зіма́, ‑ы; мн. зімы, зім; ж.

1. Самая халодная пара года паміж восенню і вясной. Снежная зіма. Наступленне зімы. □ Мінула восень, а за ёю Прыйшла з марозамі зіма. Купала. Зіма перайшла марозамі, снегам, адлегамі. Мурашка.

2. Навучальны, рабочы і пад. год (пры адлічэнні часу, калі асноўная дзейнасць прыпадае на халодную пару). Цяпер Аўгіння цвёрда пастанавіла вучыць Алесю на другую зіму. Колас. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца.. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль.

•••

Зіму зімаваць гл. зімаваць.

Зіму і лета — пастаянна, у любую пару года.

Пусціць у зіму каго — пакінуць у племя (пра свойскую жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

франта́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Накіраваны ў бок фронту; лабавы. Франтальны ўдар. Франтальны агонь. // Які ажыццяўляецца па ўсяму фронту (у 2 знач.); агульны. Франтальнае наступленне.

2. Які знаходзіцца ў пярэдняй частцы чаго‑н. Франтальная сцяна. // У выяўленчым мастацтве — звернуты тварам да гледача. Франтальная пастава фігуры. // У архітэктуры — сіметрычна размешчаны (пра фасад).

3. Спец. Размешчаны пярэднім бокам паралельна чаму‑н. Франтальная турбінная камера.

4. У метэаралогіі — звязаны з фронтам (у 6 знач.). Франтальная воблачнасць.

5. перан. Які распаўсюджваецца на ўсіх, адбываецца адначасова; агульны. Франтальная праверка дамашняга задання. □ Асноўны метадычны прынцып на ўроку, як і раней, франтальная работа з класам. Барсток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́тна і чутно́,

1. Прысл. да чутны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Можна чуць. І здаецца, Зязюля даўно адкувала, І не чутна За вокнамі Звону вясны. Грахоўскі. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку. Лынькоў. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ.

3. безас. у знач. вык. Разм. Ёсць звесткі, навіны, паведамленні пра каго‑, што‑н. Прайшла палова чэрвеня, а пра наступленне Чырвонай Арміі нічога пэўнага не было чутно. Машара.

4. у знач. пабочн. Кажуць, як кажуць. [Сушкевічава] жонка, папр[адава]ўшы будынкі, выехала адсюль і жыве, чутно, добра. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Аддзяляць па слаях лучыну і пад. А бацька, сівы і яшчэ жвавы клапатун, цюкае непадалёку сякерай — шчапае на калодцы дровы. Ракітны. [Дзед] завіхаўся ля чыгункай печкі, шчапаў лучыну. Лынькоў.

2. Разломваць, разбіваць на кавалкі, часткі. Наступленне, як звычайна, пачалі артылерысты — шчапалі дот за дотам, хавалі пад іх абломкамі ворага. Мележ. Як кладзеш цэглу такую, размякае вапна, набрыняе і шчапае цэглу на кавалкі, псуе сценку. Шынклер. Пасля з грымотамі і звонам Вада шчапала крохкі лёд. Глебка. / у перан. ужыв.; і каго. А ён [вораг] як сыпне з кулямётаў, Так і шчапае нашу роту! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

с... (а таксама са..., су...), прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў і надае ім знач.:

1. Убіранне чаго-н. з паверхні або наогул адкуль-н., напр.: ссыпаць, спілаваць.

2. Рух зверху ўніз; перамяшчэнне туды і назад, напр.: сцячы, скінуць, скаціцца, схадзіць (у краму).

3. Злучэнне:

а) змацаванне, напр.: скруціць (дрот), склеіць;

б) сканцэнтраванне ў адным месцы, напр.: ссунуць (сталы), ссяліць;

в) (звычайна з часціцай -ся) рух з розных месцаў у адзін пункт, напр., сцячыся.

4. (з часціцай -цца). Узаемнае дзеянне, напр.: спісацца, спрацавацца.

5. Выніковасць:

а) паўната, інтэнсіўнасць, наступленне якога-н. стану, напр.: ступіцца, спісацца (пра чарніла);

б) зрасходаванне ў выніку якога-н. дзеяння, напр.: скурыць (тытунь), скарміць;

в) выраб прадмета ў выніку дзеяння, напр.: скруціць (вяроўку), спячы (торт).

II. Утварае форму закончанага трывання некаторых дзеясловаў, напр.: скласці, станцаваць.

III. Ужыв. пры ўтварэнні прыслоўяў са знач. месца, напрамку, прычыны ад ускосных склонаў назоўнікаў, напр.: справа, спачатку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца ружовым, афарбоўвацца ў ружовы колер. Неба на паўночным усходзе святлела, і срэбная паласа паўзла на ўсход і паступова шырылася, ружавела. Шамякін. Ледзь-ледзь пачаў ружавець усход і змрок ночы змяніўся перадранішняй бледнасцю. Краўчанка. // безас. Пра наступленне раніцы. За акном ужо ружавела.

2. Чырванець, пакрывацца румянцам. Чорныя .. [Рыгоравы] вочкі гарэлі, як вугалькі, і смуглыя шчокі сарамліва ружавелі. Колас. Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Брыль.

3. Выдзяляцца сваім ружовым колерам, віднецца (пра што‑н. ружовае). Сям-там ружавеюць шапкі цыбатых мухамораў. Кандрусевіч. Ён [Нішка] з дарогі звярнуў адзінока І кароткі зрабіў адпачынак, Дзе на ўзмежку самотная вішня Ружавела дарамі галінак. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужо́, прысл. і часціца.

1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.

2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.

3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.

4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайсці́, перайду́, пяро́йдзеш, пяро́йдзе; перайшо́ў, -шла́, -ло́; перайдзі; пяро́йдзены; зак.

1. што і цераз што. Ідучы, перамясціцца на працілеглы бок чаго-н.

П. дарогу.

П. цераз раку.

П. граніцу.

П. межы дазволенага (перан.).

2. Прайсці з аднаго месца на другое.

П. ў другі пакой.

3. Змяніць работу, стан, месца знаходжання.

П. на новую работу.

П. на трэці курс.

4. каму і да каго. Дастацца каму-, чаму-н. ад каго-, чаго-н., стаць чыёй-н. уласнасцю.

Гэта хата перайшла нам ад бацькоў.

5. у што, да чаго, на што. Прыняцца за што-н. іншае, пачаць дзейнічаць па-іншаму.

П. ў наступленне.

П. да абмеркавання чарговага пытання.

П. на нелегальнае становішча.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Ператварыцца ў што-н. іншае, стаць другім.

Дождж перайшоў у снег.

Сяброўства перайшло ў каханне.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Уступіць, ахвяраваць што-н. каму-н. (разм.).

Няхай лепш маё пяройдзе.

|| незак. перахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. перахо́д, -у, М -дзе, м. П. колькасці ў якасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыспе́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. што. Зрабіць больш хуткім, таропкім. Алесь прыспешыў крок. І калі выйшаў на адкрытае месца, у некалькіх кроках ад сябе ўбачыў Тасю. Хадановіч. Я прыспешыў хаду і праз некалькі крокаў апынуўся на лясной паляне, мякка асветленай ружовымі праменямі вячэрняга сонца. В. Вольскі.

2. што. Наблізіць наступленне чаго‑н. Ніколі .. [Дзялянка] не лічыўся са сваім часам, каб толькі даць краіне больш вугалю і гэтым прыспешыць разгром ненавісных гітлераўцаў. Паслядовіч. [Ніна] ведала, рана ці позна, а шчырая размова са Сцяпанам Сцяпанавічам павінна была адбыцца. Выпадак толькі прыспешыў яе. Шахавец.

3. каго-што. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй. Дзяўчына.. зірнула на.. [Паўла] і перастала пісаць. Але Маша прыспешыла яе: — Пішыце, мы згодны ў Задубскую РТС. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакры́ць, ‑краю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Накрыць нанава, яшчэ раз, іначай. Перакрыць будынкі гонтамі. □ Дах пацёк, і адзін бок прыйшлося перакрыць саломай, а другі — толькі залатаць. С. Александровіч.

2. Закрыць, спыніць свабодны рух, цячэнне, наступленне чаго‑н. [Падун] павінен знікнуць пад вадой, калі Ангару канчаткова перакрыюць. Корбан. — Я перакрыў трубы, — таямніча.. паведаміў Стралецкі, — каб замарозіць вадакачку. Гурскі. // Закрыўшы, перагарадзіўшы што‑н., спыніць доступ. — Калі шлях.. выпадкам перакрыюць, бяжыце вось сюды. Асіпенка.

3. Перавысіць якія‑н. паказчыкі, вынікі і пад.; апярэдзіць. Перакрыць норму. Перакрыць планавае заданне. Перакрыць графік. □ Цяпер мы ўсе вышыні перакрылі, Да сонечных шляхоў зрабіўшы смелы марш. Хведаровіч. // Заглушыць якімі‑н. гукамі, галасамі іншыя гукі і галасы. Касцельны звон перакрылі раптоўны піск цыркуляркі і грукат матора. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)