Кальва́рыя ’гара, на якой стаяў ці стаіць касцёл, а таксама многа капліц вакол яе’ (вілен., мін., Яшк.), ’могілкі’ (мін., Яшк.). Слова, відаць, з польскага перыферыйнага дыялекта, у беларускай мове, як паказваюць крыніцы, распаўсюджання не атрымала. Польск. kalwaria ’цыкл малюнкаў або іншых вобразатвораў, якія адлюстроўваюць розныя сцэны мукі Хрыста; месца, дзе яны размешчаны’ з лац. calvāria, (Calvariae locus) назва гары. на якой Ісус Хрыстос быў пакараны на крыжы, а лац. да арамей. gulgoltā (Golgothē — Галгофа); суадносіцца з calva, calvus ’чэрап’, адносна семантыкі параўн. прыклад Дарашэўскага, 3, 484: Lysa Góra.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катафа́лк ’катафалк’ (ТСБМ, БРС). Рус. катафа́лк, укр. катафа́лк. Запазычанне з еўрапейскіх моў (але дэталі гісторыі слова досыць спрэчныя). Фасмер (2, 210) мяркуе, што рус. слова запазычана, магчыма, непасрэдна з франц. catafalque або італ. catafalco, але ne выключаецца і пасрэдніцтва ням. Katafalk (з XVIII ст.). Шанскі (2, К, 94) зыходзіць з магчымасці непасрэднага запазычання ў рус. мове з франц. або ням. Слаўскі (2, 99) лічыць, што крыніцай запазычання ў слав. мовах з’яўляецца італ. catafalco (аб магчымых мовах-пасрэдніках ён не згадвае, хоць аб прамым запазычанні з італ. ва ўсіх выпадках наўрад ці можна думаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аскаба́лак ’абыякава ці выпадкова адсечаны невялікі кавалак дрэва’, аскабо́лак (Янк. II), осокоба́лок (Лун.), аскабёл (Бяльк.); ад гэтага пераносныя значэнні пра чалавека (БРС), вялікую лусту хлеба (Бір. дыс.). Утворана паводле таго ж тыпу, што абломак, асушак, атопкі ад дзеяслова *аскабаліць (*оскобълити) і аскабёл — ад яго варыянта *аскабеліць (*оскобьлити). Гэтыя дзеясловы, паралельныя да рус. оскоблить, маюць другасныя (устаўныя) ъ, ь; яны ўтвораны ад назвы прылады скобля (магчыма, спачатку ўтвораны бяспрэфіксны дзеяслоў скоблити), што ўзыходзіць да і.-е. *(s)kobh‑ (Покарны, 930–931) і суфіксальнага ‑l‑ (Трубачоў, Ремесл. терм., 156). Супрун, Рэгіян. асабл. (Гомель) 68–69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́рва ’вісус, гультай’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Юрч.). Рус. маск. оторва, оторвиголова ’тс’. Параўн. сарвігалава; рус. сорванец, сорвиголова, укр. урвиголова, урвитель, зірвиголова. Паралелі шыбенік ’нягоднік’ (< ’павешаны’), укр. шибеник ’гультай’, польск. wisus, магчыма, рус. повеса з аналагічным пераасэнсаваннем даюць магчымасць прыняць як дапушчальнае этымалагічнае тлумачэнне Насовіча, 377: «нібы сарваўся з шыбеніцы». Магчыма і іначай: параўн. рус. сорваться с цепи, бел. дыял. сарвілаўшчына ’беднасць з-за ляноты’; рус. хоть голову оторви і інш. Так ці інакш аторва, сарвігалава адлюстроўваюць корань дзеяслова рв‑аць (гл.), у дадзеным выпадку з прэфіксам ато‑ (*otъ‑); утворана слова як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашаву́рак ’непаваротлівае і нецямкое дзіця’ (КЭС, лаг.), ’абармот, непаслухмяны (пра дзяцей)’ (нясвіж., Цыхун, вусн. паведамл.). Няясна, магчыма, ад ша́ваць ’слаба варушыць, шамацець’, параўн. ашамётак, з экспрэсіўным нарашчэннем ‑ур‑ (пераходная ступень (а)шава — (а)шавура як рус. кожа і кожура, параўн. таксама прозвішча Ша(в)ура). Менш верагодна па фанетычных і семантычных прычынах сувязь з рус. маск. ошвырок ’аполак, абрэзак’, укр. о́шварь, польск. oszwar ’тс’, параўн. аполак ’непатрэбны чалавек’, ці польск. гіст. abszaur ’таможанны чыноўнік, які калісьці па вёсках шукаў тытуню, прывезенага кантрабандай’ (з ням. Abschauer, Карл.). Параўн. ашвурак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Батлажка ’біклага’ (Сцяшк. МГ). Параўн. бакла́га і бікла́га. Незразумела, адкуль тут ‑т‑ (замест ‑к‑). Ці не лепш думаць пра рум. крыніцу слова (параўн. тлумачэнне ‑і‑ ў бікла́га)? Тады батла́жка < *батла́га < *бутла́га. Параўн. рум. butlagă ’бачонак’, bâtlag, bîtloagă, bătlag ’тс’. Як вядома, пра ўплыў рум. мовы на ўкр. формы тыпу баклаг(а), боклаг думаў Шалудзька, Rum., 126. Некаторае пацвярджэнне ўплыву рум. мовы на бел. ёсць: параўн. ‑і‑ ў форме біклага (гл.) і спалучэнне ‑тл‑ (замест ‑кл‑) у слове батла́жка. Але незразумелы шлях румынскіх уплываў. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ска ’накладка на твар, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным’, ’маскарадны касцюм’, ’прытворства’, ’скульптура твару чалавека або галавы жывёлы’, ’засцерагальнае прыстасаванне’, ’накладка з лекавага саставу’. З рус. ма́ска, а, магчыма, таксама і з польск. maska, у якіх праз франц. ці ням. мову з італ. maschera < ст.-італ. mascara, — апошняе з араб. maschara ’насмешка, кпіны’. Сюды ж маскава́ць ’маскіраваць’ (Др.-Падб.), якое з польск. maskować ’тс’, маскірава́ць ’надзяваць маску’, ’скрываць, прыкрываць што-небудзь, робячы яго непрыкметным’ (ТСБМ), успрынятае з рус. мовы; маскіра́нт ’той, хто ўмее замятаць сляды’ (віл., Нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы́за 1 ’мыса, морда жывёлы (каня, каровы, авечкі)’ (Мал., Дразд., Кліх, Булг.; навагр., Жыв. сл.; Шат., Сл. ПЗБ), ’мордачка малой жывёлы’ (Сцяшк.), ’твар’ (лях., Сл. ПЗБ). Да мыса (гл.).

Мы́за 2 ’сядзіба, хутар у Прыбалтыцы’, ’дача’, ’мястэчка’, ’маёнтак, вёска аднаго пана’ (ТСБМ; бых., маг., Яшк.). Яшчэ ст.-рус. мы́за ’сядзіба, хутар’ (XVI ст.). Узыходзіць да эст. mõiz, водск. mõiza ’маёнтак, двор, сядзіба’, ці ліўск. moiz ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 23). У бел. мове праз рус. мы́за ’тс’ або лат. muīža — апошняе з ліўск. або эст. моў. Сюды ж мы́знік ’уладальнік, арандатар сядзібы’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мэта ’месца, прадмет, лінія ці іншы ўмоўны арыенцір, да якога трэба дабегчы, дакінуць (мяч) пры некаторых рухомых гульнях’, ’тое, да чаго імкнуцца’, ’пастаўленая задача’ (ТСБМ, Касп., Бес.; КЭС, лаг.; рэч., Д.-З. Пін.; гродз., Нар. словатв.; бялын., Янк. Мат.), ст.-бел. мета ’цэль’ (пач. XVI ст.) запазычана са ст.-польск. meta (і met), якія з лац. mēta ’цэль, канчатковы пункт’ (Брукнер, 330 і 680; Булыка, Лекс. запазыч., 65). Яшчэ раз у літаратурную бел. мову гэта слова ўвёў У. Дубоўка (гл. Каўрус, ЛіМ, 11.3.1988, с. 6). Параўн. мета 1 і мета 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Набгом ’прагна, нагнуўшы посуд (піць)’ (Касп.) і нагбом ’нагінаючы пасудзіну’ (Нас., Бяльк., БРС), піць набгом ’піць з вялікай пасудзіны, нагнуўшы яе’ (барыс., бялын., Янк. Мат., калінк., З нар. сл.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), ’піць не шклянкаю, а з бутэлькі, збана ці іншай пасудзіны, нахіліўшы яе’ (Янк. 1), ’(піць) нагінаючы пасудзіну або прыгнуўшыся да вады (возера, ручая)’ (Гарэц.). Гл. нагбом ’тс’ (да нагіба́ць), згодна з Карскім (2–3, 75). Выпадкова супала з укр. на́бгом ’бітком’ (ад бга́ти ’піхаць’); сюды ж, відаць, і набгомка ’невялікая міска’ (Жд. 2) (бо ядуць з яе нахіліўшы?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)