Прасто́ра, прасто́р ’разлегласць, абшар’, ’свабода, воля’ (ТСБМ, Нас.), укр. прості́р, рус. просто́р, польск. przestwor*przestor пад уплывам otworzyć ’адкрыць, адчыніць’, гл. Банькоўскі, 2, 911), славац. priestor, чэш. prostor, славен. próstor, серб.-харв. про́стор, балг. просто́р, макед. простор. Прасл. *prostorъ роднаснае *prosterti (гл. прасцерці). Супастаўляюць са ст.-інд. prastaráḥ ’падсцілка з саломы; раўніна’, staraḥ ’пласт’, лат. stara ’паласа’ і інш. (Бязлай, 3, 127; БЕР, 5, 774; Сной₂, 586).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прафе́сія ’род заняткаў, працоўнай дзейнасці, які патрабуе пэўнай падрыхтоўкі’ (ТСБМ). Ст.-бел. (XVII ст.) профессия, професия, проффесыя ’праца, занятак’ < польск. profesja < лац. professio (Булыка, Запазыч., 268). Сучаснае слова запазычана з заходнееўрапейскіх моў (параўн. франц. profession, ням. Profession) з лац. professio ’публічная заява, уласна афіцыйная заява аб сваім званні; род заняткаў’ праз польск. або рус. (профе́ссия) пасрэдніцтва, гл. Фасмер, 3, 384; Банькоўскі, 2, 780. Прыметнік прафесі́йны з польск. profesyjny (Гіст. лекс., 260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праўша́ ’праварукі’. У слоўніках слова не адзначана, хаця, несумненна, вядомае і зразумелае; тое ж адносіцца і да рус. правша́, якое знаходзім толькі ў Даля ў значэннях ’правая рука; праварукі’. У запісах слова сустракаецца ў выразе на праўшу ’ў правы бок’ (ТС). З-за адсутнасці слоўнікавай фіксацыі старажытнасць слова ўстанавіць цяжка. Утворана ад правы з суф. ‑ша, аналагічна ляўша. Аб суфіксацыі гл. Карскі 2–3, 33; Сцяцко, Афікс. наз., 134.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Про́пад, про́падам у выразе прападзі ты пропадам! (ТСБМ). Параўн. рус. пропади ты про́падом, укр. про́па́д, про́падом ’тс’, польск. przepad ’страта залогу, закладу’, чэш. propad ’люк; правал’, серб.-харв. propȁd, славен. propàd ’заняпад, упадак’. Аддзеяслоўны дэрыват ад *propadǫ, *propasti. Гл. прапасці. Параўн. пропадзь, пропасць (гл.). Відаць, у спецыяльных значэннях незалежныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах (гл. Фасмер, 3, 376; ЕСУМ, 4, 599; Банькоўскі, 2, 883); Сной₂, 584 (рэканструюе *propadъ ’падзенне, ухіл’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́сеніца ’пладаносная частка проса’ (лун., Шатал.), ’прасяная салома; прасяная мякіна’ (ТС), просені́ца ’абмалочаная прасяная салома’ (Выг.). Рус. просяни́ца ’каша з проса’, ’від высыпкі’, укр. просяни́ца ’прасяная салома’, ’высыпка на скуры’, серб.-харв. просѐница ’хлеб з проса’, славен. proseníca ’прасяная салома’, ’від высыпкі’. Прасл. *prosenica. Ад проса з суф. ‑ica, які тут субстантывуе прыметнікі (гл. Слаўскі, SP, 1, 98). Значэнне ’высыпка’ другаснае, па падабенству з зярняткамі проса (Фасмер, 3, 381).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шва ’карункавая або вышываная палоска, якую ўшываюць у настольнік, ручнік’ (ТСБМ, Інстр. 1, Сл. Брэс.), ’навалачка’ (брэсц., Нар. лекс.), про́шыўка ’тс’ (Сл. Брэс.). Рус. про́шва, про́шивка ’аблямоўка, палоска іншага колеру (у тым ліку карункавая або вышываная), якія ўшываюцца ў адзежу, настольнік, ручнік і да т. п.’, укр. про́шивка ’каўнер жаночай кашулі’. Дэрыват ад прашы́ць з суф. ‑ва (адносна суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34) і прашыва́ць з суф. ‑ка, гл. шыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шчыня ’палатно, вытканае ў 2 панажы’ (пін., Шатал.), прошчыне́ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), про́шчынʼа́, прошчыне́ ’тэхніка ткання на дзвюх нічанках і двух панажах, калі кожная нітка ўтка пераплятаецца з кожнай ніткай асновы пад прамым вуглом’ (Уладз.). Да просты (г. зн. просты від пляцення) з суф. ‑y‑ або ‑ja (*prostja) і з суф. *‑yni > ыня, як у рус. простыня́ < *prostyni (аб суфіксе гл. Слаўскі, SP, 1, 139 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прызнія́ць ’прыгарэць’ (Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *знія́ць ’гарэць’ з коранем зн(і/о)‑ < прасл. znʼ‑, які рэалізуецца ў назоўніку *znoj і дзеяслове *zněti (< *znoįti) ’гарэць’ (гл. зніч, зно́іць), параўн. чэш. zněť, zňat ’тлець; паліць’, рус. знеть, зне́ять ’тлець, распаляцца’. Відаць, у сувязі з наяўнасцю пры‑знія́ць можна прапанаваць магчымы карэлят для *zněti, а менавіта *zniti/*znijati. Аб сувязях з прасл. *gnětiti ’распальваць, запальваць, паліць’ гл. Анікін, Этимология, 431–433.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́пе́к, прі́пік, пры́пяк, пры́пык ’месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы’; ’выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што-небудзь; прымурак’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Бяльк., Дразд., Нік. Очерки, Сл. ПЗБ, ТС, ПСл, Шушк.). Рус. смал. при́пек ’лава каля печы; прыпек’, укр. припек ’прыпек; ляжанка’. Слова ўзнікла ў выніку зваротнай дэрывацыі ад пры́печ, прыпе́чак з узнаўленнем этымалагічнага зычнага ‑к‑, магчыма, не без уплыву слова прыпёк2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прысе́нак ’першы пакой ад уваходу ў дом (atrium)’ (Карскі, Труды), прысенак ’ганак; тамбур’ (Ласт.), толькі мн. л. прысе́нкі ’крыты ганак’ (Нас.), прысе́нцы ’ганак’, прысёнак, мн. л. прысе́нкі, прысе́нцы ’першыя, знешнія, уваходныя сенцы’ (Ласт.). Да се́ні, се́нцы (гл.), параўн. рус. дыял. присе́нок ’прыбудаваныя да хаты сенцы або камора ў сенцах; прыбудова да хлява, пуні’, присе́нки ’тс’, укр. присі́нок, присі́нки, присі́ння ’прыбудова; ганак; ганак са стрэшкай на двух слупках’, польск. przysionek ’прыхожая’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)