чу́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы, спагадлівы; добразычлівы. Дзеці вельмі любілі сваю класную настаўніцу — чулую, добрую жанчыну. Няхай. [Бацька] быў чулы чалавек і не ўспомніў сыну ў гэты дзень тое, пра што ўжо раней было дагаворана з ім: трэба ісці з дому шукаць работы. Чорны. // Які сведчыць пра ўважлівасць, спагадлівасць да людзей. Стары Несцер, абапёршыся на кій, стаў на жоўты пясок каля магілы і чулымі, простымі словамі, па-бацькоўску пашкадаваў Алесю. Пестрак. Яшчэ да болю закране Душу гарачы позірк чулы. Тарас. // Сардэчны, цёплы. Адносіны [Веры Антонаўны] да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя. Карпаў.

2. Які жыва, востра ўспрымае жыццёвыя з’явы; уражлівы. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Балела і збітае бізуном і розгамі цела, і чулая да людскога гора .. душа [Базылька]. Якімовіч. // Які хутка рэагуе на якія‑н. з’явы, дзеянні, востра ўспрымае акаляючае. Народная мова сама вельмі чулая да тых змен, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, і спагадліва адгукаецца на гэтыя змены. Юрэвіч.

3. Які тонка, лёгка ўспрымае што‑н. органамі пачуццяў. Нястройны гул і смех, і млявы голас скрыпак Мой чулы слых ахутваюць ватай. Панчанка. Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі. Сабаленка.

4. Які хутка адзываецца, адказвае на ўздзеянне, раздражненне (гук, датыканне і пад.). Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мець, маю, маеш, мае; пр. меў, мела; заг. май; незак.

1. каго-што. Уладаць кім‑, чым‑н. як уласнасцю. Мець каня. Мець халадзільнік. Мець грошы. □ Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. Не меў штаб ні свайго будана, ні транспарту. Кулакоўскі.

2. што. Валодаць чым‑н. Мець вопыт. Мець прафесію. Мець талент. Мець сілы. □ Я маю мову і натхнёны розум, і зрок, і слых, і рукі маю я. Дубоўка. // Быць якой‑н. даўжыні, памераў, аб’ёму. Нездарма распасцёртыя крыллі .. [альбатросаў] маюць два з палавінай метры ўшыркі. Маўр. // Быць якога‑н. узросту, выгляду. Стары ўжо ён, наш бацька, добра-такі стары. Шэсць дзесяткаў з ладным гакам мае. Васілёнак. Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. Чорны. // Быць якога‑н. характару, з якімі‑н. рысамі характару. Мець у сэрцы трэба мару І натхнёную душу. Астрэйка.

3. каго-што за каго-што. Разм. Лічыць каго‑, што‑н. кім‑, чым‑н., прымаць за каго‑, што‑н. Мець за гаспадыню. □ Літоўскія князі мелі беларускую мову за мову дзяржаўную. Мурашка.

4. У спалучэнні з В і Р склонамі назоўнікаў, якія абазначаюць уласцівасць або стан, азначае: а) дзеянне па значэнню гэтага назоўніка, напрыклад: мець надзею — спадзявацца, мець намер — намервацца, мець ахвоту — хацець, мець клопат — клапаціцца, мець права — дазваляецца і пад. □ Брат меў надзею, што скора будзе ў гарадку дзіцячы прытулак. Чорны. [Багдановіч] меў намер паступіць ва універсітэт. Майхровіч; б) быць, знаходзіцца ў якім‑н. стане. Мець непрыемнасці. □ У тыя часы Апанас Сегень не меў спакою. Чорны. Данік, як і кожны з малых, меў не адну, а некалькі мянушак. Брыль.

5. У спалучэнні асабовых форм з інф. набывае значэнне: быць павінен або намервацца што‑н. зрабіць. Гаворка пра сесію, якая мела адбыцца, пачалася яшчэ ў машыне. Пестрак. [Антак Раманюк] рос хлопцам, які ў будучым меў прынесці шмат клопату людзям. Карпюк.

•••

Багі мелі гл. бог.

Віду не мець — быць непрывабным, непрыгожым.

Вока не мець — быць непрыхільным да каго‑н., быць незадаволеным кім‑, чым‑н.

Вось табе і маеш! — вокліч з выпадку чаго‑н. нечаканага, дзіўнага, выказванне расчаравання, здзіўлення. [Дзядзька:] — Косцік новую шапку пасеяў. Прыйшлося вярнуцца. — Вось табе і маеш! — пляснула рукамі Ганна і глянула на сына. С. Александровіч.

Мае быць — павінна быць, будзе.

Мець веру ў каго-што — верыць у каго‑, што‑н.

Мець вока на каго — праяўляць сімпатыю да каго‑н.

Мець вушы — прыслухоўвацца, слухаць.

Мець галаву (на плячах, на карку) — быць разумным.

Мець гонар — ветлівая форма звароту са значэннем удастоіцца. — Я чыноўнік міністэрства замежных спраў, — сказаў цывільны па-расійску. — З кім маю гонар гаварыць? Самуйлёнак.

Мець збыт — знаходзіць пакупнікоў на свае тавары.

Мець зуб на каго — імкнуцца прычыніць шкоду, непрыемнасць каму‑н.; быць незадаволеным кім‑н.

Мець ласку — а) любіць каго‑, што‑н. Цяжка было зразумець, чаму такі дужы, плячысты хлопец зусім не хінецца да зямлі, не мае да яе ніякай ласкі. Шахавец; б) мець гонар, мець магчымасць (зрабіць, сказаць і г. д.).

Мець літасць — быць літасцівым.

Мець моду з інф. — мець прывычку рабіць што‑н.

Мець на воку каго-што — а) на прыкмеце. На воку дзеўку меў, Натальку, Аб ёй адной ён [Машэка] толькі сніў. Купала; б) перад вачыма, на відавоку. [Ураднік] выбраў такое месца, каб увесь час мець на воку тых, хто выступае. Арабей.

Мець на прыкмеце — улічваць, браць пад увагу каго‑, што‑н. для якой‑н. мэты. Я думаю, Іван Бенедыктавіч, што вы маеце на прыкмеце месца для маёй рэзідэнцыі. Чарнышэвіч.

Мець на ўвазе каго-што — а) думаць пра каго‑, што‑н., падразумяваць. Іван памкнуўся быў растлумачыць, што ён меў на ўвазе пад словам «у кожнага», аднак змаўчаў... Васілевіч; б) браць пад увагу, улічваць. — Пазіцыі іх недалёка, майце на ўвазе, — [Лясніцкі] махнуў рукой у той бок, адкуль даляталі стрэлы. Шамякін.

Мець пільнае вока — быць пільным, уважлівым, асцярожным.

Мець рацыю — абгрунтавана гаварыць, сцвярджаць што‑н. Я зноў пачуў бацькаў голас. Намагаючыся асіліць вецер, стары клікаў мяне назад. Бадай што, ён меў рацыю: можна было пачакаць раніцы. Бажко.

Мець руку — мець падтрымку якой‑н. важнай, уплывовай асобы.

Мець свае вочы і вушы — мець давераных, сваіх людзей дзе‑н.

Мець слова — атрымліваць дазвол выступіць дзе‑н.

Мець справу з кім-чым — уступаць у нейкія адносіны, сутыкацца з кім‑, чым‑н.

Мець сэрца на каго — злавацца на каго‑н. І ён на брата сэрца мае, Бо Ўладзя дзядзьку зневажае. Колас.

Мець у памяці — помніць.

Не мець вока на каго — быць незадаволеным кім‑н., не любіць каго‑н.

(Не) мець за душою — пра наяўнасць (адсутнасць) чаго‑н. у каго‑н.

Не мець сэрца — не любіць каго‑н., быць бессардэчным, жорсткім. [Сымон:] — Ну што гэта за работа, калі ты да яе не маеш сэрца? Лынькоў.

Як мае быць — як належыць, як павінна быць; як след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязладна пераплятаць (пра ніткі, валасы і пад.). Колы, рытмічна пагруквалі на стыках рэек, ветрык блытаў Люсіны валасы, але дзяўчынка як быццам не заўважала гэтага. Даніленка. Я люблю гэтыя далі, дзе ласкава-прыветнае сонца разлівае свой усмех і так пяшчотна праводзіць мяцёлачкаю праменяў па твары зямлі і лёгкімі ветрыкамі калыша .. зялёнае лісце, расчэсвае і блытае косы кучаравым хвоям. Колас.

2. Не цвёрда засвоіўшы, памыляцца. Запас маіх ведаў зусім небагаты. Гісторыю мне паўтарыць бы ізноў. Прызнацца, страшэнна я блытаю даты, Імёны ўсялякіх цароў, каралёў. Зарыцкі. Цяпер стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак. // Рабіць не тое, што трэба.

3. Прымаць адно за другое. Дзве шасцігадовыя сястрычкі-блізняткі, Аніта і Лючыя, падобныя адна на адну так, што часам сама маці блытала іх, дапамагалі матцы.. гаспадарыць. Маўр. [Ладымер:] — Цераз цябе [Міхалючку] мяне з Паціеўскім блытаюць. Чорны.

4. Не цвёрда разбірацца ў чым‑н., памыляцца. Доўгі час Лабановіч блытае ў філасофскіх разважаннях, спадзеючыся знайсці агульны адказ на пытанне аб сэнсе жыцця. Пшыркоў. // Гаварыць нязвязна, збіваючыся. Гаварыў [Шмульке], заікаўся, нешта блытаў. Лынькоў. [Марыля] блытала словы, адказвала не тое, што трэба. П. Ткачоў. // Збіваць з панталыку, зводзіць у зман. Пракурор не меў прычын пытаннямі блытаць.. [сведак] і збіваць з панталыку. Машара. [Сцяпан:] — Усё добра было б, каб не блыталі нас з сяўбою розныя разумнікі. Пестрак.

5. Расстройваць, разладжваць. Блытаць планы.

6. Наўмысна ўскладняць, рабіць незразумелым. Ішлі [чужакі] невядома куды, Блыталі шлях, пятлялі. Калачынскі.

7. Умешваць каго‑н. у якую‑н. непрыемную справу. [Цётка Анця:] — Вашы справы вы ўладкоўвайце, як вам хочацца, але блытаць у гэта Зосю — не-э! Карпаў.

•••

Блытаць сляды — старацца адвесці падазрэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даве́сці 1, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. давёў, ‑вяла, ‑ло; заг. давядзі; зак., каго-што.

1. Прывесці, даставіць куды‑н., да якога‑н. месца. Пятро давёў хлапчука да дзвярэй, а сам застаўся на ганку паслухаць. Пальчэўскі.

2. Пракласці, правесці да якога‑н. месца. Давесці шашу да калгаса. □ Каб давесці пракладку канала да ракі, патрэбен быў экскаватар. Краўчанка. // Робячы што‑н., дасягнуць якой‑н. мяжы, мэты. Давесці справу да канца. □ [Антон] давёў сцены да вокан. Чорны. Петрык хоча давесці сваю гаспадарку да 50 галоў, але ён вельмі заклапочаны: трусы ў яго не выдатнай пароды і няма прыстасаваных клетак. Шынклер.

3. Прывесці ў які‑н. стан. Давесці да слёз. Давесці да непрытомнасці. □ Усе гэтыя перажыванні давялі мяне да ліхаманкавага стану. Шамякін.

4. Абавязаць да выканання (якога‑н. плана, задання і пад.). Давесці план па нарыхтоўцы грыбоў.

5. Падагнаць, прыладзіць так, каб падыходзіла да чаго‑н. па форме, памерах. Давесці аконную раму.

•••

Давесці да ведама — паведаміць, перадаць, расказаць.

Давесці (прывесці) да ладу — прывесці што‑н. у парадак, закончыць паспяхова якую‑н. справу.

Давесці да ручкі — тое, што і дабіць да ручкі (гл. дабіць).

Давесці да торбы — прывесці да беднасці, жабрацтва; разарыць.

Не давядзе (не давядуць) да дабра хто-што — дрэнна кончыцца.

Не давядзі бог — вельмі дрэнна.

даве́сці 2, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. давёў, ‑вяла, ‑ло; заг. давядзі; зак., што.

Даказаць, пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, довадамі. Трэба будзе, зазначае сабе настаўнік, пагаварыць з сялянамі на сходзе, давесці ім, што і жанчыне навука патрэбна, яшчэ, можа, больш, чым мужчыну. Колас. — Я стары сацыял-дэмакрат! — крычаў Цыліч, жадаючы гэтым нешта давесці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́пусціць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць на волю, вызваліць. Выпусціць птушку з клеткі. □ [Параска] не адважвалася сказаць страшную праўду: Панаса выпусцяць тады, калі да.. [палякаў] прыйдзе бацька. Колас.

2. Дазволіць, даць магчымасць выйсці адкуль‑н., пусціць куды‑н. Выпусціць карабель з гавані. Выпусціць танцораў на сцэну. Жывёлу выпусцілі на вадапой. // Даць магчымасць выцечы, выйсці, распаўсюдзіцца. Выпусціць ваду з бочкі. Выпусціць цяпло з хаты. □ Тым часам падышоў цягнік. Выпусціў белыя клубы пары і зноў зачыхкаў, набіраючы хуткасць. Гроднеў.

3. Расходаваць у працэсе стральбы; выстраліць. Выпусціць дзве міны. □ Немец трымаў парабелум апушчаныя, а таму стары не спяшаўся, упэўнены, што раней, чым той падыме і накіруе на іх парабелум, ён зможа выпусціць увесь барабан. Шамякін.

4. Перастаць трымаць; упусціць. Выпусціць талерку з рук. □ Сёмка выпусціў Зосіну руку і адступіў крок назад. Гартны.

5. Даць поўную, закончаную адукацыю, давесці да канца навучанне. Выпусціць з інстытута датэрмінова. □ [Вера:] — Мне толькі дваццаць тры гады, а колькі я ўжо дзяцей выпусціла са сваёй школы! Чорны.

6. Вырабіць, выпрацаваць. Выпусціць прадукцыю звыш плана. □ Спачатку вырваўся гудок, Завода слаўнага басок: — Я выпусціў аўтамабіль На многа тон, на многа міль. Лужанін. // Выдаць, надрукаваць. Выпусціць кнігу, лістоўку, насценгазету. // Пусціць у абарачэнне. Выпусціць марку. Выпусціць пазыку.

7. Высунуць вонкі, на паверхню. Выпусціць кіпцюры.

8. Павялічыць у даўжыню, шырыню. Выпусціць рукавы.

9. Абл. Здаць у наймы. Тады Бухча выпусціў вясковую бацькоўскую хату і зямельную дзялянку ў арэнду. Чорны.

•••

Выпусціць з-пад увагі — забыць пра што‑н.

Выпусціць з рук — упусціць, не выкарыстаць у сваіх мэтах.

Выпусціць кішкі (груб.) — зарэзаць.

Выпусціць лейцы з рук — аслабіць сілу ўлады над кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звычайны, просты, які нічым не вылучаецца сярод іншых. Радавы выпадак. Радавы чытач. □ Камандзір «Міцька» — гэта быў радавы савецкі чалавек, камсамолец з кубанскай станіцы. Брыль. [Асташонак:] — Жыццё ствараюць звычайныя, радавыя людзі. Іх — мільёны! Знатных жа — адзінкі. Ваданосаў. // Такі, які не займаецца кіруючай работай. Гаварылі стары майстар, інжынер, радавыя рабочыя. Кавалёў. / у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Партыя. Я — адзін з яе радавых. Танк.

2. Які не належыць да каманднага саставу; не з’яўляецца камандным (пра ваеннаслужачых). Радавы салдат. □ Між тым якраз у той час праславіўся дзед Талаш як ваяка, ды які яшчэ ваяка: чырвоны партызан, і не радавы, не просты партызан! Колас. // у знач. наз. радавы́, ‑ога, м. Салдат. [Васіль] прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Шамякін. Для ўсіх — і радавых і генералаў — Нялёгкім быў той першы год вайны. Прыходзька.

радавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Тое, што і радковы. Радавая пасадка бульбы. Радавая веялка.

радавы́ 3, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да роду (у 2 знач.). Спраўляць радавы абрад.

2. Які пераходзіць у адным родзе з пакалення ў пакаленне; спадчынны; родавы. Радавая маёмасць. Радавая прафесія. Радавая спадчына. □ Пальцы [Луцкевіча] ўпрыгожвалі два масіўныя пярсцёнкі: адзін з пячаткай, на якой быў радавы шляхецкі герб «Навіна», на другім — масонскі знак. Машара. Сані з целам павольна прасоўваліся па снежнай дарозе да радавога маёнтка. Караткевіч.

радавы́ 4, ‑ая, ‑ое.

Зроблены з грубай ільняной пражы; зрэбны. Радавая тканіна. // Звязаны з апрацоўкай такой пражы і вырабам тканіны з яе. На сход прыйшлі былі Цімох з Лявонам; зайшла Макрына да Атрахіміхі — адносіла пазычанае радавое бёрда ў адзінаццаць з палавінаю пасмаў. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.

2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.

3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.

4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.

5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.

6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́цца 1, шыюся, шыешся, шыецца; незак.

Разм.

1. Лезці, ісці і пад. у якое‑н. вузкае месца; туды, дзе цесна, шчытна. — Лявон крайні, — выгуквае сіпла гаспадар шапкі-кучомкі і .. шыецца ў натоўп. Кухараў. Адбіваючыся ад сабакі, Гамыра шыўся глыбей у хмыз. Колас. Дзед Трахім, які нешта рабіў у гумне і забавіўся, выйшаў, калі хлапчукі сама шыліся пад снапы. Паўлаў. // Хавацца куды‑н. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву і, час ад часу, наслепа крычыць: «Агонь!» Брыль. Маланкі ў поўнач рассякалі хмары, І шыліся ў падстрэшша кажаны. Грахоўскі. Рабіў ён [шпачок] гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост. Асіпенка. // Ісці, рухацца, перамяшчацца куды‑н. Стары надзяе шапку і шыецца да дзвярэй. Мурашка. // Залазіць, забівацца, пранікаць куды‑н. [Снег] шыўся ў рукавы і за каўнер. Алешка. Золь зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Лынькоў. / у перан. ужыв. Галасы.. [паравозаў], напоўненыя трывогай і адчаем, плавалі па-над горадам, запаўнялі вуліцы, і завулкі, і двары, шыліся ў шчыліны [акон]. Галавач. // Пралягаць, праходзіць праз што‑н. шчыльнае. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. Адамчык.

2. перан. Старацца быць падобным на каго‑н., прыкідвацца кім‑н. [Драздовіч:] — Прыеліся ўжо «конскія партрэты» ды «саўкі», што шыюцца ў дурні. Машара.

шы́цца 2, шыецца; незак.

1. Вырабляцца шыццём. Каця хадзіла ў шараварах і шырокай, як звычайна шыюцца начныя сарочкі, мешкаватай сукенцы. Васілевіч. Ватнікі, праўда, былі караткаватыя, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Навуменка.

2. безас. Разм. Пра жаданне або магчымасць шыць. Мне сёння не шыецца.

3. Зал. да шыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сці, паду, падзеш, падзе; падзём, падзяце, падуць; пр. паў, пала; зак.

1. Упасці. Пасці на калені. □ І слязінка адна з воч матулі старой пала ў гэта вядзерка з крынічнай вадой. Дубоўка. Заслона важка пала на падлогу. Гартны.

2. Легчы, распаўсюдзіцца (пра цемень, змрок і пад.). На лес, на шлях, На поле пала ноч. Астрэйка.

3. перан. Прыйсціся, трапіць (пра выбар, падазрэнне і пад.). Падазронасць ксяндза пала на сына арганіста, касцельнага вартаўніка і сваіх парабкаў. Машара. Але калі справа павернецца ўсур’ёз? Падзе цень і на яго, Ваўчка. Хадкевіч.

4. Перастаць існаваць, быць знішчаным, звергнутым. Стары лад паў. □ Мы ўпэўнены, Што недалёка той час, Калі ўсе падуць перашкоды І прыйдуць на свята Камуны да нас З’яднаныя дружбай народы. Танк.

5. Быць пераможаным, здацца, скарыцца (пра горад, крэпасць і пад.). Пала варожая крэпасць. □ Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся. Броўка.

6. Загінуць на полі бітвы. Гавораць людзі: — Паў ён за айчыну У бітве смерцю смелых, Як герой. Зарыцкі.

7. Здохнуць (пра жывёлу). — Бяда... Ратуйце!.. — шаптаў, стукаючы зубамі ад хвалявання, пастух Іван Багатоўскі. — Пала адна карова. Місько.

8. Маральна апусціцца, стаць нікчэмным. [Маёр:] Я не паду так нізка, каб гэтыя бачылі, што робіцца ў маёй душы. Кучар.

9. Нар.-паэт. Апусціцца на ваду (пра гусей, лебедзяў). Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі, Селі яны, палі на сівым Дунаю! Селі яны, палі, ваду замуцілі. З нар. Селі гусанькі — Гусі-лебедзі, Палі шэрыя на ваду. Трус.

•••

Ні села ні пала — нечакана, без прычыны. — Набылі б яшчэ тыдзень які. А то ні села ні пала, узняліся, як тыя птушкі з перапуду, і толькі іх бачыў. Пальчэўскі.

Пасці духам — замаркоціцца, занудзіцца, страціць надзею.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)