абскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак., каго-што.

1. Праскакаць вакол каго‑, чаго‑н.

2. Разм. Аб’ездзіць, абысці ўсё, пабыць у многіх месцах. [Шафёру] трэба было «абскакаць» вунь колькі калгасаў, вярнуцца ў раён і да ночы «згайсаць» яшчэ ў два сельсавета.. Пташнікаў.

3. перан. Перамагчы, апярэдзіць у чым‑н. Абскакаць канкурэнтаў. □ [Аднавус:] — Абскакаў ты мяне, Пятрок. У мяне гектар даў семдзесят пяць цэнтнераў зерня, а ў цябе — восемдзесят. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асіраці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., каго.

Зрабіць каго‑н. сіратою (сіротамі). [Харытон:] — «За што ж гэта, — сказаў я Антосю, — та, не падумаўшы, Ігнатавых дзяцей асіраціў?» Бажко. Браты беларусы! Хіба мы даруем фашысцкім гадам тое, што яны разбурылі нашы гарады, што яны асірацілі гэтулькі нашых дзяцей. Купала. // перан. Зрабіць адзінокім, пазбавіўшы блізкага, дарагога чалавека. Але і яго ж, Міхала, вайна таксама асіраціла, адабрала ў яго сям’ю, дом. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асцерага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Раіць асцерагацца каго‑, чаго‑н., перасцерагаць ад чаго‑н. шкоднага, небяспечнага, што здольна зрабіць зло. — Ты толькі, Міхась, не накідвайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь. Колас. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Абараняць каго‑, што‑н. ад чыіх‑н. нападаў, варожых дзеянняў; вартаваць; сцерагчы. На гэты раз чыгунку ахоўвала ўзмоцненая варта. Краўчанка.

2. Берагчы, шанаваць. Сырой вады Уладзік, ахоўваючы здароўе, не піў, у яго заўсёды была ў запасе гатаваная. Колас.

3. Засцерагаць ад чаго‑н. шкоднага, непрыемнага. Галіны дрэваў, што былі над імі [людзьмі], амаль не ахоўвалі ад вады. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ашука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Наўмысна ўвесці каго‑н. у зман. [Юля] дзяўчат ашукала, што пойдзе да знаёмых. Васілевіч. // Не выканаць абяцання, парушыць дадзенае слова; абысціся несумленна з кім‑н. Стрэў дзяўчыну паніч. Абяцаў ажаніцца на ёй. Ашукаў. Лужанін.

2. перан. Падманваючы, дамагчыся чаго‑н. Не ашукала смерць салдата, Дык насмяяўся люты кат. Глебка.

3. Спакусіць, зачараваць. [Леснічыха:] Каб дзяўчыну ашукаць, магу і такога зелля даць. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памча́ць, ‑мчу, ‑мчыш, ‑мчыць; зак.

1. каго-што. Пачаць імчаць, вельмі хутка, стрымгалоў павезці каго‑, што‑н. Голасна коні заржалі на пашы, Гвардыі смелых памчалі на бітвы. Купала. // Захапіўшы, пацягнуць за сабой сілай руху. Прачнуўся вецер І па свеце Памчаў сарваныя лісты. Тарас.

2. Тое, што і памчацца. Поезд зрабіў невялікі прыпынак на гадзіну.. і памчаў на Брэст. Філімонаў. — Воўк! — крыкнуў [дзед] і напрасткі памчаў да берага. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Аддаць адзін прадмет, атрымаўшы ўзамен яго іншы. Наеўся Тром-сын, напіўся і памяняў гуслі на настольнік. Якімовіч. [Дзед:] — Памяняй свой тавар вось у гэтай вёсцы ды кіруй да маці. Асіпенка. // Замяніць каго‑, што‑н. кім‑, чым‑н. другім. Прыбрала я ўчора пакой. Памыла падлогу. Так ужо вышаравала, проста як новая. Бялізну на ложках памяняла, заслала пасцелі прасцірадламі. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́нне, ‑я, н.

1. Пісьмовы зварот да каго‑н.; пісьмо. Але стрымала мяне пошта дальняя, Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк. І ўвесь наступны тыдзень Славік быў заняты тым, што пісаў Шашы пісьмы. Увогуле ён не любіў пісаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланні. Шамякін.

2. Літаратурны твор у форме звароту да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падапхну́ць, ‑пхну, ‑пхнеш, ‑пхне; ‑пхнём, ‑пхняце; зак., каго-што.

1. Падштурхнуць каго‑, што‑н. Падапхнуць суседа. □ Мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. У выпадку чаго можна ўтрымаць рубель, каб воз не перакуліўся, або падапхнуць ззаду, калі на г[а]ру прыстане конь. Чарнышэвіч.

2. Засунуць, падсунуць пад што‑н. Падапхнуць табурэтку пад стол. □ Доўга не думаючы, Валодзя падапхнуў пад рамень пілотку з зорачкай і сказаў: — Пайшлі ў воласць! Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патурбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

Прычыніць клопат, неспакой, турботы каму‑н.; патрывожыць каго‑н. [Пісар:] — Прабачце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. [Тварыцкі:] — Пакуль спакойна — можна прыдбаць што, а ты баішся вялікую шышку, Назарэўскага, патурбаваць. Чорны. Касоўскі адпачываў пасля абеду. — Што табе трэба, Цвіркун? — спытаў ён, нездаволены тым, што яго патурбавалі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)