Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НА,
пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш. Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал.хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).
Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).
На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал.сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гліна 1/159; 3/510; 5/242; 6/618; 8/371; 9/514
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Сухарная гліна 10/137
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРГЕНЦІ́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна на ПдЗ Атлантычнага ак., паміж мацерыковым схілам Паўд. Амерыкі, Сярэдзінна-Атлантычным хрыбтом і паўн. часткай Паўд.-Антыльскага хрыбта. Пераважная глыб. 5000—5500 м, найб. — 6681 м (у вузкім жолабе на Пд). Грунт — глабігерынавы глей і чырвоная гліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НАС, ахар,
археалагічная культура эпохі энеаліту (каля 1900—1300 да нашай эры) на тэр. штата Раджастхан (Індыя). Назва ад р. Банас, у басейне якой даследавана паселішча Ахар (адсюль другая назва культуры). Насельніцтва займалася земляробствам (вырошчвала рыс, пшаніцу), асн.буд. матэрыялам былі камень і гліна. Характэрна чорна-чырвоная кераміка, упрыгожаная малюнкамі белай фарбы. Пашыраны медныя і бронзавыя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна на ПнЗ Індыйскага ак. паміж Аравійска-Індыйскім хрыбтом і паўн. часткай Цэнтр. Індыйскага хрыбта. Даўж. 2500 км, шыр. да 1500 км. Пераважная глыб. 4000 м, найб. — 5803 м (упадзіна на Пд). Значная частка Аравійскай катлавіны — конус вынасу р. Інд; у зах. частцы — падводная гара МДУ (глыб. над ёй — 2758 м). Грунт — фарамініферавы глей і чырв.гліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІРО́ЎКА (ад італьян. modellare ляпіць) у выяўленчым мастацтве, перадача аб’ёмна-пластычных і прасторавых уласцівасцей прадметнага асяроддзя сродкамі святлоценявых градацый (жывапіс, графіка) або адпаведнай пластыкай трохвымерных форм (скульптура) з мэтай ідэйна-вобразнай характарыстыкі прадмета, абагульнення, выяўлення і ўзмацнення істотнага і інш. У жывапісе ажыццяўляецца сродкамі колеру, перспектывы, святлаценю, у скульптуры — пластыкай пэўнага матэрыялу. У скульптуры М. — стварэнне твораў з мяккага пластычнага матэрыялу (гліна, пластылін, воск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНТАНІ́Т, бентанітавыя гліны (ад назвы г. Форт-Бентан у ЗША),
адбельныя гліны (гл.Гліна), складзеныя пераважна з мінералаў групы мантмарыланіту Al2[Si4O10](OH)2∙nH2O. Утвараецца ў выніку падводнай хім. змены вулканічных туфаў і попелаў. Выкарыстоўваецца ў горназдабыўной прам-сці для прыгатавання свідравальных раствораў, для ачысткі прадуктаў нафтаперапрацоўчай, коксахім. і харч. прам-сці, як сувязны матэрыял у ліцейных фармовачных сумесях і керамічных масах. Радовішчы на Украіне, у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Японіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,
слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл.Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.