пару́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
1. Перашкодзіць далейшай плыні, ходу чаго‑н.; перапыніць. Парушыць маўчанне. Парушыць спакой. □ Гэтая акалічнасць парушыла ранейшыя сяброўскія адносіны паміж хлопчыкамі. Кавалёў. [Васіль Маркавіч] быў задаволены пачаткам экскурсіі, хоць здарэнне з качкай трохі і парушыла яго планы. Скрыпка. // перан. Падарваць, пахіснуць. Максім бачыў, што шчырую веру Алеся ў гэтага чалавека нельга нічым парушыць. Машара.
2. Не захаваць чаго‑н., пераступіць што‑н. Парушыць парадак. Парушыць дысцыпліну. □ Мікола сам зразумеў, што не пасцярогся ў сварцы з солтысам, у гарачцы парушыў правілы канспірацыі. Сабаленка. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка. Людзі ведалі — Парфенчык заўсёды ў лесе — і раніцою, і ўвечары — і баяліся парушыць правілы лесакарыстання. Шчарбатаў.
3. і каго. Скрануць, разварушыць. Вось вырваў [Мядзведзь] пень, асінак пару, Мурашнік пад ялінай раскапаў, Узлез на ліпу, пчол парушыў, Задзёр карову у лагу... Корбан. Ніхто іх не трывожыў — Кранаць буслоў няможна, Бо гавораць людзі — Бусел злосны будзе, Як гняздо хто разварушыць Ці яйкі парушыць. Блатун. // Разбурыць, пахіснуць. — Ясна адно, што добра твая жонка зрабіла, што парушыла гэтае пекла, якое, мусіць, было ў вашай сям’і. Чорны.
парушы́ць, ‑рушу́, ‑ру́шыш, ‑ру́шыць; незак.
Тое, што і церушыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)