хітрава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі хітры. Вычыха хітраватая, але часам залішне меле языком і можа выбалбатаць тое, пра што думае. Кулакоўскі. // Які выражае пэўную хітрасць або сведчыць пра яе. [Ячны] падміргнуў мне, нібы змоўшчык, хітраватым вокам. Брыль. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Но́тны ’занудлівы, патрабавальны’ (мін., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), ’капрызны’ (жлоб., Мат. Гом.). Параўн. рус. нотный ’адукаваны, разумны, хітры; патрабавальны, капрызны; важны; нудны, надаедлівы’, чэш. notný ’належны; акуратны, прыстойны, значны’, першапачаткова, паводле Махэка₂ (402), у мове музыкаў і спевакоў ’па нотах, паводле нот’ (гл. нота).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

езуі́т, ‑а, М езуіце, м.

1. Член манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», адной з самых рэакцыйных і ваяўнічых арганізацый каталіцкай царквы.

2. перан. Пра хітрага, крывадушнага чалавека, здольнага на ўсякую подласць. Пад ласкай вясёлага жартаўніка і балаболкі.. хаваўся хітры езуіт, падхалім-пралаза і крывадушны, з мізэрнай душой чалавек. Машара.

[Ад лац. формы імя Ісус — Jesus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наро́кам, прысл.

Разм.

1. Жартам, не ўсур’ёз. Я жартую. Я нарокам. Хай жа хто з вас кіне вокам: Ці падобны я на дзеда? Крапіва. Крэхча хітры старычына, Стогне, войкае нарокам, Як бы й праўда, што баліць. Колас.

2. Наўмысна. [Веры Андрэеўне] здаецца, што Дуня стукае нарокам, неахайна нешта робіць. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хітру́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Вельмі хітры чалавек. Заўважыўшы ў поцемках людзей, хітруга гэты адразу ж накіраваўся проста на іх. Дуброўскі. / Пра жывёл, птушак. — От хітругі, пранюхалі, што кукурузу будзем тут сеяць, — скардзіцца на гракоў Тася. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

езуі́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да езуіта (у 1 знач.), езуітаў. Езуіцкі касцёл. □ Косю перавялі вучыцца ў езуіцкую жаночую гімназію. Карпюк.

2. перан. Хітры, крывадушны, вераломны. [Янка Рыбалтовіч] чытаў, маліўся над магілкамі сваіх дзядоў па-лацінску, з езуіцкай лісінай пакорай хадзіў па вёсках, носячы людзям «збаўленне ад бязбожнага камунізма...» Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяшы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Вясёлая іскрынка, хітры агеньчык (у вачах). У карых вачах Наташы гарэзлівыя смяшынкі, валасы каштанавымі локанамі спадаюць на плечы, а на загарэлых шчоках — вясёлыя ямачкі. Бяганская. Але вось цень задуменнасці сышоў, на твары з’явілася вясёлая ўсмешка, у вачах зайгралі смяшынкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлюст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм.

1. Хітры і нахабны чалавек; прайдзісвет. [Стася:] — Не бачыш, які гэта хлюст. На хаду абуе ў лапці каго захоча. Пальчэўскі. [Глобаў:] — Я цябе, хлюста такога, да трактара блізка не дапушчу, пакуль чалавекам не станеш. Беразняк. // Франтаваты, развязны чалавек. Звышмодны хлюст.

2. Від картачнай гульні. Гуляць у хлюсты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́шлы ’растаропны’ (Мат. Гом.); ’знаходлівы, хітры’ (Цых.). Хутчэй за ўсё запазычана з рус. ушлый ’пранырлівы’, дзеепрыметнік ад уйти ’пайсці’, раней таксама ’пазбегнуць’; параўн. утвораныя ад таго ж кораня по́шлы ’моцны, дужы’, няпо́шлы ’нямоглы’ (Панюціч, Лексіка, 81), нядо́шлы ’тс’ і пад. Сюды ж, відаць, і ву́жлы ’праворны, спрытны’ (Яўс.) праз народна-этымалагічнае збліжэнне з вуж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кава́рны, ‑ая, ‑ае.

Які пад знешняй добразычлівасцю тоіць злыя замыслы; вераломны, хітры. Каварны вораг. Каварныя словы. □ [У Ані] зарадзіўся каварны план: пайсці купіць і яму білет, але на які-небудзь задні рад. Карпюк. // Які выражае вераломства, каварства. Каварная ўсмешка. // Які тоіць у сабе нечаканую небяспеку, непрыемнасць. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры і іншых прамудрасцях дакладных навук. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)