шы́цік, ‑а, м.

Разм. Маленькі рачны чарвячок, які жыве ў рухомым доміку-трубачцы, зробленым з пясчынак, кавалачкаў кары, дробных ракавінак. Сказаў .. [дзед] пра гэта раніцай, і я ўвесь дзень не ведаў спакою: накапаў чарвякоў, у ручаі назбіраў шыцікаў, разоў дзесяць, можа, перамотваў лёску. Хомчанка. Іх мы называлі хто як: хто сыцікі, хто шыцікі, а хто проста вадзяныя чарвячкі. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Навой ’дэталь у кроснах’ (Бяльк., Гарэц., Тарн., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ, ТС), навоі ’частка кроснаў’ (Воўк-Лев., Татарк.), навойка ’тс’ (полац., Нар. сл.; Янк. 1, Мат. Гом., ТС). Укр. навій, рус. наво́й, польск. nawój, чэш. návoj, славац. návoj, н.-луж. nawój ’тс’, серб.-харв. дыял. на́вој ’дзве расошкі, на якія кладзецца задняе вараціла пры навіванні асновы’. Да навіваць, віць, параўн. навіць ’наматаць’ (Бяльк.), першапачаткова адносілася, відаць, да задняга вала ў кроснах, пра што сведчыць значэнне серб.-харв. дыялектнай назвы (Машынскі, Kultura, 1, 349), і звязвалася з навіваннем нітак асновы на яго; не выключана, што гэтым словам называлася само навітае прадзіва, пра што можа сведчыць балг. дыял. навой ’тонкая звітая вяроўка, якой абвязваюць абмоткі на нагах’, перанос назвы на вараціла і іншыя дэталі, якія звычайна маюць праславянскія назвы, праз стадыю ’вал з навітым на яго прадзівам’, параўн. докш. Навой — пяць губак і болей (Сл. ПЗБ). Адносна чаргавання гл. Шустар-Шэўц, 994.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́дкі ’вадзяністы, негусты, тонкі’. Рус. жи́дкий ’вадкі’, в.-луж. židki ’негусты’, н.-луж. žydki ’тс’, чэш. уст. židký ’вадкі’, славен. žídek ’негусты, вадкі, мяккі, слабы’, серб.-харв. жи́дак, жи̏дак ’негусты, тонкі (пра сцябло і да т. п.); балг. дыял. жѝтък ’вадзяністы, негусты’. Ц.-слав. жидъкъ ’вадкі’. Ст.-рус. жидкий ’негусты, вадкі’. Прасл. *židъkъ утворана з суф. прыметніка *‑ъk‑ (як салодкі і інш.). І.‑е. корань *g​eid(h) ’жыжа, гразь’: грэч. δεῖσα ’гразь’, арм. gēǰ ’рэдкі’. Покарны, 1, 469; Фасмер, 2, 53; БЕР, 1, 549. Непераканаўчыя паралелі з герм. і іншых і.-е. моў прыводзіў Младэнаў (160); цікавыя, але няпэўныя балт. паралелі (літ. giẽdrùs, giẽdras ’ясны, празрысты’) дае Махэк₂ (727): іх адносяць да і.-е. кораня *g​hei (Покарны, 1, 488; Фрэнкель, 128), сувязь з якім слав. кораня семантычна няпэўная. Прапанова Ваяна (BSL, 31, 44) пра суадносіны *židъkъ з *žica, *žila (семантычна вадкігнуткі) не абгрунтоўвалася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыты́ка1 ’выструганая жэрдка, якая ўтыкаецца ў дно вадаёма для замацавання на ёй сеткі, нерата і пад., прывязвання лодкі’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1; полац., З нар. сл.; ПСл), ’калок, якім прытыкаюць пласты сена ў капе або ў стозе, каб не зрывала ветрам’ (ТС), ’тонкі шост пры падхватніку’ (Янк. 1), прыты́чка ’калок’ (Байк. і Некр.). Да тыкаць (гл.).

Прыты́ка2, прыты́чка, мн. л. прыты́кі, прыты́чкі ’дакор; папрокі, упікі’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Касп.), ба́ба‑прыты́капра мужчыну, які ўмешваецца ў чужыя справы і размовы’ (Растарг.). Да прытыка́ць2 (гл.), аддзеяслоўны назоўнік з ‑а асновай. Меркаванні пра калькаванне літ. priẽkaištas ’дакор, папрок’ пры літ. káišioti, kìšti ’тыкаць’ (Чэкман, Baltistica, 8, 2, 152–153) не пераконваюць.

*Прыты́ка3 ’?’: “Нанімала чачотачка скочну музыку, // Нанімала невялічка капэлю ўсю: // Верабейка — на скрыпіцы, // Салавейка — на прытыцы” (ашм., Ант.). Значэнне невядомае, але не выключана, што гэта прытыка1 (гл.). У такім выпадку да тыкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́паць ’тупаць, ісці (пра малых дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ’ісці; хадзіць’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’скакаць’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж топпра топанне, няўдалыя скокі’ (мсцісл., Нар. лекс.), ’тупат’ (Нар. Гом.), топоні́ць ’тупацець’ (ТС), ст.-бел. топотъ ’тупат’ (1518 г., КГС). Укр. то́пати ’ісці’, то́пкати ’таптаць’, рус. то́пать ’тупаць’, то́пот ’тупат’, польск. дыял. topotać się ’дрыжаць (ад страху, трывогі)’, в.-луж. topotać ’тупаць’, чэш. ťopati ’крочыць’, славен. topotáti, topótniti ’тупаць’, серб.-харв. топо̀тати ’тс’, то̏пот ’тупат’, балг. то́пот ’тупат’, макед. топоти, тупоти ’тупаць, моцна стукаць’. З прасл. *top‑, якое звязана з *tep‑, гл. цепаць, а таксама прасл. *topotъ (гл. тупат). Лічаць гукаперайманнем і параўноўваюць з лат. tapa, tapu ’туп-туп’, tapât ’крочыць, топаць’, літ. tapuoti ’тс’, фін.-угор. tap ’біць, штурхаць’, тат., казах., кыпч. taptamak ’таптаць’, tap‑tap ’туп-туп’. (Фасмер, 4, 78; Махэк₂, 647; ЕСУМ, 5, 598; Сной₂, 773). Да семантыкі параўн. то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

све́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не страціў сваіх натуральных якасцей. Свежае мяса. Свежае малако. Свежы сыр. // Толькі што прыгатаваны (пра ежу, напіткі). І адкуль на стале тваім Бохан свежага хлеба пахучы. Барадулін. [Бацька:] — Ці не час нам падсілкавацца? Давай свежага чайку заварым. Шыловіч. // Такі, якога не закранула апрацоўка (вэнджанне, саленне, кансерваванне і пад.); які застаўся ў натуральным выглядзе. У каго толькі ўзыходзяць, а ў яго, у Нічыпара Кавалёнка, як звалі бацьку, ужо свежыя агуркі. Кавалёў. Першыя сотні кілаграмаў свежых грыбоў былі адпраўлены на прадпрыемствы.. Мінска. «Звязда». // Толькі што, нядаўна зрэзаны, сарваны (пра расліны, плады). Зноў мы слаўна пагуляем, Свежых ягад назбіраем. Колас. На грэблю кожную вясну накідвалі рознага ламачча, свежага яловага і хваёвага галля, а найбольш зыбкія мясціны высцілалі жэрдзем. Дуброўскі. // Нядаўна або толькі што зроблены, падрыхтаваны, атрыманы. Свежыя стагі. □ Ды прайшла па золкіх росах На сінім досвітку чуць свет, Дзе пахнуць свежыя пракосы, пакінуўшы мне босы след. Матэвушаў. Сцены ў пакоі былі зроблены са свежых дошак, шчыліны паміж імі свяціліся. Карпюк.

2. Такі, які не быў у карыстанні, ва ўжыванні. Асцярожна, каб лішне не прымаць свежую пасцель, Усцін Тарасавіч прысеў на краёк свайго ложка. Марціновіч. Кузьма сеў на кучу свежай саломы, з якой ва ўсе бакі пырснулі маленькія конікі, і задумаўся. Дуброўскі. / Пра новае і чыстае адзенне, бялізну. Свежая прасціна. □ Трафім Зіновіч падшыў да сваёй салдацкай гімнасцёркі свежы каўнерык. Кірэйчык.

3. Чысты, нічым не забруджаны, які часта абнаўляецца (пра ваду, паветра). Дзеці слухаюць сваю настаўніцу і старанна наліваюць градкі свежай, прынесенай з калодзежа, вадзіцай. Барашка. Грудзі яго [Мацуты] з палёгкай удыхалі свежае, халоднае паветра. В. Вольскі.

4. Халаднаватыя досыць халодны. З поля дзьмула свежым халадком, прабірала вільгаццю. Гартны. Раніца была свежая, і буйная раса шчыпала босыя ногі. Чарнышэвіч. Па дварэ быў вецер — дзьмуў на ганак — сухі, свежы, аж холадна стала ў грудзі. Пташнікаў.

5. Які не страціў сваёй сілы, бляску, яркасці ці натуральная афарбоўкі. Ён [трамвай] бяжыць з вясёлымі Званкамі, Афарбоўкай свежай зіхаціць. Броўка. Доўгі кароўнік,.. бялеўся новымі сасновымі сценамі, чырванеўся свежай чарапіцай. Якімовіч. // Ярка-зялёны, малады (пра траву, дрэвы і пад.). Свежая трава. □ Свежай зелянінай.. разгарнуліся вузкія палоскі аўса. Бядуля. Яшчэ дацвіталі сады, і дужа яркай была зелень свежага лісця на маладых бярозах. Машара. // перан. Выразны, ясны, незабыты. Усе дзяліліся свежымі ўражаннямі, усе апавядалі адзін аднаму пра новыя цікавыя падзеі. Зарэцкі. Прарасло жалеза Вострымі шыпамі, Будзе вечна свежай Аб салдаце памяць. Вітка.

6. Здаровы, поўны сіл, энергіі, запалу (пра чалавека). Якія.. [Богуш і Цымбал] здаровыя і свежыя, нібы прынеслі з сабою другі свет. Скрыган. Быў.. [Адам] спакойны, свежы і, лёгкі. Мо ад вады, мо ад цішыні і сонца. Вышынскі. // Які выражае такі стан, сведчыць пра яго. Смяялася кожная рыса.. [Дашынага] твару: свежыя паўнаватыя вусны, роўненькія, адзін у адзін, зубы. Васілевіч. Свежы румянец на твары прадвяшчаў поўнае выздараўленне. Кавалёў. // Звонкі, чысты (пра голас, смех і пад.). Голас у яе [Ядвісі] быў малады, свежы, сакавіты. Колас.

7. Не стомлены, не знясілены. Праціўнік пад вечар з яшчэ большай ярасцю кінуўся ў атаку. У бой уступілі свежыя часці. Гурскі. // перан. Адноўлены, абноўлены (сном, адпачынкам). Узяцца за справу са свежымі сіламі. □ Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны.

8. Які нядаўна або толькі што з’явіўся, узнік; новы. Свежы след. Свежая рана. Свежы нумар газеты. □ Яшчэ пяскі магілы свежай Пад сонцам Крыма не цвілі... Трус. За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы. Адамчык. // Які ўпершыню з’явіўся дзе‑н.; чужы, дагэтуль тут невядомы. А вось свежы чалавек — той абавязкова спыніцца, каб паглядзець на дзве вуліцы [вёскі] ў садах. Ракітны. Увага мужчын была сканцэнтравапа на паспеўшых прыехаць у час — па свята — Міхала і Васіля, свежых людзей. Васілевіч. // Які пакуль нікому невядомы; самы новы, апошні. Свежыя навіны. □ [Вадзім Іванавіч:] — Добра, што вы заўтра выступіце. Свежае слова пра Маскву нам цяпер патрэбна як паветра. Гэта вельмі важна зараз... перад баямі. Дзенісевіч. У дзядзькі ўжо некалькі сшыткаў, у якіх ён запісвае казкі і песні, прыказкі, прымаўкі, свежыя словы, свае ўражанні і думкі. Брыль. // перан. Які ўпершыню сфармуляваны, выказаны, выкарыстаны; арыгінальны. Свежая думка. Свежая рыфма. □ Няма вычарпаных вершаваных форм і няма памераў, якія можна было б выкінуць як старызну: яны кожны раз становяцца свежымі, калі да іх дакранаецца сапраўдны талент. «Маладосць».

•••

Глянуць свежым вокам гл. глянуць.

На свежае вока гл. вока.

На свежую галаву гл. галава.

Па свежых слядах гл. след.

Свежае вока гл. вока.

Свежая капейка гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Буксінка ’бручка, Brassica napus L.’ (маг., Кіс.). Бясспрэчна, мясцовае ўтварэнне (няма ў іншых мовах і суседніх дыялектах). Паколькі бручка часта носіць розныя, яўна новыя назвы (параўн., напр., немка, чыгірынка), у тым ліку і па колеру (сінюха), то можна меркаваць пра сувязь з прыметнікам тыпу рус. дыял. букси́новый ’чырвона-жоўты або цёмна-аранжавы’ (< фукси́н < ням.). Адсюль буксінка ’бручка’. Параўн. бу́кса2 ’бручка’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бураў ’свердзел’ (Інстр. II). Рус. бура́в, укр. бура́в. Лічыцца запазычаннем (у рус. мове з XVI ст.) з цюрк. моў (тат. burau̯‑ < цюрк. bur‑ свідраваць’, bura‑, buraɣy і г. д.). Корш, AfslPh, 9, 494; Бернекер, 102; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 22; Фасмер, 1, 242–243; Шанскі, 1, Б, 228–229. Версія пра запазычанне з герм. моў (гл. бур) не пераконвае (яна ў Гараева, 33; Праабражэнскі, 1, 53; Рудніцкі, 257).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варэ́йка ’гліняны гаршчок, гаршчок’ (Янк. Мат., Інстр. I, Бяльк., Шатал.). Параўн. палес. вары́йка ’гаршчок’ (Лысенка, ССП), укр. варі́йка ’маленькі гаршчок’. Утварэнне ад *variti ’варыць’ (гл.). Зыходнае: *varěja, *varějьka. Параўн. чэш. дыял. vařaja, vařeja, vařejka, славац. varajka, varejka ’мешалка, апалонік’. Фантастычна Махэк₂ (678), які выводзіць з *tvar‑ (ад кораня *tver‑ ’памешваць’). Пра магчымыя сувязі бел. слова на слав. глебе гл. Цыхун, БЛ, 5, 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)