За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаць1 ‘спыніцца’, ‘заняць вертыкальнае становішча’, ‘з’явіцца’, ‘застыць на месцы’, ‘адбыцца, здарыцца, зрабіцца’, ‘пачаць’, безас. ‘хапіць’, ста́цца ‘адбыцца, здарыцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС, Федар. 4, Ян.). Укр. ста́ти, рус. стать, ст.-рус. стати, польск. stać, чэш. státi se ‘здарыцца, стаць’, славац. stať, серб.-харв. ста̏ти, славен. státi, ст.-слав. стати. Прасл. *stati ад і.-е. *stā‑ ‘стаць’; адпаведнікі ў літ. stàti ‘прыступаць, станавіцца’, лат. stât ‘станавіцца’, ст.-прус. postāt ‘стаць’, ст.-інд. asthāt аор. ‘устаў, стаў’, лац. stō ‘стаяць’ і г. д. Гл. Фасмер, 3, 748 з літ-рай; Борысь, 574; Махэк₂, 575; Сной₁, 605. Параўн. ставаць, стаяць.

Стаць2 ‘справа, прычына’, ‘прыстойнасць, гожасць’ (Нас., ТС), стаццё ‘здарэнне, прыгода; незвычайны выпадак’ (Нас., Гарэц.), ста́цце ‘хвароба’ (Мат. Гом.), стаццо́ ‘здарэнне’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. стать ‘полавая прыналежнасць; постаць’, рус. статьбудова цела’, ‘прычына, выпадак’, прыставачныя ўтварэнні: польск. postać ‘фігура, пастава’, ст.-польск. postać ‘род’, ст.-чэш. podstať ‘сутнасць’, славен. póstȃt ‘шэраг рабочых у полі ці ў вінаградніку’, серб.-харв. по̀стат ‘шэраг (у час жніва)’, балг. по̀стат ‘паласа, якую жнуць адна ці некалькі жней’, ц.-слав. постать ‘вызначэнне, загад, пастанова; прызначэнне’. Прасл. *statь, абстрактны назоўнік ад *stati, гл. стаць. Роднасны лат. stātis ‘стойка’, авест. stāiti‑ ‘стойка, стаянне, устанаўленне’, ст.-ісл. stód ‘месца, стан’ (Фасмер, 3, 748; БВР, 5, 549; ЕСУМ, 5, 402; Бязлай, 3, 92).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Строй1 ‘рад, шарэнга’, ‘лад’, ‘пабудова, структура’ (ТСБМ), ‘строй, парадак’ (Байк. і Некр., Ян.), ‘выгляд, стройнасць, фігура’ (Варл.), ‘лад, парадак; наведзенасць’ (ТС), ‘узор, малюнак’ (Песні сямі вёсак), строй (на кросна) ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз., ТС), строе́ ‘ставы’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. стрій ‘касцюм, адзенне’, рус. строй ‘строй; парадак’, польск. strój ‘строй; адзенне’, чэш. stroj ‘станок, машына’, славац. stroj ‘тс’, серб.-харв. стро̑й ‘фарба; шчолак; вайсковы строй’, славен. strȏj ‘машина, лакаматыў’, балг. строй ‘рад, сістэма, лад’, макед. стројбудова’, ‘рад’, ‘сватаўство’, ст.-слав. строи ‘кіраванне; лад, парадак; фармацыя’. Прасл. *strojь роднаснае лат. strãja ‘стойла, якое выслана саломай’, авест. urvarō‑straya ‘абразанне расліны’, лац. struō ‘дапасоўваць, састаўляць, будаваць, ладзіць’, constrūctiō ‘структура, кампазіцыя’, stria ‘баразна, складка’ (Фасмер, 3, 780; Глухак, 589). Далей этымалогія не вельмі ясная. Борысь (581) мяркуе, што слова роднаснае таксама слав. *strěxa ‘страха’ і распасціраць (гл. распасцерціся), да і.-е. кораня *(s)ter‑ ‘распасцерці’, адкуль таксама гоц. straujan ‘сыпаць, рассыпаць’, ням. Streu ‘салома на падсцілку’. Бязлай (3, 332), Сной₁ (615), апрача гэтай версіі, дапускаюць магчымасць паходжання ад і.-е. *kʼroi̯‑o, роднаснага з *kʼrei̯‑on у авес. srayan ‘прыгожы; прыгажосць’, ст.-інд. śrī‑ ‘прыгожасць’ і г. д. з першасным значэннем прасл. *strojь ‘парадак; прыгажосць’, параўн. стройны (гл.).

Строй2 ‘будоўля; драўніна для будоўлі’ (Ян., Мат. Гом.). Рус. паўн. строй ‘будаўнічы матэрыял’. Аддзеяслоўны дэрыват ад строіць (гл.) у адпаведным значэнні.

Строй3 ‘убор’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.). Гл. строі1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стан1 ‘фігура, постаць чалавека’, ‘месца стаянкі, часовага пасялення’, ‘войска, адзін з ваюючых бакоў’, ‘саслоў’е, сацыяльны слой’, ‘машына ці сістэма машын’, ‘прыстасаванне’, ‘поўны камплект, набор чаго-небудзь (стан калёс)’, ‘становішча’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, Варл.), ‘талія’ (Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТС), ‘вымераны кавалак палатна на сарочку’ (Касп.), ‘верхняя частка кашулі, сукенкі’ (Ян.), ‘фігура, постаць’ (Федар. 4), ‘сямейнае або грамадскае становішча’ (Варл.), ‘такарны станок’ (Нік., Оч.), ‘стаянка, шалаш’ (ТС), ст.-бел. станъ ‘фігура’ (Альтбаўэр), ‘адміністрацыйная адзінка’, ‘саслоўе’, ‘становішча’, ‘шлюб’, ‘ваенны лагер’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 71–72). Параўн. укр. стан ‘тулава; становішча, стан’, рус. стан ‘лагер, месца стаянкі’, ‘тулава, постаць чалавека’, рус.-ц.-слав. станъ ‘лагер, стаянка’, польск. stan ‘становішча, знаходжанне; чын; штат; талія’, в.-луж., н.-луж. stan ‘палатка’, чэш., славац. stan ‘шацёр, палатка’, серб.-харв. ста̑н ‘жыллё; стаў (ткацкі)’, ‘стаўка (у войску)’, славен. stȃn ‘жыллё; будова; загон; тулава; становішча’, балг., макед. стан ‘лагер; загон; постаць’, ст.-слав. станъ ‘лагер, стан’. Прасл. *stanъ ‘стан, становішча; месца знаходжання, стаянка’ — дэрыват з суф. ‑nъ ад прасл. *stati ‘стаць’ (Слаўскі, SP, 1, 115; Махэк₂, 574; Шустар-Шэўц, 1354; Борысь, 574). Роднасныя: літ. stónas ‘становішча’ (Фасмер, 3, 745: ставіць пытанне аб запазычанні з славянскага), ст.-інд. sthā́nam ‘месца; месца знаходжання’, грэч. δύστηνος; ‘той, хто знаходзіцца ў благім становішчы’, ст.-в.-ням. stân, stèn ‘стаяць’. Параўн. яшчэ асец. astœw ‘паясніца, талія’. Гл. Фасмер, 3, 745, з літ-рай; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1354; ЕСУМ, 5, 394–395.

Стан2 ‘сузор’е Млечны шлях’ (Ласт., Стан.). Да стан1 са значэннем ‘войска, вайсковы лагер’, параўн. “Млечную дарогу называюць Вайсковым Станам” (Спадчына, 1990, 4, 41).

Стан3 ‘стан (дзеяслова)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, самастойнае ўтварэнне на базе стан1 ‘становішча’, параўн. рус. залог ‘тс’, польск. strona ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

склад 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання тавараў, матэрыялаў і пад. Для машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадарчых машын. Колас. Вечарам мы пайшлі пазнаёміцца бліжэй з портам Касабланкі. Гэта вялікі і добра абсталяваны порт з магутнымі кранамі і шматлікімі радамі складаў. В. Вольскі.

2. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, складзеных у адным месцы; запас чаго‑н. Склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі ўвачавідкі. Мележ. Пра свае склады зброі хлопцы маўчалі. Якімовіч.

склад 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; састаў. Лексічны склад мовы. □ Важнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу сучаснай беларускай мовы Ўяўляецца мастацкая літаратура. Гіст. лекс. бел. мовы. [Полацкая зямля] ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Хадкевіч. Полк уваходзіў у склад арміі, якая абараняла Севастопаль з 1 верасня 1854 г. «Помнікі».

2. чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які‑н. калектыў, арганізацыю (з колькаснага або якаснага боку). Склад прэзідыума. □ Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Шашу. Шамякін. [Суддзя:] — Падсудны.. вы не пярэчыце супроць складу суда? Дадзіёмаў.

3. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Акцёрскі склад тэатра. □ Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротных камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Колас.

4. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны). Высокі, атлетычнага складу, у гэтым незвычайным адзенні .. [Кашын] выглядаў молада і нават малайцавата. Карпаў. Гэта быў высокі мужчына, чарнавусы, моцнага складу. Самуйлёнак.

5. Асаблівасці розуму, думак, характару і пад.; маральнае аблічча чалавека, яго звычкі і пад. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч. Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, намеры, імкненні высокія. Карпаў. Вучоба маладога Казіміра ў Маскве .. вызначыла склад яго мышлення на ўсё яго жыццё. Пестрак.

6. Манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць; стыль. Колас — мастак эпічнага складу. □ Казка вызначаецца жывасцю народнага складу, яркімі дэталямі. Саламевіч. // Спосаб пабудовы чаго‑н. (песні, верша і пад.). Песенны склад паэмы. □ 1918 год прынёс публікацыю цыкла вершаў [Багдановіча] беларускага складу. Лойка.

7. Зладжанасць, складнасць; парадак, сэнс. І пайшоў стары Несцер гаварыць у склад, у лад. Пестрак. Я — ратай, і мо’ няўдала З сваёй думкай выйшаў першай. Можа, складу ў песнях мала, Мала досціпу ў вершы? Васілёк. І не хочаш, а думаеш усё і думаеш, — без ніякага складу... Пташнікаў.

8. Пласты зямлі, складзеныя адзін да аднаго. Ворыва ў склад. □ Мы прайшлі дзве баразны — зрабілі склад пасярэдзіне. Якімовіч.

•••

Асабовы склад (састаў) — рабочыя, служачыя якой‑н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і пад.

Ні складу, ні ладу — ніякага толку, парадку, ніякай сувязі.

У складзе — у колькасці. Мясцовы камітэт у складзе 7 чалавек.

склад 3, ‑а, М ‑дзе; мн. склады, ‑оў; м.

Гук або спалучэнне гукаў у слове, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра. Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За ду-бо-вым сталом пі-шу за-ла-тым пя-ром». Бядуля. Словы .. [пастух] расцягваў, робячы націск на кожным складзе. Асіпенка.

•••

Адкрыты склад — склад у слове, які заканчваецца на галосны гук.

Закрыты склад — склад у слове, які заканчваецца па зычны гук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сістэ́ма, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і пад.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства. Сістэма галактык. // Сукупнасць прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай якога‑н. вучэння. Філасофская сістэма класікаў марксізма-ленінізма. Педагагічная сістэма Макаранкі. // Сукупнасць метадаў, правіл ажыццяўлення чаго‑н. Сістэма кантролю. Сістэма планавання. // Сукупнасць якіх‑н. элементаў, адзінак, якія аб’ядноўваюцца па агульнай прыкмеце, прызначэння). Сістэма гукаў беларускай мовы. □ Нанава наладзіць падпольную сувязь пры дапамозе сістэмы троек было нялёгка. Машара.

2. Парадак, абумоўлены правільным размяшчэннем і ўзаемнай сувяззю частак чаго‑н. Даводзілася ўсе свае веды прыводзяць у сістэму, многа чаго чытаць. Шахавец. // Прадуманы план. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла адпаведна намі ж распрацаванай сістэме. Навуменка. // Звычайны, устаноўлены распарадак чаго‑н. [Дыспетчарскія] даклады.. увайшлі ў сістэму, праводзяцца штодзённа. Шынклер. // Прынятае ўстанаўленне, парадак; закон. Сістэма атэстацыі працаўнікоў. Сістэма падаткаў. Сістэма водпускаў. □ [Шыковіч:] — Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў? Шамякін.

3. Форма арганізацыі, будова чаго‑н. (дзяржаўных, палітычных, гаспадарчых адзінак, устаноў і пад.). Дзяржаўная сістэма. Выбарчая сістэма. // Форма грамадскага ладу; фармацыя. Сацыялістычная сістэма. Капіталістычная сістэма. □ Там крызіс лютуе, Там крык безрабоцця — Сістэма старая згніла. Колас.

4. Сукупнасць гаспадарчых адзінак, блізкіх па сваіх задачах і арганізацыйна аб’яднаных у адзінае цэлае. Сістэма аховы здароўя. Сістэма органаў народнай асветы. Працаваць у сістэме ўстаноў Акадэміі навук БССР. □ К гэтаму часу атрад пачаў дзейнічаць ужо ў сістэме часцей Чырвонай Арміі. Чорны.

5. Структура, якая складае адзінства ўзаемна звязаных частак. Сардэчна-сасудзістая сістэма. Каранёвая сістэма расліны. □ Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы. Маўр. // Тэхнічнае адзінства, сукупнасць узаемна звязаных збудаванняў, механізмаў і пад., якія дзейнічаюць узгоднена. Вартавыя сістэмы касмічнага карабля. □ Над капустай шэрым алавяным бляскам адсвечвалі трубы арашальнай сістэмы. Ракітны. // Марка, канструкцыя якіх‑н. машын, іх частак. Вінтоўка сістэмы Бердана. □ У калгасе лепш ураблялася зямля, у калгасе былі трактары, плугі навейшай сістэмы. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. прадметаў, прыстасаванняў і пад. аднаго прызначэння. Сістэма штучных спадарожнікаў. □ Ілья Ільіч устаў, паслухмяна падаўся ў сенцы і хоць марудна, але абмацаў сістэму запорак, адчыніў дзверы. Кулакоўскі.

6. У батаніцы і заалогіі — класіфікацыя, групаванне. Сістэма Лінея.

7. У геалогіі — сукупнасць пластоў горных парод, якая характарызуецца пэўнымі выкапнямі, фаунай і флорай.

•••

Вегетатыўная нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы, якая рэгулюе дзейнасць унутраных органаў і абмен рэчываў у арганізмах.

Геацэнтрычная сістэма свету — абвергнутае навукай уяўленне, што Зямля з’яўляецца нерухомым цэнтрам сусвету, вакол якога рухаюцца ўсе планеты і зоркі.

Геліяцэнтрычная сістэма свету — вучэнне, якое даказвае, што Зямля і іншыя планеты рухаюцца вакол Сонца.

Дзесятковая сістэма класіфікацыі — класіфікацыя кніг у бібліятэках, заснаваная на падзеле кніг па зместу на дзесяць асноўных раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу дзеліцца па дзесяткі.

Другая сігнальная сістэма — гукавая мова як уласцівая чалавеку сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, што ўзнікаюць пры ўздзеянні моўных сігналаў і служаць асновай абстрактнага мыслення.

Дысперсная сістэма — рэчыва ў выглядзе дробных часцінак разам з тым асяроддзем, у якім яно рассеяна, напрыклад: туман, дым.

Дэцымальная сістэма класіфікацыі — тое, што і дзесятковая сістэма класіфікацыі.

Калідорная сістэма — сістэма размяшчэння пакояў у будынку, калі дзверы з усіх пакояў выходзяць у адзін вялікі калідор.

Картачная сістэма — парадак размеркавання прадуктаў харчавання, тавараў па картачках.

Ланкастэрская сістэма навучання — арганізацыя ўзаемнага навучання, калі старэйшыя вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вучаць малодшых вучняў.

Мажарытарная сістэма — антыдэмакратычная сістэма выбараў у некаторых капіталістычных краінах, пры якой лічацца толькі галасы, пададзеныя за кандыдата партыі, атрымаўшай большасць галасоў у дадзенай акрузе.

Метрычная сістэма мер — міжнародная сістэма адзінак вымярэння, у аснову якой пакладзены адзінка даўжыні — метр і адзінка масы — кілаграм.

Перыядычная сістэма (элементаў) — класіфікацыя хімічных элементаў, створаная Д.І. Мендзялеевым на аснове суадносін паміж іх атамнай вагой і ўласцівасцю рэчываў, якія ўтвараюцца гэтымі элементамі.

Прадметная сістэма навучання — сістэма навучання, пры якой кожны прадмет выкладаецца асобным выкладчыкам.

Прапарцыянальная сістэма выбараў — у буржуазных дзяржавах — парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што вылучылі сваіх кандыдатаў у прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з колькасцю атрыманых імі галасоў.

Рачная сістэма — а) рака са сваімі прытокамі; б) сукупнасць рэк якой‑н. краіны, мясцовасці, часткі свету.

Сістэма роднасці — сукупнасць тэрмінаў для абазначэння розных ступеней роднасці (па крыві і па шлюбу).

Сонечная сістэма — сукупнасць нябесных цел, якая складаецца з Сонца і планет, што рухаюцца вакол яго.

Сусветная сістэма сацыялізма — сацыяльная, эканамічная і палітычная садружнасць свабодных, суверэнных народаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі пабудовы камуністычнага грамадства.

Цэнтральная нервовая сістэма — асноўная частка нервовай сістэмы, якая складаецца з галаўнога і спіннога мозга.

Эндакрынная сістэма — сістэма эндакрынных залоз, залоз унутранай сакрэцыі.

[Грэч. systēma — цэлае, складзенае з частак, злучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)