хаця́, злучн. і часціца.

Разм.

1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была на месцы. Лынькоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця і вечарэла ўжо. Шамякін. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў у галоўным сказе. Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў [царкву] хадзіў рэдка. Чарот.

2. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Тое, што і хоць (у 5 знач.). — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго, — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

3. часціца ўзмацняльна-абмежавальная. Тое, што і хоць (у 6 знач.). Ад крыўды і голаду моцна засмактала ў .. [Лёнькі] пад грудзьмі: хаця б адну бульбіну з’есці. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

1. Накіроўваць стрэл, удар у каго‑, што‑н. Бяры, мілы, Трохлінейку, два падсумкі, патранташ, Цэлься ворагу ў сэрца, не прамаж. Крапіва. Анісім доўга і пільна цэліўся і стрэліў дуплетам. Сачанка. Ён [дзядзька] прымасціўся бачком на валун, Біў па зубілу, як быццам не цэліўся. Лужанін. // Імкнуцца зрабіць што‑н., накіроўвацца на пэўнае дзеянне. Галасок ужо зноў трымаў у руцэ чарку,.. цэліўся чокнуцца з Клаўдзяй. Савіцкі. Лістам сцелецца, а ўкусіць цэліцца. Прымаўка.

2. перан. Мець на ўвазе каго‑, што‑н.; мець намер завалодаць чым‑н., заняць якое‑н. становішча. Сынок Станіслава Крукоўскага Роберт яшчэ пры .. Пілсудскім усё маё золата ў Варшаве праглынуў і цяпер, кажуць, ужо на фальварак цэліцца. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́рвань, ‑і, ж.

1. Уласцівасць чырвонага; чырвоны колер. Сонца яшчэ не паказалася з-за высокага бору ў канцы вёскі, і ён .. быў як намалёваны на чырвані неба. Крапіва. Ясна гарэў сухі хвораст, асыпаючы ў шэры попел хрусткія вугалькі, напоўненыя жывой чырванню агню. Самуйлёнак. У чырвань, золата ўбраны стаяць у пушчах нашых дрэвы. Дубоўка.

2. Чырвоныя плямы на целе, пачырваненне ад прыліву крыві, запалення. Слёз у .. [Мацвея] было мала, толькі чырвань з’явілася вакол вачэй. Чорны. З кулямёта.. [лейтэнанту] прабіла абедзве нагі вышэй костачак. Ногі распухлі і паліліся нездаровай чырванню. Курто.

3. Румянец. — Усё, Сяргей Рыгоравіч, — адказала [Люда]. Вочы дык узняла, а чырвань на шчоках яшчэ пагусцела. Брыль. І шчокі, і нос, і вушы гарэлі бледнай чырванню. Лынькоў.

•••

Увагнаць у чырвань гл. увагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шту́чны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Ненатуральны, зроблены накшталт сапраўднага, прыроднага. Штучнае валакно. □ Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.

2. Роблены, прытворны, няшчыры. Размінаючыся з Рыгорам, [Грамадой] першы схіляе галаву з засмучанай ветлівасцю, такою штучнаю на яго грубым твары. Крапіва. [Следчы] стараецца ўсміхнуцца, але штучная ўсмешка толькі крывіць яго рот. Сабаленка.

•••

Штучнае дыханне гл. дыханне.

Штучны адбор гл. адбор.

шту́чны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўяўляе сабой асобную рэч, прадмет. Штучны тавар. // Які служыць, прызначаецца для гандлю таварам, які нельга ўзважыць або адмераць. Штучны аддзел магазіна. // Зроблены, выпушчаны не серыяй, а ў колькасці некалькіх экземпляраў, абмежавана. Штучная шабля. Штучны медаль.

2. Спец. Які праводзіцца, робіцца па штуках (у 1, 2 знач.). Штучная аплата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́ра, ‑ы ж.

1. Верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы. І неяк адразу пацяплела на сэрцы ў Алёшкі — абсівераная скура рук гэтага чалавека была ў крапінках вугальнага пылу. Лынькоў. Скура на баках, грудзях і на спіне гарэла, здавалася папечанай, чужой. М. Ткачоў. Конь глянуў па.. [Ладымера] пудлівым зіркам, строс са скуры пацяруху і драпануў з двара. Чорны.

2. Вырабленая шкура жывёлы. Партфель з жоўтай скуры. □ Узяў дзед кусок скуры, так падэшвы на дзве, пагнуў-пагнуў яго ў руках і пытае: — Колькі за гэта? Колас.

3. (звычайна са словамі «свая», «уласная» і пад.) перан. Разм. Пра жыццё, існаванне, дабрабыт. [Саша:] — Што, свая скура даражэй? Новікаў. А былі і такія [хлопцы], што клапаціліся толькі аб сваёй скуры. Крапіва.

4. (звычайна з азначэннем). Разм. груб. Ужываецца як лаянка. — Я табе яшчэ ўпамянуся, стражніцкая твая скура, — гразіў услед Мікола. Крапіва.

•••

Гусіная скура — ссінелая скура, накрытая дробнымі пухіркамі, якія ўтвараюцца ад холаду ці ад хвалявання.

Вылазіць са скуры гл. вылазіць.

Заліць за скуру сала каму гл. заліць ​1.

Зжарыць скуру гл. зжарыць.

Злупіць (садраць) скуру (дзве, тры скуры) гл. злупіць.

Лезці (вылузвацца) са скуры гл. лезці.

Лупіць скуру гл. лупіць.

Мароз на скуры ідзе (прайшоў, прабег) гл. мароз.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па скуры гл. мурашка.

Паспытаць на сваёй скуры што гл. паспытаць.

Са скуры лузацца гл. лузацца.

Скура гарыць на кім — пра неспакойнага, залішне рухавага чалавека.

Скура ды косці — пра вельмі худога чалавека.

Скура свярбіць — пра няўрымслівага, гарэзлівага чалавека, звычайна падлетка, які быццам просіцца на пакаранне.

Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру гл. ушыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Пераставіць, адсунуць убок. Выпілі да дна, толькі старая, ледзь паспытаўшы, адставіла чарку ўбок. Броўка. // Адвесці ўбок, выставіць (руку, нагу, губы і пад.). [Іван Іванавіч] крочыў спераду, моцна адставіўшы адну руку, і цягнуў каляску. Карпюк. Жвір адставіў нагу і затупаў наском туфля па падлозе. Адамчык. Тодар аж губы адставіў, і вусы яго светлыя натапырыліся ад здзіўлення. Крапіва.

2. перан.; каго. Вызваліць ад выканання якіх‑н. абавязкаў; пазбавіць магчымасці займацца якой‑н. справай. І хоць Костуся ад працы ў сельсавеце і адставілі, але і ён прыйшоў. Чорны.

3. што і без дап. Каманда для адмены папярэдняй каманды, для спынення якіх‑н. дзеянняў. [Урач:] — Сёння ўначы адыходзіць каравая, трэба будзе неадкладна паведаміць амерыканцам... — Адставіць! — сціснуйшы кулакі, прашаптала Галіна Пятроўна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

але́й, алею, м.

1. Тлушч з расліннага насення: канаплянага, макавага, ільнянога, гарчычнага, сланечнікавага і пад. Канапляны алей. Какосавы алей. □ Пасля наварыстай капусты і гарачых дранікаў з алеем Юрка вабраўся на палаткі. Курто. [Барановічаў кум:] — Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсць, дык ён выцісне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Чорны.

2. Аліўкавы тлушч, які выкарыстоўваецца ў царкоўным абыходку; ялей. Самы просты, звычайны пачатак: нарадзіўся адзін чалавек. Першым поп за яго ўзяў падатак, мазануў алеем па галаве. Дубоўка. // перан. Прытворная ласкавасць, празмерная ліслівасць. Сочыцца мірны алей з языкоў У лорда Сесіля і Поля Банкура І ў тых, што за імі ў цяньку стаяць. Крапіва. Ухмылка крывіць яго пыскі, З іх чуць не капае алей. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калы́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць. Маці дзяўчынкі .. падышла да калыскі, падвешанай да столі. Шахавец. Маладая, шчаслівая маці сядзіць над белай лазовай калыскай. Брыль.

2. перан. Месца, дзе што‑н. узнікла і атрымала развіццё. Навагрудак і Навагрудчына сталі калыскай генія вялікага польскага паэта [А. Міцкевіча]. Лойка. Вось ён, Пецярбург! .. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Гартны.

3. Вісячы памост для падымання на вышыню рабочых, будаўнічых матэрыялаў і інш., а таксама для работы на вышыні. Вунь высока пад дахам ў хісткіх калысках Аздабляюць фасады майстры-маляры... Звонак.

•••

Ад (з) калыскі — змалку, з дзіцячых гадоў. Ад калыскі да магілы Выціскалі сокі, Кроў пілі, цягнулі жылы Каты-крывасмокі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змяні́ць, змяню, зменіш, зменіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць інакшым; перамяніць. Змяніць голас. Змяніць выраз твару. □ Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ў момант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Шамякін.

2. Вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў, што выконваюцца пазменна; пачаць дзейнічаць узамен другога, заступіўшы яго месца. Змяніць дазорных. □ Чырвонаармеец пайшоў на дарогу змяніць варту. Чорны.

3. Адхіліць, зняць з якой‑н. пасады, замясціўшы кім‑н. другім. Змянілі на сяле старасту. Мурашка.

4. З’явіцца на месцы каго‑, чаго‑н., што перастала існаваць, дзейнічаць. Ужо вясну змяніла лета. Крапіва.

5. Перастаць карыстацца чым‑н., узяць узамен другое; перамяніць, замяніць. Змяніць бялізну. □ Пакуль прыбрала [Лена] у клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны — .. звечарэла. Ваданосаў.

•••

Змяніць гнеў на міласць — дараваўшы каму‑н. што‑н., перастаць гневацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які перавышае патрэбную ці ўстаноўленую колькасць, норму. Лішні экземпляр кнігі. Лішнія грошы. □ [Гарлахвацкі:] Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... Крапіва. // Празмерны, залішні. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых вокан, не прапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. [Егер] трымаў сябе вельмі асцярожна, не дазваляючы сабе ніводнага лішняга руху. В. Вольскі.

2. Такі, без якога можна абысціся; непатрэбны. [Дзіміна:] Кашын патрэбен быў пры штурмаўшчыне. Пры рытмічнай жа рабоце ён лішні. Карпаў. // Непажаданы. Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у .. хаце. Брыль. Сцёпка дастаў з кішэні некалькі памятых лісткоў, азірнуўся, каб не было лішніх сведак. Колас.

3. Дадатковы, дабавачны. — Маленькі агонь можна і ў будане трымаць. — Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба. Маўр.

•••

Без лішніх слоў гл. слова.

Лішняя капейка гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)