Перабілі́ндаваць (неадабр.) ’перагаварыць аб усім’ (воран., Сцяшк. Сл.). Відаць, балтызм. Параўн. літ. bylà ’размова’, ’маўленне’. Магчыма, гэта кантамінаванае ўтварэнне ад bylà і bìldinti ’грукатаць, грукаць’, параўн. рус. натрепа́ться ’нагаварыцца’, бел. наля́скаць (языком).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пералажы́ць ’заперці (дзверы)’ (лід., Сл. ПЗБ). Фармальна да пера- і лажы́ць (гл.), аднак семантычна падобна да літ. užkélti ’замкнуць, зачыніць (вароты)’, у якім kélti мае (побач з іншымі) значэнне ’перамяшчаць; пераводзіць, пераносіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пратаўчы́ ’заскварыць’ (воран., Сл. ПЗБ). Прэфіксны дэрыват ад таўчы́ з нявызначанай прыстаўкай пра-, звычайна за‑, параўн. затаўчы́ ’заправіць’; гл. яшчэ затаўка. У аснове слоў, відаць, літ. taukãi ’тлушч, сала’, параўн. тук (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пупуро́к ’пупышка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Магчыма, з літ. pupuras ’тс’ (там жа); параўн., аднак, рус. дыял. пупу́рушка ’буланчык’, пупу́рушек, пу́прушек ’прышчык’, што дапускае самастойнае фанетычнае развіццё памяншальнай формы ад пупыр (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ражґе́рыць ’расставіць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, прыставачнае ўтварэнне ад літ. žergti ’расстаўляць, растапырваць’, параўн. разжыге́рыцца ’расставіць ногі’ (ковен., Карскі); зрэшты, апошняе можа быць “звонкім” варыянтам да расшчакерыць ’тс’ (глыб., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скле́ндзіць ‘скрывіць, скруціць’ (ТС). Няясна. Параўн. польск. sklęczyć ‘сагнуць у дугу, скрывіць’, што аднак далёкае ў фармальных адносінах. Санько (Крыўя, 1996, 1, 92) выводзіць з літ. sklendė ‘засаўка; закрутка’, параўн. кленды (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуго́р 1 ’рыба, Anguilla’ (БРС). Рус. у́горь, ц.-слав. ѫгорищь (позняе), польск. węgorz, каш. wangorz, чэш. úhoř, славац. úhor, в.-луж., н.-луж. hugoŕ, серб.-харв. у̏гор, славен. ogór. Прасл. ǫgorь. Роднасныя: ст.-прус. angurgis ’вугор’, літ. ungurỹs ’тс’ (з *angurỹs). Лічаць, што вугор роднаснае вуж (гл.) і іншым словам таго ж кораня; параўн. літ. angìs ’вуж, змяя’, лац. anguis ’змяя’, anguilla ’вугор’, ст.-в.-ням. uns ’вуж’, ст.-ірл. esc‑ung ’вугор’ (літаральна ’вадзяная змяя’). У гэтым выпадку значэнне *ǫgorь ’падобны на змяю’ (Траўтман, 8; Шпехт, 31; Фасмер, 4, 146; Махэк₂, 667; Фрэнкель, 10). Адносна суфіксацыі параўн. ст.-в.-ням. angar, ням. Engerling, са грэч. ἴμβηρις (гл. Тапароў, Прус., 88).

Вуго́р 2 ’прышч (на скуры, целе)’ (БРС). Рус. у́горь, укр. вуго́р, род. скл. вугра́ ’тс’, польск. wągr, чэш. uher, славац. uhor, в.-луж. wuhra, н.-луж. hager, серб.-харв. у́грк ’чарвяк, лічынка’, балг. въгарец ’тс’, славен. ogŕc ’чарвяк, вугор, лічынка’. Прасл. *ǫgrъ роднаснае літ. ánkštara, усх.-літ. inkštìras ’фіна, лічынка’, ст.-в.-ням. angar ’хлебны чарвяк’, н.-в.-ням. Engerling ’лічынка’ хрушча’ (Траўтман, 8; Фасмер, 4, 146; Махэк₂, 666). Магчыма, што вугор 1, вугор 2 і вуж маюць агульнае паходжанне. Падрабязна гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клю́шня 1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšes ’клюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня 2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня 1.

Клю́шня 3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́сці ’прылада для палявання на рыб’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., КЭС, Янк. Мат.), восць ’тс’ (З жыцця); ’асцюкі’ (БРС, КТС), вось ’тс’ (Шатал.). Рус. ость ’тс’, польск. ość, чэш., славац. osť, н.-луж. wósć ’вастрыё, калючка, косць рыбы’, славен. ȏst ’тс’. Параўн. літ. akštís, akstìs ’драўляны ражон; палачка, на якую насаджваюць рыбу пры вэнджанні’, усх.-літ. akstyns ’калючка’, лат. aksts, грэч. ἀκοστή ’ячмень’, гоц. ahs ’колас’, лац. acus ’асцюкі, мякіна’ (Траўтман, 5; Буга, РФВ, 65, 305; Фасмер, 3, 167). Для параўнання гл. яшчэ асцюк.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаўжо 1 ’брудная ’бялізна’, ’лахманы’ (паст., Сл. паўн.-зах.). Да лоўж, якое кантамінавала з лайно (гл.).

Лаўжо 2 ’ваўчынае логава’ (глыб.), лаўжышна ’тс’ (паст.), ’лежыва’ (глыб., Сл. паўн.-зах.) генетычна звязаны з папярэднім лаўж; семантыка развівалася наступным чынам: ’куча галля’ → ’вялікая колькасць чаго-небудзь’ (раг. лоўж) → ’беспарадак’ (лаг. лоўжышча) → ’логава’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. таксама літ. laužymas ’бярлога’.

Лаўжо ’вузкая прадаўгаватая дошка, якой закрывалі бакавую адтуліну ў калодачным вуллі’ (барыс., Сл. паўн.-зах.). Генетычна звязана з літ. laužti ’ламаць’, laužymas ’ломка’ (першапачаткова ’ўломак, кавалак адламанай галіны’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)