, старэйшы брат Спірыдон ажаніўся, сваіх дзяцей куча. Чарнышэвіч.

•••

Валіць (усё) у адну кучу гл. валіць.

Куча мала — вокліч у дзіцячай гульні, па якому ўдзельнікі падаюць адзін на аднаго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тпро-тпро — падзыўныя воклічы для кароў (Сцяц., Нар. сл.), тпрю‑тпрю‑тпрю — падзыўныя для цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпро́ля‑тпро́ля, тпро́лінь‑тпро́лінь, тпро́лінька‑тпро́лінька, тпро́лічка‑тпро́лічка — падзыўныя да жарабяці (там жа), тпру́люсь‑тпру́люсь ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрулю́х‑тпрулю́х ’тс’ (полац., Нар. лекс.), тпру́ля‑тпру́ля ’тс’ (Варл.), тпрузе́й‑тпрузе́й — падзыўныя для кароў (мсцісл., З нар. сл.), тпрусь‑птрусь ’тс’ (ДАБМ, к. 304, Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.), тпру́ські‑ тпру́ські ’тс’ (лаг.), тпрусёк‑тпрусёк, тпрусю́к‑тпрусю́к ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрсю́ха‑тпрсю́ха ’тс’ (мядз., Нар. сл.), тпрсю́т‑тпрсю́т, тпру́ся‑тпру́ся, тпру́ська‑тпру́ська — падзыўныя да цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпру́ська‑тпру́ська — словы для падзывання жарабят (віл., Шатал.), сюды ж дзіцячыя словы тпру́ся ’цялё, цялушка’ (Юрч. СНЛ), тпру́ська ’карова’, ’цялушка’ (Сл. рэг. лекс., Нар. словатв.), тпро́ля, тпру́ля (Германовіч, Междом., 65; Варл.) і пад., а таксама з перастаноўкай гукаў птрусь‑птрусь ’падзыўныя словы для кароў’ (Нас.), гл. Параўн. рус. дыял. тпру́сень — выгук для падклікання цялят, тпру́га — падкліканне кароў, балг. дыял. тпру́‑тпру́ — для падклікання авечак і ягнят (БД, 4). Магчыма, другасныя ўтварэнні, ускладненыя рознымі суфіксамі, звязаныя з больш раннімі абазначэннямі жывёлы (Германовіч, Междом., 67), асабліва ў дзіцячай мове, параўн. тпру́ца ’вада, малако’, гл. Відаць, таго ж паходжання і адгонныя словы тпрусь (куды) — вокліч на цяля пры адварочванні ад шкоды (Юрч. Вытв.), тпру́цкі — вокліч адганяць цялят (Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. дыял. тпрусь — выгук, якім адганяюць, тпрусь, тпрс — выгук, якім адганяюць авечак, тпруч‑тпруч ’тс’, балг. дыял. тпрус — для адгону ката, тпруч — для адгону кароў і інш., якія вымаўляюцца з іншай інтанацыяй. Параўн. наступнае слова, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ша́баш, ‑у, м.

У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.

шаба́ш, ‑у́, м.

Разм.

1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.

2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.

[Стараж.-яўр.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рка ​1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да гара (у 1, 2 знач.); невялікая гара. Катацца з горкі. Горка папер.

2. Прыстасаванне для сарціроўкі вагонаў на станцыях, якое дазваляе выкарыстоўваць сілу цяжару вагонаў для перамяшчэння іх па схіле чыгуначнага пуці. Сартавальная горка. Механізаваная горка.

го́рка ​2,

1. Прысл. да горкі.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне гаркоты, горкага смаку. Ад зёлак у роце горка.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё горычы, прыгнечаны настрой, у якім знаходзіцца хто‑н. Некалькі разоў прачытала Аленка гэты ліст. У некаторых момантах чытання ёй то было прыемна, то горка і крыўдна. Колас.

4. у знач. выкл. го́рка! Разм. Вокліч, якім за вясельным сталом просяць маладых пацалавацца. У прасторнай, ярка асветленай зале палаца гучаць вясельныя песні і чуецца традыцыйнае «горка!». Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёсць ​1,

1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.

2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.

3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.

•••

Так і ёсць гл. так.

Што (колькі) ёсць духу гл. дух.

Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.

ёсць ​2, выкл.

Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)