сыры́, ‑ая, ‑ое.

1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.

2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.

3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.

4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

•••

З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мул1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љму̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólisгліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тугі́ ‘моцна, да адказу нацягнуты’, ‘шчыльна сплецены, скручаны, звіты’, ‘які шчыльна аблягае, моцна сціскае фігуру, часткі цела’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Ян., Некр.), ‘шчыльны, цвёрды’ (Некр., Сцяшк., Ян., Мат. Гом., ТС), ‘пругкі, які цяжка нацягваецца, сціскаецца’, ‘непадатлівы, скупы на што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘нягнуткі’ (Вруб.), ‘глухі на вуха’ (Нас.), ‘густы (пра кашу)’ (ЛА, 4; докш., Сл. ПЗБ), ‘густа замешаны, цвёрды (пра хлеб)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), сюды ж туга́ карова ‘цяжкая для даення’ (З нар. сл.), тугая зіма ‘суровая, цяжкая’: мусі, зязюля, мусі сівая / Тугую зіму чуеш? (навагр., Песні нар. свят.), туга́я глі́на ‘цяжкая для апрацоўкі’ (навагр., валож., свісл., пруж., Нар. словатв.). Укр. туги́й, ту́гий ‘моцна нацягнуты; надуты; моцны; упарты’, рус. туго́й ‘цвёрды, пругкі’, польск. tęgi ‘цвёрды, моцны’, ‘дародны’, кашуб. tąǵi ‘моцны, мажны’, в.-луж. tuhi ‘цвёрды, жорсткі’, чэш. tyhý ‘цвёрды, жорсткі, упарты’, славац. tuhý ‘цвёрды, моцны’, славен. tôg ‘жорсткі, моцны’, ст.-слав. тѫгъ(и) ‘цвёрды, моцны, упарты’. Прасл. *tǫgъ(jь) ‘моцны, упарты’, ‘цвёрды, нягнуткі’ (Фасмер, 4, 114; ЕСУМ, 5, 668; Борысь, 631; Брукнер, 570; Махэк₂, 659; Чарных, 2, 269; Сной₂, 769). Яму адпавядае літ. strangùs ‘пругкі, пруткі’; звязана чаргаваннем галосных з цягнуць, прасл. *tęgti ‘цягнуць, нацягваць’, параўн. Якубовіч, Drogi słów, 170, 181. Сюды ж тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім’ (ТСБМ), тугава́ты ‘глухаваты’ (там жа), ‘схільны да запораў’ (смарг., Сл. ПЗБ), тугаву́хі, тугі́й на вуха ‘з дрэнным слыхам’ (Мат. Гом., Жд. 3, Юрч. Фраз.), ту́ганька ‘шчыльна, туга’ (брасл., Сл. ПЗБ), ту́го ‘моцна’: спіце вы туго (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буза́1 ’падонкі, мут, асадак; азаддзе’ (БРС, Нас., Касп., Яруш., Бяльк.), ’бруд, мут на вадзе’ (КЭС, лаг.), ’пустазелле сярод зярнят’ (Шат.). Укр. буза́ ’татарскі напітак з проса; бруд у нямытай авечай шэрсці; асадак у вадкасці’. Рус. буза́ ’напітак; мутная вадкасць; дрэнны суп; мутная вада ў рацэ; іл, гразь і г. д.’. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тат. buza ’напітак з проса і да т. п.’ < перс.; Локач, 31). Міклашыч, 25; Бернекер, 105; Фасмер, 1, 232; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 21; Шанскі, 1, Б, 214–215. Шмат значэнняў у выніку метафарызацыі. Параўн. буза́2.

Буза́2 ’рачны і азёрны іл; гразь; разведзеная гліна; твань з травой на дне вадаёма, гразкае балота’ (Яшкін), буза́, бузяна́е балота (полац., гл. Талстой, Геогр., 192), рус. (пск.) буза́. Перанос назвы ежы, напіткаў на геаграфічныя аб’екты. Параўн. буза́ ’астаткі вадкасці; напітак буза; адходы’. Падрабязней Талстой, Геогр., 192 (там і некаторыя семантычныя паралелі). Гл. таксама Макіенка, Зб. Ларыну, 102. Паводле Нік. Очерки, 103, адсюль паходзіць бузава́ць, ’пэцкаць, муціць, тускліць; мяць, псаваць адзенне’ (БРС, Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.), буза́ніць. Але параўн. і бузава́ць ’біць’.

Буза́3 ’скандал’ (БРС). Рус. буза́ ’тс’, укр. буза́рус.?). Не вельмі яснае слова. Па адной версіі, метафарызацыяй з буза́ ’напітак’ (так Трубачоў, Дополн., 1, 233; супраць Шанскі, 1, Б, 215). Шанскі, там жа, мяркуе, што буза́ ’скандал’ < польск. buza ’лаянка, вымова’ (падрабязней гл. пад бузава́ць ’біць’). Ад буза́ ’скандал’ утворана бузі́ць, рус. бузи́ть (гл. Трубачоў, Дополн., 1, 233; наўрад ці ёсць сувязь з англ. арго boose ’моцны напітак’, boosy ’п’яны’, аб гэтым Трубачоў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тамі́цца, тамлюся, томішся, томіцца; незак.

1. Заморвацца, прыставаць ад цяжкай, непасільнай працы. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. Бацька з маткай на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца. Прыказка. / Пра рукі, ногі і інш. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Мікуліч.

2. Мучыцца, пакутаваць, будучы пазбаўленым свабоды. Таміцца ў турме. □ Вякамі таміліся народы Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі пад панскім гнётам. Купала. Пры мястэчку па-над Сожам У фашысцкім гарнізоне За калючай агароджай Люд таміўся ў палоне. Кірэенка. // Тужыць, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. І з таго часу ад Настулі І з дому вестак не было — І ўсё там здарыцца магло, і ён [Дзяжа] за іх таміцца мусіў. Колас. Ці ж ёй [Ганне] так і марнець адной, таміцца невядомасцю, гадаць па зорках, што там з Васілём? Мележ. // Знемагаць. Там, ля камбайна, прымасцілася з восем старых жанчын. Зыркае ранішняе сонца сляпіла ім вочы, і яны таміліся ў чаканні. Хадановіч. / Пра прыроду. Усё тамілася і млела ў гэтай ласкавай веснавой цеплыні. Лобан. Гарачы поўдзень таміўся ў цішы сцен фермы. Ракітны. Зямля тамілася, а ноч над ёй спявала. Панчанка.

3. Спец. Вытрымлівацца пры пэўных умовах для набыцця неабходных якасцей. На доле ў кучы тамілася сырая гліна. Скрыган.

4. Зал. да таміць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мел1 ’мяккі белы вапняк, які ўжываецца для пабелкі, чысткі, пісання’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Ян.; слаўг., Яшк.), слаўг. ме́ла ’тс’ (Яшк., Бяльк.)., мелгліна’ (Ян.). Рус. мел, ст.-рус. мѣлъ ’мел’, ’пыл, пясок’; польск. miał ’тс’, miałki ’плыткі’, ’дробны’, н.-луж. měł ’крухмал’, в.-луж. mjeł, měł, н.-луж. rěcny mił ’плывун у рацэ’, mělny ’тонкі, дробны’, ст.-чэш. měl ’прыбярэжны пясок’, валаш. měľ ’дробная мука, соль’, ст.-серб. мѣль, істрыйск. melj ’дробны пясок’, ’урадлівая зямля’, славен. mȇl, mil ’пясок, рачны пясок’, ’друз’, балг. мел ’сыпкая скала, пясчаная глеба’, мель ’роў’, ст.-слав. мѣлъ ’вапна, вапняк’. Прасл. mělъ доўгая ступень чаргавання галоснай ад mělti ’малоць’. Генетычна блізкімі з’яўляюцца літ. smėlỹs, smiltìs ’пясок’, лат. smẽlis ’тс’ і літ. smilỹnė ’пяскі’, ’меліна’, гоц. smals ’дробны’, нарв. smola ’пакрышаны, раздроблены’, ірл. smal ’пыл’ (Бернекер, 2, 48; Мес, MSL, 14, 373, Брукнер; 329; Фасмер, 2, 594; Бязлай, 2, 176; Шустар-Шэўц, 12, 896–897; 921 і 922; БЕР, 3, 724–725). Паводле Скока (2, 403), няясна, адкуль з’явілася ě ў аснове: прымаючы да ўвагі значэнне ’дробны’, прасл. mělъ можна вывесці і з і.-е. *mei‑ (> ст.-слав. мьньи, лац. minus). Параўн., аднак, Махэк₂ (349), які тлумачыць гэта другаснай даўжынёй галоснай і параўноўвае з malъ.

Мел2 ’вадкі раствор з аўсянай мукі, з якога варыцца кісель’ (стол., Вешт.). Да мел1. Параўн. н.-луж. měł, měłk ’крухмал’, в.-луж. měłk, woměłk, womjełk ’канцэнтраваны корм для кароў’, н.-луж. mił ’бульбяная мука’, miel ’змесціва зярнят, мука’, рус. вяц., кастр. мел ’закваска для хлебнага цеста’, паўн. ’дрожджы’.

Мел3 ’млын’ (паўн.-усх., КЭС). Няясна. Магчыма, з ням. Mehl ’мука’ ў выніку пераносу значэння.

Мел4 (м. род) ’мель’ (ТС). Да мель1 (гл.). Мена канчатка (і роду), як у бел. пылрус. пыль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кал ’змесціва кішэчніка, якое выдзяляецца пры спаражненні’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’вадкі, найбольш моцны гной’ (Шат.), ’гразь’ (Клім.; бяроз., КЭС; драг., Нар. лекс., Нар. словатв., Сцяшк. МГ; бяроз., пін., Шатал.; брэсц., гродз., паўдн. бел., Яшк.), ’замёрзлая на дарозе гразь’ (свісл., Шатал.). Паводле даных новых дыялектных слоўнікаў: ’гразь, гной, бруд’ (беласт., гродз., карэл., свісл., гарад., Сл. паўн.-зах.). Статус слова ў літ. мове не вельмі ясны; тэарэтычна такое значэнне магло развіцца на базе вядомага ў гаворках значэння ’гной’, аднак хутчэй за ўсё тут запазычанне (з польск., з рус.?). У гаворках слова адзначана найбольш часта на паўдн. захадзе. Укр. кал ’гразь; кал; гразь на дарозе, на целе і інш.’, рус. кал (статус у гаворках няясны; СРНГ прыводзіць толькі смал., вяц. кала ’нечыстоты, кал’, арханг. калиться ’спаражняцца’), польск. kał ’кал’, дыял. ’гразь, мул, балота і інш.’, каш. kał ’гразь на дарозе’, славін. ko ’гразь, ціна’, kal ’гразь на дарозе’, н.-луж. kala (статус падазроны), чэш. kal ’вадкая гразь, брудная вада, калужа і інш.’, славац. kal ’брудная вада, вадкая гразь і інш.’, славен. kal ’гразь у калужы і інш.’, серб.-харв. ка̏о, дыял. кал ’гразь, ціна і інш.’, макед. кал ’гразь і інш.’, балг. кал ’гразь і інш.’, ст.-слав. калъ ’гразь, ціна’. У шэрагу слав. моў супадаюць канкрэтныя значэнні тыпу бел., славен., укр. ’гразь на целе’. Прасл. kalъ, далейшыя сувязі няясныя. Трубачоў (Эт. сл., 9, 128) звяртае ўвагу на адзнакі архаізма ў гэтым слове і адсутнасць адпаведніка ў балт. мовах, слова нематываванае на слав. глебе, як і і.-е. *kālo‑s або *kālo‑s‑ на і.-е. глебе. З ліку традыцыйных паралелей можна згадаць ст.-грэч. πηλός, дар. πᾱλόςгліна; гразь, балота і інш., аднак π‑ у гэтым слове можа ўзыходзіць як да *p, так і да *k​. Думка аб роднаснасці слав. і грэч. лексем належыць Мейе, MCL, 13, 1905, 291–292, а таксама слав. лексемы з лац. squālus ’брудны і інш., гэта паралель іншымі аўтарамі аспрэчваецца па семантычных крытэрыях (Вальдэ-Гофман, 2, 582). Фасмер (2, 163) упэўнена мяркуе аб сувязі са ст.-інд. kāla‑ ’сіня-чорны’; Слаўскі (2, 32) таксама дапускае магчымасць праформы *kāloḥ, што дазваляе суаднесці слав. лексему з іншымі назвамі колеру і плям (тыпу літ. kalýbas, kalývas ’з белай шыяй (аб сабаках)’, лац. cālidus ’з белай плямай на лбе (пра коней)’, ст.-грэч. κηλάς ἀίξ ’каза з плямай’ і інш.). Відавочна, аднак, што найбольш моцны семантычна і фармальна прыклад — ст.-інд. слова — на самой справе або дравідыйскае, або вельмі дэфармаваны, ва ўсякім разе ‑l‑ тут першаснае, гл. Слаўскі, 2, 33; Трубачоў, Эт. сл., 9, 128, дзе спасылка на Майргофера, 1, 203. Трубачоў (там жа) звяртае ўвагу яшчэ і на тое, што ст.-грэч. καλάς лічыцца няясным па паходжанню, што вельмі зніжае яе надзейнасць як паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер снегу, малака; проціл. чорны. Пад высокімі белымі хмаркамі кружыліся буслы. Брыль. Стаіць мой сад пад белым цветам. Цётка. А па вогнішчы імчыцца Белы конь. Чарот. / у знач. наз. бе́лае, ‑ага, н. Дзяўчынка ў белым. □ Вішні ў белае беляцца І распускаюцца слівы. Калачынскі. [Старыя людзі] расказвалі, як адна рэч ператваралася часамі ў другую, белае рабілася чорным. Колас. // З моцна пасівелымі валасамі. Даглядаў пчол цэлы дзень Той, каго любяць дзеці, — Такі белы, белы дзед. Куляшоў. // Збляднелы. Не заплецены косы, Стан танклявай травінкі, Спахмурнелыя вочы, Белы твар, — ні крывіцкі. Броўка. [Ксёндз] увесь дрыжаў і быў белы, як палатно. Чарнышэвіч. // Дагледжаны, чысты, чыста памыты. Агранома хваляць не за белыя рукі. Прыказка. Тады сіраце нядзеля, як кашуля бела. Прыказка. // Які мае светлы колер. Белы хлеб. Белы пясок.

2. Светлы, ясны. Ды хіба ў памяці сатрэцца Той белы ранак, і сяло. Гілевіч. У акно пазірае белая месячная ноч. Мележ.

3. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: контррэвалюцыйны, варожы Савецкай уладзе; проціл. чырвоны. Белая армія. Белая гвардыя. Белы тэрор. Белая банда. Белыя генералы. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. І ўсё ж цікавей было слухаць, як білі Чырвоныя коннікі полчышчы белых. Панчанка.

4. у знач. наз. бе́лыя, ‑ых. Светлыя фігуры ў шахматах і шашках. Ход белых. Белыя пачынаюць і робяць нічыю.

5. Які мае белы колер скуры (пра расу). Да яго, чорнага хлопчыка, ніколі не адносіліся так сардэчна белыя людзі. Бяганская. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. Прыйшлі белыя, заваявалі гэту зямлю, зрабілі неграў рабамі. Шамякін.

6. Як састаўная частка некаторых заалагічных, батанічных, хімічных і інш. назваў. Белы мядзведзь. Белы лебедзь. Белая акацыя. Белы грыб. Белая гліна.

•••

Белае мяса гл. мяса.

Белая гарачка гл. гарачка.

Белая пляма гл. пляма.

Белая раса гл. раса.

Белы білет гл. білет.

Белы верш гл. верш.

Белы вугаль гл. вугаль.

Белы свет гл. свет.

Белыя ночы гл. ноч.

Белая косць (костка) гл. косць.

Белым днём гл. дзень.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Казка пра белага бычка гл. казка.

Пайсці (падацца) у белы свет гл. пайсці.

Пусціць па белым свеце гл. пусціць.

Свету белага не бачыць гл. бачыць.

Свету белага не відаць гл. відаць.

Сярод белага дня гл. дзень.

У белы свет як у капейку гл. свет.

Чорным па беламу напісана гл. напісаны.

Шыта белымі віткамі гл. шыты.

Як дзень белы гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)