Збо́жжа ’хлебныя расліны, зерне’. Рус. зах., паўд., бранск. сбожье, збожье ’тс’, укр. збіжжя ’тс’, ’маёмасць’, польск. zboże ’збожжа’, в.-луж. zbožo, н.-луж. zbóžo ’шчасце, дабрабыт’, чэш. zboží ’тавар, маёмасць’, дыял. ’збожжа’, славац. zbožie ’збожжа’. Ст.-бел. збоже (Александрыя). Ст.-укр. збожє (XV ст.). Паўн.-слав. sъbožьje параўноўваюць са ст.-інд. subhágas ’які прыносіць шчасце’, авест. hubaɣa ’шчаслівы’. Фасмер, 2, 84–85. Брукнер (647) лічыць, што ўкр. < польск., паколькі толькі ў польск.зах.-слав.) значэнне агульнага багацця перайшло на с.-г. тавары. Улічваючы, што ва ўкр. вядома значэнне ’маёмасць’, адно з агульных для іншых слав. моў, наўрад ці абавязкова ўкр., бел. і дыял. рус., запазычаныя з польск., тым больш што слова фіксуецца яшчэ ў XV ст., хаця, паводле Брукнера, земляробчае значэнне ў польск. з XVI ст. Таму прасл. дыял. sъbožьje, паводле Махэка₂ (712), адцягнены назоўнік ад прыметніка sъbogъ, што дакладна адпавядае прыведзеным паралелям са ст.-інд., авест. Гл. бог, убогі (як антонім). Пра ст.-бел. збоже гл. Шадурскі, дыс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераваро́т ’рэзкі паварот, змены ў развіцці, ходзе чаго-небудзь’ (Яруш., ТСБМ), ’заварот кішок’ (даўг., Сл. ПЗБ; метрык., Мат. Гом.). Да прасл. *per‑vortъ, якое з *per‑vortiti ’перавярнуць’: ст.-рус. переворотити ’павярнуць у іншы бок; даць справе іншы ход’, польск. przewrócić ’перакінуць; перавярнуць, папераварочваць’, ст.-чэш. přěvrátiti ’перавярнуць, знішчыць, звесці, змяніць, падавіць’, серб.-харв. превра́тити ’перавярнуць’, славен. prevráčati ’перакідваць, пераварочваць, перакульвацца’, балг. превръ́щам ’пераўтвараць, пераварочваць, перарабляць’, ст.-слав. прѣвратити ’пераўтварыць’; параўн. лац. pervertere ’перакульваць, псаваць, перакручваць, скажаць’, гоц. frawardjan ’псаваць’, ст.-в.-ням. farwarttan, far‑werten, ст.-англ. for‑weorþan, ст.-сакс. far‑werdan ’знікаць’, ’псавацца’ — словаўтваральна-семантычны паралелізм. З іншых і.-е. адпаведнікаў прасл. *vьrtiti < *vertiti (якое не захавалася) можна адзначыць ст.-інд. vartatē, літ. ver̃sti ’пераварочваць, перакульваць, пераўтвараць адно ў іншае’ (Трубачоў, Проспект, 71). Лексема пераварот ’гвалтоўная змена манарха’ (ТСБМ) — калька (XVIII ст.) з франц. révolution ’тс’ < лац. revolūtio ’адкат, кругаварот’ — праз польск. ці рус. мовы (Фасмер, 3, 236). Сюды ж піраваро́тнік ’чалавек, што добраахвотна ці па прымусу прыняў іншую веру’ (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Трапіць, пацэліць. Акцызнік раптам стаў, спяшаючыся, апранацца. Соваў рукі ў рукавы кашулі і ніяк не мог лучыць. Пташнікаў. — Што на .. [сівецкіх гаспадароў] глядзець? Яны раздураныя, яны адно глядзяць, каб як лучыць на лёгкі хлеб. Зарэцкі.

лучы́ць, лучу́, лу́чыш, лу́чыць; незак., каго-што.

Разм. Злучаць, яднаць. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуццё таварыскай блізкасці. Гартны. Ва ўсім цывілізаваным свеце родная мова ёсць асноваю, якая лучыць усе прадметы школьнага курса, якая праходзіць праз усе яго часткі. Шырма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́зці, звязу, звязеш, звязе; звязём, звезяце; пр. звёз, звезла і звязла, звезла і звязло; зак., каго-што.

1. Возячы, даставіць у адно месца (многае, многіх); пазвозіць. Звезці каменне ў кучу. Звезці сена ў стог.

2. Забраўшы, адвезці куды‑н.; перавезці. Мяшкоў не хапала, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч.

3. Везучы, перамясціць зверху ўніз. Звезці бярвенне з гары ў нізіну.

4. Едучы, узяць з сабою; адвезці куды‑н. «Чаму гэта мне нічога не сказалі пра ордэры? Звезлі на рыбу, каб усё прапала», — трывожачыся, падумаў Андрэй. Шахавец. — Пагранічнік Кузьма дэмабілізаваўся і, едучы працаваць у Мінск, звёз з Брэстчыны маладзенькую чарнявую настаўніцу Марыну. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абраць.

2. у знач. прым. Які мае законныя паўнамоцтвы, правы. І вось вам яны, партызаны, І тайны хаўрус, І ён, камандзір ваш абраны, Кандрат Белавус. Колас.

3. у знач. прым. Які да спадобы, пад густ; любімы. Было адно такое абранае месца, куды.. [Лабановіч] звычайна і хадзіў, калі хацелася пабыць аднаму. Колас.

4. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, хто карыстаецца ўсімі правамі і дабротамі жыцця; прадстаўнік эксплуататарскага класа. Была тут [на Балканах] воля для абраных, Для неабраных — ланцугі. Калачынскі.

5. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, каго выбіраюць для душы; каханы. Звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́чышча, ‑а, н.

1. Паглыбленне на паверхні зямлі, па якім цячэ рака. За манастырскімі садамі рака зноў зліваецца ў адно рэчышча, утвараючы вялікі, выцягнуты востраў. Лобан. [Свіслач] выходзіла з берагоў, заліваючы ўсе нізкія мясціны ўздоўж рэчышча. Лужанін. Летам такія рэчкі перасыхаюць, і тады мясцовыя жыхары нярэдка ходзяць і ездзяць па сухіх камяністых рэчышчах, як па дарогах. В. Вольскі.

2. перан. Напрамак, шлях, па якім ідзе развіцця чаго‑н. [Жэні] вельмі пасуе роля гаспадыні: умее запрашаць, камандаваць хлопцамі, накіраваць гаворку ў патрэбнае рэчышча. Навуменка. У рэчышчы асноўных заканамернасцей развіцця новай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся творы М. Багдановіча па пытаннях эстэтыкі. Лойка. У рэчышчы рамантычных традыцый развівалася таксама творчасць Міхася Сеўрука. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак., з кім-чым.

1. Пакласці канец сварцы, варожасці паміж сабой і кім‑н. Валя, як мы пераехалі, сама варыла абеды, наогул яна ўсё рабіла сама, каб неяк прымірыцца з маці. Гаўрылкін. Успаміны крыху размякчалі Максіма Сцяпанавіча, ён лагаднеў, але непрыязнасць да пасынка не давала яму зусім прымірыцца з жонкай, і яны дзьмуліся адно на аднаго. Карпаў.

2. Памяркоўна аднесціся да чаго‑н.; звыкнуцца з чым‑н. На першым пачатку Вера нібы прымірылася з тым, што мары яе стаць урачом не здзейсніліся. Дуброўскі. Бацькі хутка прымірыліся з тым, што хлапец астаўся ў калгасе: нахлебнікам у сям’і ён больш не быў. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́дчык, ‑а, м.

1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам.

2. Агент разведкі (у 4 знач.). Як і трэба было чакаць, факір аказаўся разведчыкам адной з вялікіх дзяржаў. Мікуліч.

3. Спецыяліст па разведцы нетраў, па пошуках карысных выкапняў. Разведчыкі выявілі багатыя нафтавыя паклады. // перан. Пра першаадкрывальніка, заснавальніка чаго‑н. Разведчыкі космасу. □ Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.

1. Аддзяліць адно ад другога; раз’яднаць, раскрыць што‑н. самкнутае, сашчэпленае. Разняць пальцы. Разняць павекі. □ Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. — Мам, паглядзі, што я знайшоў, — урачыста паведаміў.. [Юрка] і разняў кулачок, у якім была заціснута божая кароўка. Карпаў.

2. Развесці ў бакі тых, хто б’ецца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. П’яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Брыль.

3. Раз’яднаць, разабраць на часткі. [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўнава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Стан спакою, у якім знаходзіцца цела пад уздзеяннем роўных, процілегла накіраваных сіл. Устойлівая раўнавага. Няўстойлівая раўнавага. □ Галінка загойдалася. І, каб утрымацца, захаваць раўнавагу, сарока замахала крыламі. Лынькоў.

2. Устойлівае становішча, устойлівасць. У галаве страшэнна шумела, і .. [Сяргей] баяўся падымацца, каб часам не страціць раўнавагу. Шамякін.

3. перан. Устойлівыя суадносіны паміж чым‑н.; ураўнаважванне адно другім. Раўнавага сіл.

4. перан. Спакой, нармальны стан духоўнага і маральнага жыцця. Вывесці з раўнавагі. □ За два гады Таня павольна прызвычаілася да свайго становішча, асвоілася з горкім лёсам саламянай ўдавы, пабыла жыццёвую раўнавагу. Машара. Ганна напружыла ўсе свае сілы, каб захаваць спакой і раўнавагу. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)