Гада́ць ’гаварыць, расказваць’ (Нас.), га́даць ’пляткарыць’ (КЭС). Рус. дыял. (смал.) гада́ть ’гаварыць’, укр. дыял. (лем.) гада́ти ’гаварыць, размаўляць’ (гл. Рудніцкі, 522, 781). Запазычанне з польск. gadać ’тс’ (а гэта да прасл. *gadati, гл. Слаўскі, 247–248). Толькі ў польск. мове, калі не лічыць славен. дыял. gadati ’балбатаць, плявузгае’, слав. *gadati атрымала значэнне ’размаўляць, гаварыць’ (з XV ст.). Можна ставіць пытанне: ці бел. гада́ны ’гавораны, казаны’ (Нас.), якое Насовіч (там жа) выводзіць ад гада́ць, не адлюстроўвае непасрэдна польск. gadany (ад gadać)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбу́з ’гарбуз’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. гарбу́з ’тс’, рус. арбу́з, гарбу́з ’кавун’, гарбу́з ’гарбуз’, польск. harbuz, arbuz ’кавун’, серб.-харв. ка́рпуза, балг. карпу́з ’кавун’. Запазычанне з усх. моў. У аснове ляжыць кыпч. χarbuz (параўн. тур., крым.-тат. karpuz), якое паходзіць з перс. χarbūza. Фасмер, 1, 83–84. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 403; Брукнер, 168. Аб двух храналагічна розных запазычаннях гэтага слова ў польск. мове гл. у Слаўскага, там жа. Адносна лексемы гарбу́з як назвы стравы гл. Сцяц. Нар., 41.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарнаста́й ’гарнастай’ (БРС, Бяльк.). Рус. горноста́й, горнаста́ль, горноста́рь, укр. горноста́й, польск. gronostaj, чэш. hranostaj, дыял. hramostýl, славен. gránoselj і г. д. (агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 48). Прасл. форма дакладна невядома, можна зыходзіць з *gornostalь, *gornostajь. Агляд версій гл. у Фасмера, 1, 442–443; Слаўскага, 1, 351–352; Трубачова, там жа. Здаецца, што гэта ўсё ж запазычанне са ст.-н.-ням. (ст.-саксон.). Гл. меркаванні Слаўскага (там жа, з ацэнкай версій) і Трубачова (апошні вельмі станоўча выказваецца за запазычанне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаспада́р ’гаспадар, уладальнік, уласнік’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., МГ, Сл. паўн.-зах.). Слова прасл. паходжання; параўн. ст.-рус. господарь, укр. господа́рь, господа́р, польск. gospodarz, чэш. hospodář, балг. господа́р, серб.-харв. госпо̀дар, прасл. *gospodarь (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 7, 59). Трубачоў (раней Ваян, Gram. comp., IV, 317) выводзіць *gospodarь ад *gospoda ’дом, гаспадарства і г. д.’ (па паходжанню зборны назоўнік ад *gospodь; гл. Трубачоў, там жа, 58–62). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 446; Слаўскі, 1, 324–325.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаі́ць (БРС, Шат., Касп., Гарэц., Шпіл.). Укр. го́їти ’тс’, рус. го́ить ’даглядаць, адкормліваць’, польск. goić, чэш. hojiti, балг. гоя́ ’адкормліваць’, серб.-харв. го̀јити, славен. gojíti, і г. д. Прасл. gojiti, gajǫ. Лічыцца звязаным з *žiti, авест. gaya ’жыццё, час жыцця’, літ. gajùs ’той, што лёгка вылечвае’ і да т. п.; гл. Фасмер, 1, 427 (там і літ-pa). Іншую версію падтрымлівае Талстой (Геогр., 55): бел. гаі́ць звязана з серб.-харв. га́јити ’вырошчваць, даглядаць’, польск. gaić, чэш. hájiti і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гла́дкі ’гладкі’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк.). Рус. гла́дкий, укр. гла́дкий, польск. gładki, чэш. hladký, серб.-харв. гла̏дак, ст.-слав. гладъкъ ’тс’. Прасл. *gladъ‑kъ, прыметнік з асновай на ‑ŭ і суфіксам ‑kъ (у якім бачаць элемент з дэмінутыўным значэннем). Роднасныя формы: літ. glodùs, ст.-в.-ням. glat (ням. glatt) ’тс’, лац. glaber ’без валос, лысы’ (*ghlədh‑ro‑). Агляд форм гл. у Слаўскага, 1, 287. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 409; Траўтман, 90–91; Бернекер, 1, 300. Сюды і гладю́чы ’сыты, мажны’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гне́сці ’давіць, ціснуць’. Слова прасл. характару; адносіцца да вялікага сямейства слоў, якія маюць значэнне ’ціснуць, душыць, мясіць і да т. п.’ Параўн. рус. гнести́, укр. гне́сти, чэш. hnísti, польск. gnieść, балг. гнетя́, макед. гнете, серб.-харв. гњѐсти, славен. gnésti, ст.-слав. гнести. Прасл. *gnesti. Роднасныя формы выключна ў герм. мовах. Параўн. ст.-в.-ням. knetan, с.-н.-ням. kneden ’мясіць, мяць’, ст.-англ. cnedan, англ. to knead. Гл. Фасмер, 1, 421; Траўтман, 93; Бернекер, 1, 311–312; Трубачоў, Эт. сл., 6, 165–166.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гні́да ’гніда’ (БРС, Касп., Шат.). Рус. гни́да, укр. гни́да, польск. gnida, чэш. hnida, серб.-харв. гњи̏да, балг. гни́да і г. д. Прасл. *gnida ’тс’. Роднаснымі лічацца літ. glìnda, лат. gnida, ст.-ісл. gnit і г. д. Фасмер, 1, 421; Слаўскі, 1, 303; Брукнер, 147; вельмі падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 6, 173–174 (дзе дэталёва аналізуецца складаная праблематыка). Звычайна звязвалі гэта слова ў слав. мовах з слав. дзеясловам *gniti ’гнісці’ (агляд гл. у Фасмера і Трубачова), але праблематыка тут больш складаная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мільга́ць, мельга́ць, мілька́ць, мільгаце́ць ’паказвацца на кароткі час і знікаць’, ’хутка праносіцца адно за адным’, ’свяціць коратка, бліскаць’ (ТСБМ, Нас., Шат.), мелькану́ць, мількану́ць ’мільгануць’ (Нас., Яруш., Бяльк.), мі́льгацца ’мітусіцца’ (Жд. 1). Укр. мелька́ти, рус. мелька́ть (а таксама новасіб. мельга́вка ’малёк’, разан. мельгу́н, мельгу́ша ’той, хто падміргвае’, ’гарэза’. Відавочна, балтызм. Параўн. літ. mérkti ’жмурыцца’. Мена r/l — магчымая ў балт. мовах (напр. mìrkterėti і mírtelėti ’заморгаць хутка, вочы заплюшчыць і расплюшчыць’. Азванчэнне к > г адбылося пад уплывам семантычна блізкай лексемы міргаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нага́льны ’напорысты’, ’тэрміновы’, ’праліўны (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), укр. нагальний ’спешны’, ’раптоўны’, ’бурны, парывісты’. Відаць, можа быць звязана з *naglъ (гл. наглы), якое мае ўсе пералічаныя значэнні. Магчыма, сюды ж і рус. нагал ’заклік, вокліч ці песня ў такт працы’, якое Фасмер (3, 35) выводзіць з гилить ’смяяцца, насміхацца’ і якому ў сваю чаргу адпавядае укр. голити ’прыспешваць, паганяць’ (Брукнер, 133), серб.-харв. галити ’жадаць, прагнуць’ і інш., гл. галіцца (дзе дапускаецца супадзенне ў корані *gal‑ розных па паходжанню лексем).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)