Край1 ’канечная лінія, вобласць, мясцовасць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Яруш., ТС, Кліх, Сл. паўн.-зах., Мал., Ян.), ’бераг’ (Федар.), ’кавалак’ (Грыг.). Укр. край, рус. край, ст.-слав. краи, балг. край, серб.-харв. кра̑ј, славен. kràj, польск. kraj, чэш. kraj, в.-луж. kraj, прасл. krajь, якое генетычна суадносіцца з krojiti (гл. кроіць) (Бернекер, 1, 605; Траўтман, 141).

Край2 ’вельмі’ (Мат. Маг., Яўс., Сцяшк., Юрч.). Гл. край1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кроў ’чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма’ (ТСБМ, Яруш., Нік. Напаў., Бяльк., Сцяшк., Сержп. Ск., Сл. паўн.-зах., Касп.). Укр. кров, рус. кровь ’тс’, ст.-слав. кръвь, балг. кръв, серб.-харв. кр̑в, славен. kȓv ’тс’, польск. krew, чэш. krev, славац. krv, н.-луж. kšew, палаб. kroj ’тс’. Прасл. kry мае ў якасці найбліжэйшых адпаведнікаў літ. kraũjas ’тс’. Ірл. cru, лац. cruor ’тс’ (Бернекер, 1, 632; Траўтман, 142).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вун1 ’ён’ (КСТ). Паралельнае да вон ’тс’ з моцнай лабіялізацыяй; параўн. Бузук, Спроба, 56.

Вун2 ’вунь’ (Яруш., Мядзв., Юрч., Яўс.); ’вунь там’ (Касп., КСП); ’там, трохі далей’ (КЭС, лаг.). Паралельнае ўжыванне форм з мяккасцю канцавога зычнага і без мяккасці характэрна для ўказальных займеннікаў і ў іншых мовах; параўн. рус. вон і вонь (СРНГ), польск. han і hań і інш. (гл. Саднік-Айцэтмюлер, 3–4). Гл. вунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вуста ’вусны’ (Бяс., 775), укр. вуста́, рус. уста́, польск. usta, чэш. ústa, славац. ústa, в.-луж. wusta, н.-луж. husta, славен. ústa, серб.-харв. у́ста, макед. уста, балг. уста́. Прасл. *usta, роднаснае ст.-прус. austo ’рот’, літ. áuščioti ’балбатаць, шаптаць’, ст.-інд. вед. ṓsthaḥ ’губа’, авест. aošta‑ ’губа’, лац. ausculum ’роцік’ і інш. Параўн. таксама літ. uostà ’вусце, гавань’ (Младэнаў, 656; Фасмер, 4, 172, з літ-рай; Махэк₂, 671; Брукнер, 596).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вырва1 ’яма (ад дажджу)’ (Яшк.). Укр. ви́рва ’круты схіл гары, круча’, польск. wyrwa ’канава, яма, якая ўтварылася ад дзеяння вады’, чэш. мар. výrva ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырваць (гл. рваць) (Махэк₂, 526; Нітшэ, 66). Адносна энанціасеміі значэнняў (’яма’ — ’круча’) гл. Талстой, Геогр., 98 і наст.

Вырва2 ’вельмі бойкая і гарэзлівая дзяўчына’ (З нар. сл.). Рус. смал. лаянкавае слова вы́рва, польск. wyrwa ’насмешнік, франт’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вырваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́ступкі ’старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (Бір. Дзярж.); ’лёгкі жаночы абутак’ (Сцяшк.); ’апоркі, старыя боты ці валёнкі з адрэзанымі халявамі’ (З нар. сл.), вы́ступці ’туфлі’ (Бес.). Рус. вы́ступки, вы́ступцы ’старыя боты з адрэзанымі халявамі, вялікія і нязграбныя боты для хадзьбы па гною; від жаночых чаравікаў на абцасах; пантофлі’, укр. ви́ступці ’туфлі’. Ад іменнай або дзеяслоўнай асновы выступ‑ (гл. ступаць) з суф. ‑к‑ (Вахрас, Наим. об., 76).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́нгра ’венгерац’ (Шат.). Кантэкст: «Па сяле ходзіць вэнгра з лякарствамі». Таму можна меркаваць, што гэта слова мела таксама значэнне ’вандроўны гандляр’. Параўн. рус. венге́рец, венгр ’венгерац’, а таксама ’бродячий торговец, продававший по городам и поместьям товары и лекарства, по происхождению главным образом словак из Венгрии’ (Фасмер, 1, 290, са спасылкай на Мельнікава–Пячэрскага). З польск. węgier ’венгерац’ (гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама дадаткі Трубачова (там літ-ра адносна венгерец ’гандляр’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярту́н ’жвавае дзіця’ (Жд., 3); ’непаседа, дураслівец’ (БРС, Шат.); ’вяртлявы чалавек’ (Бяльк.); ’від жука з сямейства Gyrinidae’ (БРС, КТС); ’турман’ (БРС); ’від хваробы хваіны’ (БелСЭ); ’вір’ (КТС). Укр. вертун ’вяртлявы чалавек, непаседа’; ’страказа’; ’турман’, вертуне́ць ’кажан’, рус. вертун ’непаседа’; ’кулік’; ’ручны свердзел’, свярдл. ’круглае палена’, кастр. ’мянёк’, урал. ’матыліца’, пск. ’ненадзейны, ветраны чалавек’, вертунок ’турман’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы вьрт‑ (vьrt‑) і суф. ‑ун (< unъ). Да вярце́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршні́к1 ’верхні вушак’; ’перакладзіна, папярочка’ (БРС); ’планка ў санях, наезджаная на капылы наверх вязоў’ (дзярж., Нар. сл.), рус. наўг., пенз., с.-урал., сіб. вершник ’верхні вушак (дзвярэй, апон)’, ярасл. ’верхняя перакладзіна ў варотах’. Утворана пры дапамозе суф. ‑нік (< ‑ь‑nikь) ад vьrx‑ьnь. Да верхні (гл.). Параўн. таксама вярхняк1, вяршняк.

Вяршні́к2 ’верхні гаршчок у самагонным апараце’ (КТС, І. Пташнікаў), славен. vrhnják ’тс’. Да вяршнік1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясёласць ’весялосць’ (КТС), вясёлысьць ’тс’ (Бяльк.), укр. веселість, рус. весёлость ’тс’, польск. wesołość ’вясёлы настрой, пацеха, радасць, добры гумар’; ’вясёлы спосаб правядзення часу’, н.-луж. wjasolosć, в.-луж. wjesołosć ’весялосць, радасць’, чэш. veselost ’весялосць, забава, пацеха’, паўдн.-усх. ’вяселле’, славац. veselosť ’весялосць, забава’, славен. vesẹ̑lost, серб.-харв. ве̏селост, макед., балг. веселост. Прасл. veselostь, утворанае з суф. ‑ostь ад прым. veselъ > вясёлы (гл.). Бел. літаратурная форма мае націск на канчатку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)