славе́снасць, ‑і, ж.

Уст.

1. Мастацкая літаратура і вусная творчасць якога‑н. народа. Руская славеснасць.

2. Філалагічныя навукі (лінгвістыка, літаратуразнаўства і пад.). Кафедра славеснасці. Лекцыя па славеснасці. □ Справа была ясная: да славеснасці .. [Багдановіч] меў найбольшую схільнасць. Майхровіч. // Назва вучэбнага прадмета ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе, які даваў сістэматычныя веды па літаратуры. Урок славеснасці. Выкладчык славеснасці. □ Мне прыйшлося вучыцца ў настаўніка Міцкевіча дзве зімы. Ён быў вельмі добры настаўнік. Добра вучыў рускай славеснасці, пісьму і арыфметыцы. І ніколі не караў, як іншыя настаўнікі. «Помнікі».

3. Вусныя заняткі з салдатамі па вывучэнню воінскіх статутаў у дарэвалюцыйнай рускай арміі. [Ротны Гланда:] — Панове афіцэры, Бярыце ўзводы! Замест славеснасці пустой Займіцеся работаю другой: Байцам тлумачце сэнс свабоды І ўрада новага намеры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́мба, ‑ы, ж.

1. Невысокі слупок каля дарогі або тратуара. Па краях стаяць спецыяльныя тумбы ці урны, каб вадзіцелі здалёк маглі заўважыць пляцоўку ці абмінуць. Жычка.

2. Падстаўка для чаго‑н. у выглядзе такога слупка. У пакоі стол з букетам палявых кветак .. Масіўная тумба з вазонам. Чорны. // Ніжняя частка пісьмовага стала ў выглядзе невялікай шафкі з шуфлядамі. За сталом з дзвюма тумбамі сядзеў другі міліцыянер .. і вадзіў алоўкам па аркушы паперы. Арабей.

3. Круглае збудаванне для наклейвання аб’яў, афіш і пад. Вось .. [чалавек] спыніўся ля круглай рэкламнай тумбы, заклеенай мноствам аб’яў. Мехаў.

4. перан. Разм. зневаж. Пра тоўстага чалавека. Бургамістр .. гыркнуў па сваю палавіну. — Чаго фыркаеш, скрыня? Ці ім, панам афтэрам, скакаць з вамі, тумбамі! Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Высокі і тонкі, звычайна даўганогі. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк. Маўр. Конь быў нізкарослы, грывасты, коннік здаваўся залішне цыбаты, і ногі яго як не валачыліся па зямлі. Лупсякоў. Ззаду каля ласіхі мітусілася цыбатае ласянё. Федасеенка. / у перан. ужыв. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся .. прысадзістымі лісічкамі, чырвонагаловымі цыбатымі падасінавікамі. Васілевіч. / у знач. наз. цыба́ты, ‑ага, м.; цыба́тая, ‑ай, ж. Бобрыку спачатку здалося, што цыбаты сам паляцеў старчма. Дуброўскі.

2. Доўгі і тонкі, з падоўжанай часткай ад ступні да калена (пра ногі). Празвалі .. [Шайку] некалі чапляй за цыбатыя ногі, такія спрытныя і такія лёгкія, што яна і сапраўды, як чапля, прабіралася па любой дрыгве. Лынькоў. [Міхалючок] закруціўся па хаце, як падлетак, заскакаў на сваіх цыбатых нагах. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ложак ’мэбля — месца для спання, пасцель’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Сцяшк., Яруш.; КЭС, лаг.), ложык (Бяльк.), лу͡ожэк (паўд.-мін., паўд.-усх., КЭС), ло́жок (ТС). Відавочна, паланізм — параўн. польск. łóżko < паўн.-слав. ložьko (памяншальнае ад lože > ложа1), якое пасля запазычання па-беларуску было б ложка, што вельмі блізка да лексемы ложка ’лыжка’, пашыранай на значнай тэрыторыі (гл., напрыклад, Сл. ПЗБ). Таму лексема пры запазычанні змяніла род і адпаведна суфікс па аналогіі да назваў прадмета паводле яго прызначэння, напрыклад прыпечак, абутак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́лкі ’кружкі ў «чапёлках» красён, па якіх праходзіць вяровачка і рухае ніты’ (Інстр. II). Калі дэфініцыя правільная, можна меркаваць аб субстытуцыі назвы кабылка, якая абазначае гэтыя і іншыя дэталі красён. Незалежная дэрывацыя ад казёл, казёлак менш верагодная па семантычных прычынах. Можна, аднак, дапусціць, што тут адлюстраваны выпадак адвольнага выбару тэрміна для дэталі, якая ў ліку іншых традыцыйна называецца рознымі дэрыватамі ад заонімаў і жорсткая прывязка тэрміна неабавязковая. Звяртае на сябе ўвагу другая назва рэаліі — качолкі, якая магла зрабіць уплыў на структуру разглядасмага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рага́ль — пра вала або лася з вялікімі рагамі (Др.-Падб., Сержп.). Адпрыметнікавы назоўнік з суфіксам ‑аль ад рага́ты (гл.), як наса́ль ад наса́ты. Пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 94. Да рог (гл.), параўн. роголе́ ’вялікія рогі’ (ТС). Сюды ж рага́лік ’жук-алень’ (глыб., міёр., ЖНС), паколькі жук мае моцна развітыя верхнія сківіцы, якія па форме нагадваюць рогі аленя, і рага́лік ’маленькая булачка ў выглядзе рога’ (ТСБМ), раго́лік ’варэнік’, ’коржык з бульбы і мукі’ (Ян.). Перанос назвы па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тала́нта ’другі крок у гульні ў цурку’ (ТС), тала́нты ’дзіцячая гульня: з круга большай палачкай падымаецца з зямлі і адбіваецца ўбок меншая палачка, якую другі ўдзельнік гульні павінен злавіць і ўкінуць у круг’ (слуц., Нар. словатв.). Няясна; відаць, не можа разглядацца асобна ад іншых падобных па структуры гульневых тэрмінаў, параўн. бала́нта ’дзіцячая гульня ў цурку’ (ТС), паля́нта ’від гульні, лапта’ (Скарбы). Магчыма, да лац. tālea ’дубец, кол’ аналагічна да іт. palla ’шар, мяч’ > польск. palant ’кій, якім б’юць па мячу’, параўн. палянт (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэміе́жнік ‘прыгнятальнік’ (Сл. ПЗБ), тэміе́жыті ‘знішчаць, высякаць’ (там жа), ст.-бел. тямяжити ‘прыгнятаць’ (1598 г., ГСБМ). З польск. ciemiężca ‘тс’ з падляшскай фанетыкай і заменай арыгінальнага суфікса на рэгулярны для беларускай мовы суфікс ‑нік са значэннем ‘асоба мужчынскага полу па роду дзейнасці ці па схільнасці да чаго-небудзь’ або ўтвораны непасрэдна ад запазычанага дзеяслова. З польск. ciemiężyć ‘прыгнятаць, прыціскаць’, што да прасл. *temati ‘прыціскаць, душыць’ (Борысь, 80), гл. тамі́ць. ЕСУМ (5, 544) для адпаведнага запазычанага ўкр. темя́жити дапускае сувязь з тімʼя ‘цемя’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вусёнак ’частка жака; рукаў, па якому рыба заходзіць у жак ці нерат’ (Касп.). Ад ву́сце ’горла ў жаку ці нераце’; параўн. смал. вустёнок ’уваход для рыбы ў вяршу, мярэжу’ (Мат., смал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́крут ’хітрыкі’ (БРС, КТС, Гарэц., Др.-Падб.); ’буралом’ (Нікан.). Рус. вы́крут ’дзеянне па дзеяслову выкрутить’, укр. ви́крут ’хітрыкі’, польск. wykręt ’тс’. Бязафікснае вытворнае ад выкруціць (гл. круціць) (Шанскі, 1, В, 225).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)