вы́цягнуць, -ну, -неш, -не; -ні; -нуты; зак.

1. што. Прыклаўшы сілу, выняць умацаванае, завязлае і пад. або выдаліць што-н. уцягнутае.

В. кій з плота.

В. воз з гразі.

В. стрэмку.

2. каго-што. Дастаць, выняць, цягнучы адкуль-н.

В. шуфляду са стала.

В. шчупака.

В. усе жылы (перан.: змучыць якімі-н. непрыемнасцямі). З яго слова не выцягнеш (перан.).

3. што. Цягай, усмоктваннем выдаліць.

Пластыр выцягнуў увесь гной.

4. што. Нацягнуўшы, павялічыць у даўжыню.

В. скуру.

В. дрот.

5. што. Выпрастаць, распасцерці.

В. рукі.

Легчы, выцягнуўшы ногі.

6. перан., каго. Дапамагчы выйсці з цяжкага становішча, выбавіць (разм.).

В. з бяды.

7. каго. Прымусіць, пераканаць выйсці куды-н., пайсці адкуль-н. (разм.).

В. з дому.

8. каго-што і без дап. З цяжкасцю, з напружаннем выканаць, зрабіць што-н. ці дапамагчы каму-н. (разм.).

В. план.

В. экзамен на чацвёрку.

В. слабага вучня.

9. што. Потайкам забраць чужое; украсці (разм.).

В. грошы з кішэні.

|| незак. выця́гваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. вы́цяжка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 3 і 4 знач.; спец.) і выцяжэ́нне, -я, н. (да 3 і 4 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

а², злуч.

1. Злучае сказы і члены сказа са знач. супрацьпастаўлення, супастаўлення.

Ён паехаў, а я застаўся.

Гэта ж не восень, а ранняя вясна.

Яна пачала суцяшаць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю.

Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам.

2. Далучае сказы або члены сказа са знач. дабаўлення чаго-н. пры паслядоўным апісанні, паяснення, узмацнення, пярэчання, пераходу да другой думкі.

Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра.

Навокал лес, а за лесам — балота, а за балотам — рэчка.

◊

А то — злуч.

1) Іначай, у адваротным выпадку.

Бяжы, сынок, а то спознішся;

2) Аказваецца, а на самай справе.

Каб хоць рэчка была, а то ручаёк нейкі;

3) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку.

Змрокам, а то і пазней, людзі ішлі дадому;

4) Ужыв. пры ўгаворванні, пажаданні.

Пабудзьце яшчэ.

А то пераначавалі б;

5) Або, ці.

Хлопчык бегаў, смяяўся, а то хаваўся за дзеда.

А не то (дык) — злуч. Тое, што і «а то» (у 1 знач.).

Дапамажыце, а не то я скардзіцца буду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пятля́, -і́; мн. пе́тлі і (з ліч. 2, 3, 4) пятлі́; пе́тляў, ж.

1. Складзены і завязаны кальцом канец вяроўкі, шнурка і пад., а таксама сагнутая кальцом частка ніткі пры пляценні, вязанні.

Завязаць пятлю. П. на панчосе.

2. перан. Ужыв. для сімвалічнага абазначэння пакарання смерцю праз павешанне ці для абазначэння такога бязвыхаднага становішча, пры якім можна толькі павесіцца.

П. на яго трэба!

Хоць у пятлю лезь (пра бязвыхаднае становішча). Шукаць пятлі на шыю (таксама перан.: лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы).

3. Лінія, кругавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой.

Апісаць пятлю.

Мёртвая п. (фігура найвышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці). Петлі заечых слядоў.

4. Тое, што і сіло.

5. Праразная адтуліна ў адзенні для зашпільвання (гузіка, запінкі), а таксама засцежка з тонкага шнурка, дроціка.

Абкідаць петлі.

6. Дзве планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання створкі, дзвярэй.

Павесіць дзверы на петлі.

|| памянш. пяце́лька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж. (да 1, 5 і 6 знач.).

|| прым. пяце́льны, -ая, -ае (да 1, 3, 4, 5 і 6 знач.).

Пяцельнае шво.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зняць, зніму, знімеш, зніме; пр. зняў, зняла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Дастаць, узяць зверху ці з паверхні чаго‑н. (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць тэлефонную трубку. Зняць паліто з вешалкі. □ Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу. Лынькоў. // Адняць, прыняць (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць каструлю з агню. □ Ніна па-гаспадарску зняла .. нябачную пушынку з.. пінжака. Шыцік. // Аддзяліць, адчапіць што‑н. замацаванае, пасаджанае дзе‑н., на што‑н. Зняць кола з восі. / Пра судна. Зняць карабель з мелі. // Прыбраць, знесці што‑н. часова пабудаванае, непатрэбнае. Зняць рыштаванні. Зняць апалубку з падмуроўкі.

2. Здзець тое, што было апранута, завязана; вызваліцца ад якога‑н. адзення, покрыва і пад. Зняць шапку. Зняць павязку. □ Рыгор як зняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Гартны. // Разм. Грабячы, раздзець.

3. Спыніць дзеянне чаго‑н.; адмяніць. Зняць блакаду. Зняць судзімасць. □ — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачванне, бо ён памыліўся. Чорны. // Вызваліць, збавіць сябе ад чаго‑н. (звычайна ад таго, што непакоіць, прыгнятае). Зняць з сябе віну.

4. Сабраць, садраць, зрэзаць тое, што пакрывае якую‑н. паверхню ці з’яўляецца верхнім слоем чаго‑н. Зняць вяршкі. Зняць кару з дрэва. □ Цяжка было цягнуць .. [барсука], а яшчэ цяжэй зняць скуру тымі прыладамі, якія былі ў хлопцаў. Маўр.

5. Сабраць пасля паспявання (збажыну, плады, агародніну). Зняць ураджай. □ У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар. Непачаловіч. // Спец. Атрымаць (прадукцыю) у выніку вытворчага працэсу. Зняць як можна больш дэталей з кожнага станка.

6. Адклікаць з якой‑н. работы, заняткаў (звычайна для іншай работы, заняткаў). Зняць жней з поля і паслаць на стагаванне сена. // Адвесці, перавесці з якога‑н. паста, пазіцыі, фронту і пад. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка.

7. Забіўшы, звязаўшы і пад., абясшкодзіць, пазбавіць магчымасці дзейнічаць. Учора перад усходам сонца падпольшчыкі знялі патруля і ўзарвалі чыгуначны мост. Баранавых.

8. Вызваліць ад работы, звольніць з пасады. Зняць з работы. □ Праўленне зняло Шаройку з пасады брыгадзіра. Шамякін.

9. Адмовіцца ад чаго‑н. (вылучанага, прапанаванага); адмяніць, аб’явіць несапраўдным. Зняць кандыдатуру. Зняць сваю прапанову. □ Рэвалюцыя 1905 года зняла забарону з друкаванага беларускага слова. Юргелевіч.

10. Дакладна аднавіць, скапіраваць, пераносячы на што‑н. (памер, формы, аб’ём, змест і пад.). Зняць мерку. Зняць копію з дакумента.

11. Адлюстраваць на фота- ці кінаплёнцы; сфатаграфаваць. — Зараз мы выпусцім Эму і бегемота Рану, каб таварыш фотакарэспандэнт зняў іх, — сказаў.. той, у акулярах, прымаючы з Кірылкавых рук клетку. Даніленка. // Стварыць (кінафільм).

12. Узяць у наймы. — Вось кватаранта мне прыслалі. Хоча зняць у мяне пакой. Карпаў.

13. Перакласці верхнюю частку стасаваных карт уніз перад раздачай іх ігракам. Зняць калоду.

14. Спыніць дзейнасць каго‑, чаго‑н., выключыць адкуль‑н. Зняць каманду са спаборніцтваў. Зняць устарэлую марку машыны з вытворчасці. // Спец. Лічыць больш не падлягаючым чаму‑н.; пазбавіць чаго‑н. Зняць з забеспячэння. Зняць свіней з адкорму.

•••

Зняць галаву каму, у каго — а) забіць, адсячы галаву; б) сурова пакараць.

Зняць з уліку — перастаць лічыць у складзе якой‑н. установы.

Зняць (скінуць) маску — паказаць сваю сапраўдную сутнасць; перастаць прыкідвацца кім‑н. ці якім‑н.

Зняць падрад — наняцца, падрадзіцца зрабіць што‑н.

Зняць шапку перад кім — выказаць сваю павагу каму‑н.; пакланіцца.

Зняць швы — падрэзаць і выцягнуць ніткі з краёў зашытай раны.

Зняць шкуру (сем шкур) — тое, што і спусціць шкуру (гл. спусціць).

Як рукой зняло што — раптоўна прайшло, знікла бясследна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́ліца (БРС, Грыг., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ, ДАБМ, карта 48) ’галоўная вуліца ў сяле’ (КСТ), укр. ву́лиця, рус. у́лица, ст.-рус. улица ’плошча, вуліца, праход’, польск. ulica, чэш. ulice, славац. ulica, в.-луж. wulica, славен. úlica, серб.-харв. у̏лица ’падворак, вуліца’, макед. улица, балг. у́лица ’вуліца’. Прасл. ulica ’прабіты праход, вуліца’, дэмінутыўнае ўтварэнне ад uljь (ulьjь, гл. ву́лей) ’выдзеўбаная калода, вулей’, што ўзводзіцца да балта-слав. aulei̯a‑ (Слаўскі, SP, 199), першапачатковая семантыка ’агароджаны праход’; параўн. ізасему з разарваным арэалам: славен. ulica ’агароджаная з двух бакоў вузкая дарога для прагону жывёлы на выган ці на вадапой’ і рус. уладз., маск., паўн.-рус. улица ’агароджаны праход для жывёлы’, а таксама серб.-харв. (Герцагавіна) улица ’праход да дома, агароджаны з двух бакоў высокай каменнай сцяной’ і палес. ву́личка ’вузкі праход паміж двума будынкамі ці тынамі’ (Лысенка, СПГ). Сюды ж лельч. ву́ліца ’складка ў доўгай світцы ззаду’ (Нар. лекс.). Больш агульнае значэнне ’звонку, па-за хатай’ развілося на базе супрацьпастаўлення «замкнутай» і «незамкнутай» прасторы; інакш Лучыц-Федарэц (Лексіка Палесся, 176 і наст.), які на падставе палес. гу́ліца, гу̀лыца ’двор або яго частка’ і серб. у̏лица ’двор; вуліца’ першапачатковым лічыць значэнне ’двор’, адпаведна гэтаму прасл. ulica збліжаецца з грэч. αὐλή і лац. aula ’двор, падворак’. Параўн. таксама Ваян (Зб. Іўшычу, 390 і наст.), які насуперак Фасмеру (4, 159 і наст.) па акцэнталагічных прычынах адмаўляе сувязь з ву́лей і звязвае з лац. aula; Курціна (Этимология, 1968, 99) услед за Машынскім (Pierw. zasiąg, 158 і наст.) выводзіць прасл. ulica з *ulъ ’роў’, рус. ’овраг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трап 1 ’сцежка, дарога, кірунак; крок’ (Нас.; слаўг., Яшк.), укр. торопа́ ’тс’, ’кірунак слядоў’ (калі тут не другаснае поўнагалоссе), рус. трап ’сцежка’, харв. кайк. trȁp, серб. тра̑п ’капец (для гародніны)’, ’каляіна’, ’яма для буракоў, бульбы’, ’роў’, дыял. ’бахчаўнік’, ’бахчавыя культуры, памідоры’, ’малады вінаграднік’, балг. трап ’каляіна’, макед. трап ’яма, роў’, ст.-слав. трапъ ’яма для лоўлі звяроў’. Прымаючы пад увагу ўкраінскі і паўднёваславянскі матэрыял, можна вывесці прасл. *torpъ ’яма, роў’; паводле Борыся (Etymologie, 214), *torpъ або *trapъ (з пытальнікам), што разглядаецца як паўднёваславянскае праславянскае дыялектнае ўтварэнне. Абаеў (Зб. Геаргіеву, 102–110) уключыў прасл. *torpъ у фрака-скіфска-славяна-балтыйскую ізаглосу, параўн. фрак. *tarpa ў тапоніме Tarpodizos > асец. tærfæ ’лагчына, нізіна, даліна’ (другая частка ў іран. daiza ’крэпасць’), афг. tarma ’балота’, літ. tárpas ’прамежак’, ’дзірка, адтуліна’, ’цясніна’, ’прадонне, прорва’, trapùs ’рыхлы, гнілы, крохкі’, tarpẽklis ’цясніна’, лат. starpa, starps ’прамежак’, ’прабел (у тэксце)’, tàrps ’чарвяк’ < ’свідравальшчык’ (Каруліс, 2, 286). Адсутнасць падобнай лексемы *torpъ (усх.-слав. тароп) на поўначы Славіі можа наводзіць на думку пра запазычанне з паўд.-слав. trap. Скок (3, 491), Фасмер (Die griechischen Lehnwörter im Serbokroatischen. Berlin, 1944, 143) дапускаюць паўднёваславянскае запазычанне з грэч. τρύπη ’яма, пастка’ (< і.-е. *trūp‑) ці з τάφρος ’яма, роў’ > τράφος ’роў, рэчышча’, ’мяжа’, ’плот з камянёў’. Параўн., аднак, трап’е, гл.

Трап 2 ’сходы на караблі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’лесвіца на страсе, каб лазіць да коміна’ (кобр., драг., жытк., Нар. сл.). Праз польскую ці рускую мовы з нідэр. trap ’лесвіца на караблі’ (Фасмер, 4, 94; SWO, 1980, 772; СИС, 516; Булыка, СІС, 472).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́ці — парадкавы лічэбнік ад тры (ТСБМ, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС; в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ), треццій, тре́цьцій ‘тс’ (Нас., Бяльк.), ‘асабіста не зацікаўлены ў тым, што датычыць дзвюх асоб, пабочны; не галоўны па значэнні, трэцярадны’ (ТСБМ); трэ́цяе ‘салодкая страва’ (там жа), трэці род ‘родныя акрамя роду маладога і маладой на вяселлі’ (д.-гарад., Дзеяслоў, 2009, 1, 85), трэ́ця стрэ́ча ‘траюрадныя браты і сёстры’ (воран., Сл. ПЗБ), трэ́цяя нядзе́ля ‘трэцяя квадра’ (пух., Жыв. сл.), ст.-бел. третий, тредтий, третей, трети, треттий, треций, третий ‘трэці’ (ГСБМ). Параўн. укр. тре́тій, рус. тре́тий, польск. trzeci, палаб. tritĕ, н.-луж. tśesi, в.-луж. třeci, чэш. třetí, славац. tretí, славен. trétji, харв. trȅći, серб. тре̏ћи, балг. трѐти, макед. трет(и), ст.-слав. трети. Прасл. *tretьjь ‘трэці’ (ЕСУМ, 5, 632) ці (поўная форма) *tretьjьjь (Сной₂, 782), якая развілася з і.-е. *tre‑t(i) i̯o, утворанай ад асновы колькаснага лічэбніка м. р. *tréi̯es ‘тры’ (< tr‑ei‑es), ад якой паходзіць таксама прасл. *trьje ‘тры’ (м. р.), і суф. *‑t(i)i̯o (Борысь, 648; Махэк₂, 657). Індаеўрапейскія адпаведнікі прасл. *tretьjь узыходзяць да дзвюх формаў: tre‑ (літ. trẽčias, лат. trešs) або да *tr̥‑tii̯os ці *tri‑tii̯os: ст.-прус. tírts, ст.-інд. tr̥tíyas, авест. ϑritya‑, тахар. В trit, гоц. þridja, лац. tertius (< *tritīos), ст.-грэч. τρίτος, алб. tretë. Дапускаецца, што ‑e‑ ў гэтай аснове, магчыма, узыходзіць да больш старога ‑i‑ (параўн. лічэбнік ж. і н. р. *tri < і.-е. *trih₂ — гл. Сной₂, 782; Каруліс, 2, 428; Скок, 3, 500–501): вед. trī ‘тры’, лац. trī‑gintā ‘трыццаць’. Сюды ж трацяк, траціна, траціны 2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Ступіўшы адзін або некалькі крокаў назад, убок, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н.; адступіць. «Ці ісці, ці не?» — усумніўся Рыгор і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы. Гартны. Бачу, што чалавек.. зусім не жадае са мною гаварыць. І я адступіўся ад дзвярэй. Кавалёў. // Саступіўшы ўбок, перастаць засланяць дарогу, святло каму‑, чаму‑н. Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе. Мележ.

2. перан. Аказацца на далейшай адлегласці ад чаго‑н. Ясеняў і цяпер многа па дварах, хоць вёска даўно ўжо адступілася ад лесу. Арочка.

3. перан. Адмовіцца ад чаго‑н.; перастаць дамагацца чаго‑н. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантакт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Колас. // Адкаснуцца, адчапіцца. [Ганна:] — Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла. Мележ. Я думаў, стражнікі пабаяцца нас дваіх і адступяцца. Не будуць жа яны страляць у нас! Якімовіч.

4. Парваць адносіны, сувязь з кім‑н.; пакінуць каго‑н. па волю лёсу; адвярнуцца ад каго‑н. [Вялічка:] — Максім, калі будзе што са мною — не адступіся ад майго Уладзі, як бы я табе прыпаручыў яго. Чорны.

5. Перастаць прытрымлівацца (абяцанняў, поглядаў, перакананняў і пад.), адрачыся ад чаго‑н. Адступіцца ад прысягі. □ Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. // Пайсці на прымірэнне, згоду. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў [Васіль]. Мележ.

6. перан. Адысці, аддаліцца ад першакрыніцы, ісціны і пад. [Сакратар:] — Ты ж глядзі, каб ні на крок не адступіўся ад тэксту. Сабаленка. [Завуч:] — І калі.. [карэспандэнт] не напіша пра твае ўцёкі, то адступіцца ад праўды. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аж,

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для інтанацыйнага вылучэння слова ці словазлучэння, да якога адносіцца. Цімафей Міронавіч аж кладзецца ад вясёлага нястрымнага смеху. Зарэцкі. Здаецца, аж сюды, да самага лесу, далятаў гул вялізнага пажару, узнікшага за якую хвіліну. Лынькоў. Раса высыхала, сонца прыгравала моцна, лес аж звінеў ад птушыных галасоў. Чорны. // Падкрэслівае самую крайнюю мяжу выяўлення якой‑н. уласцівасці. За гаем, на полі, аж да самага возера, іскрылася пад месяцам светлая сцежка. Асіпенка. [Вера:] — Пасля разлукі з табой я ў той жа вечар паехала аж за Чалябінск. Пестрак. [Русаковіч:] Цяпер у нас матэрыялу хапае. Для мяне — аж занадта. Крапіва.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для выражэння нечаканасці або раптоўнасці наступлення якіх‑н. падзей. [Пазарэўскі:] — Раніцай прачнуліся — аж.. [Толіка] ужо няма. Чорны. [Мартын Рыль:] — Гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: «Стой, лапаць скінуўся!» Колас. Прыглядаюся, аж тут траха не ўсе нашы сваякі і суседзі. Якімовіч.

3. злучнік супраціўны. Злучае сказы з узаемна неадпаведным значэннем, якое ўскладняецца адценнем нечаканасці, раптоўнасці. Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас. Колас. А я думаю, хто гэта ідзе к гумну. Думаў, Максімка памагаць, аж гэта ты. Чорны. [Скуратовіч:] — Думаў устаць зацемна, жэрдак на плот спусціць некалькі. Аж ужо і сонца ўзышло. Чорны.

4. у знач. выніковага злучніка. Далучае сказы, якія паказваюць на вынік асабліва напружаным падзей ці якую‑н. прыкмету самай высокай ступені. Бег што сілы, без аглядкі, Аж блішчалі ў хлопца пяткі. А. Александровіч. Гул матораў, цяжкі, абрывісты, поўніў усё паветра, аж звінелі шырокія шыбы дэпоўскіх акон. Лынькоў. Булай скамячыў ліст ватману, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць што‑н., займацца чым‑н. — Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць. — І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску. Грахоўскі. Ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Шамякін. // Праяўляць сваю дзейнасць (у 2 знач.). Ад сваіх людзей Заслонаў ужо ведаў, што ў дэпо дзейнічае падпольная камсамольская група, і здагадваўся, хто яе ўзначальвае. Шчарбатаў. // Праводзіць ваенныя дзеянні, аперацыі. Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Мележ. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Выступаць у якасці дзеючай асобы літаратурнага твора. З цягам часу маленькае апавяданне, у межах якога ўкладваецца які-небудзь адзін толькі тыповы эпізод і дзейнічае самая мінімальная колькасць герояў, не магло больш задаволіць аўтара. Майхровіч.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым‑н. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Лынькоў. [Марына] прыгожа дзейнічала ракеткай на тэніснай пляцоўцы. Васілевіч.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне; выклікаць якую‑н. рэакцыю ў адказ. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Бярозу стары не зразаў: ці то на яго дзейнічалі Максімавы ўгаворы, ці то проста адкладваў да іншага.. моманту. Даніленка.

4. Быць спраўным, працаваць, функцыяніраваць (пра механізмы, апараты, часткі цела і пад.). Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае. Маўр. Жыла Анюта ўдваіх з мужам брыгадным конюхам, інвалідам ад прыроды — у яго не дзейнічала правая рука. Хадкевіч.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам. Эканамічны закон размеркавання па працы дзейнічае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. «Звязда». Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)