напру́жанне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.

2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.

3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.

4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).

5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).

2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.

3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.

4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. развярнуць (у 4 знач.) і развярнуцца (у 2 знач.).

2. Паварот з мэтай змяніць напрамак руху. Падляцеўшы да рачулкі, .. [самалёт] крыху знізіўся і зрабіў разварот. Даніленка. Нечакана перад самым ровам танк зрабіў разварот на дзевяноста градусаў. М. Ткачоў. // Выгіб, паварот, які ўтвараецца чым‑н. (дарогай, вуліцай і пад.). Трамвайныя лініі рабілі разварот і перасякалі асфальт вуліцы ў двух месцах. Пташнікаў.

3. Дзве сумежныя старонкі разгорнутай кнігі, часопіса, сшытка і пад. Разварот газеты. □ Гэта была карта — карта на ўвесь разварот часопіса. Ракітны.

4. Разм. Шырыня, размах у развіцці, у праяўленні чаго‑н. Разварот падзей. // Магчымасць разгарнуцца, праявіць сябе, паказаць сябе. [Баравы:] — Вось і мая такая думка: трэба не даваць .. [варажбітцы] тут ніякага развароту. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца ​1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).

2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.

3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.

•••

Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разыходзіцца — разысціся (у 9 знач.).

2. Трата, расходаванне чаго‑н. Расход электраэнергіі. Расход вады. Расход гаручых матэрыялаў.

3. звычайна мн. (расхо́ды, ‑аў). Сума зрасходаваных грошай; выдаткі. І бацька тут, як на паперу, Стаў вылічаць расходы, страту І кончыў тым: лепш к сабе ў хату — Не трэба й кланяцца Яхіму — Наняць дарэктара на зіму. Колас. Пры ўсёй яе рэўнасці жонка рэдка кантралявала яго [Яраша] расходы. Шамякін.

4. Графа, раздзел у бухгалтарскіх кнігах для запісу выдаткаў.

•••

Кішэнныя расходы — дробныя, асабістым расходы.

У расход (вывесці, пусціць, спісаць) — знішчыць, расстраляць.

У расходзе — у карыстанні, не на месцы (быць, знаходзіцца). Людзі на заданнях, у расходзе, і Бондар, які апошнія дні, пасля таго, як разбілі баржу на Прыпяці, прыхворваў, змяніў сам паставога. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцёк, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.

2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».

3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.

4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. узлятаць — узляцець (у 1 знач.).

2. перан.; чаго. Кульмінацыя развіцця; росквіт, уздым. Як і ў гісторыі іншых старажытных гарадоў, у гісторыі Полацка мы бачым і перыяды бурнага ўзлёту, і перыяды заняпаду. Хадкевіч. Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, Вёз спрэчак калючых, нібыта асцё, Без спёкі, без хмар і густых снегападаў — Расклад ці інструкцыя, а не жыццё. Грахоўскі.

3. перан.; чаго. Уздым, натхненне. Узлёт сіл. Узлёт творчай думкі. Паэтычны ўзлёт. □ Многім паэтам вядомы ўзлёты і спады, з-пад аднаго і таго ж пяра выходзяць творы наўздзіўнай сілы і, поруч з імі, рэчы больш-менш бедныя і недасканалыя. Лужанін. Сапраўдным узлётам Купалы-лірыка былі чэрвень-ліпень 1911 года. .. У гэты час было напісана больш трыццаці вершаў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́сце, ‑я, н.

1. Рух, паход куды‑н. паводле якога‑н. звычаю, урачыстасці і пад. [Людзі], не звяртаючы на нас увагі, прадаўжалі сваё шэсце. Няхай. Нарэшце паказаліся гордыя бела-блакітныя сцягі і раўнюткія рады фізкультурнікаў, якія замыкалі святочнае шэсце. Карпаў. Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч. Па насыпу.. рухаецца нечаканае шэсце. Жанчыну ў стракатым плацці кожны пазнае адразу.. Следам за ёю шыбуюць Грушаль і сяржант міліцыі. Савіцкі. Захарчанка ехаў конна з левага боку атары. Замыкалі шэсце Паўлік і Мікешка. Беразняк. / у перан. ужыв. Сонца толькі пачынае сваё шэсце, яно ўжо недзе купаецца прам[я]нямі далёка ў росным лесе. Пестрак.

2. перан. Развіццё чаго‑н. Пераможнае шэсце нафтахіміі стала магчыма дзякуючы .. павелічэнню вырабу высакаякаснага бензіну. «Полымя». Камунізм пачаў сваё пераможнае шэсце ва ўсіх сферах людскіх адносін. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́валака ’пакулле’ (Нас., Касп., Юрч.), ’вяроўка’ (Нар. Гом.), ’маніцы’ (Гарэц.), су́волока ’пырнік, Agropyron repens L.’ (іван., пін., ЛА, 1). Параўн. рус. су́волока ’зброд’, ’пустазелле; дрэнныя каноплі, якія пакідаюцца на полі’. Ад су- і валачыць, валаку; параўн. су́валач ’адыходы пры апрацоўцы лёну мяліцай’ (барыс., Жд. 1). Насуперак Фасмеру (3, 793) цяжка аддзяліць ад формаў з сінкопай су́валка ’рэшткі валакна пасля трапання льну, канапель’, ’блытанае валакно’ (Бяльк.; ушац., Шатал.), ’пакулле’ (Яруш.), ’сухія карэнні, пырнік’ (паст., ЛА, 4), ’высахлыя расліны, якія зграбаюць восенню з агародаў’ (Растарг.), сува́лка ’рэшткі льну, якія застаюцца пасля апрацоўкі яго ў церніцы’ (докш., Гіл.), су́волка ’вельмі тоўстыя ніткі’ (ТС). Параўн. рус. су́валка ’ачоскі (льна, канапель)’, паводле Фасмера (там жа), ад валитъ (гл. валіць2). Борысь (Prefiks., 95) на аснове балцкіх адпаведнікаў, параўн. літ. są́valkos ’тое, што разам сцягнулі; галота, зброд’, узнаўляе прасл. дыял. *sǫvolka: *sъvelkti ’звалачы, сцягнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)