падско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. падскоч; зак.

1. Зрабіць скачок уверх. [Мяч] падскочыў раз, другі, трэці і пакаціўся. Юрэвіч. Бусел з перапуду падскочыў на месцы, міжвольна распасцёр крылы, але тут жа зноў падцяў іх, каб не ўзняцца з гнязда. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Рэзка падняцца, павялічыцца. Падскочыла тэмпература. Цэны падскочылі. □ Падскочыць градусаў да трох Апоўначы марозік. Калачынскі. // Раптам з’явіцца. Падскочыла запаленне лёгкіх, і на што ўжо быў .. [дзед Тумаш] здаровы, а на чацвёртыя суткі зусім аслаб. Машара.

3. Наблізіцца скачкамі; хутка падбегчы, пад’ехаць да каго‑, чаго‑н. Прыстаў.. падскочыў да жанчыны ззаду, паваліў на зямлю, крутануў за руку, адводзячы ад пана паліцмайстра стрэлы. Мехаў. Лук’ян насцярожана падскочыў да акна. Усе падняліся з месца. М. Ткачоў. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Лынькоў. // Разм. Хутка з’ездзіць, схадзіць куды‑н. [Антон:] — Ты пабудзь тут з таварышамі, а я падскочу на станцыю. Новікаў. [Хведар:] — Заўтра прывязём бензін, а сёння мне трэба са Сцяпанам у адно месца падскочыць. Асіпенка. // Разм. Падысці, пад’ехаць у патрэбны момант; падаспець. Добра, што падскочылі людзі, інакш бы ім абодвум былі канцы ў той багне. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздрыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Здрыгануцца; задрыжаць. Стары ўздрыгнуў. Яму здалося, што запыталіся ўсе трое разам. Лупсякоў. Адкрыў [Мікола] вочы і ўвесь уздрыгнуў ад радасці — перад ім стаяла Маечка. Краўчанка. Бусел, які дагэтага стаяў нерухома, уздрыгнуў і хутка паклыпаў насустрач. Аляхновіч. / Пра часткі цела, голас і пад. Але голас .. [Фені] сцішэў і прыкметна ўздрыгнуў. Ракітны. У .. [выкладчыка] ўздрыгнуў левы край рота і левае вока, ён адышоўся і не прамовіў ні слова. Ермаловіч. Уздрыгнулі шырокія бровы, страпянуліся вейкі. Глебка. // перан. Затрымцець. Былі сярод прачытаных слоў і незразумелыя, але сэрца ўздрыгнула, нібы адчула важнасць таго, што даручыў .. [Мані] брат. Місько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уздрыгнуцца (у 2 знач.). [Каця] ўключыла матор. Трактар уздрыгнуў і пачаў паволі рухацца. Чарнышэвіч. Шыбы ўздрыгнулі ціха і тонка. Арочка. Пракаціўся гром — аж зямля ўздрыгнула. Мыслівец. // Ускалыхнуцца, гайдануцца (пра агонь, полымя і пад.). Полымя на экране ўздрыгнула і патухла. Гамолка. Раз раніцой, калі ўсміхнулася сонца з-за лесу і дзед Панкрат выйшаў з хаты запрагаць сівага,.. — уздрыгнула нешта паветра, нібы хто кашлянуў чыгунным горлам дзесьці далёка-далёка. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пару́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

1. Перашкодзіць далейшай плыні, ходу чаго‑н.; перапыніць. Парушыць маўчанне. Парушыць спакой. □ Гэтая акалічнасць парушыла ранейшыя сяброўскія адносіны паміж хлопчыкамі. Кавалёў. [Васіль Маркавіч] быў задаволены пачаткам экскурсіі, хоць здарэнне з качкай трохі і парушыла яго планы. Скрыпка. // перан. Падарваць, пахіснуць. Максім бачыў, што шчырую веру Алеся ў гэтага чалавека нельга нічым парушыць. Машара.

2. Не захаваць чаго‑н., пераступіць што‑н. Парушыць парадак. Парушыць дысцыпліну. □ Мікола сам зразумеў, што не пасцярогся ў сварцы з солтысам, у гарачцы парушыў правілы канспірацыі. Сабаленка. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка. Людзі ведалі — Парфенчык заўсёды ў лесе — і раніцою, і ўвечары — і баяліся парушыць правілы лесакарыстання. Шчарбатаў.

3. і каго. Скрануць, разварушыць. Вось вырваў [Мядзведзь] пень, асінак пару, Мурашнік пад ялінай раскапаў, Узлез на ліпу, пчол парушыў, Задзёр карову у лагу... Корбан. Ніхто іх не трывожыў — Кранаць буслоў няможна, Бо гавораць людзі — Бусел злосны будзе, Як гняздо хто разварушыць Ці яйкі парушыць. Блатун. // Разбурыць, пахіснуць. — Ясна адно, што добра твая жонка зрабіла, што парушыла гэтае пекла, якое, мусіць, было ў вашай сям’і. Чорны.

парушы́ць, ‑рушу́, ‑ру́шыш, ‑ру́шыць; незак.

Тое, што і церушыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ператвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.

1. Перайсці ў другі стан, набыць зусім іншы выгляд, форму; змяніцца якім‑н. чынам. — Гэтыя азёры зарастаюць, з цягам часу яны ператварацца ў суцэльныя балоты. В. Вольскі. На дарозе ўсюды вада, маленькія ручаіны ператварылася ў рэкі. С. Александровіч. Усе бачаць, як бусел.. раптам узляцеў угору і доўга лятаў, робячы ўсё большыя і большыя кругі, узнімаючыся вышэй і вышэй, пакуль не ператварыўся ў маленькую белую мецінку. Лынькоў. — Як ператварылася, як далёка пайшло наперад наша Палессе за гады савецкай улады! Краўчанка. // Набыць іншы змест, сэнс. Гэты невялікі куток ператварыўся ў маёй дзіцячай фантазіі ў казачны лес з незвычайнымі істотамі. Бядуля. // Стаць кім‑, чым‑н. для каго‑, чаго‑н. Былы камісар Міцька Векшын.. ператварыўся ў перашкоду на шляху рэвалюцыі. Адамовіч. Вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварылася ў пасткі для кожнай машыны. Грахоўскі.

2. Ажыццявіцца, набыць значэнне рэчаіснасці. Планы ператварыліся ў рэальнасць.

3. у каго-што. У казках, паданнях — змяніць свой твар, выгляд, перавярнуцца ў каго‑, што‑н. з дапамогай чараў.

•••

Ператварыцца ў слых — пачаць вельмі ўважліва слухаць што‑н., прыслухоўвацца да чаго‑н. Салаўёў прыслухоўваецца. Хлопцы і самі ўсе ператварыліся ў слых. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.

1. Адметная рыса, па якой можна пазнаць каго‑, што‑н., вызначыць што‑н. Па слядах, па безлічы толькі яму [егеру] вядомых адзнак і прыкмет ён мог беспамылкова вызначыць дакладную колькасць кожнага віду дзікіх жывёл на сваім участку. В. Вольскі. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы. Брыль. [Нася:] — Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкмету: у маіх валасах будзе белая кветачка. Якімовіч. // Тое, што ўказвае на з’яўленне, наступленне чаго‑н. Сённяшняй раніцай у яго з’явіў ся апетыт — верная прыкмета выздараўлення. Шахавец. Яшчэ з поўдня надвор’е гразілася дажджом. На тое былі ўсе неабходныя прыкметы: душнае сонца, парнасць зямлі, смуга ў паветры. Скрыган.

2. У забабонных уяўленнях — рыса, з’ява, якая прадвяшчае што‑н. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе тут, нібы даў селяніну ён для шчасця прыкмету. Дубоўка. Павук па промню спускаецца ўніз, верыць хачу я ў старую прыкмету: спускаецца — значыць будзе мне ліст. Барадулін. — Добрая прыкмета! — сказаў стары Банэдык. — Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.

•••

Мець на прыкмеце гл. мець.

На прыкмеце (быць) у каго — аб тым, хто (што) з’яўляецца прадметам чыёй‑н. увагі, цікавасці і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляце́ць несов., в разн. знач. лете́ть; (о быстром беге и т.п. — ещё) мча́ться; нести́сь;

самалёт ляці́ць — самолёт лети́т;

бу́сел ляці́цьа́ист лети́т;

камяні́ з гру́катам ляце́лі ўніз — ка́мни с гро́хотом лете́ли вниз;

гу́кі ляце́лі ўдалечыню́ — зву́ки лете́ли вдаль;

матацы́кл ляце́ў з вялі́кай ху́ткасцю — мотоци́кл лете́л (мча́лся, нёсся) с большо́й ско́ростью;

дні і ты́дні ляце́лі непрыкме́тна — дни и неде́ли лете́ли незаме́тно;

гро́шы ляця́ць — де́ньги летя́т;

л. страло́й — лете́ть стрело́й;

час ляці́ць — вре́мя лети́т;

лес сяку́ць — трэ́скі ляця́цьпосл. лес ру́бят — ще́пки летя́т

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ляля́к1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́к ’ястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́кабусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

страха́, і́, ДМ страсе́; мн. стрэ́хі (з ліч. 2, 3, 4 страхі́), стрэх; ж.

1. Верхняя, звычайна саламяная, частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з’яў. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Гартны. Над маўклівым млыном, над сціхшай вадой, над стрэхамі дзвюх лазовіцкіх хат, над дрэвамі, кустамі і лугамі абапал Быстранкі — над усім узвышалася ціхае зорнае неба. Брыль. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе. Дубоўка. З-за высокай разгацістай елкі выглядае страха хлява і калодзежны журавель. С. Александровіч. // Ніжні, звісаючы край гэтай часткі будынка. Праціснуўшыся, [Аня] зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Мележ. Я зайшоў на двор крайняй хаты і стаў пад страху. В. Вольскі. // у вобразным ужыв. А лес, як добры той знаёмы. Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою. Колас. Часам месяц, бяздомны бадзяга, Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар. Танк. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой і пад зялёную страху Прыселі грамадой. Астрэйка.

2. Пра дом, жыллё, прытулак. [Насця:] — Што можа быць горш, калі ў дзіцяці няма страхі над галавой. Чорны. Неўзабаве, з-пад матчынай гэтай страхі, Паляціць і яна [Кацярына] на шляхі, на шляхі. Куляшоў. Прышлы хлопец прытуліў на пачатак сваю галаву пад страхою старога Апанаса. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адхінуўшы, адкінуць, развесці ў бакі краі, крыссе адзення. Расхінуў тут дзед халат Ды з кішэні-бакавушкі Выняў дудку-весялушку. Колас. Падпалкоўнік расшпіліў кіцель і расхінуў на грудзях кашулю. Асіпенка. // Адхінуць, адвесці ў бакі што‑н. прыхінутае адно да аднаго. Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі, Расхінуў асцярожна кусты і знямеў — Каміны ... каміны... Дух пажарышча горкі. Панчанка. Расхінеш траву, а там — гняздзечка з яечкамі або птушаняты рассыплюцца, як гарох, у розныя бакі. Якімовіч. // Распасцерці, развесці ў бакі. Бусел расхінуў крылы. □ — Не схіляй, — крычалі, — галавы, Расхіні свае ў палёце крылы! Бялевіч.

2. Раскрыць (дзверы, акно, заслону і пад.). Людзей поўна, яблыку недзе ўпасці, а заслону на сцэне быццам некаму расхінуць. Гроднеў.

3. Разгарнуць што‑н. (згорнутае, складзенае). Расхінуць палатку. □ Дзядзька расхінуў лісток лінаванай паперы. Баранавых. Вось скруткі белага льнянога палатна, Нібы сама заснула ў іх зіма, Здаецца, расхіні — дыхнуць буранам снежным. Танк.

4. Раскрыць, зрабіць вольным доступ куды‑н., да чаго‑н. [Віцька] тыцнуў Глечыку пару ануч і зноў расхінуў торбу. Быкаў.

5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. — Трэба, каб з твайго нарыса было відаць, як Савецкая ўлада расхінула перад былымі цёмнымі, занядбанымі сялянамі ўсе дарогі ў жыццё. Сабаленка.

•••

Расхінуць душу — тое, што і адкрыць душу (гл. душа). Мне захацелася расхінуць сваю душу перад гэтай жанчынай, расказаць ёй усю праўду. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стук 1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук 2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)