мець, маю, маеш, мае; пр. меў, мела; заг. май; незак.
1. каго-што. Уладаць кім‑, чым‑н. як уласнасцю. Мець каня. Мець халадзільнік. Мець грошы. ▪ Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. Не меў штаб ні свайго будана, ні транспарту. Кулакоўскі.
2. што. Валодаць чым‑н. Мець вопыт. Мець прафесію. Мець талент. Мець сілы. ▪ Я маю мову і натхнёны розум, і зрок, і слых, і рукі маю я. Дубоўка. // Быць якой‑н. даўжыні, памераў, аб’ёму. Нездарма распасцёртыя крыллі .. [альбатросаў] маюць два з палавінай метры ўшыркі. Маўр. // Быць якога‑н. узросту, выгляду. Стары ўжо ён, наш бацька, добра-такі стары. Шэсць дзесяткаў з ладным гакам мае. Васілёнак. Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. Чорны. // Быць якога‑н. характару, з якімі‑н. рысамі характару. Мець у сэрцы трэба мару І натхнёную душу. Астрэйка.
3. каго-што за каго-што. Разм. Лічыць каго‑, што‑н. кім‑, чым‑н., прымаць за каго‑, што‑н. Мець за гаспадыню. ▪ Літоўскія князі мелі беларускую мову за мову дзяржаўную. Мурашка.
4. У спалучэнні з В і Р склонамі назоўнікаў, якія абазначаюць уласцівасць або стан, азначае: а) дзеянне па значэнню гэтага назоўніка, напрыклад: мець надзею — спадзявацца, мець намер — намервацца, мець ахвоту — хацець, мець клопат — клапаціцца, мець права — дазваляецца і пад. ▪ Брат меў надзею, што скора будзе ў гарадку дзіцячы прытулак. Чорны. [Багдановіч] меў намер паступіць ва універсітэт. Майхровіч; б) быць, знаходзіцца ў якім‑н. стане. Мець непрыемнасці. ▪ У тыя часы Апанас Сегень не меў спакою. Чорны. Данік, як і кожны з малых, меў не адну, а некалькі мянушак. Брыль.
5. У спалучэнні асабовых форм з інф. набывае значэнне: быць павінен або намервацца што‑н. зрабіць. Гаворка пра сесію, якая мела адбыцца, пачалася яшчэ ў машыне. Пестрак. [Антак Раманюк] рос хлопцам, які ў будучым меў прынесці шмат клопату людзям. Карпюк.
•••
Багі мелі гл. бог.
Віду не мець — быць непрывабным, непрыгожым.
Вока не мець — быць непрыхільным да каго‑н., быць незадаволеным кім‑, чым‑н.
Вось табе і маеш! — вокліч з выпадку чаго‑н. нечаканага, дзіўнага, выказванне расчаравання, здзіўлення. [Дзядзька:] — Косцік новую шапку пасеяў. Прыйшлося вярнуцца. — Вось табе і маеш! — пляснула рукамі Ганна і глянула на сына. С. Александровіч.
Мае быць — павінна быць, будзе.
Мець веру ў каго-што — верыць у каго‑, што‑н.
Мець вока на каго — праяўляць сімпатыю да каго‑н.
Мець вушы — прыслухоўвацца, слухаць.
Мець галаву (на плячах, на карку) — быць разумным.
Мець гонар — ветлівая форма звароту са значэннем удастоіцца. — Я чыноўнік міністэрства замежных спраў, — сказаў цывільны па-расійску. — З кім маю гонар гаварыць? Самуйлёнак.
Мець збыт — знаходзіць пакупнікоў на свае тавары.
Мець зуб на каго — імкнуцца прычыніць шкоду, непрыемнасць каму‑н.; быць незадаволеным кім‑н.
Мець ласку — а) любіць каго‑, што‑н. Цяжка было зразумець, чаму такі дужы, плячысты хлопец зусім не хінецца да зямлі, не мае да яе ніякай ласкі. Шахавец; б) мець гонар, мець магчымасць (зрабіць, сказаць і г. д.).
Мець літасць — быць літасцівым.
Мець моду з інф. — мець прывычку рабіць што‑н.
Мець на воку каго-што — а) на прыкмеце. На воку дзеўку меў, Натальку, Аб ёй адной ён [Машэка] толькі сніў. Купала; б) перад вачыма, на відавоку. [Ураднік] выбраў такое месца, каб увесь час мець на воку тых, хто выступае. Арабей.
Мець на прыкмеце — улічваць, браць пад увагу каго‑, што‑н. для якой‑н. мэты. Я думаю, Іван Бенедыктавіч, што вы маеце на прыкмеце месца для маёй рэзідэнцыі. Чарнышэвіч.
Мець на ўвазе каго-што — а) думаць пра каго‑, што‑н., падразумяваць. Іван памкнуўся быў растлумачыць, што ён меў на ўвазе пад словам «у кожнага», аднак змаўчаў... Васілевіч; б) браць пад увагу, улічваць. — Пазіцыі іх недалёка, майце на ўвазе, — [Лясніцкі] махнуў рукой у той бок, адкуль даляталі стрэлы. Шамякін.
Мець пільнае вока — быць пільным, уважлівым, асцярожным.
Мець рацыю — абгрунтавана гаварыць, сцвярджаць што‑н. Я зноў пачуў бацькаў голас. Намагаючыся асіліць вецер, стары клікаў мяне назад. Бадай што, ён меў рацыю: можна было пачакаць раніцы. Бажко.
Мець руку — мець падтрымку якой‑н. важнай, уплывовай асобы.
Мець свае вочы і вушы — мець давераных, сваіх людзей дзе‑н.
Мець слова — атрымліваць дазвол выступіць дзе‑н.
Мець справу з кім-чым — уступаць у нейкія адносіны, сутыкацца з кім‑, чым‑н.
Мець сэрца на каго — злавацца на каго‑н. І ён на брата сэрца мае, Бо Ўладзя дзядзьку зневажае. Колас.
Мець у памяці — помніць.
Не мець вока на каго — быць незадаволеным кім‑н., не любіць каго‑н.
(Не) мець за душою — пра наяўнасць (адсутнасць) чаго‑н. у каго‑н.
Не мець сэрца — не любіць каго‑н., быць бессардэчным, жорсткім. [Сымон:] — Ну што гэта за работа, калі ты да яе не маеш сэрца? Лынькоў.
Як мае быць — як належыць, як павінна быць; як след.