Троп ‘след, крок’ (Нас., Касп., Сцяшк., Др.-Падб., Сл. Брэс.): некруцікі вучуцца хадзіць троп у троп (Нас.), ‘след на роснай траве’ (лун., Шатал.), ‘сцежка, слядзіна’ (Некр. і Байк., Мат. Гом.), ‘жыццёвы шлях’ (Сцяшк.), ‘кірунак, шлях, дарога’ (Адм.), ‘метад, спосаб, шлях да дасягнення мэты’ (Ласт.), у выразах збіць (збіцца) з тропу ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’ (ТСБМ), тропу добы́тысь ‘дабраць розуму, скеміць’ (Клім.), шукаць тропу ‘шукаць дарогі’ (Кал.), узяць троп ‘знайсці след’, узяць (ухопі́ць) тропу ‘зведаць, убачыць, заўважыць след’ (ТС). Укр. дыял. троп ‘конская рысь з падскокам’, трип ‘адбітак нагі звера на снезе’, тріп ‘сцежка ў гарах’, польск. trop ‘адбітак следу звера на зямлі ці снезе’, ‘след, каляіна’, ‘след ад ступні’, ‘дарога’, ‘ход каня’, каш. trop ‘след’. Пераважна паўночнаславянскае ўтварэнне. Сюды ж далучаюць а спецыфічнай семантыкай славен. tróp, tropíne ‘жамерыны з вінаграду’, серб. тро̏п ‘тс’, ‘вытапкі масла’, ‘выскваркі сала’, ‘асадак’, ‘адстой’ і выводзяць прасл. *tropъ, утворанае з чаргаваннем галосных кораня ад дзеяслова *trepati ‘ўдараць, біць, трэсці, бразгаць’ з першапачатковым значэннем ‘выбітае, выціснутае, вытрасенае’, гл. тропаць, трапаць. Параўн. таксама лат. trapa ‘натоўп, вялікая колькасць, мноства’, алб. trap ‘сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ‘сцежка, сцяжынка’ (Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648; Вербіч, Студіі з ономастики та етимологіі. 2010, 290). Гл. таксама трапа, трэп.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня бедавялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовбвялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадібвялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlubвялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зробленая з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі. Пажарная бочка. □ У газеце .. [Малькевіча] назвалі «шашалем» за тое, што зводзіў калгасныя лясы на бочкі, цабэркі, ражкі і збываў гэты тавар тым жа калгасам па дарагой цане. Дуброўскі.

2. Руская мера вадкіх і сыпкіх цел, роўная сарака вёдрам (каля 500 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы. Бочка аўса.

3. Адна з фігур вышэйшага пілатажу.

•••

Ад усіх бочак затычка гл. затычка.

Бочка з порахам — пра напружаныя адносіны паміж кім‑н., якія пагражаюць выліцца ў сутычку, вайну.

Бяздонная бочка — а) пра тое, што патрабуе вялікіх затрат і не акупляе сябе; б) пра таго, хто можа многа выпіць спіртнога і не ап’янець.

Нясе як з бочкі — моцна чуваць пах гарэлкі, віна ад чалавека, які выпіў.

Сорак бочак арыштантаў (нагаварыць) — шмат неверагодных гісторый расказаць.

Як у бочку (кашляць, гаварыць і пад.) — кашляць (гаварыць) глухім голасам, падобным на гук сказанага ў бочку.

Як у бочку (ліць) — многа піць і не п’янець.

Як у бочцы селядцоў гл. селядзец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што.

Прымусіць упасці; абярнуць. Паваліў вецер плот. □ Накінуліся жа[ў]неры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас. Вецер шалёна налятаў на дрэвы, нібы намагаючы паваліць іх з разгону. Лынькоў. // безас. Прымусіць нахіліцца, нахіліць. Пры віражы самалёта пасажыраў паваліла набок. // Разм. Высечы, спілаваць (пра лес, дрэвы і пад.). [Буднік:] — Дзялянка вялікая, хаця б да вясны ўправіліся паваліць. Ермаловіч.

павалі́ць 2, ‑валіць; зак.

Пайсці натоўпам, патокам. Адчыніліся дзверы, і ўслед за гарманістам у клуб з прыпеўкамі, гоманам і смехам паваліла моладзь. Дуброўскі. Нарэшце скончылася першая змена, і рабочы люд паваліў з цэхаў у прахадную. Сабаленка. // Пачаць часта хадзіць куды‑н., наведваць каго‑н. з якой‑н. мэтай — пра многіх. Да Настасі Палікарпаўны павалілі заказчыцы ажно з другога канца горада. Шахавец. // Пачаць ісці густой масай (пра снег, дым і пад.). На хату з пячуркі паваліла густая пара. Галавач. Паваліў мяккі ціхі снег, і чарнату вечара як бы хто прафастрыгаваў белымі ніткамі. Сабаленка.

павалі́ць 3, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

1. Зваліць усё, многае (шэрсць, воўну). Паваліць усю воўну.

2. і без дап. Валіць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панара́ма, ‑ы, ж.

1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас. Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін. Таўбін. // перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін. З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць. Кудраўцаў.

2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.

3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.

4. Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей. Карпюк.

[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.

1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.

2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.

3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.

4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пук 1, ‑а, м.

1. Звязка, ахапак якіх‑н. аднародных прадметаў. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. [Валька] агледзела ўсё і ўбачыла на стале велізарны пук кветак у белым бліскучым гладышы. Мікуліч. // Пасма (валасоў, поўсці і пад.). Яна была вельмі прыгожая, гэтая дзяўчына. З-пад пілоткі выбіваўся пук залацістых [валасоў]. Асіпенка.

2. Сукупнасць чаго‑н., што разыходзіцца, пачынаецца з аднаго месца, адной кропкі. Шчаняты спалі ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Чорны. Зрабіўшы разварот на пожні, Змітрок выраўняў машыну і ўключыў фары — два пукі святла прабілі цемру перад трактарам. Хадкевіч. [Правады] збягаліся ў адзін пук і хаваліся ў круглай адтуліне. Шыцік.

3. Разм. Сцябло зялёнай цыбулі з суквеццем наверсе. Цыбуля пайшла ў пукі.

пук 2, ‑а, м.

Разм. Самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго‑н. І тут на горцы, на самым пуку, дзе яна [жанчына] была з гадзіну назад, узнялася раптам вялікая хмара пылу. Місько. Месяц заплыў яшчэ вышэй і як бы на хвіліну прыпыніўся, застыў у самым пуку неба. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ссып, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Брыль. // перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак. Мяжэвіч. На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель. Савіцкі. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Галавач.

3. Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.

4. Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.

5. Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.

6. Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.

7. у знач. прысл. ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам. Гурскі.

8. у знач. прысл. ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. □ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.

2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.

3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.

4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.

5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. □ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. све́чкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.

Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.

Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)