Ма́хер1, ма́хяр ’майстар, спец’ (Бяльк., Сцяц.) паходзяць з ідыш macher < новав.-ням. Macher ’вытворца; завадатар’. Кюнэ (74) выводзіць бел. лексему з польск. macher ’чалавек, які ўмее рабіць усё’.

Ма́хер2 (арго) ’нож’ (Рам. 9). З с.-грэч. μάχαιρα, якое са ст.-грэч. μάχαιρα ’нож, кінжал’.

Махе́р ’воўна ангорскай казы’ (ТС). Праз рус. мову (мохер ’тс’) з англ. mohair ’тс’, ’лёгкая тканіна з такой воўны’. Параўн. франц. mohair, moire, ням. Machaier. З араб. muh̯ajjar ’тканіна з казінай шэрсці’ (Махэк₂, 372).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саро́чка ’мужчынская (верхняя і сподняя) або жаночая (сподняя) кашуля’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Маш., Чач., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк.), саро́чачка ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. соро́чка ’кашуля’, рус. соро́чка, дыял. сорочи́ца ’сялянская кашуля’, ст.-рус. сорочька, ст.-слав. срачица ’сарочка’, царк.-слав. срака, сракы, Род. скл. ‑ъве, славен. sráčica, srájca, srájčka. Прасл. *sorčica < *sorka (гл. Сной₁, 599). Мяркуецца роднасць з літ. šar̃kas ’адзежа, суконны сурдут рыбакоў’, švar̃kas ’пінжак, халат’, лат. svā́rks ’сурдут, пінжак’. Зычны ‑v‑ тлумачыцца тут уплывам літ. švarùs ’чысты, ахайны’, гл. Траўтман, 299; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1144. З прычыны наяўнасці ‑š‑ у балцкіх словах Фасмер (3, 727 і наст.) адхіляе думку аб запазычанні з германскіх, параўн. ст.-ісл. serkr ’кашуля, сурдут, штаны’, англ.-сакс. sierce (*sarkjôn‑) ’тс’, як меркавалі аб гэтым Сабалеўскі і інш. (Фасмер, там жа). Адвяргаюцца версіі Мюленбаха–Эндзеліна (3, 1144) і Фрэнкеля (IF, 52, 298) з розніцы ў значэннях узвядзенне слав. *sorčica да сяр.-лац. sarica, sērica ’шоўк’, алб. sharkë ’род плашча з белай воўны’; гл. аб гэтым Фасмер, 3, 724. Аб параўнанні з алб. sharkë ’род плашча з белай воўны з чырвонымі крапінкамі’ і з авесц. surī ’скура’, хец. kari̯ia ’пакрываць’ гл. Сной, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламя́нка ’густая моцная льняная тканіна’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’палатняная блуза’ (Др.-Падб.). Наяўнасць слова толькі ў літаратурнай мове не дазваляе вызначыць крыніцу запазычання. Укр. каламайка (у Грынчэнкі), рус. коломенка і коломёнка, коломийка (Фасмер, 2, 294), аднак статус няясны. У рус. мове лічыцца запазычаннем праз ням. Kalamank, kalmank або гал. kal(a)mink ’гладкая льняная або пяньковая тканіна’, з с.-лац. camelāncium (Фасмер, 2, 294–259), дзе ням. словы з с.-лац. calamancum, якое шэрагам аўтараў тлумачыцца як утворанае на базе с.-грэч. καμηλάνκιον ’вопратка з вярблюджай воўны’, гл. Бернекер, 1, 471; Фасмер, 2, 164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пачахры́цца, лун. почохрыцца ’пачасацца’, бяроз. пону‑ Xрыць ’пачасаць’ (Шатал.), драг. почухрэтэ (Лучыц-Федарэц). Параўн. таксама брасл., ігн., даўг., астрав., шальч., трон. чихраць. чохраць ’часаць (воўну)’, чохры ’машына для часання воўны’ (Сл. ПЗБ), укр. чухран ’тс’, укр. гуц. чіхратий ’калматы’ чіхратися ’часацца, але не грэбенем’, чухати(ся) ’тс’ рус. арханг. чехор ’задзіра’, чехорньш ’задзірака’, польск. czochrać się ’калмаціць’, чэш. čechrati, славен. čeh(lj)aiit ćóhati ’тс’ серб.-харв. чехати ’абшчыпваць, абрываць’. Экспрэсіўнае ўтварэнне ад česati > !!!acau̯b (гл.), параўн. валаш. čechlať ’расчэсваць воўну’, славац. cech rať sa ’прачосваць валасы’, czechry ’пачассе’ (Махэк₂, 96), польск. czochrać ’часаць жывёл’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуй1 ’адыход пры часанні воўны’ (карэліц., Жыв. сл.). Ці не з літ. zuĩkis ’заяц’, паколькі заяц між іншым ’раменьчык, з дапамогай якога звязваюць часткі хамута’ ў рус. гаворках, сумежных з БССР. Але гэта мала верагодна. Звязана з зуёк (гл.)? Няясна.

Зуй2 ’хітры; кволы чалавек’ (Касп.). Рус. зуй, арханг., пенз. ’рухавае, жвавае дзіця’, перм. ’бойкі чалавек’, зах.-бранск. ’пануры, маўклівы чалавек’, ярасл., калуж. ’хітры чалавек, зух’. Розныя значэнні і шырокая тэрыторыя распаўсюджання не даюць пэўна выдзеліць цэнтральную сему (рухавасць?) і паставіць пытанне пра запазычаны характар слова (літ. zuĩkis ’заяц’, zùiti ’рухацца, шукаць’?). Ці звязана з зуёк? Параўн. зух. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плашч ’лёгкае паліто пераважна з непрамакальнай тканіны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.). Укр., рус. плащ, польск. płaszcz, н.- і в.-луж. płasć, чэш., славац. plášť, славен. plášč, серб.-харв. пла̑шт, харв. чак. plašć, макед. плашт, балг. плашт(ът), ст.-слав. плащь ’плашч’. Прасл. *plaščь не зусім яснага паходжання. Праабражэнскі (2, 70), Брукнер (420) звязваюць гэтую лексему з плат; больш імаверна суадносіць з плоскі, пла́скі (гл.) (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Міклашыч, 248; Фасмер, 3, 277; Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 618) звязвае з прасл. *plast‑ъ > пласт (гл.), да якога далучаўся суф. *‑jь > *plastjь ’пастухоўская апанча, густа сплеценая з пасмаў воўны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валі́ць1 ’прымушаць упасці, перакульваць’ (БРС). Рус. валить, укр. валити, польск. walić, в.-луж. walić, н.-луж. waliś ’круціць’, чэш. valiti ’каціць’, славац. váľať ’валіць (дрэва)’, балг. ва́лям, макед. валка ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва́лјати, славен. valíti, ст.-слав. валити. І.‑е. паралелі: літ. võlioti ’катаць’, лат. uolît ’катаць, круціць’, ст.-інд. válati ’ён круціцца, паварочваецца’, ст.-в.-ням. wuolên ’качаць’, лац. volvo ’катаю, кручу’, грэч. ἐλύω ’катаю, закручваю’. Гл. вал2 у Фасмера, 1, 268. Параўн. Шанскі, 1, В, 12; Брукнер, 599–600; БЕР, 1, 116–117; Скок, 3, 562–563.

Валі́ць2 ’вырабляць з воўны’ (Бяльк.); ’качаць, збіваць сукно’ (КЭС), валка (тканіны) (КТС). Да валіць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́кля ’кутас, пампон’ (ТС; Шымк. Собр.), ’самаробны драўляны гузік’ (шуміл., Сл. ПЗБ), мн. л. пу́клі ’адходы пры прадзенні воўны’ (рас., Шатал.), ст.-бел. пукли ’металічныя бляшкі на абкладах царкоўных кніг, буклі’ (Ст.-бел. лексікон; Гарб.). Згодна з Булыкам (Лекс. запазыч., 107), апошняе запазычана з польск. pukiel ’від закругленага выпуклага або пярсцёнкападобнага металічнага ўпрыгожання’, што ў сваю чаргу запазычана з ням. puckel, buckel ’горб, выступ’, франц. boucle < лац. buccula, памянш. ад bucca ’шчака, скула’ (Банькоўскі, 2, 964, Сной, 514). Шустар-Шэўц (2, 1190) дапускае пасрэдніцтва ст.-чэш. pukla ’тс’ для н.-луж. pukly і польскага слова. Семантыка ’завіток, касмык’ і пад. грунтуецца на пазнейшым значэнні франц. boucle ’локан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукно́ ’шарсцяная або паўшарсцяная тканіна з гладкім ворсам, якая пры вырабе апрацоўваецца валяннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’тканіна, у якой аснова і ўток з воўны’ (ваўк., ашм., Нар. скарбы), ст.-бел. сукно ’тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс). Укр., рус. сукно́, стараж.-рус. сукъно, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sukno, палаб. sáuknö, серб.-харв. су́кно ’сукно’, славен. suknó, балг. су́кно, макед. сукно, ст.-слав. соукно. Прасл. *sukno ’тканіна, сукно’. Дэрыват ад прасл. *sukati ’сукаць’ з суф. ‑ъno, гл. Борысь, 586; Сной₂ (710) *sukno лічыць субстантынаванай формай н. р. ад *suknъ, роднаснай *sukati. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 799; Бязлай, 3, 340; Махэк₂, 592; Шустар-Шэўц, 1377–1378.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табін, ст.-бел. табинъ ’гатунак тоўстай шаўковай тканіны’, табинокъ ’тая ж тканіна з прымессю воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́бін, таби́н, ’гатунак шаўковай тканіны’, рус. табенек, полутабенек ’від шаўковай тканіны’. Старабеларускія і польскія словы Булыка (Лекс. запазыч., 115; БЛ, 17, 64–65) выводзіць непасрэдна з тур.-перс. tabin = tabi ’тс’. Украінскае і рускае словы лічацца запазычаннямі адпаведна праз польск. дыял. tabin ’гатунак шаўковай тканіны’ або ням. Tabin ’тс’ з франц. tabis (у XIV ст. atabis) ’муараваная шаўковая тканіна’ праз ісп. tabí ’тс’ з араб. attābī ’тс’. Арабская назва тканіны паходзіць ад at‑Attābī́yah, назвы квартала, дзе яна выраблялася (ЕСУМ, 5, 499; Фасмер, 4, 6; Брукнер, 563).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)