трубі́ць, трублю, трубіш, трубіць; незак.

1. Дзьмучы ў трубу, прымушаць яе гучаць. Трубіў пастух... З палосак Дахаты жнеі йшлі, Іх песень адгалоскі Журботаю плылі... Панчанка. Ты [партыя], як маці, схілялася, родная, Над маёю калыскай тады, Калі ў трубы трубіла паходныя, Падымаючы сілы народныя, Царскі лад руйнаваць назаўжды. Непачаловіч. // Гучаць (пра трубу). Трубы трубяць. □ Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, — гэта, значыцца, выязджае пан на ловы. Гарэцкі. // Падаваць сігналы, падобныя да гукаў трубы. Недзе на пуцях трубілі паравозы. Лынькоў. Вакол густы туман, параход увесь час трубіць. Мележ. // Ствараць нізкія, моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Дзіка трубяць ваўкі. Куляшоў. Я слухаў, Як гусі трубілі, Грымела вясны гамана, І думаў аб юнай рабіне. Калачынскі.

2. што. Гукамі трубы падаваць сігнал да чаго‑н.; выконваць на трубе што‑н. Трубіць атаку. Трубіць зару. Трубіць трывогу. □ Эй, гарніст, трубі паход! Колас.

3. што і без дап. Разм. Шмат есці. Густаў, дурніца гэты, прыносіць толькі па дванаццаць марак кожнай пятніцы — што застаецца ад аліментаў яго прыгажуні, — а хлеба трубіць шмат, і з сабой жа бярэ таксама. Брыль.

4. перан. Разм. Пісаць, весці размовы аб кім‑, чым‑н., распаўсюджваць чуткі. [Веля:] — Жыві! Але мяне не прымушай жыць так, як табе хочацца! [Яўген:] — Пэўна ж! Аб тваім жыцці цяпер увесь пасёлак трубіць! Савіцкі. // Назойліва напамінаць, гаварыць аб чым‑н. А Марыя Цітаўна, перакрыкваючы радыёлу, што грымела на ўсю хату, трубіла: «Я ж вас, дзеткі мае, усіх люблю». Гаўрылкін.

•••

Трубіць на ўвесь свет — тое, што і трубіць (у 4 знач.).

Трубіць у фанфары — паднімаць урачысты шум вакол чаго‑н., урачыста абвяшчаць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які поўнасцю здаволіўся; які не адчувае голаду. — Цяжка табе, — паспачуваў Чыжык. — А ты цяпер займіся рыбалкай. Сам будзеш сыты і цётцы што-небудзь дасі. Няхай. — Еш сам, — засмяяўся марак. — А то не вырасцеш. [Сцёпка:] — Я сыты, не хачу. Хомчанка. / у знач. наз. сы́ты, ‑ага, м.; сы́тая, ‑ай, ж. Галодных сыты зразумець не можа, пакуль самога лёс не патрывожыць. Дубоўка. Сытаму сала не сніцца. Прымаўка. // Уласцівы чалавеку, жывёле, якія добра наеліся. Вахман заліўся сытым рогатам. Брыль. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў, І пасечнікаў (рыжыя барады, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка. Далёкі помню дзень: у лесе сыты крык драздоў, стагі ў лугах. Вялюгін. // перан. Поўнасцю, цалкам задаволены чым‑н. І цэлы дзень тады Шчасцем быў ён [Янка] сыт. Бядуля. А лепей не трывожыць успаміны, На ўсё жыццё ў нас кожны імі сыт. Пысін.

2. Разм. Укормлены, тлусты. Ад’еўшыся за лета, .. [дзікі] сытыя, сала бывае на мужчынскую дал[онь]. Пташнікаў. // Які належыць добра ўкормленаму чалавеку, жывёле. Гарадавы нездаволена скрывіўся і адышоўся ўбок, пакручваючы доўгі светлы вус на тоўстым сытым твары. Якімовіч.

3. перан. Разм. Які жыве ў дастатку, у раскошы. І стварылася ўражанне, што ўсе гэтыя сытыя і задаволеныя людзі [афіцыйнай Амерыкі] толькі і думаюць, каб мы яшчэ і яшчэ цешыліся крывавым феерверкам вайны. Лынькоў. // Заможны, багаты (пра жыццё). Але што значыць для такога чалавека [здрадніка] ўдзячнасць, калі ёсць больш моцныя магніты для яго — сытае жыццё? Мікуліч.

4. Багаты на яду, харчовыя прадукты. Купіў [дзед Малах] на марскім беразе домік, сабраўся дажываць век, ды сталася з чалавекам дзіва: усё кінуў у тым прыгожым і сытым краі, паміраць прыехаў у родную вёску. Карамазаў.

5. Разм. Сытны. Пасля сытай вячэры і самакрутак з духмянай махоркі дарэчы было б расцягнуцца .. і супачыць. Брыль. Застаўляе [пан Патоцкі] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. / Пра пах, пару ад яды і пад. У млявым вячэрнім паветры стаяў сыты пах свежага малака. Самуйлёнак.

6. Які мае ў сабе шмат тлушчу. Сытае мяса.

•••

Сыты па горла — з лішкам, дастаткова каму‑н. чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́р, ‑у, м.

1. Моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым‑н. у час руху. Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. Раптам рэзкі ўдар страсянуў корпус судна. Траўлер даў крэп на правы борт. Матрунёнак. Многія гадзіннікі першага класа вызначаюцца тым, што не баяцца ўдару, пылу, вільгаці, вады. «Звязда». Я спрабаваў падняцца, але адразу падаў пад ударамі страшэннага ветру. Бяганская. // Пра біццё сэрца, пульсу. [Сцяпан] прыклаў фанендаскоп да сэрца і пачуў, як аддаляюцца і затухаюць яго ўдары. Шамякін. Кроў пульсавала выразней, з нарастаючымі ўдарамі. М. Ткачоў. // перан. Пра гром, выбух і іншыя моцныя гукі. Удар грому. □ Адзін за другім раздаліся глухія ўдары выбухаў. Лынькоў. У марозным крохкім паветры чуецца ўдар аб рэйку. Мікуліч. Яшчэ раз грамыхнуў, б’ючы ў самае сэрца людзей, удар нямецкай гарматы. Паслядовіч.

2. Імклівы напад, атака. Флангавы ўдар. Бомбавы ўдар. □ У заключэнне рэйду быў нанесены магутны камбінаваны ўдар на чыгунцы. Шамякін. Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар: Ідуць партызаны. Рыхтуюць удар. Колас. [Рагозін:] — Злева ў ляску збіраюцца казакі — адтуль галоўны ўдар. Гурскі. // перан. Рашучае дзеянне, накіраванае на спыненне, знішчэнне чаго‑н. Канчатковы ўдар па спекуляцыі.

3. перан. Нечаканае гора, бяда, непрыемнасць. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны. / Пра што‑н. цяжкае, непрыемнае, што даводзіцца пераносіць каму‑н. Удар лёсу.

4. Цяжкая хвароба, кровазліццё ў мозг; апаплексія. [Ларчанка:] — Чорны захварэў. Вельмі цяжка..; Удар. Кровазліццё ў мозг. Мележ.

•••

Апаплексічны ўдар — тое, што і апаплексія.

Кручаны ўдар — удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч.

Свабодны ўдар — у футболе — удар, у час якога праціўнік не мае права нападаць.

Сонечны ўдар — цяжкі стан, які ўзнікае ў выніку перагрэву галавы сонечнымі прамянямі.

Цеплавы ўдар — захворванне, якое выклікаецца перагрэвам цела пры працяглым уздзеянні высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя.

Адным ударам — хутка, імкліва, у адзін прыём.

Пад ударам (быць, знаходзіцца) — у такім становішчы, калі могуць напасці, атакаваць; у стане, калі штосьці пагражае.

Ставіць пад удар гл. ставіць.

Удар у спіну — здрадніцкі ўчынак, здрадніцкае забойства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Шчыльна, з сілай наблізіць што‑н. да чаго‑н. Не спяшаючыся, [Варанецкі] адчыніў [пячатку] і, моцна пахукаўшы, прыціснуў да першага бланка. Скрыган. Партызаны ляжалі за соснамі, прыціснуўшы да плячэй прыклады вінтовак. Навуменка. // Сціснуць, заціснуць чым‑н. Воз прыціснулі рублём і абвязалі вяроўкамі. Дайліда. Дзяўчына збянтэжылася, падала Мішу руку і пашлёпала ў галёшах на босую нагу, прыціснуўшы барадой канцы хусткі. Карпюк. // Моцна абняць, прытуліць. Антоніха абняла і прыціснула да сябе дачку, пагладзіла яе тоўстыя косы і праслязілася. Гурскі. // Прычыніць боль, націснуўшы чым‑н., заціснуўшы дзе‑н. Прыціснуць палец дзвярамі. □ Тоўстая галіна прыціснула [раненаму] нагу. Шамякін. / у безас. ужыв. — На тралёўку з бацькам не паедзеш, — яшчэ бервяном прыцісне дзе-небудзь. Жычка. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад, моцна прыціснула да сядзення штурвала. Гамолка.

2. Прымусіць падступіць да якой‑н. перашкоды, якая не дае магчымасці манеўраваць, адступаць далей. У фашыстаў быў каварны і, як здавалася ім, лёгкі для ажыццяўлення план: выбіць партызан з пазіцый, прыціснуць да непраходнага балота. Сабаленка. — Рукі ўгору! Ні з месца! — грымнуў грозны малады голас, і дзве вінтоўкі прыціснулі Кіда да сцяны. Бяганская.

3. перан. Разм. Стварыць вельмі суровыя, неспрыяльныя ўмовы, становішча для каго‑, чаго‑н.; абмежаваць каго‑н. у чым‑н. Прыціснуць гультаёў. □ — Калі ж гэта нашых маленькіх панкоў-хутаранцаў прыцісне ўлада? Чарнышэвіч. [Даніла:] — От вы тут крычалі, што Загурскі прыцісне з работай. Дык і ад мяне палёгкі не чакайце. Асіпенка. / у безас. ужыв. — Як ты, Максім, быў у польскім войску, мяне так прыціснула, што давялося некалькі разоў схадзіць з кантрабандай. Машара. // Пазбавіць магчымасці адмаўляць што‑н., адпірацца ад чаго‑н. Калі мы.. прыціснулі Шыпульку, ён пачаў прызнавацца, што ездзіў не да цёткі. Кулакоўскі. Як прыціснуць Віктара, дык ён авечкай прыкідваецца і абяцае выправіцца. Ну і вераць чалавеку... Ваданосаў. // Аказаць моцнае непрыемнае, шкоднае ўздзеянне (пра хваробу, што‑н. непажаданае і пад.). Прыціснула мяне язва. Цярпення няма. Пайшоў да старога ўрача. Прокша. — Прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі. Караткевіч.

4. без дап. Разм. Узмацніцца, пабольшаць (пра мароз, халады). Была на тым тыдні адліга, потым прыціснуў мароз, цяпер зноў пацяплела і снег бліскучы, як шкло. Савіцкі.

•••

Прыціснуць хвост каму — тое, што і прышчаміць хвост (гл. прышчаміць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.

1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг. Дзеружынскі. Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра. Арабей. Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал. Нядзведскі. // Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя. Шамякін. [Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў. Вярцінскі.

2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук. Краўчанка. Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл. Грахоўскі. Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал. Якімовіч. Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся. Кулакоўскі. / у перан. ужыв. Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху. Колас. / Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак. Кірэйчык.

3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Брыль. Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа. Пташнікаў. // Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй. Гурскі. Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі]. Якімовіч.

4. перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі. Мележ. Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы. Лужанін. // Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех. Якімовіч. Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні. Сяргейчык.

5. Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).

6. перан. Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну. Чорны. Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты. Брыль.

7. Зал. да сыпаць (у 1, 3 знач.).

•••

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Пясок сыплецца з каго гл. пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусты́, ‑ая, ‑ое.

1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе. Чорны. Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі. Лынькоў. // Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы. Шамякін. К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй. Ермаловіч. // Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі. Скрыган. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі. // Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў. // Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты. Прыказка. // Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.

3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся. Ракітны. На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта. Мележ.

4. перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго. Чорны. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу. Шахавец.

5. перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя. Карпаў. Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём. Куляшоў. // Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам. Шахавец. Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

6. перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Лупсякоў.

7. у знач. наз. пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць. Машара. [Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах. Ракітны.

•••

Затычка ад пустой бочкі гл. затычка.

Біцца за пусты мех гл. біцца.

З пустымі рукамі гл. рука.

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Пустая гаворка гл. гаворка.

Пустое месца гл. месца.

Пусты кашалёк гл. кашалёк.

Пустыя кішэні у каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́сці 1, нясу, нясеш, нясе; нясём, несяце; пр. нёс, несла і нясла, несла і нясло; заг. нясі; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. [Людзі] неслі на насілках хворага. Якімовіч. Стары нёс за плячыма маленькі куфэрак. Чорны. // Дастаўляць, адносіць куды‑н. І нясуць, і нясуць транспарцёры На-гара, на-гара сільвініт. Хведаровіч. І нясуць у прасторы раскутыя міжпланетныя караблі Нашы вымпелы пяцікутныя. Бураўкін. // перан. Перадаваць каму‑н.; распаўсюджваць. Несці культуру ў масы. Несці веды народу.

2. каго-што і без дап. Перамяшчаць сілай свайго руху (пра вецер, плынь вады і пад.). Вецер нясе па небе хмары. □ Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Колас. / у безас. ужыв. З усяго поля дзень і ноч дзерла снег і пясок і несла ў вёску. Пташнікаў. // Імкліва рухацца, імчаць; везці. Лодка ўвечар нас чакала, Несла нас ракою плыннай. Зарыцкі. Коні шпарка неслі па наезджанай саннай дарозе. Быкаў.

3. каго-што (толькі ў 3 ас., пераважна ў пытальных і клічных сказах). Разм. Прымушаць каго‑н. ісці куды‑н.; цягнуць. [Сымон:] — Куды гэта вас бог нясе? Лынькоў. Ажно млосна Саўку стала, Аж яго затрэсла: — А што цябе ў карак гнала? Куды цябе несла? Гілевіч.

4. Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.). Мяккі снег лятае пухам, І канца яму няма, І нясе сярдзітым духам, Дзікім сіверам зіма. Колас. / у безас. ужыв. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // пераважна безас. Перадавацца па паветры, быць адчувальным (пра пах, цяпло і пад.). Пажарышча далёка відаць — на многа вёрст. Нясе гарам. Бядуля.

5. перан.; што. Выконваць якія‑н. даручэнні, абавязкі па службе і пад. Несці вахту. Несці ахову. Несці адказнасць. □ Сваю абходчыцкую службу Птах шануе і нясе спраўна, але не дае маху і на старане. Навуменка.

6. перан.; што. Пакутаваць ад чаго‑н.; мець страты. Несці кару. □ На стыку трох рэспублік Насыпаны курган. Тут біліся без страху І рускі, і латыш. Мы неслі разам страты, Салдаты і браты. Панчанка.

7. што. Прыносіць з сабою як вынік; выклікаць што‑н. Восень нясла смугу і доўгія ночы. Чорны. Хачу, каб славілі мы ўсе Паход, што людзям мір нясе. Куляшоў. Вайна заўсёды боль нясе. Броўка.

8. перан.; што. Разм. Гаварыць што‑н. недарэчнае, бязглуздае.

9. перан.; што. Мець, змяшчаць у сабе. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга. «Маладосць». // Быць носьбітам чаго‑н. (якіх-н пачуццяў і пад.). Будзе ў сэрцы з веку ў век Несці творчай працы радасць Непакорны чалавек. Глебка.

10. што. Спец. Быць аснашчаным чым‑н. Карабель нясе шэсць гармат.

•••

Несці ахінею — гаварыць, пісаць і г. д. глупства.

Несці крыж — цярпліва пераносіць пакуты, выпрабаванні.

Несці сябе (высока) — трымаць сябе ганарліва. Які ён гога! які дока! Як ён сябе нясе высока! Колас.

Ногі не нясуць гл. нага.

не́сці 2, нясе; пр. несла і нясла; незак., што.

Класці яйцы (пра птушак). — [Куры-афрыканкі] нясуць малюсенькія і вельмі ж моцныя яйкі. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увайсці́, увайду, увойдзеш, увойдзе; пр. увайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. увайдзі; зак.

1. Зайсці ўнутр чаго‑н., уступіць куды‑н., у межы чаго‑н. Увайсці ў хату. Увайсці ў двор. Войскі ўвайшлі ў горад. Увайсці ў лес. □ [Ваўчыха:] — Як увойдзеш у браму, убачыш там двух сабак. Якімовіч. Захацелася Галынскаму ўвайсці ў ваду і паплыць аж туды, да тых дрэў. Галавач. Ноч. Сёння крэйсер павінен увайсці ў Няву для падтрымкі рэвалюцыі. Сяргейчык. // Пранікнуць углыб чаго‑н.; упіцца. Сякера больш чым напалову ляза ўвайшла ў дрэва. Шамякін. Два гарпуны глыбока ўвайшлі ў бок кашалота. Ён ірвануўся наперад, але моцныя канаты надзейна трымалі яго. Матрунёнак. // Асесці. [Хаткі] схіліліся набок, увайшлі ў зямлю ледзь не па самыя вокны. Шахавец.

2. Уступіць, уключыцца ў склад, у члены чаго‑н. Увайсці ў склад праўлення. Увайсці ў склад рэдакцыі. □ У склад уборачна-транспартнага атрада ўвайшлі вопытныя механізатары. «Звязда». У .. [штаб] увойдуць камандзіры атрадаў і начальнік лагера. Сергіевіч. // Стаць састаўной часткай чаго‑н. П’еса трывала ўвайшла ў рэпертуар тэатра. □ Некаторыя з праектаў Міхайлава ўвайшлі ў падручнікі і ўражалі яснасцю сваёй думкі і строгай прыгажосцю. Карпаў.

3. Змясціцца, умясціцца. У бочку ўвайшла яшчэ вядро вады.

4. Унікнуць у што‑н., разабрацца; асвоіцца з чым‑н. Рыгор ведаў, што новы дырэктар яшчэ поўнасцю не ўвайшоў у работу інстытута і таму часта выязджае ў камандзіроўкі. Арабей. Я неяк увайшоў ужо ў рэдакцыйныя будні і адчуваў цяпер сябе ў рэдакцыі патрэбным чалавекам. Сабаленка.

5. (з прынавоўнікам «у»). У спалучэнні з абстрактнымі назоўнікамі азначае пачатак дзеяння, стану, які выражаецца гэтымі назоўнікамі. Увайсці ў азарт. Увайсці ў кантакт. Увайсці ў прывычку. Увайсці ў традыцыю. Увайсці ў сістэму. Увайсці ва ўжытак.

6. Разм. Прайсці які‑н. шлях, адысці на якую‑н. адлегласць ад чаго‑н. Увайсці дзесяць кіламетраў. □ [Мішурын:] — А ці далёка мы ўвайшлі ад Брэста? [Стары:] — Адсюль да Брэста дзевятнаццаць кіламетраў. Чорны.

•••

Увайсці ў гады — стаць дарослым.

Увайсці ў гісторыю — стаць вядомым, надоўга захавацца ў памяці людзей; пакінуць след у гісторыі.

Увайсці (уцерціся, убіцца) у давер’е (давер) — набыць давер’е, дабіцца прыхільнасць каго‑н.

Увайсці ў жыццё — а) тое, што і увайсці ў побыт; б) прывыкнуць да якога‑н. жыцця, прыняць удзел у ім; в) пачаць жыць самастойна.

Увайсці ў злосць — раз’юшыцца, страціць раўнавагу ў паводзінах.

Увайсці ў каляіну (каляю) — вярнуцца да прывычнага спосабу жыцця; прыйсці ў звычайны стан.

Увайсці ў курс чаго — азнаёміцца дэталёва або ў агульных рысах з чым‑н.

Увайсці ў моду — а) стаць модным; б) стаць прывычным, звычайным.

Увайсці ў норму — тое, што і прыйсці ў норму (гл. прыйсці).

Увайсці ў побыт — стаць, зрабіцца звычайным, прывычным.

Увайсці ў прывычку — стаць пастаянным для каго‑н. у якіх‑н. адносінах.

Увайсці ў ролю — а) асвоіцца са сваімі абавязкамі, са сваім становішчам; б) натуральна, праўдзіва ствараць чый‑н. вобраз на сцэне.

Увайсці ў свае берагі — а) пра раку ў паводку, калі вада спала; б) вярнуцца да прывычнага, звычайнага жыцця.

Увайсці ў сілу — а) стаць законным, дзённым (пра закон, дагавор і пад.); б) узмацнець, падужэць; в) умацаваць сваё становішча.

Увайсці ў смак — пачаць адчуваць задавальненне ад чаго‑н.

Увайсці ў становішча чыё — аднесціся да каго‑н. з увагай, спачуваннем.

Увайсці (уступіць) у строй — стаць дзённым (пра што‑н.).

Увайсці ў сэрца (душу) — глыбока ўсхваляваць; стаць аб’ектам пастаянных разважанняў, роздуму і пад. О, Радзіма! Ты разам з вясною Ў маё сэрца ўвайшла назаўжды. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галава́, ы́; мн. гало́вы (з ліч. 2, 3, 4 галавы́), ‑ло́ў; ж.

1. Верхняя частка цела чалавека, верхняя або пярэдняя частка цела жывёліны, якая заключае ў сабе мозг. Павярнуць галаву. Зняць шапку з галавы. □ На галовах — баявыя каскі, Кліча ў даль няведамы паход. Аўрамчык. // У значэнні адзінкі падліку жывёлы. У дзесяці новых прасторных памяшканнях будуць экспанавацца сотні галоў высокапрадукцыйнай жывёлы, выведзенай у калгасах і саўгасах краіны. «Беларусь».

2. перан. Розум, свядомасць; развага. Ясная галава. □ Цвярозыя мужыцкія галовы прадугледжвалі ўсё. Мурашка. // Пра чалавека вялікага розуму. [Нічыпар:] Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае .. Гэта, брат, галава! Крапіва. // Іран. Пра нездагадлівага, някемлівага чалавека. Эх, ты, галава, нічога не разумееш! // якая. Пра чалавека як носьбіта якіх‑н. уласцівасцей, якасцей. Букрэй быў вядомы ў батальёне, як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу. Колас.

3. перан. Кіраўнік, начальнік; старэйшы ў сям’і. Містэр Брэдлей — паветраны кароль, галава ўсёй кампаніі — сядзіць у машыне. Лынькоў. Таццяне падабалася, што бацька і тут, у атрадзе, адчувае сябе галавой сям’і. Шамякін.

4. м. Старшыня і кіраўнік некаторых выбарных органаў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама ваеннае або грамадзянскае званне. Казацкі галава. Гарадскі галава.

5. перан. Пярэдняя частка, пачатак чаго‑н. Галава калоны. □ Марудна паварочваецца галава Вялікай Мядзведзіцы, прывязанай за хвост яркай зоркі. Асіпенка.

6. Харчовы прадукт у выглядзе шара або конуса. Галава сыру.

•••

Авечая галава — пра тупога бяспамятнага чалавека.

Адамава галава — малюнак чэрапа з дзвюма перакрыжаванымі кветкамі як сімвал абазначэння смерці, яду і пад.

Адказваць галавою гл. адказваць.

Адкруціць галаву каму гл. адкруціць.

Акунуцца з галавой гл. акунуцца.

Бедная галава — пра няшчаснага чалавека, які выклікае спагаду.

Без галавы — пра неразумнага, тупаватага чалавека.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Брацца (узяцца) за галаву гл. брацца.

Браць (узяць) у галаву гл. браць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Варушыць галавой гл. варушыць.

Вецер (гуляе) у галаве у каго гл. вецер.

Вешаць галаву гл. вешаць.

Вісець над галавой гл. вісець.

Выдаць (сябе) з галавой гл. выдаць.

Выкінуць з галавы гл. выкінуць.

Вылецець (выскачыць) з галавы гл. вылецець.

Вялікая галава — пра разумнага, мудрага чалавека.

Галава варыць у каго — пра кемлівага, разумнага чалавека.

Галава зварыла — а) зрабіў што‑н. не так, як трэба, дапусціў якое‑н. глупства. [Базыль:] Гэта ж трэба — галава зварыла, пайшоў да Пшыбыльскага ў паслугачы! Шынклер; б) прыняў правільнае рашэнне. У адказны момант яго галава зварыла як трэба.

Галава і два вухі — пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека.

Галава ідзе кругам у каго — хто‑н. страціў здольнасць цвяроза разважаць ад мноства клопатаў, дум і пад.

Галава кружыцца (круціцца); галава закружылася (закруцілася) у каго — а) пра галавакружэнне. Галава кружыцца ад малакроўя; б) хто‑н. зазнаўся, страціў здольнасць цвяроза разважаць.

Галава трашчыць (развальваецца) — а) пра моцныя болі ў галаве; б) ад чаго хто‑н. траціць здольнасць разважаць ад празмернай работы, шуму, клопату і пад.

Галава як рэшата — пра дрэнную памяць.

Галаву адарваць гл. адарваць.

Гарачая галава — пра нястрымнага, схільнага да захаплення чалавека.

Губляць галаву гл. губляць.

Дайсці сваёй галавой гл. дайсці.

Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) гл. даць.

Дзіравая галава — пра чалавека з дрэннай памяццю.

Дубовая галава — пра тупога, неразумнага чалавека.

Дурыць галаву гл. дурыць.

Забіць галаву чым гл. забіць.

Задраць галаву гл. задраць.

Задурыць галаву гл. задурыць.

Закружылася (закруцілася) у галаве гл. закружыцца.

Закружыць галаву каму гл. закружыць.

Закруціць галаву каму гл. закруціць.

Залатая галава — пра здольнага, таленавітага чалавека.

З галавой — пра разумнага, талковага чалавека.

З галавы да ног (пят); з ног да галавы; ад пят да галавы — а) зверху данізу; поўнасцю. Прамокнуць з галавы да ног; б) ва ўсім: у думках, учынках і пад. (быць кім‑н., якім‑н.). Ён быў артыстам з галавы да ног.

З галавы не выходзіць гл. выходзіць.

Злажыць (скласці) галаву гл. злажыць.

Зняць (знесці) галаву каму, у каго гл. зняць.

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) гл. карона.

Каша ў галаве гл. каша.

Класці галаву гл. класці.

Класці галаву на калодку гл. класці.

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) гл. хапаць.

Кружыць галаву гл. кружыць.

Крукам (шастом) галавы не дастаць каму гл. дастаць.

Круціць галаву гл. круціць.

Ламаць галаву гл. ламаць.

Лезці ў галаву гл. лезці.

Марочыць галаву каму гл. марочыць.

Мець галаву (на плячах, на карку) гл. мець.

На галаву — у разліку на кожнага.

На галаву вышэй за каго — значна перавышае каго‑н. у якіх‑н. адносінах, па якіх‑н. якасцях.

Налажыць галавой гл. налажыць.

Намыліць галаву каму гл. намыліць.

На сваю галаву — сабе на шкоду.

На свежую галаву — пасля адпачынку, пакуль не стаміўся.

На скрут (злом) галавы гл. скрут.

Не знасіць галавы каму гл. знасіць.

Не ідзе (не выходзіць) з галавы гл. ісці.

Не ідзе (не лезе) у галаву гл. ісці.

Няма галавы гл. няма.

Павесіць (звесіць) галаву гл. павесіць.

Падняць (узняць) галаву гл. падняць.

Паплаціцца галавой гл. паплаціцца.

Паставіць з ног на галаву гл. паставіць.

Пастаяць галавой гл. пастаяць.

Прыйсці ў галаву каму гл. прыйсці.

Прытуліць галаву гл. прытуліць.

Разумная галава — пра талковага, разумнага чалавека.

Ручацца галавой гл. ручацца.

Садовая галава — пра някемлівага, рассеянага чалавека.

Сам чорт галаву зломіць гл. чорт.

Сарваць галаву каму гл. сарваць.

Светлая галава — пра разумнага, здольнага лагічна думаць чалавека.

Сесці на галаву каму гл. сесці.

Скруціць (зламаць) сабе галаву гл. скруціць.

Сушыць галаву гл. сушыць.

Схапіцца за галаву гл. схапіцца.

Схіліць галаву перад кім-чым гл. схіліць.

Убіць (набраць) сабе ў галаву гл. убіць.

Убіць у галаву каму гл. убіць.

У галавах — ва ўзгалоўі.

Удалая галава — пра смелага, адчаяннага чалавека.

Хадзіць на галаве гл. хадзіць.

Хапацца за галаву гл. хапацца.

Хоць кол на галаве чашы гл. часаць.

Цераз галаву чыю — не папярэдзіўшы каго‑н., мінуўшы каго‑н.

Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) — як мне здаецца, на мой погляд.

Як снег на галаву гл. снег.

Яловая галава — пра бесталковага, дурнога чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзе́ць, сяджу, сядзіш, сядзіць; сядзім, седзіце, сядзяць; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што‑н. ніжняй сваёй часткай. Сядзець на ложку. Сядзець на крэсле. □ [Рыбак:] — Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Якімовіч. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што цяжка стаяць. Чарнышэвіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць асаблівасці такога становішча. Сядзець падкурчыўшы ногі. □ Даўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна. Маўр. // Быць у такім становішчы, пры якім тулава змяшчаецца на чым‑н. сваёй ніжняй часткай і пярэднімі лапамі (пра сабаку, ваўка, ката і пад.). Сядзіць сабе [кот Фядот], дрэмле, мурлыкае. Брыль. Высока на галінцы Вавёрачка сядзіць. Журба. // Знаходзіцца па якім‑н. месцы, паверхні, не рухаючыся (пра птушак, насякомых). Белабока сарока сядзіць на лазе І дзяцей сваіх кліча. Бядуля. Дзіма ляжаў і хроп пад кустом, а на носе ў яго сядзела вялікая шызая муха. Даніленка.

2. Знаходзіцца, быць дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н., у каго‑н. доўга, пастаянна. [Сябры:] — Якія ж мы цыганы, калі будзем сядзець на месцы. Вандраванне — наша стыхія. Астрэйка. [Ярохін] з усмешкай успомніў, што ў дзяцінстве вельмі любіў сядзець на вышках, калі дождж вось так барабаніць па гонтавым даху. Шамякін. // Знаходзіцца дзе‑н. з мэтай адпачынку, забавы і пад. Сядзець у рэстаране. Сядзець у гасцях. // Разм. Праходзіць паўторны курс навучання, набываць якія‑н. веды (другі раз). Калісьці ў першым класе .. [Рыгор] сядзеў два гады і таму быў старэйшы за сваіх аднакласнікаў. Ваданосаў. // Жыць, гаспадарыць дзе‑н. (на зямлі, надзеле і пад.). [Барановіч:] — Ніхто мяне з маёй зямлі не спора, на якой я спрадвеку сядзеў. Чорны. На сваіх палосках [бацькі] сядзелі нядоўга. Вялюгін.

3. Знаходзіцца ў стане бяздзейнасці, нічога не рабіць. Мама крыху вальнейшая, але таксама не сядзіць без справы, увесь час завіхаецца. Васілёнак. — А чаго ж вы [старшыня] марудзіце? Людзі колькі балот асушылі, а вы седзіце, — папракнуў Андрэй. Дуброўскі.

4. звычайна за чым, на чым, над чым. Быць занятым чым‑н., займацца чым‑н., знаходзячыся ў сядзячым стане. Сядзець за абедам. □ Але было пазнавата, каб сядзець за чарцяжамі. Шыцік. Хлопец, стоячы перад лаўкай, гаварыў: — Валодзя — трактарыст, ого! Я ў яго ўсю вясну на прычэпе сядзеў. Мы суседзі. Брыль. Я надоўга ў бакоўцы Памкнуўся адзін. Мне — сядзець над праектам І днём і ўначы. Куляшоў. // Разм. Наогул быць занятым чым‑н. Сядзець на выдачы кніг. □ Да вайны Дуся сядзела на кадрах мінскай фабрыкі «Камунарка». Васілевіч. [Унук:] — Сядзіш толькі на званках і на паперах. Тое давай, тое не давай. Пташнікаў. // Разм. Займаць якую‑н. пасаду, выконваць якія‑н. абавязкі; служыць дзе‑н. Чалавек сядзіць у старастах па партызанскаму загаду. Лынькоў. [Мікалай Васільевіч:] — Я працаваў у сталіцы. Высока сядзеў. Паперы рассылаў, па тэлефоне камандаваў. Гаўрылкін.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды. Сядзець у турме. Сядзець на гаўптвахце. □ Толькі Ганку вясна не радавала. Бацька ўсё яшчэ сядзеў у астрозе. Бяганская. З таго часу Якуб з Санькам сядзяць у халоднай. Якімовіч. [Дазорац:] — А завошта ж сядзіць твой бацька? [Паўлік:] — Не ведаю, дзядзечка, ведаю толькі, што ён не вінаваты. Сташэўскі. Хадзіла тады Макарыха пад Полацк у той страшны лагер, але Васіля не знайшла. .. Дзе ты там знойдзеш чалавека, калі ў лагеры сядзела можа тысяч дваццаць. Асіпенка. // Быць змешчаным куды‑н. (пра жывёл, птушак). Канарэйка сядзела ў клетцы. Сабака сядзеў на прывязі. // Быць вымушаным прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўвацца чым‑н. Сядзець па дыеце. Сядзець на пайку. □ [Сымон:] — Парсюка сабе закалю, каб не сядзець на нішчымніцы. Чарнышэвіч. Саша, якая .. заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям’і, якая сядзела на адной бульбе. Шамякін. // Разм. Не мець чаго‑н., быць без чаго‑н. неабходнага. Сядзець без грошай. □ [Дзееў:] Вы разумееце, я сяджу без хлеба, але працаваць да іх [немцаў] не іду. Кучар. Хоць не сядзелі без жытла, Але рашылі вось як: Каб жыць паводдаль ад сяла І ад людзей паводдаль. Камейша.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Направа і налева сядзяць хутары, моцныя, каменныя, як крэпасці. Маўр. Гэта быў вельмі стары дом. Вокны яго сядзелі нізка, амаль пры самай зямлі, мезанін перакасіўся. Арабей. Велічэзная галава [Уолтэра] шчыльна сядзела на яго круглых плячах, твар быў прадаўгаваты, энергічны, са сцятымі, сухімі губамі. Гамолка. З чорнажоўтым каптурыкам, на тоўстай ножцы сядзіць баравічок. Навуменка. / Пра вочы. Шэрыя вочы, якія глыбока сядзелі пад пакатым ілбом, выражалі сумленнасць і дабрату. Федасеенка. // Быць, мецца на паверхні чаго‑н. Праз праваленую столь і разбураную страху на .. [ложак] заўсёды лілі дажджы, і ржа на ім сядзела шышкамі. Чорны. // перан. Глыбока таіцца ў кім‑, чым‑н.; караніцца дзе‑н. (пра схільнасці, думкі, звычкі і пад.). Дзяўчына... ведама, дзяўчына — Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць. Купала.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Глыбока ўпіўшыся куды‑н., аставацца там. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. Нарэшце, сазан, у якога ў хрыбце сядзелі маленькія вострыя восці Вано, знямогся, і тады Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. // Быць пакінутым дзе‑н., не ўбраным (пра расліны). У аўтобусе ўчора гаварылі пра маразы, якія, нарэшце, пачнуцца, дык трэба спяшацца дамоў — у .. [бабкі] на гародзе яшчэ сядзелі ў зямлі буракі. Чыгрынаў. // Быць пасаджаным у зямлю, але не расці. Прыняцца яблынька прынялася. Год сядзіць, другі, а не расце. Ігнаценка.

8. Хавацца ў засадзе, тайна размяшчацца дзе‑н. А скуль даведаліся яны [жаўнеры], Дзе мы [паўстанцы] сядзім? Бядуля. Усю мінулую восень немцы сядзелі на гарадзішчы, на Заглініцкім узгорку, а нашы стаялі пад гарой. Сяркоў. / у перан. ужыв. Мне ўспамінаецца, як гаварыў настаўнік, што ў сельсавеце доўгі час сядзелі кулакі. Скрыган.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць змешчаным куды‑н. для выпякання, апрацоўкі. Пірагі .. ужо сядзелі ў печах. Бядуля.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на фігуры пэўным чынам, быць надзетым тым ці іншым чынам; ляжаць. Касцюм сапраўды быў пашыты з густам і сядзеў добра. Карпаў. Яшчэ новая пілотка была як пажаваная, сядзела на патыліцы. Грамовіч.

•••

Вось дзе сядзіць хто-што — выраз нездаволенасці, прыкрасці, злосці і пад., які звычайна суправаджаецца жэстам з указаннем па галаву, шыю, карак (пра каго‑, што‑н., што прычыняе клопаты, непрыемнасці і пад.).

На куце сядзець — знаходзіцца, быць на покуці як ганаровы, пачэсны госць (на вяселлі).

Седма (поседам) сядзець — а) сядзець доўгі час, не ўстаючы; б) знаходзіцца дзе‑н. неадлучна, не выязджаючы, не выходзячы.

Сядзець злажыўшы (склаўшы) рукі — сядзець без справы, нічога не робячы.

Сядзець каменем (камяком) — цяжка ператраўляцца (пра страву).

Сядзець крукам — вельмі старанна рабіць што‑н. (звычайна седзячы). [Таня:] — Квартал жа закончыўся, справаздачнасць складаем, цэлымі днямі сядзім крукам. Марціновіч.

Сядзець на зямлі — займацца сельскай гаспадаркай, земляробствам.

Сядзець на карку чыім (шыі чыёй), у каго — знаходзіцца, быць на ўтрыманні каго‑н., жыць на сродкі каго‑н., стаць клопатам для каго‑н.

Сядзець на тэлефоне — пастаянна знаходзіцца ля тэлефона, перадаючы або прымаючы якія‑н. звесткі, чакаючы чаго‑н.

Сядзець на чамаданах — склаўшы ўсе рэчы, чакаць ад’езду.

Сядзець на чужым хлебе — быць на чыім‑н. утрыманні.

Сядзець на яйках — выседжваць птушанят (пра птушак).

Сядзець пад замком — быць замкнутым дзе‑н.; быць пад арыштам.

Сядзець рот замазаўшы — маўчаць, не адважыцца сказаць слова.

Сядзець у гразі — брудна, неахайна жыць.

Сядзець у дзеўках — доўга не выходзіць замуж.

Сядзець у пячонках у каго — вельмі непакоіць, хваляваць каго‑н., дапякаць каму‑н.

Сядзець як багародзіца (іран.) — нічога не рабіць, сядзець склаўшы рукі, ні на што не рэагуючы.

Сядзець як мыш пад венікам (пад мятлою) — весці сябе (сядзець) вельмі ціха, каб не звярнуць на сябе чыёй‑н. увагі.

Цвіком сядзець; сядзець як цвік — пра неадчэпную думку, пытанне.

Чорт сядзіць у кім гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)