Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сівым. «Ці то сівець пачаў [Глеб], ці то проста святло на валасах пераліваецца... Мы ж амаль равеснікі», — падумаў Макар. Дуброўскі. Дармо, што сівеюць мае аднагодкі — вучы нас, краіна, сягоння нанова! Вялюгін.
2. Віднецца, вылучацца здалёк (пра што‑н. шаравата-белае, сівое); шарэць. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Яшчэ не прыбіты дажджом попел сівеў на тым месцы, дзе стаялі хата і хлевушок. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
само́та, ‑ы, ДМ самоце, ж.
1. Адзінота, знаходжанне ў адзіноцтве. Пісар Васількевіч сядзеў у сваім запаветным пакойчыку, дзе ён часта любіў заставацца ў самоце. Колас.
2. Стан, самаадчуванне самотнага; смутак, туга. У роспачы і самоце, Аляксей ішоў сам не ведаючы куды. Вітка. Не плач, шматпакутная маці! Мы прыйдзем і ласкай сагрэем тваё набалелае сэрца, І знікне самота з вачэй. Панчанка. / у вобразным ужыв. Самота выльецца слязамі, Як хмара цёмная — дажджом. Лось. Нылі тэлефонныя правады, выплаквалі ў адвечны прастор сваю самоту. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
приби́ть сов., в разн. знач. прыбі́ць, мног. папрыбіва́ць; (волной — ещё) прыгна́ць, мног. папрыганя́ць;
приби́ть полови́цу прыбі́ць масні́чыну;
траву́ дождём приби́ло к земле́ траву́ дажджо́м прыбі́ла да зямлі́;
бревно́ приби́ло к бе́регу бервяно́ прыбі́ла (прыгна́ла) да бе́рага;
приби́ть до полусме́рти прыбі́ць да паўсме́рці;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
град, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Атмасферныя ападкі ў выглядзе крупінак лёду рознай велічыні. Вільготны сівер балюча біў у твар рэдкімі шрацінамі граду. Шамякін. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас.
2. перан.; чаго. Мноства чаго‑н. Яе [Любы] з’яўленне на полі жанкі зноў сустрэлі градам заўваг. Васілевіч. Некалькі мужчын, хто з канём, а хто без каня, уцякалі ў лес пад градам куль. Нікановіч.
3. у знач. прысл. гра́дам. У вялікай колькасці; патокам. З Кірылы ліўся пот градам, кашуля на целе была мокрай. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́ўнач 1, ‑ы, ж.
1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўдню. Я паспрабаваў абмацваць дрэвы ў надзеі на тое, што па імху на ствалах вызначу поўдзень і поўнач. Анісаў. Увесь май з поўначы налятаў калючы вецер, сек буйным дажджом адубелую за зіму зямлю. Асіпенка. На поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Брыль. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Поўнач СССР.
2. Мясцовасць, краіна з халодным кліматам. // (з вялікай літары). Палярная зона зямнога шара; Арктыка.
по́ўнач 2, ‑ы, ж.
Сярэдзіна ночы, 12 гадзін ночы. Было за поўнач, калі скончыўся сход. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлята́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разляціцца.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Развявацца, аплятаць у бакі ад павеваў ветру і пад. Мужчына, што ішоў побач з Бялькевічам, увесь час адкідваў рукою чорныя валасы, а яны разляталіся і падалі на лоб ад хуткай хады. Савіцкі. Толя крадком, міжвольна зірнуў .. [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль.
разлята́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаўшы лятаць, захапіцца лятаннем, палётамі; разлётацца. Ластаўкі разляталіся перад дажджом.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струме́ніць, ‑ніць; незак., што і без дап.
Цячы струменем, струменямі. Вясна-красна Прыйшла да нас, Са стрэх вада струменіць. Хведаровіч. Тапурыя дапамог .. [Тарыелу] ўстаць і амаль непрытомнага давёў да маленькага ручая, што струменіў з-пад каранёў дрэў. Самуйлёнак. Ёсць лажок сярод жыта, Дзе струменіць крыніца. Калачынскі. // перан. Вылучаць, пашыраць струменем (пах, святло і пад.). І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні, А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас. Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каляя́, ‑і́; мн. кале́і (з ліч. 2, 3, 4 каляі́), кале́й; ж.
1. Пара паралельна пракладзеных рэек; чыгуначны пуць. Шырокая каляя. Вузкая каляя. □ На ўсход і захад, амаль праз кожныя паўгадзіны, па дзвюх сталёвых каляях грымяць цягнікі. Навуменка. — Бач ты, колькі збожжа сёння загрузілі! — казаў Петрык дружкам сваім, ідучы паўз .. чараду вагонаў, што стаялі на дальняй ад станцыі каляі. Шынклер.
2. Тое, што і каляіна (у 1 знач.). І вось грэбля з разбітай і засохлай каляёй застаецца ззаду. Ракітны. Дарога ўся ў лужах. Размыта Дажджом праліўным каляя. Багдановіч.
•••
Выбіцца з каляі гл. выбіцца.
Выбіць з каляі гл. выбіць.
Увайсці ў каляю гл. увайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навальні́ца, ‑ы, ж.
1. Атмасферная з’ява — непагода з маланкай, громам, дажджом або градам і моцным ветрам. Закружыўся віхор, узнімаючы пыл. Насоўвалася вялізная чорная хмара, яе разрэзала маланка, потым ударыў раскацісты гром. Пачыналася навальніца. Гурскі. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы, усю зямлю ўслалі векавыя гіганты. Лынькоў. // перан. Бурныя, грозныя падзеі. Адшумелі гарачыя дні Баявых, агнявых навальніц. Хведаровіч. Ваенная навальніца кідала яго па гітлераўскіх лагерах смерці. «Маладосць». // перан. Бурнае праяўленне якіх‑н. пачуццяў. І расла навальніца нянавісці дзікай і злосці. Глебка.
2. перан. Бяда, небяспека. Няхай цябе мінуць усе навалы, каб ты не ведала ніякіх навальніц! Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)