Нітка ’прадзіва, нітка’ (Бяльк., Яруш.; мсцісл., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), рэдка ніць ’тс’ (Яруш.), ніткі мн. ’прадзіва’ (Бесар.), параўн. укр. нить, ни́тка, рус. нить, ни́тка, польск. nić, nitka, чэш. nit, славац. niť, в.-луж. nić, nitka, н.-луж. niś, nitka, палаб. nait, славен. nit, nȋtka, серб.-харв. ни̏т, макед. дыял. нитка. Да прасл. *nitь, роднаснае літ. nýtis ’аснова’; усё ўзыходзіць да і.-е. кораня nēi‑ ’прасці’, г. зн. ’прадзіва’ (Фасмер, 3, 76; Махэк₂, 399; Бязлай, 2, 224; Шустар-Шэўц, 13, 1001). Значэнне ’нізка’, параўн. нітка грыбоў (Сл. ПЗБ, Шатал.; Мат. Гом., ТС), хутчэй за ўсё вынік пераасэнсавання дээтымалагізаванай назвы нізка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сва́шка1 ‘свацця’ (Нас., ТС), ‘маладая свацця; малодшая свацця на вяселлі’ (Гарэц.), ‘удзельніца вясельнай дружыны з боку маладога’ (віл., З нар. сл.), ‘дружка (жаніха)’ (мін., Сл. ПЗБ; валож., Жыв. сл.), сва́шкі ‘маладыя дзяўчаты, якія ехалі за маладым’ (З нар. сл.). Укр. сва́шка ‘замужняя сястра жаніха’, польск. дыял. swaszka ‘сваха; малая дзяўчына, якая ўдзельнічае ў вяселлі як дружка’, н.-луж. swašk, swaška ‘пасаджоная маці, старэйшая сваячка жаніха і нявесты’, балг. сва́шка ‘сястра нявесткі’. Памяншальнае да сваха, гл. (БЕР, 6, 536; Шустар-Шэўц, 1483–1484).

Сва́шка2 ‘назва грыба’ (ПСл). Няясна; магчыма да папярэдняга (“беленькая пудо дном, а зверху красная”, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́тлы ‘які ярка свеціць’, ‘добра асветлены’, ‘не цёмнага колеру’, ‘чысты, празрысты (аб вадкасці)’ (ТСБМ, Нас.). Укр. сві́тлий, рус. све́тлый, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтьлъ, польск. światły, в.-луж., н.-луж. swětły, чэш. světlý, славац. svetlý, серб.-харв. сви̏јетао, свијѐтла, свијѐтло, славен. svétel, балг. све́тъл, макед. светол. Прасл. *světьlъ, дэрыват ад *světъ (гл.) з суф. ‑ьlъ (Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 595). Інакш Сной₁ (622), які разглядае слова як дзеепрыметнік на ‑l‑ ад прасл. дзеясл. *svěsti, svísti ‘свяціць’, якія потым былі выцеснены новым дзеясловам *světiti (гл. свяціць), што, мабыць, залішне. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1387; БЕР, 6, 543–544; Борысь, 621; Мартынаў, Лекс. взаим., 169.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скіта́цца ‘блукаць, бадзяцца; вандраваць’ (Касп., ТС, Ян., Сержп. Прымхі; в.-дзв., узд., шальч., Сл. ПЗБ), скі́тнік ‘бадзяга’, ‘адзінокі чалавек’ (Ян.). Параўн. укр. скита́тися, рус. скита́ться ‘тс’, славен. дыял. skítati se, серб.-харв. ски́тати се, балг. скитам (се), макед. скита се, ст.-слав. скытати сѧ. Прасл. *skitati sę, роднаснае літ. kutéti ‘устрэсваць’, kutrùs ‘бойкі’, ст.-ісл. skunda ‘хутка збіраць, прыбіраць, спяшацца’, ст.-в.-ням. scutten ‘трэсці, штурхаць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 641; Шустар-Шэўц, 1289 (адносіць сюды в.-луж. skićić, чэш. skytati, славац. skytať з развіццём значэння ‘бадзяцца’ ≥ ‘прапаноўваць сябе’); Куркіна, Этимология–1971, 75; SEK, 4, 307–308.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубі́ць1 ‘гудзець, раўсці, крычаць, плакаць, голасна распавядаць’ (Янк. 2, Сл. ПЗБ, Кольб.): жабы тру́бяць (ДАБМ, камент.). Пераносна да трубі́ць, дэнамінатыва ад труба1 (гл.).

Трубі́ць2 экспр. ‘трушчыць, грызці’ (Тур.): нехай кужэль мушы трубяць (ТС), экспр. ‘піць, ссаць’ (ТС): ст.-бел. зъ великого кубка трубитъ (XVIII ст., “Прамова Мялешкі”). Параўн. укр. тру́би́ти ‘многа есці’, польск. trǫbić ‘прагна піць’, в.-луж. trubić ‘хлябтаць’. Рэгіянальнае семантычнае развіццё дэнамінатыва трубіць, першапачаткова, відаць, — ‘гучна піць, есць’ (ЕСУМ, 5, 654; Шустар-Шэўц, 1535; Тувім, Słownik, 2009, 19), гл. труба1. Сюды, магчыма, з супрацьлеглым значэннем u kułak trubić ‘галадаць’ (Федар. 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэпсты́ (тепсти́) ‘ківаць, матляць, целяпаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тыпсты́ ‘моцна трасці; шукаць’ (Клім.). Параўн. рус. дыял. тепсти́ ‘цягнуць, вязці з натугай’, палаб. tipst ‘трэсці’, славен. tepsti ‘біць, лупцаваць’, харв. tèpsti ‘збіваць масла; біць, стукаць; валачыць; плявузгаць’, серб. те̏псти ‘збіваць масла, пляскаць, боўтаць, калаціць’, роднасныя літ. tèpti ‘мазаць, шмараваць; біць, стукаць’ пры аблаўтным tapšnoti ‘ляпаць’ з інавацыйным суф. ‑šno‑ (Смачынскі, 673), параўн. харв. tȁpšati ‘тс’. Прасл. *tepti ‘стукаць, біць’ (гл. цепаць) з «інтэнсіўным» s, відаць, гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 45; Скок, 3, 460; Глухак, 623; Шустар-Шэўц, 1504; Бязлай, 4, 170–171; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́ква ‘плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада’, ‘смакоўніца’ (ТСБМ, Ласт.), смо́квы ‘ірга, ягады іргі’ (капыл., люб., Трухан, вусн. паведамі), ст.-бел. смоква ‘інжыр, вінная ягада’: смоква созрѣла (Альтбаўэр). Укр., рус. смо́ква, серб.-харв. смо̏ква, славен. smókva, балг. смо́ква, макед. смоква, ст.-слав. смокы, смокъва. У заходнеславянскіх мовах слова лічыцца запазычаннем з іншых славянскіх моў, параўн. Варш. сл., 6, 243; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1321. Слова спрэчнага паходжання. Паводле традыцыйнага погляду, які ўзыходзіць да Капітара (гл. Машынскі, Этимология–1997–1999, 120; гл. таксама Фасмер, 3, 689), прасл. *smoky запазычана з гоц. smakka ‘смоква, фіга’ або *smakko ‘смачны плод’, менавіта з балкана-германскага; яно роднаснае нова-в.-ням. schmecken ‘прыходзіцца да смаку’, літ. smaguriai мн. л ‘прысмакі’ або, як мяркуе Скок (3, 293–294), запазычана з даіндаеўрапейскай міжземнаморскай мовы. Па іншай версіі, гэта спрадвечнаславянскае слова, якое параўноўваюць з славац. smokva ‘чырвоная ягада’, smokvica ‘суніцы’, чэш. smok ‘сок раслін’, славен. smȏk ‘прыправа да хлеба’, ‘ялавічына’, серб. смо́к ‘прыправа; масла, сыр; ператопленыя сала і тлушч, якімі запраўляюць ежу’, балг. смок ‘пасоленае мяса’. Ілліч–Світыч (ЭИРЯ, 1962, 2, 73 і наст.) узнаўляе прасл. *smokъ ‘сакавітае вільготнае рэчыва, галоўным чынам расліннага паходжання’ (гл. смактаць), пры гэтым гоцкае слова лічыцца запазычаннем з славянскіх моў або незалежным запазычаннем з трэцяй крыніцы, гл. Бязлай, 3, 272–273; Скок, 3, 294. Аналагічна Сной₁, 585; Рэйзак, 585; Шустар-Шэўц, 1321–1322. Агляд версій гл. Глухак, 566.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Судзьба́ ’доля, лёс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС): sudźba bóża ’прадвызначэнне’ (Федар. 4), судзьба́ — працэсуальны назоўнік ад дзеяслова судзіць (слуц., Жыв. НС), ст.-бел. судба ’тс’: судбы судеи (Альтбаўэр). Параўн. старое ўкр. судьба́ ’доля’, рус. судьба́ ’лёс’, чэш. sudba ’прадвызначэнне, доля’, славен. sódba ’прысуд; меркаванне, думка’, старое ’лёс’, серб.-харв. судба ’тс’, балг. съдба́ ’тс’, макед. судба ’доля, лёс’, ст.-слав. сѫдьба ’прысуд; права, закон; рашэнне, пастанова’. Прасл. *sǫdьba — абстрактны назоўнік ад *sǫditi, гл. судзіць (Шустар-Шэўц, 1376; Скок, 3, 356; Бязлай, 3, 283). Існуе меркаванне, што гэта самастойныя ўтварэнні ў асобных славянскіх мовах, а значэнне ’лёс’ распаўсюдзілася пад уплывам рускай мовы. параўн. Махэк₂, 568; Русек, Этимология–2000–2002, 50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукно́ ’шарсцяная або паўшарсцяная тканіна з гладкім ворсам, якая пры вырабе апрацоўваецца валяннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’тканіна, у якой аснова і ўток з воўны’ (ваўк., ашм., Нар. скарбы), ст.-бел. сукно ’тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс). Укр., рус. сукно́, стараж.-рус. сукъно, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sukno, палаб. sáuknö, серб.-харв. су́кно ’сукно’, славен. suknó, балг. су́кно, макед. сукно, ст.-слав. соукно. Прасл. *sukno ’тканіна, сукно’. Дэрыват ад прасл. *sukati ’сукаць’ з суф. ‑ъno, гл. Борысь, 586; Сной₂ (710) *sukno лічыць субстантынаванай формай н. р. ад *suknъ, роднаснай *sukati. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 799; Бязлай, 3, 340; Махэк₂, 592; Шустар-Шэўц, 1377–1378.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукро́та ’стакроць’ (Ласт.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі су- ад назоўніка кро́та ’раз’ (Ласт.), гл. кроць ’тс’, што адпавядае укр. крат, крот, кроть, рус. крат, польск. kroć, кашуб. krot, в.-луж. króć, н.-луж. krot, чэш., славац. ‑krát, славен. krat, серб.-харв. кра̑т, балг. крат, дыял. крат ’частка аршына, роўная 2 см’, ст.-слав. кратъ ’раз’. Прасл. *kortъ адпавядае літ. kar̃tas ’раз’, kartá ’рад, пласт’, лат. kārta ’тс’ і ўзыходзіць да і.-е. *(s)kert‑ ’рэзаць, адрубаць’. Праблему складае адсутнасць поўнагалосся ва ўсходнеславянскіх формах, што тлумачаць уплывам царкоўнаславянскай або запазычаннем са стараславянскай мовы, гл. Фасмер, 2, 368; Шустар-Шэўц, 676; ЕСУМ, 3, 79. Адзінкавая фіксацыя слова прымушае думаць пра яго штучнае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)