ссы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. ссыпа́ць — ссы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Уст. Зерне, якое здавалі бацькі вучняў сельскіх школ на патрэбы школы. [Саханюк:] — Я грунтуюся на цыркуляры дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уручы́ць, уручу, уручыш, уручыць; зак., каго-што, каму-чаму.

Перадаць з рук у рукі, аддаць асабіста каму‑н. Уручыць пісьмо. Уручыць тэлеграму. Уручыць дыплом. □ [Пісар:] — Прабачайце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. / Пра медалі, ордэны. Перад вечарам генерал уручыў узнагароды. Мележ. // перан. Даверыць. Нам Радзіма ўручыла скаткі, Аўтаматы і спакой граніц. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халасцякава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Жыць халасцяком, без жонкі. Відаць, густ.. [Павалковіча] быў вельмі пераборлівы. Аб гэтым сведчыла ўжо тое, што, нягледзячы на сваю інтэлігентнасць, якую ён выстаўляў напаказ, і паўвалочку зямлі, домік з садам у Рымках, ён да гэтага часу халасцякаваў. Машара. [Доня:] — Ну, ну. То чаму халасцякуеш? Табе ж [Тодар] недзе ці не пад трыццаць ужо? Усё, канечне, выбіраеш. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць, ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. прыдаў, ‑дала, ‑дало; заг. прыдай; зак.

1. каго-што. Дадаць да чаго‑н. дадаткова, звыш чаго‑н. У дапамогу танкістам [Сцяпан Фёдаравіч] прыдаў аўтаматчыкаў. Мележ. // што і чаго. Узмацніць, павялічыць у кім‑н. якую‑н. якасць, уласцівасць і пад. Свежая асенняя раніца прыдала бадзёрасці. Пальчэўскі. Малю й гукаю У няўхільную сінь: — З тугой адчаю Мяне не пакінь! У баі жыццёвым Адвагі прыдай, Надзеі словам Мяне прывітай. Жылка.

2. што. Надаць якую‑н. якасць, уласцівасць, стан чаму‑н. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Колас. Поўзаючы па пярыне, Юля спрабавала прыдаць ёй пышнасць. Гарбук.

3. што. Прыпісаць, надаць каму‑, чаму‑н. якое‑н. значэнне, каштоўнасць і пад.; укласці які‑н. сэнс у што‑н. Прыдаць значэнне. Не прыдаць увагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што¹, чаго́, чаму́, чым, па чым, займ.

1. пыт. і адносны. Указвае, пра які прадмет, рэч, з’яву і пад. ідзе гаворка.

Што там адбылося? Выканай вось што.

Што не ў меру, тое ў шкоду.

Што вы кажаце? (ужыв. таксама як выраз здзіўлення з выпадку чаго-н. сказанага).

2. пыт., у знач. вык. У якім стане, які, як.

Як наша вёска, што суседзі?

3. пыт., у знач. прысл. Тое, што і чаму́ (у 1 знач.).

Што не заходзіш да нас? Я раздумаў ехаць. — Што так?

4. пыт. і адносны. Тое, што і колькі (у 1 знач.).

Што яна варта.

Што ёсць духу.

Што толку ў гэтым (гэта значыць няма толку). Што яму за карысць ад гэтага? (якая карысць, няма карысці).

5. пыт., у знач. прысл. Навошта? для чаго?

Што нам спрачацца з імі?

6. адносны. Тое, што і які (у 1 знач.).

Хата, што каля лесу.

7. неазнач. Тое, што і што-небудзь (разм.).

Калі што — я прыеду і зробім.

Дайце мне з’есці чаго.

8. пыт. Ужыв. для выражэння пытання, перапытвання, уяўляе сабой сказ у знач.: што ты сказаў? што трэба? што такое? —

Глянь сюды. — Што? Што ты? Ну і што?

А што — рэпліка ў адказ на пытанне ў знач.: чаму, чаго пытаешся. —

Ты хочаш гэта рабіць? — А што?

З чагочаму, па якой прычыне.

І з чаго ёй дрэнна стала?

На што ўжо — уводзіць уступальны сказ.

На што ўжо ён негаваркі, і то разгаварылі.

Ні за што — ні ў якім разе.

Ні за што, ні пра што

1) дарэмна;

2) без прычыны, падстаў.

Ні з чым (застацца, пайсці і пад.) — без усяго.

Ні пры чым — не мае адносін, не вінаваты ў чым-н.

Ён тут ні пры чым.

Пры чым — у чым вінаваты, якія адносіны мае.

Пры чым тут я?

Ці штопабочн. сл., якое выражае няўпэўненасць, сумненне.

Ну, будзем ужо збірацца, ці што?

Што да чаго — у чым сутнасць, сэнс чаго-н.

Разбярыся тут, што да чаго.

Што ж — рэпліка ў знач.: так, прыходзіцца згадзіцца.

Што ж, няхай будзе так.

Што за — у пытанні і вокліч: які.

Што за глупства?!

Што за дзяўчына да вас прыехала? Што за страва! (якая добрая).

Што зробіш! — рэпліка ў знач.: нічога не зробіш, так ужо будзе.

Што і казаць — вядома, сапраўды.

Факт, што і казаць, упартая рэч.

Што рабіць! — тое, што і што зробіш.

Што там — рэпліка ў знач.: добра, няхай.

Што ты (вы)? — выраз здзіўлення, спалоху, пярэчання.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

соль¹, -і, мн. со́лі, -ей, ж.

1. адз. Белае крышталічнае рэчыва з вострым характэрным смакам, ужыв. як прыправа да стравы.

Сталовая с.

2. перан., адз. Тое, што надае асаблівы інтарэс, вастрыню чаму-н.

У гэтым якраз і ўся с. паэмы.

3. Хімічнае злучэнне, прадукт поўнага або частковага замяшчэння вадароду кіслаты металам (спец.).

Берталетава с.

Падсыпаць солі — добра даняць, дапячы каму-н. іроніяй, едкім словам.

Пуд солі з’есці з кім-н. — добра і даўно ведаць каго-н. (разм.).

|| прым. салявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.) і саляны́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спыні́ць, спыню́, спы́ніш, спы́ніць; спы́нены; зак.

1. каго-што. Затрымаць рух, ход, працу каго-, чаго-н., не даць магчымасці рухацца каму-, чаму-н.

Вінцэсь спыніў крокі.

С. канвеер.

2. што. Стрымаць, забараніць што-н.

С. бойку свавольнікаў.

С. распаўсюджванне хлусні.

3. перан., што на кім-чым. Затрымаць увагу на кім-, чым-н., накіраваць на каго-, што-н., засяродзіць на кім-, чым-н. (погляд, позірк); прыйсці да якога-н. рашэння, спыніць свой выбар на кім-, чым-н.

С. свой выбар на маладым спецыялісце.

|| незак. спыня́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. спыне́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыда́ць, -да́м, -дасі, -да́сць; -дадзім, -дасце́, -даду́ць; -да́ў, -дала́, -ло́; -да́й; -да́дзены; зак.

1. каго-што. Даць дадаткова.

П. у дапамогу брыгадзе пяць чалавек.

2. чаго. Узмацніць, павялічыць.

П. бадзёрасці.

3. што. Зрабіць якім-н. з выгляду, па характары (са словамі «выгляд», «форма», «аблічча» і інш.).

П. сур’ёзны выраз твару.

4. перан., што. Аднесціся да чаго-н. так або іначай, асэнсаваць (са словамі «значэнне», «сэнс», «увага» і некаторымі інш.).

П. значэнне чыім-н. словам.

Не п. увагі чаму-н.

|| незак. прыдава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́; -даём, -даяце́, -даю́ць.

|| наз. прыдава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рэкамендава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны; зак. і незак.

1. Даць (даваць) станоўчую характарыстыку каму-, чаму-н., прапанаваць выкарыстаць, прыняць куды-н.

Р. спецыяліста.

Лякарства рэкамендавана Міністэрствам аховы здароўя.

2. што і з інф. Параіць (раіць) што-н. (кніжн.).

Р. заняцца спортам.

3. каго (што). Назваць (называць) пры знаёмстве (уст.).

Рэкамендую вам маіх членаў сям’і.

|| зак. таксама парэкамендава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны (да 1 знач.) і адрэкамендава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й (да 1 і 3 знач.).

|| наз. рэкаменда́цыя, -і, ж.

|| прым. рэкамендацы́йны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цана́, -ы́, мн. цэ́ны і (з ліч. 2, 3, 4) цаны́, цэн, ж.

1. Грашовае выражэнне вартасці тавару; плата.

Зніжэнне цэн.

Ц. праезду аўтобусам.

2. звычайна ў форме Т цано́й (-о́ю), чаго. Ужыв. ў знач.: страціўшы што-н., ахвяраваўшы чым-н., перажыўшы што-н.

Перамагчы цаной вялікіх страт.

Любой цаной дасягнуць мэты.

3. перан. Значэнне, роля чаго-н.

Ц. слова.

Адпускная цана — цана, па якой прадаецца прадукцыя.

У цане (разм.) — дорага каштуе; высока цэніцца.

Цаны няма каму-чаму (разм.) — вельмі дарагі, вельмі высокай якасці.

|| прым. цэ́насны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)