сіпа́ты, ‑ая, ‑ае.

Які страціў чысціню і гучнасць (пра голас, гукі і пад.). — Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам гаварыў капітан. Быкаў. За парканам слізгануў па туга напятым дроце ланцуг, і ўжо ў наступны момант зайшоўся сіпатым брэхам сабака. Сабаленка. Глядзіш, праз пару месяцаў яго сіпаты гармонік ужо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Які гаворыць прыглушана-хрыплым голасам (пра чалавека). Наставіў каўнер ад сцюжы ссінелы сіпаты жаўнер. Вялюгін. / у знач. наз. сіпа́ты, ‑ага, м.; сіпа́тая, ‑ай, ж. — Ці чуеш, Іван, хто гэта тут чмыхае? — раптам спытаў сіпаты. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стру́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да струны (у 1 знач.), які ўтвараецца струной. Струнны перабор. □ Стары музыка і цяпер чуе гэтую струнную песню... Яна .. наводзіць на ўспаміны. Кулакоўскі. // Падобны на гук струны; гучны, музыкальны. Замлее лес — такая ціш, І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працягла роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас.

2. Са струнамі, які ўтварае музыкальныя гукі струнамі. У школе я займаўся ў гуртку струнных інструментаў разам з Родзькам і іграў на мандаліне не горш, чым ён на сваім гармоніку. Даніленка. // Які складаецца з такіх інструментаў. Струнны квартэт. Струнны аркестр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцішыць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; прыціхлы; супакоены, ціхі. Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці. Радкевіч. Жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела, як выбух. Скрыган. [Кіра] дыхала роўна, амаль нячутна, і на яе было прыемна глядзець — спакойную, сцішаную, без трывог. Карпаў.

3. у знач. прым. Прыглушаны, ціхі. Раптам да .. вуха [Лабановіча] даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Колас. Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.

1. Паслядоўна, па чарзе заменьваць адно другім. Мы вывучылі .. кожны крок [вартавых], ведалі, як яны чаргуюцца на пастах: ведалі, хто калі патрулюе за агароджай, калі стаіць ля ўваходу, калі адпачывае. С. Александровіч. Непаўторныя ап’яняючыя часіны шчасця чаргаваліся з часінамі роспачы і душэўнага болю. Краўчанка. // Перыядычна паўтарацца. Шорганне чаргавалася размерна і рытмічна — раз-два! раз-два! Колас. // Размяшчацца паслядоўна адно за другім. Сасновыя бары чаргаваліся з забалочанымі хмызнякамі. Няхай.

2. У лінгвістыцы — заканамерна замяняцца адзін другім (пра гукі) у каранях або афіксах роднасных слоў або форм.

3. Зал. да чаргаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.

2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́хаць ’рохкаць’ (Нас., Др.-Падб., Юрч., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Ян., Гарэц., Скарбы; мядз., Нар. сл.; Мат. Гом.), ро́хкаты ’тс’ (стол. Нар. лекс.), ро́хкаць ’утвараць гукі «рох-рох» (пра парасят, свіней)’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб., Сцяшк., Гарэц., Бес., Клім., ТС, Сл. ПЗБ), ’ціха рохкаць’ (паўн.-, паўд.- і крайні ўсход Беларусі, ЛА, 1), рёхыцца, рёхыць ’рохкаць’ (Юрч.), ро́хнуць ’буркнуць’ (мядз., астрав., Сл. ПЗБ), ро́хканне, рёхыньня ’рохканне’ (Байк. і Некр.; Юрч.), ро́хот ’тс’ (ТС), рёх! — пра рохканне (мсцісл., Нар. лекс.), ро́хля ’свіння’ (ПСл.). Укр. рох! — пра рохканне, ро́ха ’свіння’, ро́хкати ’рохкаць’, рус. зах. і паўд. ро́хать, ро́хкать ’рохкаць’, ’моцна храпець’ (Даль); у заходніх і паўднёваславянскіх мовах — з пачатковым г/х/к: польск. chrząkać ’рохкаць’, ’пакашліваць’, н.-луж. chrjochaś ’рохкаць’, ’храпці’, ’сапці’, в.-луж. chrjachać ’кашляць’, чэш. chrochtat, hrochati ’рохкаць’, славац. krochkať ’тс’, славен. gróhati ’тс’, харв. gróktati, hrȍcati, серб. гро̀кта́ти, ро́ктати, ’рохкаць’, балг. грухтя́ ’тс’. Гукапераймальнае слова. Параўн. таксама ням. grunzen ’рохкаць’, ’бурчэць сабе пад нос’ (Праабражэнскі, 2, 217). Гл. таксама прасл. *groxati (ЭССЯ, 7, 134).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́хнуць1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць2 (гл.).

Ру́хнуць3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сквярці́ся ‘верашчаць, трашчаць, стракатаць, сквірчэць’, ‘нудна плакаць, вішчаць, пішчаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 3, Сл. ПЗБ): скверыцца як рапуха, чого ён там скверыцца? (Сержп. Прык.), сквярэцца жывое мясо (Сержп. Прымхі); скверці́са, шкве́рціса ‘тс’ (ТС), сквірчэ́ць ‘тс’ (ТСБМ, Ласт.); saróka skwirczýč (Пятк. 2), сквірэ́ць, сквірчэ́ць ‘аб сале і марозе’ (Шат.), скве́рыцца ‘плакаць і капрызіць’ (Шат.), ‘слаба гарэць’: не гарыць, а скверэцца (Сержп. Прык.), скве́рсца ‘скварыцца (пра сала)’, ‘утвараць рэзкія гукі (пра жаб)’, ‘плакаць, хныкаць’ (Юрч.), жаба сквярэ́цца (полац., ДАБМ, камент., 895), скве́рцца ‘гаварыць рыпучым голасам’ (Юрч. Вытв.), скве́рцісі ‘капрызіць, плакаць’ (кліч., Жыв. сл.). Укр. дыял. сквири́тися ‘плакаць, пішчаць’, сквирча́ти ‘трашчаць, сычэць’, рус. бранск. скве́рться ‘плакаць пранізлівым голасам (аб дзіцяці)’, смал. ‘пранізліва пішчаць (пра птушак)’, польск. skwierczeć ‘трашчаць, стракатаць, пішчаць’, славац. skvrkať ‘бурчаць (у жываце)’, серб.-харв. сквр́чати. Іншая ступень чаргавання ў скварэц (гл.). Гукапераймальны корань skvьr‑ (Праабражэнскі, 2, 296; Фасмер, 3, 637), варыянт *skverk‑ (Скок, 1, 284). Параўн. скварыць і скверашчаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такава́ць ’падклікаць спевам і рухамі самку ў перыяд спарвання (пра глушца і цецерука)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; віц., Яшк. Мясц.), токова́ць ’тс’ (ТС). Укр. токува́ти, рус. токова́ть, польск. tokować ’тс’ (з XVIII ст.), каш. tokowac ’праяўляць жаданне супакоіць праявы хцівасці (пра суку)’, в.-луж. tokać (з чэшскай мовы: Шустар-Шэўц, 1512), чэш. tokat ’прывабліваць самку (пра цецерукоў)’, старое tokovati, славац. tokať ’тс’. Выводзіцца паходжанне слова ад гукаў, якія самцы ўтвараюць падчас любоўнай узбуджанасці (Міклашыч, 358; гл. таксама Махэк₂, 646; Рэйзак, 665); гукі самца-глушца параўноўваюць са шчоўканнем пазногця аб няпоўны пачак запалак (Федз.–Доўб., 37–38, 44). Параўн. акрамя чэшскіх і славацкіх дзеясловаў рус. пск. то́кать ’тукаць, стукаць, пастукваць’, таксама ’(пра цецерукоў) такаваць’, укр. то́кот ’сэрцабіццё’, токота́ти, токоті́ти ’мерна і часта стукаць’ і н.-луж. пераноснае tokotaś, tokontaś ’увесь час спатыкацца, хістацца’. Словаўтварэнне, як у кукаваць (гл.); адносіны да ток5 ’такаванка, такавішча (птушак)’ (гл.), з якога выводзілі дзеяслоў Брандт (РФВ, 25, 29–30) і Брукнер (573), застаюцца нявысветленымі. Гл. таксама Борысь, 637.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турча́ць, турчэ́ць ‘адзывацца гукамі (пра насякомых, земнаводных, птушак, хатніх жывёл і інш.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Варл., Растарг., Шатал., Сл. ПЗБ, Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ‘муркаць, варкатаць’ (Байк. і Некр., Растарг.): кошка турчы́ць (Сержп. Прымхі), ‘крычаць, шумець’ (Абабур.), ‘гаварыць пустое’ (рагач., Мат. Гом.), ‘туркатаць, тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы)’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., ДАБМ, камент., 895; ашм., Сл. ПЗБ), ‘цуруліць’ (жлоб., добр., ветк., Мат. Гом.), ‘дзюрчаць’ (воран., Сл. ПЗБ, Юрч. Сіш), турчы́ць ‘бурліць (пра бягучую ваду)’ (в.-дзв., воран., слонім., клец., слаўг., чавус., ЛА, 2). Да ту́ркаць1 (гл.), дзеяслоў працяглага дзеяння на гукапераймальнай аснове. Параўн. Фасмер, 4, 126; ЕСУМ, 5, 681. Сюды ж вытворныя турча́нне ‘пранізлівы крык жабаў’ (Нас.), ‘балбатня, пустое плявузганне’ (Нас.), турчэ́нне ‘птушыны свіст’ (Юрч. Вытв.), турчо́к ‘цвыркун’ (смарг., Шатал.; полац., ЖНС; в.-дзв., луцэ., Сл. ПЗБ, Рэг. сл. Віц.), турчу́к, ту́рчык ‘мядзведка’ (Сл. ПЗБ), ту́рчык ‘голуб, туркаўка’ (Байк. і Некр.), турчы́ца ‘жаба, якая ўвесну моцна квакае’ (Сцяшк. Сл.), ту́рчалка ‘туркаўка’ (лельч., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)