шматмо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з людзей, што гавораць на розных мовах. Любоў і дружба шчасце росцяць... Жывём шматмоўнаю сям’ёй, Як з братам брат, сястра з сястрой. А. Александровіч. Я і цяпер, бывае, трызню інтэрнатам, Дзе мы сям’ёй шматмоўнаю жылі. І. Калеснік. // Які гучыць на розных мовах. Масква сустрэла беларусаў шматмоўным гоманам. «Полымя». Гучаць тыя песні шматмоўныя Пра вечары падмаскоўныя. Калачынскі.
2. Складзены на некалькіх мовах. Шматмоўны слоўнік. Шматмоўны даведнік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспрапрыя́цыя, ‑і, ж.
1. Прымусовая канфіскацыя ў буржуазіі ўсіх сродкаў вытворчасці ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі. І, бачачы, як цяпер ужо капіталізм невераемна затрымлівае гэтае развіццё, як многае можна было б рушыць уперад на базе сучаснай, ужо дасягнутай, тэхнікі, мы маем права з паўнейшай упэўненасцю сказаць, што экспрапрыяцыя капіталістаў непазбежна дасць гіганцкае развіццё прадукцыйных сіл чалавечага грамадства. Ленін.
2. Пазбаўленне ўласнасці і былога сацыяльная становішча аднаго класа другім. Экспрапрыяцыя экспрапрыятараў.
[Фр. exproprpiation ад лац. ex — з і proprius — уласны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспрэ́с, ‑а, м.
Поезд, параход, аўтобус і пад., які ідзе з найбольшай скорасцю і робіць прыпынкі толькі на галоўных станцыях. Вёскі, што спакон веку жылі сярод вады і лесу, нават цяпер, у часы.. аўтобусных экспрэсаў, не развучыліся цаніць падарожжа па рацэ. Карамазаў. Пасажыры прыгараднага цягніка — публіка самая мітуслівая. Гэта не тыя салідныя грамадзяне з транзітных экспрэсаў, якія доўга ехалі і якім няма куды і за чым гнацца. Кірэенка.
[Англ. express з лац.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзялі́ць, дзялю, дзеліш, дзеліць; незак., каго-што.
1. Раз’ядноўваць на часткі, размяркоўваць па частках. Дзяліць каравай. Дзяліць маёмасць. □ Зямлю вырашылі на сходзе дзяліць ранняй вясной. Пальчэўскі. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. // Размяжоўваць, аддзяляць. Дзяліць сыноў. □ Шчыльная агаро[дж]а .. дзеліць двор на дзве часткі. Чорны. Цяпер ехалі палявой дарогай, якая дзяліла два палеткі. Чарнышэвіч.
2. з кім. Даваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; сумесна карыстацца чым‑н. Са мною дзеліць Сойц сухар апошні. Зарыцкі. — Што я зрабіў табе? Душа ў душу жылі. Хлеб-соль дзялілі... Шамякін. // перан. Сумесна перажываць, зведваць (якое‑н. пачуццё і пад.). Шэсць год .. жывуць [Сяргей з Марыляй] разам, душа ў душу, дзеляць паміж сабою гора і радасць папалам. Нікановіч. Я сам адчуваў, што цяпер не ўсе свае думы дзяліў з табою. Скрыган.
3. Рабіць дзяленне (у 2 знач.). Шэсць дзяліць на тры.
•••
Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя — размяркоўваць прыбытак у справе, якая яшчэ не зроблена.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злажы́цца, злажуся, зложышся, зложыцца; зак.
1. Даць грошы на якую‑н. агульную справу (пра ўсіх, многіх); скласціся (у 6 знач.). — Таварыш кантралёр! — рэзка падняў руку пасажыр у капелюшы, у добрым лёгкім паліто.. — Колькі з гэтай жанчыны патрэбна?.. Я плачу за яе, ці мы .. усе пасажыры зложымся. Скрыган.
2. Прыняць адпаведную позу для стральбы па цэлі. Сяргей злажыўся і стрэліў, фанера з малюнкамі перавярнулася дагары нагамі. Гурскі.
3. Разм. Набыць навыкі, спрыт у выкананні якой‑н. работы. — Я шафёр.. У салдатах злажыўся і правы цяпер маю. Думаю на базе з пад’ёмнага крана за руль сесці. Пташнікаў. Як падымалі, трывожылі думку і некуды звалі.. кніжкі! І можа ад тых кніжак я сам злажыўся пісаць... Скрыган.
4. Атрымацца ў працэсе творчасці. Я падслухаю Гэты шум лістоў, А з іх гутаркі Песня зложыцца. Колас. // Узнікнуць, з’явіцца (пра погляды, думкі і пад.). У яго галаве злажыліся выразныя думкі наконт знойдзенага кавалка жалеза. Гартны.
5. Арганізавацца, стварыцца. — Цяпер я зноў у Загор’і. У нас тут злажыўся краязнаўчы гурток. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.
1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.
2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.
3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прабыць які‑н. час, трымаючыся за што‑н. Пратрымацца за поручні.
2. Захавацца, не змяніцца на працягу якога‑н. часу. Вось пратрымалася сухмень дзён дзесяць, і лісце на бярозцы пачало жаўцець. Гаўрылкін.
3. Не адступіць, не здацца, утрымаць пазіцыі на працягу якога‑н. часу. Пратрымацца на ўмацаванай пазіцыі. □ Злучэнне пратрымалася да прыцемак. М. Ткачоў.
4. Вытрымаць, устаяць (перад якімі‑н. цяжкасцямі) на працягу якога‑н. часу, да якога‑н. тэрміну. «Яшчэ, яшчэ пратрымацца!» — загадала сама сабе дзяўчынка і чакала, калі ёй стане цёпла. Бураўкін. // Разм. Пражыць. — Жыццё цяпер не тое, дый ты яшчэ, можа, не адзін год пратрымаешся, калі даглядаць. Лупсякоў. Мушу я цяпер прызнацца, Што хацеў бы пратрымацца І яшчэ гадоў дзесятак Ці другі, на добры лад. Гілевіч. // Прабыць дзе‑н., захаваць за сабой месца на працягу якога‑н. часу. Загады, якія .. [Глушко] аддае, правільныя, бо калі б было інакш, то на пасадзе майстра ён не пратрымаўся б і дня. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
студзі́ць, студжу, студзіш, студзіць; незак., што.
1. Рабіць халодным, дзьмучы на гарачую страву. Усе пафукваюць ды студзяць І верашчаку тую вудзяць І толькі чаўкаюць губамі Ды зрэдку скрыгаюць зубамі. Колас. Драбок снедае. Есць ён па-старамоднаму: кусае хлеба, жуе, чэрпае лыжкай поліўку, але да рота лыжку адразу не падносіць, а кладзе на лусту хлеба і зацята студзіць. Навуменка. // Дзьмуць, фукаць на больку. [Дзядзька Мікалай] нізка нагнуўся і пачаў студзіць рану. Ставер.
2. Халадзіць, марозіць. Холад студзіць ногі, падбіраецца да спіны. Асіпенка. Раса апала. Ядраная, празрыстая, яна толькі дзе-нідзе холадна паблісквала ў лапушыстых лісцях малачаю ды студзіла, мачыла ногі ў густых зарасніках алешніку і крушыны. Сачанка. // Астуджваць, выпускаючы цяпло. [Вулька:] — Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. Лынькоў. // перан. Прыводзіць да стану здранцвення. А непадалёку ад школы .. [Шпак] убачыў на тоўстых суках ліпы двух павешаных дзядоў, якіх фашысты палічылі партызанамі і цяпер цешыліся сваёй перамогай. Усё гэта адразу зразумеў Шпак, і ўсё гэта цяпер студзіла ў яго жылах кроў. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дапато́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі даўні, старажытны, які быццам бы існаваў яшчэ да міфічнага біблейскага патопу. Насельнікамі.. лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адна частка дайшла да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другая частка значна змянілася, а трэцяя зусім знікла, і іх цяпер называюць «дапатопнымі». Маўр.
2. Разм. жарт. і іран. Які выйшаў з ужытку; устарэлы, старамодны. Дапатопныя уяўленні. □ Па новых вуліцах спяшаецца трамвай, І зніклі здані дапатопнай копкі. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́мурзацца, ‑мурзаюся, ‑мурзаешся, ‑мурзаецца; зак.
Разм. Вымазацца, запэцкацца ў што‑н. (звычайна пра твар). Цяпер з яго нельга і вока спусціць: то ён [Вадзімка] не туды затэпае, то ў якую гразь ўлезе і гэтак вымурзаецца, што страх глядзець і трэба грэць на сонцы ваду і мыць. Сабаленка. Усе агрэхі трэба выправіць растворам. А калі кельмы ў руках трымаць не ўмееш? І вымурзаешся ўвесь, і настрой сапсуеш сабе і людзям, і заробіш курам на соль. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)