я́мачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да яма (у 1 знач.), ямка.

2. Невялікая ўпадзіна на шчацэ, падбародку і пад. У Зосі вочы крыху расплюшчаны, на шчоках ямачкі, на вуснах здзіўленая ўсмешка. Хомчанка. Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыццё, -я́, н.

1. Сукупнасць з’яў, якія адбываюцца ў арганізмах, асобая форма існавання і руху матэрыі, якая ўзнікла на пэўным этапе яе развіцця.

Узнікненне жыцця на Зямлі.

Ж. раслін.

Законы жыцця.

2. Фізіялагічнае існаванне чалавека, раслін, усяго жывога ад зараджэння да смерці.

Ж. — бясцэнны дар.

3. Час такога існавання ад яго ўзнікнення да канца, а таксама ў які-н. яго перыяд.

Кароткае ж.

Пад канец жыцця.

Ж. пражыць — не поле перайсці (прыказка).

4. Дзейнасць грамадства і чалавека ў розных праявах.

Грамадскае ж.

Вясковае ж.

5. Навакольная рэчаіснасць.

Сувязь навукі з жыццём.

Правесці прапанову ў ж.

6. Ажыўленне, праяўленне дзейнасці, энергіі.

На вуліцы чулася ж.

◊

Аддаць жыццё за каго-, што-н. — памерці, ахвяраваць сабой.

Даць жыццё каму-н. — нарадзіць каго-н. (высок.).

Кончыць жыццё — памерці.

Не ад добрага жыцця — з гора, з бяды, не па сваёй ахвоце.

Не на жыццё, а на смерць — не шкадуючы жыцця.

Паміж жыццём і смерцю — знаходзіцца ў вельмі небяспечным стане.

Паплаціцца жыццём — загінуць.

Пуцёўка ў жыццё — веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю.

Пытанне жыцця або смерці — пра што-н. вельмі важнае, рашаючае.

|| прым. жыццёвы, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

наве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; навёў, -вяла́, -ло́; навядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго. Прывесці ў вялікай колькасці.

Н. людзей у клуб.

2. каго (што) на каго (што). Ведучы, прывесці, вывесці куды-н.

Н. на след.

3. што. Накіраваць, нацэліць што-н. у бок каго-, чаго-н.

Н. бінокль.

Н. гармату.

4. перан., каго на што. Накіраваць (на думку, размову, сумненне і пад.); садзейнічаць з’яўленню (думкі, сумнення і пад.).

Н. на шчырую размову.

5. перан., што. Прывесці што-н. да пэўнага стану, надаць адпаведны выгляд.

Н. бляск.

Н. парадак.

6. што. Пабудаваць (пра мост, пераправу).

Н. мост.

7. што. Зрабіць інструмент прыгодным для карыстання.

Н. брытву.

Н. музычны інструмент.

8. каго. Нарадзіць, напладзіць у нейкай колькасці (разм.).

Н. дзяцей поўную хату.

9. каго. Быць наводчыкам, садзейнічаць крадзяжу чаго-н.

Н. злодзея.

◊

Навесці на розум — даць разумную параду, навучыць чаму-н. добраму.

|| незак. наво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. навядзе́нне, -я, н. (да 3, 5 і 6 знач.) і наво́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 3, 6 і 7 знач.).

Навядзенне бляску.

Навядзенне мастоў (таксама перан.: устанаўленне сувязей, кантактаў; кніжн.).

|| прым. навадны́, -а́я, -о́е (да 6 знач. у некаторых спалучэннях).

Н. мост.

Навадная пераправа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

не́сці¹, нясу́, нясе́ш, нясе́; нясём, несяце́, нясу́ць; нёс, не́сла і нясла́, не́сла і нясло́; нясі́; не́сены; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды-н.

Н. чамадан.

2. каго-што і без дап. Імкліва рухаць, перамяшчаць сілай свайго руху.

Вецер нясе па небе хмары.

3. каго-што (толькі ў 3 ас.). Прымушаць каго-н. ісці куды-н.; цягнуць (разм.).

Куды цябе нясе?

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.).

Ад акна несла (безас.) холадам.

5. пераважна безас. Моцна пахнуць (у 1 знач.).

Нясе гарам.

6. перан., што. Выконваць якія-н. даручэнні, абавязкі па службе і пад.

Н. адказнасць.

Н. ахову.

Н. вахту.

7. перан., што. Пакутаваць ад чаго-н.; мець страты.

Н. пакаранне.

Н. страты.

8. перан., што. Гаварыць што-н. недарэчнае, бязглуздае (разм.).

9. перан., што. Мець, змяшчаць у сабе; быць носьбітам чаго-н.

Н. радасць людзям.

10. што. Быць аснашчаным чым-н.

Карабель нясе шэсць гармат.

|| зак. пане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла і -нясла́, -не́сла і -нясло́; -не́сены.

П. кару.

П. страты.

|| наз. нясе́нне, -я, н. (да 6 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спусці́ць, спушчу́, спу́сціш, спу́сціць; спу́шчаны; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз.

С. вяроўку.

С. бульбу ў склеп.

2. што. Паставіць на ваду (пра судна).

С. новы карабель.

3. каго-што. Пусціць, вызваліўшы ад прывязі.

С. сабаку з ланцуга.

4. што. Пераслаць, накіраваць што-н. у ніжэйшую арганізацыю.

С. распараджэнне.

С. план.

5. што. Выпусціць пару, вадкасць і пад. адкуль-н.

С. пару з катла.

С. ваду з радыятара.

6. што. Вызваліць (якую-н. ёмістасць) ад вадкасці, газу і пад.

С. балон.

С. камеру мяча.

7. што і без дап. Палягчэць у вазе (разм.).

С. кілаграмаў пяць.

8. што. Вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў).

С. курок.

9. што. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва; разм.).

С. дзве бярозы.

10. перан., каго-што. Поўнасцю збыць, прадаць.

С. гаспадарку.

С. грошы (зрасходаваць).

11. што і без дап. Збавіць цану.

С. колькі рублёў.

12. перан., што і без дап. Пакінуць без пакарання які-н. учынак.

Гэтай правіннасці нельга с.

◊

Спусціць з вока каго (разм.) — перастаць назіраць, сачыць за кім-н.

Спусціць юху (разм.) — разбіць нос да крыві.

|| незак. спуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. спуска́нне, -я, н. (да 1—8 знач.) і спуск, -у, м. (да 1—3, 9, 10 і 12 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чыта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; чы́таны; незак.

1. што і без дап. Адрозніваць і спалучаць літары ў словы, успрымаць што-н. напісанае, надрукаванае літарамі; вымаўляць для тых, хто слухае, што-н. напісанае, надрукаванае.

Ч. па складах.

Бегла ч.

Ч. унукам казку.

2. каго-што і без дап. Знаёміцца са зместам чаго-н. напісанага або надрукаванага (з якім-н. творам, аўтарам і пад.); атрымліваць звесткі з кніг, часопісаў і інш.

Ч. аповесці Васіля Быкава.

Ч. энцыклапедыю.

Хлопчык многа чытае.

3. што. Разумець, разбірацца ў якіх-н. знаках, абазначэннях.

Ч. ноты.

Ч. чарцяжы.

4. што і без дап. Па знешніх прыкметах распазнаваць, угадваць што-н. (перажыванні, думкі і пад.).

Ч. чужыя думкі.

Ён чытаў у яе вачах страх.

5. што. Пераказваць які-н. тэкст на памяць.

Ч. на памяць байкі.

6. што. Выкладаць вусна перад аўдыторыяй.

Ч. лекцыі.

◊

Чытаць мараль (натацыі, павучанні) — гаварыць з кім-н. строгім тонам, робячы вымову, дакараючы за што-н.

|| зак. прачыта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -чы́таны.

|| наз. чыта́нне, -я, н., чы́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж. (да 1—3 знач.) і прачыта́нне, -я, н. (да 1, 2, 5 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ла́зіць, ла́жу, ла́зіш, ла́зіць; незак.

1. Чапляючыся за што-н., узбірацца на што-н. або апускацца ўніз.

Л. па дрэвах.

2. Пранікаць куды-н. паўзком, сагнуўшыся.

Л. пад стол.

3. Уваходзіць у што-н. вадкае.

Л. у ваду.

4. Забірацца праз што-н. унутр.

Л. у хату праз вокны.

5. Прабірацца куды-н. скрытна, крадучыся.

Л. у чужы сад.

6. Забірацца рукой у што-н., шукаць, намацваць.

Л. у куфры.

7. перан. Хадзіць, снаваць дзе-н. (разм.).

Л. па загонах.

◊

Лазіць па кішэнях — займацца кішэнным крадзяжом.

|| наз. ла́зенне, -я, н. і ла́жанне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

заве́сціся, -вяду́ся, -вядзе́шся, -вядзе́цца; -вядзёмся, -ведзяце́ся, -вяду́цца; -вядзі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць вадзіцца, зрабіцца наяўным.

Завялося знаёмства.

Грошы завяліся.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, распладзіцца.

У садзе завяліся шкоднікі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць дзейнічаць, будучы заведзеным (гл. завесці ў 7 знач.).

Гадзіннік завёўся.

Матор не завёўся.

4. Пачаць спрэчку, бойку і пад. з кім-н. (разм.).

З. сварыцца з кім-н. Ужо завёўся на паўдня (перан.: гаварыць надта доўга і бесперастанку).

|| незак. заво́дзіцца, -во́джуся, -во́дзішся, -во́дзіцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

закры́ць, -ы́ю, -ы́еш, -ы́е; -ы́ты; зак.

1. каго-што. Накрыць, прыкрыць чым-н.

З. коўдрай.

З. твар рукамі.

2. што. Скласці, самкнуць што-н. раскрытае.

З. парасон.

З. кнігу.

З. вочы.

3. што. Загарадзіць, перагарадзіць (уваход, выхад і пад.), спыніць доступ куды-н.

З. уваход.

З. граніцу.

4. што. Спыніць, пакласці канец правядзенню, дзеянню, дзейнасці чаго-н.

З. сход.

З. прадпрыемства.

З. гандаль.

|| незак. закрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| звар. закры́цца, -ы́юся, -ы́ешся, -ы́ецца (да 1 і 4 знач.); незак. закрыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. закрыццё, -я́, н. (да 3 і 4 знач.).

З. сезона.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

замацава́ць, -цу́ю, -цу́еш, -цу́е; -цу́й; -цава́ны; зак.

1. што. Зрабіць нерухомым, устойлівым (прывязаўшы, прыбіўшы і пад.).

З. канат.

З. дэталь на станку.

2. перан., што. Зрабіць трывалым, устойлівым.

З. веды.

З. дасягненні.

3. што. Апрацаваць замацавальнікам (спец.).

З. фотаздымак.

4. каго-што за кім-чым. Забяспечыць чые-н. правы, уладу на каго-, што-н., устанавіць якія-н. абавязкі.

З. зямлю за сялянамі.

З. за групай кансультанта.

|| незак. замацо́ўваць, -аю, -аеш, -ае; наз. замацо́ўванне, -я, н.

|| наз. замацава́нне, -я, н.

|| прым. замацава́льны, -ая, -ае (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)